Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Июня 2013 в 15:31, дипломная работа
На думку І.Навуменкі, М.Багдановіч як паэт «перш за ўсё адметны тым, што прывіў беларускай літаратуры яшчэ вышэйшыя эстэтычныя якасці, якіх яна дасюль мела няшмат: светаадчуванне інтэлігентнага чалавека, побач з калектыўна-грамадскай эмоцыяй паглыблялася эмоцыя асабістая, шырэй выяўлялася індывідуальнае багацце свету ўнутранага жыцця чалавека, шматграннасць яго адчуванняў» [8, с.6]. Да яго амаль не было ў беларускай літаратуры лірыкі любоўнай, філасофскай з іх «вечнымі» матывамі і «праклятымі» пытаннямі.
Уводзіны…………………………………………………………………..3
1 Паэзія і творчасць М.Багдановіча……………………………………..9
2 Эстэтычныя погляды М.Багдановіча. Тэма мастацтва і хараства….12
3 Лірыка пачуццяў і кахання……………………………………………20
4 Грамадзянская і філасофская лірыка…………………………………36
5 Апраўданне «чыстай красы»………………………………………….49
5.1 Праблема красы і мастацтва ў творчасці М.Багдановіча……….49
5.2 Паэт красы, святла, любові………………………………………..52
5.3 Вызначэнне адметнай постаці ў агульным кантэксце…………..54
Заключэнне……………………………………………………………….60
Спіс выкарыстаных крыніц……………………………………………..63
Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт [18, с.76].
Многае, што цікавіла М.Багдановіча ў творчасці П.Верлена, ён знаходзіў і ў буйнейшых прадстаўнікоў навейшай рускай паэзіі, перш за ўсё ў А.Блока і В.Брусава.
У іх асобе М.Багдановіч бачыў паэтаў высокай мастацкай культуры, моцна звязаных з новымі тэндэнцыямі ў развіцці паэзіі. А.Блок цікавіў яго перш за ўсё сваім паэтычным майстэрствам, своеасаблівай структурай верша, яго напеўным лірызмам і музыкальнасцю. З В.Брусавым, акрамя цікавасці да культуры верша, збліжала яго ўвага да гісторыі, да антычнай старажытнасці, да перакладаў паэтаў з розных літаратур, імкненне да стылізацыі, пераўвасаблення стылю песень розных народаў.
М.Багдановіч першы ў беларускай літаратуры звярнуўся да тэмы горада. Горад паэт бачыць па-свойму. Не зусім так, як В.Брусаў. З твораў В.Брусава паўстае збіральны, абагульнены вобраз вялікага сучаснага горада. Горад гэты наогул не мае рэальнага прататыпа. У М.Багдановіча горад набывае рысы знаёмай яму Вільні. Паэт імкнецца перадаць яе асаблівасці, усё характэрнае, што кідаецца ў вочы. У В.Брусава адносіны да горада супярэчлівыя: паэт то любуецца ім, то бачыць у ім адмоўнае, варожае чалавеку. У М.Багдановіча горад не выклікае захаплення, у ім ён заўважае кантрасты, крывыя завулкі, «вочы змучаных твараў» [18, с.96], месца, «дзе няма прастору дзеля прыроды буйных сіл» [18, с.96]. І паэтычная сімволіка М.Багдановіча менш за ўсё звязана з горадам. Яго сімвалічныя ўвасабленні – сонца, вясны, зараначкі, межаў, крыніцы, васілька, буры – ідуць ад народнай і класічнай грамадзянскай традыцыі, захоўваючы сваю жыццёвасць, канкрэтна-пачуццёвае значэнне.
Да якіх бы тэм і матываў ні звяртаўся М.Багдановіч, усё, што ўспрымалася ім з культурна-мастацкай спадчыны, заўсёды звязвалася са сваім, народным, нацыянальным. Характэрны прыклад у гэтых адносінах – тэма забытых, таемных невядомых каштоўнасцей, захаваных у егіпецкіх магільніках, пірамідах.
Гэтая тэма знайшла шырокі водгук у літаратуры. Да яе звярталіся многія аўтары. Яна своеасабліва, па-рознаму адбілася ў творчасці І.Буніна, Л.Украінкі, В.Брусава. М.Багдановіч не паўтарае іх у сваім санеце «Паміж пяскоў егіпецкай зямлі…». У яго іншы, свой, арыгінальны, па-філаслфску заглыблены паварот гэтай тэмы. Зярняты, што праляжалі ў егіпецкім магільніку некалькі тысячагоддзяў, не страцілі сваёй сілы, сваёй каштоўнасці, прараслі, далі ўсходы, сталі ўвасабленнем неўміручасці жыцця, сімвалам забытага роднага краю, яго духоўнага абуджэння:
Вось сімвал твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў, крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца [18, с.137].
Беларускія літаратуразнаўцы 40-х і пазнейшых гадоў ХХ стагоддзя часам заяўлялі, быццам М.Багдановіч «шмат узяў» ад набыткаў «сярэбранага веку» рускай паэзіі (А.Фет, Ф.Цютчаў і інш.), ад П.Верлена, іншых еўрапейскіх і рускіх імпрэсіяністаў і сімвалістаў пачатку ХХ стагоддзя (В.Іваноў, К.Бальмонт, В.Брусаў, А.Блок і інш.). «Умоўна можна прызнаць, што аўтар «Вянка» быў іх вучнем, але такім, які ні разу не паўтараў сваіх настаўнікаў, наблізіўшыся да ідэалу паэта паводле Верлена», − адзначае У.Конан [23, с.103]. Таксама нельга не пагадзіцца з наступным выказваннем даследчыка: «…выдатны мастак слова стварае свій паэтычны свет, сваю непаўторную паэтыку, а вопыт іншых яму карысны хіба што ў сэнсе нейкага «штуршка» для уласнага паэтычнага ўзрушэння» [23, с.124].
Паэт нараджаецца не аднойчы. Ён нараджаецца мільёны разоў – зноў і зноў, ва ўсё новых і новых сваіх чытачах. І ўсё яскравей бачыцца постаць М.Багдановіча ў кантэксце сусветнай літаратуры. Вось словы рускага даследчыка І.Паступальскага: «Вянок» М.Багдановіча ў спалучэнні з некаторымі вершамі, напісанымі ім прыкладна ў той жа час, − гэта, без сумнення, прадмет гонару кожнага адукаванага беларуса, усіх славян, а гэта значыць – здабытак і сусветнай культуры» [43 с.128]. Чэшскі даследчык М.Багдановіча В.Жыдліцкі падкрэслівае тое, што паэт даказаў, што «беларуская мова адчувае сябе добра і ў метрах Пятраркі і Верлена» [43, с.141]. Літоўскі дзеяч А.Жукаўскас з захапленнем гаворыць: «М.Багдановіч – адзін з нашых прамых папярэднікаў, натхняльнікаў рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы за свабоду, за шчасце працоўнага люду– таго руху, які адначасова пачаўся і ў Літве, і на Беларусі. Таму ён заслужыў і сярод нас, літоўцаў, вялікую пашану і павагу» [44, с.412]. Аб «зайздроснай інтэлектуальнасці беларускага лірыка, публіцыста і крытыка» [44, с.381] М.Багдановіча піша і яго англійскі перакладчык В.Рыч, адзначаючы: «…зорка М.Багдановіча, узыйшоўшы на літаратурным небасхіле, ярка асвятлілі самае істотнае – праўду. А праўда заключаецца ў тым, што не толькі беларуская літаратура, але і сам М.Багдановіч як лепшы прадстаўнік гэтай літаратуры ўваходзіць у пантэон вялікіх паэтаў свету, як роўны сярод роўных» [44, с.382]. Меў усе падставы выдатны знаўца еўрапейскага мастацкага слова ўкраінскі пісьменнік М.Рыльскі зазначыць, што М.Багдановіч столькі зрабіў, «што і зараз мы з удзячнасцю схіляем свае галовы перад памяццю паэта і кладзём вянок любові на яго заўчасную магілу» [45, с.148].
Такім чынам,мы бачым, што М.Багдановіч займае пачэснае месца ў сусветнай літаратуры.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Творчасць М.Багдановіча засведчыла новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Паэт стаў фактычна першым беларускім творцам, які цалкам усвядомлена і паслядоўна ўзяўся за вырашэнне задачы ўзвышэння роднага мастацкага слова да найлепшых папярэдніх і сучасных яму еўрапейскіх і расійскіх узораў.
М. Багдановіч адразу з першых публікацый у “Нашай ніве” надаў новае дыханне маладой беларускай літаратуры. А “Вянок” як ідэйна-мастацкае цэлае ўжо адлюстроўваў цэлую эстэтычную эпоху, засвоеную нашым прыгожым пісьменствам. У цэлым багдановічаўская творчасць была апалогіяй кніжнасці, духоўнасці, мастацкасці. Для паэта было важна не проста апяваць нядолю народа, будзіць яго з сацыяльнай спячкі, клікаць да лепшага жыцця, але паказаць народу прыгажосць і вартасць яго духоўнай культуры, зрабіць спадчынныя карані прадметам мастацкай вобразнасці і ўдыхнуць жыццё паэзіі ў халодныя музейныя экспанаты беларускай старасветчыны. З другога боку, ён намагаўся арганічна ўвесці ў беларускую паэзію ўзоры антычнасці, каб як найшчыльней злучыць нованацыянальную літаратуру з еўрапейскай шматвяковай культурнай традыцыяй. Гэта была цалкам новая эстэтычная праграма, вартая тытана нацыянальнага адраджэння.
М.Багдановіча называюць паэтам «чыстае красы». Гэты тэрмін амаль што ўпершыню выкарыстаў А.Луцкевіч, які яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя прысвяціў некалькі артыкулаў творчасці паэта. Творчасць М.Багдановіча ад самага пачатку ацэньвалася, як паэзія прыгожага, самых тонкіх і інтымных чалавечых пачуццяў, перажыванняў і адчуванняў. Ніхто ў беларускай паэзіі так, як М.Багдановіч, не здолеў апісаць адчуванні цяжарнай жанчыны. Аналагаў гэтаму феномену цяжка адшукаць і ў сусветнай літаратуры.
М.Багдановіч востра і глыбока ўспрымаў жыццё. Хаця пражыў паэт зусім мала, ён ведаў кошт кожнаму імгненню. І хаця няшмат кахання ён сустрэў на сваім шляху, разумеў яго красу, сілу і мудрасць. Мацярынскім пачуццём пранізана ўся творчасць М.Багдановіча. Паэт абагатварае сваю маці. І менавіта пасля таго, як яна памерла, зберагаў памяць пра яе. І гэтая памяць карміла і асвячала яго пачуцці да жанчыны. Смерць маці пакінула ў жыцці паэта незагойную рану. Можа па гэтай прычыне тэма кахання, жанчыны, у прыватнасці той, якая дае пачатак новаму жыццю, так востра займала ўвагу паэта.
Сфера эстэтычных інтарэсаў М.Багдановіча даволі шырокая. Сюды адносяцца перш за ўсё пытанні мастацтва і жыцця, нацыянальнай спецыфікі літаратуры, прыроды творчасці, самакаштоўнасці мастацтва, мастацкай формы, увогуле мастацкасці.
Вялікае месца ў эстэтычных поглядах М.Багдановіча займае праблема красы, прыгожага, здольнасць бачыць жыццё праз прызму хараства, адкрываць яго ў рэчаіснасці. Гэта праходзіць як лейтматыў праз усю творчасць паэта. Краса становіцца ўнутранай тэмай, прадметам роздуму, паэтычнага перажывання, найвялікшай духоўнай каштоўнасцю, маральна-эстэтычным ідэалам, які ўвасабляе радасць спасціжэння гармоніі.
Паэт шукае «красу, і светласць, і прастор», мацуе веру ў лепшае будучае народа, сваё адчуванне хараства прыроды і пачуццяў чалавека. У гэтым, зразумела, было вельмі мала ад самой эпохі, у якую жыў М.Багдановіч, і ўсё ж паэт ад рэчаіснасці не адгароджваўся, ён быў з народам, з жыццём. Гуманіст М.Багдановіч стаў песняром і сучаснай яму эпохі. Не сама краса станавілася ў гэтых выпадках зместам яго паэзіі, а гуманізм адносін паэта да жыцця. І вершы былі верставымі слупамі на шляху пошуку «красы, і светласці, і прастору», але вымяралі яны ўжо зусім іншую грань шматлучнай натуры М.Багдановіча-паэта. Глядзеў ён на жыццё, і горкае, нядольнае яно ядналася ў песнях з красою, выяўляліся ў прыгожым слове нават драматычныя перажыванні, звязаныя з хваробай паэта. Драматычны боль за ткачых-паланянак стаў «прыгожым » болем верша «Слуцкія ткачыхі». Трагічнае ў цыкле «Каханне і смерць» раскрылася перш за ўсё як прыгожае: прыгажосць подзвігу маці ў імя жыцця дзіцяці. Гэта не было спецыяльнай эстэтызацыяй балючага, нечалавечага: сама спецыфіка лірыкі абумоўлівала «прыгажосць» драматычных, трагічных вершаў паэта, высвечвала іх сэнс гуманістычным ідэалам. І ключ да разумення духу, сутнасці яго паэзіі якраз у гэтым ─ у бачанні «прыгажосці» паэзіі не як самаацэннай каштоўнасці, а як высокамастацкага выяўлення дэмакратычных, гуманістычных традыцый.
Свет прыгожага – гэта перш за ўсё свет хараства прыроды. Пейзажная лірыка М.Багдановіча нясе ў сабе багацце чалавечай пачуццёвасці, жывое адчуванне красы. Непасрэднасць лірычнага перажывання, гарманічнае зліццё з прыродай – усё гэта арганічна ўласціва творчасці паэта. У срабрыстасці зорнага неба, у шматколернасці летняга дня, у пералівах фарбаў перадвячэрняй цішы, у марозным звонкім вечары, у канкрэтна-адчувальным пейзажы зімовай дарогі – усюды, у кожнай з’яве прыроды, разліта яе краса. І гэта не толькі краса прыроды, але і краса душы чалавека.
Улюбёны ў красу, М.Багдановіч услаўляе гэтае высокае і прыгожае пачуццё чалавечай духоўнасці. Яго вершы аб каханні, маладосці, сяброўстве – гэта праўдзівая і чалавечная лірыка, прасякнутая чыстым, шчырым пачуццём, радасным успрыманнем свету, вясны, чалавечага жыцця. Тут раскрыта эстэтыка, тонкасць і прыгажосць чалавечых перажыванняў.
Своеасаблівасць
М.Багдановіча ў раскрыцці
Пранікнёны лірызм, эмацыянальна-псіхалагічная напоўненасць, музыкальнасць, высокі паэтычны лад пачуццяў у спалучэнні з глыбінёй і філасафічнасцю зместу – усё гэта ўласціва светаўспрыманню і светаразуменню М.Багдановіча. Яго філасофская лірыка ўсведамляе чалавечае жыццё як найвялікшы дар прыроды, як шчасце. Адсюль неацэнная каштоўнасць і непаўторнасць кожнага яго імгнення, імкненне знайсці ў часовым вечнае, напоўніць яго духоўнай красой.
Такім чынам, М.Багдановіч усё сваё творчае жыццё быў нястомным шукальнікам красы, яе шчырым і адданым песняром. Культ прыгажосці вызначальны ў яго паэзіі. Ён жадаў, каб свет і жыццё рабіліся лепшымі, больш дасканалымі, былі сапраўдным храмам хараства. Хаця мары і летуценні натыкаліся на рэальнасць, ён не пераставаў верыць у прыгожае, ідэальнае, боскае. Свой мастацкі свет ён ствараў па законах красы і гармоніі, у ім не было месца нізкаму, грубаму, вульгарнаму. Паэт абуджаў у чытачоў эстэтычныя пачуцці і эмоцыі. М.Багдановіч быў глыбока ўлюбёны ў хараство зямнога свету. Ён быў запалонены «высокаю красою» і бачыў прыгажосць ва ўсім, да чаго дакраналася яго тонкая і чулая душа. Сімвалам адметнай красы роднага краю для яго стала сціплая беларуская кветка ─ васілёк.
Творчасць М.Багдановіча ─ не проста цікавая старонка мінулага нашай літаратуры. У ёй невычэрпная скарбніца думак і пачуццяў, адбітак жывога чалавечага хвалявання, натхнення і цеплыні. Яна блішчыць усімі фарбамі і адценнямі для чулых сэрцам, для тых, каму дорага сапраўдная шчырая паэзія, пявучае і сардэчнае беларускае слова.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1 Лойка, А. Беларуская паэзія пачатку ХХ стагоддзя / А.Лойка. ─ Мн.: Выд-ва БДУ, 1972. ─ 240 с.
2 Наша ніва: першая беларуская газета з рысункамі. Факсімільнае выданне. Выпуск 1. 1906-1908. ─ Мн.: Навука і тэхніка, 1992.
3 Гаранін, Л. Літаратура пачатку ХХ стагоддзя. 1901-1917. Паэзія / Л.Гаранін // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т. 1 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т імя Я.Купалы. ─ 2-е выд. ─ Мн.: Бел. навука, 2001.─ С. 12-31.
4 Лойка, А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. У 2 ч. Ч.2 / А.Лойка. ─ 2-е выд., дапрац і дап.─ Мн.: Выш. шк., 1989. ─ 480 с.
5 Багдановіч, А.Я. Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў. Этнаграфічны нарыс / А.Я.Багдановіч. ─ Рэпрынтнае выданне. Мн.: «Беларусь», 1995. ─ 186 с.