Автор работы: Пользователь скрыл имя, 10 Июня 2013 в 15:31, дипломная работа
На думку І.Навуменкі, М.Багдановіч як паэт «перш за ўсё адметны тым, што прывіў беларускай літаратуры яшчэ вышэйшыя эстэтычныя якасці, якіх яна дасюль мела няшмат: светаадчуванне інтэлігентнага чалавека, побач з калектыўна-грамадскай эмоцыяй паглыблялася эмоцыя асабістая, шырэй выяўлялася індывідуальнае багацце свету ўнутранага жыцця чалавека, шматграннасць яго адчуванняў» [8, с.6]. Да яго амаль не было ў беларускай літаратуры лірыкі любоўнай, філасофскай з іх «вечнымі» матывамі і «праклятымі» пытаннямі.
Уводзіны…………………………………………………………………..3
1 Паэзія і творчасць М.Багдановіча……………………………………..9
2 Эстэтычныя погляды М.Багдановіча. Тэма мастацтва і хараства….12
3 Лірыка пачуццяў і кахання……………………………………………20
4 Грамадзянская і філасофская лірыка…………………………………36
5 Апраўданне «чыстай красы»………………………………………….49
5.1 Праблема красы і мастацтва ў творчасці М.Багдановіча……….49
5.2 Паэт красы, святла, любові………………………………………..52
5.3 Вызначэнне адметнай постаці ў агульным кантэксце…………..54
Заключэнне……………………………………………………………….60
Спіс выкарыстаных крыніц……………………………………………..63
…што Рафаэль вялікі
Стараўся выявіць праз маці божай лікі [18, с.146].
І вось гэты незнарок
убачаны выпадак у вёсцы, гэтая
раскрытая ў сялянскай
Такі ж пробліск душэўнай красы ўлаўлівае М.Багдановіч і ў асобе Веранікі, маладзенькай гераіні паэмы, названай яе іменем.
Каб выкрываць красу, якая ўтоена ва ўсіх амаль што праявах жыцця, трэба быць мастаком. Але і мастаку краса не даецца так проста: і мастак можа выявіць красу толькі свядомай працай. Сапраўдны мастак павінен мець у сабе вялікае духоўнае багацце, каб было што выяўляць у сваіх творах.
Свой погляд на творчую працу мастака М.Багдановіч выказаў ў «Апавяданні аб іконніку і залатару…». Паэт паказаў важнасць у справах мастацтва ўмельства, рамесніцкага майстэрства, без якога няма нараджэння прыгожых форм, адстойваў не шаблон, паўтор, стылізацыю, а неабходнасць наватарства, разумення таго, што мастацтва абнаўляецца толькі ў пошуку, у руху, дапытлівых спрэчак вакол праблем яго існасці, сутнасці яго зместу і формы.
Так на творчай працы ўсё мастацтва сваё будаваў і М.Багдановіч, бо, па словах А.Луцкевіча, «ня было ў ім тэй выбуховай творчай сілы, якой надзяліла прырода мо’ шчасьлівейшых за яго слуг Красы, што занялі першае месца на нашым Парнасе, як Купала і Колас, каторым так назьдзіў лёгка ўсё даецца…» [37, с.23].
Мастацтва, як спосаб самавыяўлення мастака, выяўляе ўсе яго імкненні, парыванні, ідэалы. Грамадзянскія матывы, заклікі, ідэалы могуць складаць змест мастацкай творчасці, а яны не могуць дыктаваць сваіх законаў красе. «Чыстай красе, нікому і нічому не пакараючайся, з поўнай сьвядомасьцяй служыў Максім Багдановіч» [37, с.26].
Праўдзівая краса пранікае ў душу і сэрца кожнага, хто здолеў яе адчуваць, незалежна ад таго, які народ творыць яе. Нацыянальнае становіцца агульначалавечым праз укрытую ў ім чыстую красу. Вось чаму творы М.Багдановіча, хаця і напісаныя пры дапамозе нацыянальных беларускіх элементаў, маюць агульначалавечую цану: як пясняр «чыстае красы» М.Багдановіч выбірае для сваёй творчасці беларускія элементы не затым, што яны родныя яму, а затым, што ў іх ёсць сапраўднае хараство. І ў гэтым вялікая заслуга яго, бо такім чынам найлепшыя творы беларускія нацыянальныя душы ўзнімаюцца на тую ступень, на якой стаяць такія ж творы іншых народаў, што знайшлі ўжо даўно сусветнае прызнанне. Выкрываючы вечную, неўміручую красу ў нашым родным, беларускім, М.Багдановіч уводзіць нас у сям’ю культурных народаў.
5.2 Паэт красы, святла, любові
Адна с асаблівасцей творчасці Максіма Багдановіча – гэта, па словах даследчыка А.Лойкі, «яго пачуванне сябе ў свеце-сусвеце, паміж зораў светлых і цёмных, у касмічнай, па сутнасці, прасторы» [38, с.321].
Пачалося тое з бачання ў ранніх вершах, «як дрыжаць ад ветру зоркі» [18, с.62], як «навокал ўсё паветра ў струнах сонца залатых» [18, с.75], а «дрыжачымі крыламі» [18, с.75] і матылёк «звоніць ледзьве чутна ў іх» [18, с.75]. Працяг мела ў вершы з запрашэннем зазірнуць «у душы-студні са слёзамі» [18, с.130], студні, што «і ў ночы і ў палудню ў вадзе люстранай зоры» [18, с.130] адбіваюць. То ж душы людскія ў іх спародненасці з зорамі так бачыліся паэту, то ж яшчэ міцкевічаўская тэма зор над намі і пад намі тут так арыгінальна развівалася М.Багдановічам, каб урэшце даць і свой варыянт тэме палёту праз церні да зор, даць у позняй ужо лірыцы вершам 1915 года «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…»:
Бачыце гэтае буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля,
Толькі падарожныя, - папутнікі сярод нябёс [18, с. 279].
І далей паэт дабаўляе:
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы зараз ляцім
Да зор? [18, с. 278]
Як актуальна і папераджальна гучаць гэтыя без адказу радкі паэта! Але звернем увагу, як ніколі дасюль на касмічным вычуванні паэта сябе ў палёце: «…усе мы разам ляцім да зор» [18, с.278]. Зоры над намі, душы з зорамі, зорныя душы ў нас. Зоры, мы ляцім да зор, але ці ж зоры мы, ці ляцім да зор, не будучы светлазорнымі, будучы аблытанымі, сваркамі і звадкамі, болем і горычу?!
«Ясныя зоркі Геркулеса…»[18, с. 278]. Ясната. Светлата. І вось яшчэ:
Выйшаў з хаты. Ціха спіць надворак.
Наплывае радасць, з ёю – сум.
Не злічыць у небе ясных зорак,
Не злічыць у сэрцы светлых дум [18, с. 307].
Уміраў паэт, ды і краіну, дзе уміраў, называў светлай («У краіне светлай, дзе я ўміраю» [18, с. 320]), ─ і не жалобна-чорным бачыўся яму дом яго апошняга жыццёвага прыстанішча, бо «у белым доме ля сіняй бухты» [18, с. 320] пісаў ён у сонечнай Ялце, ужо наўрад ці бачачы прыплюшчанымі вачыма саму белізну дому і блакіт бухты. Але – белы дом, але ─ сіняя бухта, бо свет быў, ёсць, будзе светлы…
Багдановіцкае адчуванне святла свету, жыццё як асноўнага ў іх, як перамоганоснага ў іх, яно перш за ўсё передадзена ў спадчыну нам. А ў пары са светлатой у М.Багдановіча ішла любоў, краса, якая бачная толькі ў святле, а не ў цемені ночы, не ў змроку, ─ краса, якая ў пары з нявольніцтвам, пакутай (багдановіцкія слуцкія ткачыхі), краса, якая поруч з горам народным, сацыяльным, нацыянальным (уся багдановіцкая лірыка грамадзянскага складу), і, нарэшце, краса, што поруч з брудам, балотам, тванню («Рандо» - «Узор прыгожы пекных зор») і нават самой смерцю (нізка вершаў «Смерць і каханне»). Што гэта? «Чыстая паэзія»? М. Багдановіч – паэт «чыстай» красы? Што паэт красы, так! Але пры чым тут «чыстая», «нячыстая»? Увогуле – не тая гэта справа дзяліць паэзію на «чыстую» і нейкую іншую. Бо паэзія, калі яна паэзія, была, ёсць, будзе і можа быць толькі пры красе, толькі пры святле і што нельга дзяліць паэзію на розныя лагеры, на арыстакратычна-чысты і нібыта ненародны і на народна-рэвалюцыйны і нібыта толькі народны, ─ і гэта ў нашым ХХІ стагоддзі, можна, найлепш даказаў М. Багдановіч, толькі красу маючы за ідэал.
Такія паэты, як М. Багдановіч, не паміраюць. Іх дзень нараджэння – дзень нараджэння іх бессмяротнасці. У гэта верыў і М.Багдановіч, калі пісаў: «Светлы свет будзе вечна жывым» [18, с.104]. Жывы светлы шлях М.Багдановіча, жывы, пакуль у свеце ёсць Беларусь, васількі ў жыце, мара людская аб гармоніі, красе, святле, любові і справядлівасці.
5.3 Вызначэнне адметнай постаці ў агульным кантэксце
М. Багдановіч з’яўляецца спадчыннікам вялікага багацця ўспрынятых ім агульначалавечых мастацкіх традыцый. Гісторыка-літаратурны кантэкст яго твочасці надзвычай разнастайны. Ён ахоплівае ў прасторы і часе шырокі дыяпазон узаемасувязей з сусветнай літаратурай, з набыткамі яе мастака-эстэтачнай культуры. У гэтым сэнсе М. Багдановіч ─ з’ява ў беларускай літаратуры фенаменальная. «Яго творчасць з самага пачатку знаходзілася ў руху, імкненні да новага. І ва ўсіх, да чаго б ні звяртаўся паэт, ён імкнуўся знайсці свой уласны шлях, сваю дарогу, адкрыць сваё творчае «я», вызначыць сваю меру прыгожага» ─ піша крытык В.Івашын [39, с.256].
Да гэтай мэты М. Багдановіч быў падрыхтаваны ўсім сваім жыццём, адукацыяй, выхаваннем, асаблівасцямі паэтычнага таленту.
М. Багдановіч –
пісьменнік высокай мастацкай культуры,
яго творчасць мае шмат агульнага
з творчасцю сусветных
Мастацкія інтарэсы паэта былі шырокімі і разнастайнымі. Ён спрабаваў свае сілы і здольнасць ў розных формах і жанрах літаратуры, звяртаўся да мастацкіх з’яў розных літаратурных эпох, розных напрамкаў і відаў паэтычнай творчасці. У полі яго зроку былі творы еўрапейскай мастацкай класікі. Ён хацеў, каб мастацкі вопыт, які адбіўся ў выдатных узорах сусветнай літаратуры, стаў духоўным багаццем і беларускага народа.
Творчасць М.Багдановіча вызначаецца багатай мазаікай вобразаў, самых разнастайных па сваім паходжанні. Паэт «бярэ» мастацкія сродкі і фарбы для твораў з жыцця народа, яго вуснай паэзіі, з фальклору іншых народаў. Яму аднолькава блізкія героі беларускага казачнага эпасу і героі антычнай міфалогіі, народна-паэтычныя і анталагічныя вобразы.
Мы ведаем, што М.Багдановіч – двухмоўны паэт, які з маленства выхоўваўся на класічных узорах М.Лермантава, В.Майкова, А.Фета. Але асабліва важная, першасная роля тут належыць «паэзіі рэчаіснасці» вялікага А.Пушкіна.
А.Пушкін быў для М.Багдановіча прыкладам паэта – мастака, у якога ён вучыўся адкрываць прыгожае ў рэальным жыцці народа і мастацтве.
Праз рускую класічную паэзію М. Багдановіч ішоў да ўспрымання мастацтва антычнасці і Адраджэння. Творы антычных майстроў паэзіі жывілі яго цікавасць. Цвёрдыя старадаўнія формы вершаў, у асаблівасці санет, выклікалі захапленне і жаданне на нацыянальнай глебе ўзнавіць іх красу і гармонію. Ён бачыць у гэтых класічных формах антычнай паэзіі каштоўнасці вечнага агульначалавечага значэння і імкнецца выпрацаваць на аснове ўжо набытага чалавецтвам вопыту сваю культуру верша, свой стыль творчасці.
Старадаўнія страфічныя формы верша М.Багдановіча былі новай з’явай у беларускай паэзіі. Аб’яднаныя паэтам у адзіны цыкл «Старая спадчына», яны з’явіліся ўзорам анталагічнай лірыкі, працягам яе еўрапейскіх традыцый на нацыянальнай глебе.
«Хаця М.Багдановіч высока цаніў пластычнасць антычнай паэзіі, усё ж яму бліжэй рэнесансны ідэал прыгожага, які выяўляў свабодную духоўнасць чалавечай асобы», ─ удакладняе крытык В.Івашын [39, с.260]. Яго паэзія натхнялася гэтым ідэалам, адкрывала яго красу. Святлом гэтай красы азораны «Мадонны» паэта.
Вядома, які шырокі водгук у сусветным мастацтве і літаратуры выклікала славутая «Сіксцінская Мадонна» Рафаэля. Колькі паэтаў і мастакоў звярталіся да гэтага класічнага помніка, раскрывалі і пераасэнсоўвалі маральны подзвіг вобраза маці якая дзеля выратавання чалавецтва аддае свайго сына. У рускай літаратуры гэта карціна выклікала шырокі рэзананс. Да яе звярталіся М.Карамзін, Я.Баратынскі, М.Лермантаў, А.Фет, А.Пушкін. У А.Пушкіна яна была ацэнена як найвялікшае ўвасабленне мастацтва, ідэал чыстай зямной і нябеснай красы.
Беларуская паэзія ў асобе М. Багдановіча далучылася да гэтай традыцыі. Да вобраза мадонны паэт звяртаўся ў тэме «Верніка», вершы «У вёсцы» і празаічнага эцюда «Мадонна». Калі ў творчасці А.Пушкіна вобраз Рафаэлевай мадонны асацыіруецца з чароўнай, дзівоснай дзявочай красой каханай і ўслаўляцца «как гений чистой красоты» [41, с.351], «чистейшей прелести чистейший образец» [41, с. 475], то ў М.Багдановіча асацыятыўныя сувязі набываюць зусім іншы характар. Гэта вышэйшая двайная – дзявочая і мацярынская ─ краса свеціцца ў каханай Веранікі. Гэтае ж «вышэйшае, што Рафаэль вялікі стараўся выявіць праз маці божай лікі» [18, с.145], пераменіцца і ў абліччы вясковай дзяўчынкі, «упэцканай і хілай, і худой» [18, с.145], якая, нібы маці, трымаючы на руках, суцяшае свайго маленькага браціка.
Акрамя А. Пушкіна, сярод любімых рускіх паэтаў М.Багдановіча быў А.Фет. Па словах бацькі, «з пісьменікаў рускай літаратуры больш за ўсё ён сімпатызаваў Фету і нават сваю паэзію прыпадабняў да яго пазіцыі» [6, с.45]. Таму зусім не выпадкова такая ўвага яго да фетаўскай традыцыі. А.Фет – выдатны апавядальнік прыроды, каханне, красы навакольнага свету. І.Навуменка адзначае: «Багдановічу А.Фет блізкі тонкімі нюансамі прытоеных рэальных перажыванняў, філасофска-разумовымі развагамі і адначасова захопленнасцю хараством жыцця, асабліва прыроды. Зоркі, воблакі, завірухі, навальніцы, лес, міфалагічныя постаці лесуна, вадзяніка, русалак, вечна новыя, зменлівы праявы Красы пастаянна захапляюць беларускага паэта, іншы раз ён глядзіць на свет дзіцячымі вачыма, і бачыць у ім перлы схавальнага хараства» [42, с.54]. У багдановічскай паэзіі вельмі шырока выяўлены элемент разумовасці, ціхіх філасофскіх разваг, паэт спыняецца перад многімі загадкамі быцця, іх таямнічасцю, бясконцасцю праяў.
М.Багдановіч не пераймаў А.Фета. Усё што звязана ў яго творчасці з фетаўскай традыцыяй, прасякнута сваім уласным светабачаннем, на усім ляжыць адзінка сваяго творчага «я», майстэрства А.Фета-лірыка асвойвалася і пераўтваралася М. Багдановічам у новую мастацкую якасць. Больш таго, М.Багдановіч выходзіў за межы фетаўскай традыцыі, звернутай пераважна да чалавека ў яго суадносінах са светам прыроды, кахання і мастацтва.
«Ён адкрываў у беларускай паэзіі больш шырокія абсягі рэчаіснасці. Яго лірыка напаўнялася сацыальнымі, грамадзянскімі эмоцыямі; яна ўбірала ў сябе сучаснае і гістарычнае ахоплівала ўсе сферы народнага і нацыянальнага быцця і гэтымі сваімі рысамі набліжалася да лермантаўскай і някрасаўскай традыцый у пасляпушкінскай рускай паэзіі», ─ піша В.Івашын [39, с.263].
Крытыка 20-30х гадоў ХХ ст. бачыла ў асобе М.Багдановіча першага ў беларускай літаратуры паэта-сімваліста-імпрэсіяніста і ацэньвала яго паэзію як узор «мастацтва для мастацтва». З такой ацэнкай не пагаджаўся крытык І.Замоцін. На яго думку, М.Багдановіч хоць і аддаў вядомую даніну сімвалізму, «але разам з тым удвая яго перамог: смутак аб лёсе бацькаўшчыны ў яго саступаў месца надзеям на яе адраджэнне, а песімістычныя настроі сімвалізму расчыняліся ў яго светлых матывах красуючага хараства жыцця» [33, с.121].
Пазней погляд на спадчыну М.Багдановіча быў карэнным чынам прагледжаны, хаця і ў далейшым прызнавалася і цяпер не адмаўляецца даследчыкамі пэўная залежнасць асобных твораў паэта ад уплыву паэтыкі сімвалізму.
М.Багдановіч уважліва сачыў за зменамі ў сусветнай паэзіі і не мог не выкарыстаць яе навейшых дасягненняў. І не выпадкова, што паэт першы ў беларускай літаратуры звярнуўся да творчасці П.Верлена і пераклаў 22 яго вершы.
М.Багдановіча ў спадчыне П.Верлена больш за ўсё цікавілі пошукі своеасаблівага лірызму, пластычнасці ў выяўленні пачуццяў, меладычнасці і музыкальнасці паэтычных твораў. М.Багдановіч не надаваў музыкальнасці верша выключнага, абсалютнага значэння. Верш паэта «Па-над белым пухам вішняў» можна разгледзець як дыялог з П.Верленам, як своеасаблівы водгук на верленаўскае патрабаванне «Музыка перш за ўсё». У ім здзіўляючы па сваёй гарманічнасці вобраз вясны напаўняецца багаццем музыкальных асацыяцый, музыкальнасцю душы самога паэта. Ён ствараецца не праз знешняе апісанне, а праз своеасаблівы ўнутраны малюнак. Выразнасць апісання вясенняй прыроды, яркасць яе фарбаў зліваюцца з тонкімі пералівамі пачуццяў чалавека, зачараванага музыкай. Паэтычнае тут сапраўды гучыць як музыка, напаўняецца глыбокім псіхалагічным сэнсам, багаццем унутранага свету паэта: