Паэзія і творчасць М.Багдановіча

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Июня 2013 в 15:31, дипломная работа

Краткое описание

На думку І.Навуменкі, М.Багдановіч як паэт «перш за ўсё адметны тым, што прывіў беларускай літаратуры яшчэ вышэйшыя эстэтычныя якасці, якіх яна дасюль мела няшмат: светаадчуванне інтэлігентнага чалавека, побач з калектыўна-грамадскай эмоцыяй паглыблялася эмоцыя асабістая, шырэй выяўлялася індывідуальнае багацце свету ўнутранага жыцця чалавека, шматграннасць яго адчуванняў» [8, с.6]. Да яго амаль не было ў беларускай літаратуры лірыкі любоўнай, філасофскай з іх «вечнымі» матывамі і «праклятымі» пытаннямі.

Содержание

Уводзіны…………………………………………………………………..3
1 Паэзія і творчасць М.Багдановіча……………………………………..9
2 Эстэтычныя погляды М.Багдановіча. Тэма мастацтва і хараства….12
3 Лірыка пачуццяў і кахання……………………………………………20
4 Грамадзянская і філасофская лірыка…………………………………36
5 Апраўданне «чыстай красы»………………………………………….49
5.1 Праблема красы і мастацтва ў творчасці М.Багдановіча……….49
5.2 Паэт красы, святла, любові………………………………………..52
5.3 Вызначэнне адметнай постаці ў агульным кантэксце…………..54
Заключэнне……………………………………………………………….60
Спіс выкарыстаных крыніц……………………………………………..63

Прикрепленные файлы: 1 файл

М.Багдановіч.doc

— 497.50 Кб (Скачать документ)

У якасцi эпiграфа да вершаванага апавядання «Веранiка» паэт узяў словы iтальянца Джаванi: «Яна―выдумка маёй галавы». Такiм эпiграфам, на маю думку, аўтар хацеў схаваць адну з старонак бiяграфii сваёй душы―гiсторыю ўзаемаадносiн з Аняй Какуевай.

Пiсьменнiк дэталёва апicвае дом паноў Забелаў, дзе праходзiла дзяцiнства Веранiкi. Аўтар уважлiвы да дэталяў, драбнiцаў. У апiсаннi дома Забелаў, у апавяданнi пра тое, як бавiлi час падлеткi, угадваецца дом Какуевых, дзе збiралася гiмназiчная моладзь. Бiяграфiя Веранiкi супадае з Анiнай. Веранiка таксама рана асiрацела, выхоўвалася ў родзiчаў, вучылася далёка ад дому ў iнстытуце. Разам з тым у вобразе  Веранiкi шмат чаго i ад асобы самога паэта, яго ўнутранага свету: самотнасць, любоў да прыроды i кнiг, якiя фармiравалi iдэалы дзяўчыны:

                 Iзноў странiца за странiцай

                 Раскрытай кнiгi шалясцiць;

                 Нячутна час кудысь бяжыць,

                 Раяцца думкi Веранiкi,―

                 Усё расце душа яе

                 I ў паўнаце красы ўстае [18, с.149].

Перш за ўсё  М.Багдановiч падкрэслiвае красу душы Веранiкi: дзяўчынка не проста расце i, паступова набiраючыся сiлы, робiцца дарослай, а iменна душа яе расце i спее. Ужо з маленства дзяўчынка мела вялiкiя духоўныя патрэбы i светлыя мары. Кнiжка была самым галоўным у яе жыццi, адтуль чэрпала яна свае веды, рабiла цiкавыя назiраннi над людзьмi i жыццём, адтуль вучылася шчырасцi i глыбiнi пачуццяў.

На маю думку, Веранiка абудзiла ў душы героя паэмы iмкненне да творчасцi, да прыгожага ў жыццi. Зачараваны дзяўчынай, святлом i шчырасцю яе сэрца, усiм аблiччам, юнак на некалькi хвiлiн знямеў:

                 Уся пад срэбнаю расой

                 Са йстужкай скромнай мiж касой [18, с.151].

Калi ж у захапленнi ён гаворыць пра яе смех, пра нейкую чароўную яго адметнасць, ён зноў вяртаецца да яе душы:

                 Смех гэткi маюць толькi дзецi

                 Ды людзi з яснаю душой;

                 I ён, як жаваранак той,              

                 Звiнеў i ўжо кахання сецi

                 Нячутна нiшчыў… [18, с.151].

«Бязвiнны, чысты смех» [18, с.151], якiм адказвае Веранiка на прызнанне маладога паэта ў каханнi i на якi «злавацца грэх» [18, с.151],― найвышэйшая ацэнка гераiнi i як дзяўчыны, i як чалавека.

Заўважыўшы, што яе нявiнны смех засмучае i абраджае закаханага, Веранiка спахапiлася i пяшчотна, ласкава папыталася ў яго: «Мо больна вам?» [18, с.151]. I цалкам запалонены, зачараваны гэтым духоўным узлётам дзяўчыны, яе жаночай спагадлiвасцю, яе чалавечнасцю, паэт шчыра адказвае ёй:

                 Не, зорка, мне было не больна,

                 Бо бачыла адно душа,

                 Як ты свяжа i хараша,

                 Як рада ты жыццю нявольна [18, с.151].

У гэтым унутраным  парыве, у спагадзе i ласцы герой адчуў закладзенае ў дзяўчыне пачуццё мацярынства.

Паэт, на жаль, не зведаў мацярынскай ласкi, таму быў надзвычай чулы на яе праявы. Праява мацярынства ў Веранiкi  была ўспрынята героем як iдэал хараства:

                 I прад высокаю красою,

                 Увесь зачараваны ёй,

                 Скланiўся я душой маёй,

                 Натхнёнай, радаснай такою,

                 А ў сэрцы хораша было,

                 Там запалiлася цяпло [18, с.152].

Я думаю, што  гэтае цяпло  грэла душу героя-апавядальнiка, уздымала яго творчы дух, натхняла на новыя вершы i ў пазнейшыя гады.

Заключны верш цыкла гучыць светлым успамiнам пра юнацтва i першае каханне. Ён стаў «вiзiтнай карткай» у рэпертуары ансамбля «Песняры», набыўшы шырокую папулярнасць на Беларусi i за яе межамi. Песня гэтая―шчырае хваленне iмя той, якую пакахаў паэт, але яна не стала яго суджанай. Пра яе напомнiў надпiс «Веранiка» на кары лiпы i натхнiў паэта на гiмн:

                 Расцi, узмацовывайся, дрэва!

                 Як манумент жывы, уставай

                 I к небу надпiс падымай.

                 Хай нерухомы словы спева:

                 Чым болi сходзiць дзён, начэй,

                 Тым iмя мiлае вышэй [18, с.153].

Такiм чынам, пачуцці да Веранiкi ў паэзii М.Багдановiча паказаны вельмi яскрава. У ёй вiдаць i мацярынская спагада, i клопат. Гэта спалучэнне дзявочай чысцiнi i жаночай, мацярынскай мудрасцi, увасабленне высокай красы. Наогул, «любоўная лірыка Багдановіча разам з тым у цэлым, пачынаючы ад самых ранніх і канчаючы некаторымі апошнімі вершамі паэта,  з’явіліся і аповесцю аб маладосці і ваканні чалавека зусім акрэсленай біяграфіі ─ аб маладосці самога паэта, падточанай невылечнай хваробай, аб каханні, якое, зараджаючыся ў яго хворых грудзях, баіцца прызнання, ведае, што шчасце ─ не яго лёс. У гэтай лірыцы, зразумела, менш услаўлення кахання, больш слоў аб пакутах да яго», ─ піша даследчык А.Лойка [1, с.136].

Такім чынам, усе  творы, якія М.Багдановіч прысвяціў каханню, выклікаюць ціхае, глыбокае захапленне. Крытык В.Валасюк піша: «Гэта не толькі лірычная споведзь, напоеная маральнай сілай народнага ідэалу, але і тая арганная музыка душы, якая апусцілася на зямлю з вышыні стагоддзяў і робіць нас даверлівымі і прыгожымі, духоўна багатымі і чуйнымі не толькі да радасці, але і да суму, роспачы, тугі, усяго таго, што нясе ў сабе магічная праўда кахання» [29, с.18]. Усё змяняецца, усё мінае, але застаецца ў жыцці святло чалавечага пачуцця. Нават тады, калі трагічны лёс прарочыць толькі расстанне.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 4 ГРАМАДЗЯНСКАЯ І ФІЛАСОФСКАЯ ЛІРЫКА

Грамадзянская тэма стаяла ў цэнтры ўвагі ўсёй беларускай літаратуры таго часу, але вырашалася па-рознаму, у залежнасці ад светапогляду і творчай манеры пісьменніка. Народная па сваёй сутнасці і характару творчасць Я.Купалы і Я.Коласа была вяршыняй развіцця прагрэсіўнай нацыянальнай культуры беларускага народа, згуртавала вакол сябе яе перадавыя сілы, была высокім прыкладам і для М.Багдановіча.

Водгукі рэвалюцыі 1905 года, беднасць і бяспраўе беларускага селяніна, нацыянальны прыгнёт у краіне, любоў да роднага краю і вера ў яго лепшае будучае, грамадзянскія пачуцці чалавека, пратэст супраць несправядлівых парадкаў – вось асноўныя грані грамадзянскай лірыкі.

Некаторыя раннія творы М.Багдановіча мінорныя па свайму тону. Прычын таму многа: і змрочная пара рэакцыі, адбітак якой адчуваўся на ўсім, і адарванасць ад свайго роднага, далёкага і заўсёды блізкага сэрцу краю, і цяжкая хвароба ў самым росквіце жыцця.

Паэта глыбока  хвалююць грамадскія пытанні, сацыяльнае і палітычнае бяспраўе беларускага народа. Ужо раннія вершы М.Багдановіча («Прыйдзе вясна», «Мае песні», «З песняў беларускага мужыка») напоўнены думай аб лёсе народным і чалавечым, аб часе, і аб сабе, аб грамадзянскім прызначэнні паэзіі:

     А як родную згадаю старану,

   Як згадаю яе беднасць і нуду, -

    Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, -

   Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.

     Грозна песня разліваецца, грыміць,

     Долю горкую, мужыцкую кляне,

     Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,

     Бо ім цяжка жыць у роднай старане [18, с.199].

Верш «З песняў беларускага мужыка» пабудаваны ў форме маналагічнага выказвання героя. Чалавек працы, беларускі  мужык, задумаўся над сваёй доляй, над сваім месцам у жыцці. Гэта сумная аповесць, расказаная ад першай асобы, той выпадак, калі паэт перадае свой голас мужыку. Ад гэтага верш становіцца яшчэ больш пераканаўчым, ён сведчыць аб узросшай свядомасці селяніна, які ведае ўжо, што праўда схавана ад яго за сямю замкамі, а пра шчасце ён можа толькі сніць. Доля мужыка – праца, цяжкая, знясільваючая, беспрасветная:

     Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,

     Будаваў я дарогі, масты;

     Ліўся пот мой, як рэзаў на ком’я

     Плугам глебы сухія пласты.

     Працаваў над пяском, над дрыгвою

    І не мала там выцерпеў мук,

     І не прыйдзецца мне пад зямлёю

     Гэтых чорных саромецца рук [18, с.209].

Праца мужыка цяжкая, жыццё беспрасветнае. Адсюль настрой грамадзянскага смутку, які яшчэ больш паглыбіўся ў перыяд рэакцыі. Але побач з тугой і жальбай у вершы выразна адчуваецца гордасць чалавека за свае мазолістыя рукі, усведамленне не сваёй чалавечай годнасці.

Сумныя па інтанацыі і вершы «Над магілай мужыка», «Доля мужыка». У паэта нават узнікае дапушчэнне, што жыццё ідзе па кругу, і што чалавек, прайшоўшы свой жыццёвы круг, нараджаецца зноў «у краіне забыцця» [18, с.245]. Часам з’яўляюцца ноты расчаравання і безнадзейнасці:

     Шмат у нашым жыцці ёсць дарог,

     А вядуць яны ўсе да магіл [18, с.134].

Паказваючы  галечу і беднасць беларускага селяніна, М.Багдановіч імкнецца выклікаць да яго спачуванне, хоча расказаць усяму свету пра тыя страшэнныя ўмовы, якія стварылі для чалавека працы багацеі. Беларускі край пакутуе, здаецца, што яго пракляў сам бог, гаворыць паэт у вершы «Краю мой родны, як выкляты богам». Твор гэты цікавы па кампазіцыі. Спачатку даецца вельмі выразны пейзажны малюнак, які стварае адпаведны настрой:

     Хмары, балоты…Над збожжам убогім

      Вецер гуляе на волі.

      Поруч раскідалісь родныя вёскі.

      Жалем сціскаюцца грудзі! –

     Бедныя хаткі, таполі, бярозкі… [18, с.107]

Затым коратка, некалькімі словамі малюе паэт працоўнага селяніна: рукі ў яго чорныя ад зямлі, сам ён заўсёды пануры. Горка бачыць паэту, што людзі як бы замерлі ў сваім горы:

     Сціснула гора дыханне ў народзе,

     Гора ўсюды пануе [18, с.108].

Паэт бачыць непрыдатныя прыродныя ўмовы  краю, беднасць і ўбогасць дарэвалюцыйнай беларускай вёскі, аднастайнасць вясковых пейзажаў, з болем у сэрцы гаворыць аб панурай маўклівасці яе жыхароў. Невыносны цяжар ляжыць на іх плячах, гняце, накладвае цень пакуты на аблічча людзей і ўсяго краю.

Асноўны матыў  верша – матыў аб горы, што нібыта мора разлілося ў народзе і затапіла ўвесь край. І задача сыноў-патрыётаў не аплакваць гора, а перамагчы яго, адужаць. Паэт звяртаецца да свядомасці народа, імкнецца разбудзіць яго лепшыя грамадзянскія пачуцці:

     Брацця! Ці зможам грамадскае гора?!

     Брацця! Ці хваце нам сілы?! [18, с.108]

У вершы «Нашых дзедаў душылі абшары лясоў…» аўтар гаворыць аб тым, што далёкія і мужныя нашы продкі ўступалі ў адзінаборства з прыродай, зводзілі агнём лясы, якія засланілі ім сонца, і гэтым самым рабілі зямлю больш прасторнай і светлай. Іх прыклад вучыць не пужацца агню, а карыстацца ім у патрэбны час:

     Бо мы толькі тады дачакаемся дня,

     Калі нас не здалее змаганне злякаць [18, с.113].

Калі ў адных  вершах выяўляюцца розныя адценні настрою і мажор выступае як процівага, як пошукі актыўнага, валявога пачатку, то ў некаторых іншых вершах актыўнае, валявое ўжо не толькі перамагае, а цалкам пануе над усім астатнім. Такімі з’яўляюцца вядомыя вершы-заклікі «Кінь вечны плач свой аб старонцы», «Рушымся, брацця, хутчэй» з іх характэрнай публіцыстычнай інтанацыяй і палкім зваротам да суайчыннікаў. Упэўненым робіцца голас паэта-грамадзяніна, яго позірк у будучыню вызначаецца аптымізмам, хоць чуюцца і ноткі нейкага папроку і самабічавання, ─ кінем бясконцыя нараканні на лёс, падумаем лепш аб шляхах барацьбы за лепшую будучыню. Паэт заклікае «ў бой з жыццём» [18, с.112], не вартым народа-героя, і, у імя поспеху справы, раіць змагарам загадзя «пакінуць жах» [18, с.112]. Размах народнай бітвы не павінны стрымаць «крыкі пужлівых людзей»:

     Рушымся, брацця хутчэй

     У бой з жыццём, пакідаючы жах,

     Крыкі пужлівых людзей

     Не стрымаюць хай бітвы размах… [18, с.112]

Канчаецца твор прыгожым параўнаннем сілы народнага супраціўлення з бурнымі хвалямі ракі. Смеласць і баязлівасць асуджаюцца паэтам, бо «хвалі ракі» [18, с.112] немінуча цягнуць на дно ўсё тое, што «скончыла жыць»:

     Проці цячэння вада

     Зможа толькі жывое паплыць,

     Хвалі ж ракі заўсягды

     Тое цягнуць, што скончыла жыць [18, с.112].

Вялікім дасягненнем  грамадзянскай паэзіі М.Багдановіча  з’яўляецца паказ росту самасвядомасці беларускага селяніна. Гэтай тэме прысвечана другая частка верша «З песняў беларускага мужыка». Селянін разумее, што яго крыўдзіцелі самі выносяць сабе прысуд, аддзяліўшыся ад народа каменнай сцяною абыякавасці да яго долі. Сцяна гэтая ўсё павялічваецца. Але яна не будзе стаяць вечна, яна павінна рухнуць і пахаваць пад сабою тых, хто яе ўзвіў, ─ прыгнятальнікаў народа:

     Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, ─

     Яны ж мне каменні давалі;

     І тыя каменні між імі і мной

     Сцяною вялізнаю ўсталі.

     Яна ўсё вышай і вышай расце

     І шмат каго дужа лякае.

     Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна?

     Каго пад сабой пахавае? [18, с.210]

У традыцыі высокай  грамадзянскай лірыкі напісаны вядомы верш «Мяжы». У ім паэт імкнецца зразумець і асэнсаваць прычыны абяздоленасці народа, нешчаслівага лёсу чалавека і ўсяго чалавецтва. Гэты твор – палымяны публіцыстычны маналог. Паэт прамаўляе з грамадзянскай страснасцю, пра што яскрава сведчаць эмацыянальныя клічныя звароты: «Кінь вокам на ўвесь абшар зямлі!»; «Глядзі: паўсюль мяжы», «Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!» [18, с.274]

Информация о работе Паэзія і творчасць М.Багдановіча