История Беларуси

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 21 Июня 2012 в 18:12, реферат

Краткое описание

Храналагічна супадае з каменным векам (40 тыс.г. да н.э. – 3 тыс. да н.э.). Самы працяглы перыяд этнічнай гісторыі. Чалавек упершыню з’явіўся на тэрыторыі Беларусі прыкладна 40 тыс. г. да н. э. Найбольш старажытныя стаянкі чалавека знойдзены каля в.Бердыж (каля р.Сож Гомельскай вобл.) і каля в.Юравічы (каля г.Мазыра). Спачатку была заселена толькі паўднёвая частка Беларусі. Паступова людзі рухаліся на поўнач. Поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі адбылося ў сярэднекаменным веку – мезаліце (7–5 тыс. г. да н. э.). Колькасць насельніцтва ў гэты час была невялікай – 4,5–6 тыс.чалавек.

Прикрепленные файлы: 1 файл

Гісторыя Беларусі. Кароткі нарыс.doc

— 276.00 Кб (Скачать документ)

У 1930 г. 76,6% студэнтаў вышэйшай школы рэспублікі былі беларусамі, выкладанне больш за 80% вучэбных дысцыплін вялося на беларускай мове.

6. У Беларускай акадэміі навук працавалі нацыянальныя сектары – яўрэйскі, польскі, латышскі, а таксама камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, сектар масавай работы і краязнаўства. Сярод навуковых супрацоўнікаў акадэміі ў пачатку 30-х гадоў колькасць беларусаў складала 45%.

7. У 1924 г. заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі.

8. Значных поспехаў у гады правядзення палітыкі беларусізацыі дасягнулі беларуская літаратура, нацыянальны беларускі тэатр, музыка, жывапіс.

 

28. Пачатак другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.

Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 г.

Напярэдадні вайны Савецкі Саюз рабіў усё магчымае, каб папярэдзіць яе ўзнікненне. Ён вёў перамовы  з Англіяй, Францыяй, Чэхаславакіяй, іншымі дзяржавамі аб магчымых мерах бяспекі. На жаль, заходнія краіны далі згоду на далучэнне часткі тэрыторыі Чэхаславакіі да Германіі, імкнуліся скіраваць агрэсію фашысцкай Германіі супраць СССР. Ва ўмовах небяспекі савецкі бок адгукнуўся на прапановы Германіі і 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў і сакрэтны пратакол да яго аб сферы інтарэсаў абодвух бакоў.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу, а 3 верасня Англія і Францыя аб’явілі вайну Германіі. Фашысцкія войскі імкліва захоплівалі тэрыторыю Польшчы. Паўстала пагроза зняволення Заходняй Беларусі, якая трапіла пад уладу Польшчы па Рыжскаму дагавору 1921 г. 17 верасня Чырвоная Армія перайшла граніцу, а 25 верасня вызваліла Заходнюю Беларусь (4 млн. жыхароў). 28.09.1939 г. паміж Германіяй і СССР заключаны Дагавор аб дружбе і граніцы. 28–30.11.1939 г. Народны Сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй вызваленай тэрыторыі і выказаўся за ўваходжанне ў склад БССР. 3 лістапада 1939 г. Нечарговая У сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12.11.1939 г. Нечарговая ІІІ сесія Вярхоўнага Савета БССР адпаведна прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні з БССР. У выніку тэрыторыя Беларусі склала 225,6 тыс. кв.км., насельніцтва 10 млн. чал. Уводзіцца новае адміністрацыйнае дзяленне, праводзяцца першыя адміністрацыйныя пераўтварэнні, пераразмеркаванне зямлі, стварэнне кааператываў, калгасаў, саўгасаў. Адмоўную ролю мелі рэпрэсіі і дэпартацыі. 10 кастрычніка 1939 г. урад СССР перадаў г.Вільна і Віленскую вобласць Літве. Разам  з Вільняй перадавалася тэрыторыя плошчай 6900 кв.км. Менш чым праз год, у лістападзе 1940 г., да Літвы, падчас яе ўваходжання ў склад СССР, былі дадаткова далучаны з  ліку    беларускіх зямель 2600 кв. км тэрыторыі з 65 тыс. чалавек.

З лета 1940 г. Германія пачала падрыхтоўку да вайны супраць СССР. У снежні 1940 г. зацверджан план “Барбароса” – маланкавай вайны, разгрому СССР за 3–4 месяцы. У маі 1941 г. быў зацверджан план “Ост” – праграма знішчэння і каланізацыі народаў СССР.

Нягледзячы на заключэнне дагавораў з Германіяй, пралікаў у вызначэнні пачатку вайны, кіраўніцтва СССР рабіла пэўныя захады па ўмацаванню абароназдольнасці краіны, у прыватнасці, на Беларусі. Гэта будаўніцтва ў Мінску і Магілёве авіяцыйных, Віцебску і Баранавічах – танкарамонтных прадпрыемстваў. Ішло ўзвядзенне абарончых умацаванняў, пераўзбраенне войска і інш.

22 чэрвеня 1941 г. фашысцкая Германія напала на СССР. У ліку першых прыняла на сябе ўдар Беларусь. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яна стала састаўной часткай другой сусветнай вайны. Галоўнай мэтай Германіі было знішчыць СССР як палітычную і ванную дзяржаву, знішчыць большую частку насельніцтва, астатніх ператварыць у рабоў. Толькі 20% беларусаў падлягалі анямечванню, а 80% – знішчэнню. На тэрыторыю Беларусі наступала самая моцная групоўка – група армій “Цэнтр”. Вайсковыя злучэнні і насельніцтва павялі рашучую барацьбу супраць ворага. У чэрвені-жніўні ў армію было мабілізавана звыш 500 тыс. чал. мясцовага насельніцтва, ствараліся палкі і атрады народнага апалчэння (33 тыс.), знішчальныя батальёны для барацьбы з дыверсантамі. Каля 2 млн. чал. удзельнічалі ў будаўніцтве абарончых умацаванняў. Аднак сілы былі няроўныя. Вораг захапіў 28 чэрвеня Мінск, 27 ліпеня – Магілёў, 19 жніўня – Гомель. Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была захоплена ворагам. У чым жа прычыны няўдач баявых дзеянняў у пачатку вайны? Выявілася перавага эканамічнага патэнцыялу Германіі. Пасля захопу шэрагу краін Еўропы іх прамысловы патэнцыял працаваў на ваенныя патрэбы немцаў. Германія раней перавяла сваю прамысловасць на выпуск узбраенняў. Германская армія мела вопыт вядзення вайны. З боку СССР былі дапушчаны пралікі ў тэрмінах пачатку вайны, рэпрэсіі ў арміі, адсутнасць вопыту вайны, выкарыстанне старых тыпаў зброі і інш. Абарончыя баі на Беларусі, мужнасць і гераізм войскаў і насельніцтва перашкодзілі Германіі выканаць свае планы, далі магчымасць падрыхтавацца да абароны Масквы, быў сарваны гітлераўскі план маланкавай вайны.

 

29. Акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай

Айчыннай вайны. Барацьба беларускага народа супраць

нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Акупацыйны рэжым – сістэма палітычных, эканамічных, ваенных, ідэалагічных мер, накіраваных на ліквідацыю грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне, тэрор, знішчэнне беларускага народа. Згодна плану “Барбароса” была знішчана дзяржаўная самастойнасць і тэрытарыяльная цэласнасць рэспублікі. Яна была падзелена на часткі, якія перайшлі да Усходняй Прусіі рэйхскамісарыята, “Украіна”, генеральнай акругі Літвы і інш. Уся паўната ўлады належала фашысцкай ваеннай і цывільнай акупацыйнай адміністрацыі. Галоўным сродкам падтрымання “новага парадку” былі войскі, службы СС, СА, СД, гестапа, жандармерыі і інш.

Галоўным сродкам ажыццяўлення плана “Ост” была палітыка  генацыда –планамернага знішчэння насельніцтва: камуністаў, ваеннаслужачых, савецкіх, партыйных, камсамольскіх актывістаў, яўрэяў, цыган. Для гэтага выкарытоўвалася сістэма мер: заложніцтва, аблавы, пагромы, турмы, карныя экспедыцыі, лагеры смерці, больш 100 гета і інш. Для фізічнага знішчэння людзей немцы арганізавалі на Беларусі больш 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Сярод іх Вялікі і Малы Трасцянец, Азарычы, Масюкоўшчына і інш. Страшэнныя зверствы чынілі фашысты над партызанамі, падпольшчыкамі, мірным насельніцтвам. Было праведзена больш за 140 карных экспедыцый, пасля якіх цэлыя раёны пераўтварыліся ў зоны пустыні. За гады акупацыі спалена больш як 628 вёсак разам з людзьмі, каля 200 з іх так і не аднавіліся пасля вайны. У рабства на нямеччыну было вывезена па няпоўных падліках 380 тыс. юнакоў і дзяўчат. Вярнуліся дамоў толькі каля 120 тыс. Фашысты рабавалі нацыянальныя багацці рэспублікі. Было вывезена 90% тэхнічнага абсталявання, разрабавана 10 тыс. калгасаў, знішчаны лес і г.д. Акупацыйныя ўлады рабілі ўсё, каб знішчыць беларускую культуру, навуку, мастацтва, закрыць доступ да адукацыі. Каб раскалоць адзінства беларускага народа, знайсці сабе апору, гітлераўцы спрабавалі ствараць нацыянальныя арганізацыі: Беларуская народная самапомач, Беларускі корпус самааховы (БКС), Саюз беларускай моладзі (СБМ), Беларуская цэнтральная рада (БЦР), Беларуская краявая абарона (БКА) інш. Выкарыстоўваючы ўсе сродкі агітацыі і прапаганды, гітлераўцы імкнуліся ўздзейнічаць на насельніцтва, зрабіць яго пакорным, паслушэнным, зламаць яго волю да барацьбы.

Аднак беларускі народ узняўся на смяротную барацьбу супраць ворага. Партызанскія атрады і групы ствараліся на базе народнага апалчэння, знішчальных батальёнаў, камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі, апынуўшыхся ў тыле ворага. Партызанскі рух быў усенародным, дзейнічала 1255 партызанскіх атрадаў, 213 брыгад, больш 370 тыс. чал.

Шматгранную дзейнасць супраць ворага ажыццяўляла партыйнае падполле: 203 абкамы і міжрайкамы, міжрайцэнтры, гаркамы і райкамы, больш 1500 пярвічных арганізацый.  Побач з імі дзейнічала камсамольскае падполле. Формы і метады барацьбы з ворагам былі самы розныя: знішчэнне афіцэраў і салдат, дыверсіі, рэйкавая вайна, парушэнне сродкаў сувязі, узрыў мастоў, дарог, выданне падпольных газет, лістовак, распаўсюджванне зводак інфармбюро. Разам з беларусамі змагаліся рускія, украінцы і іншыя прадстаўнікі народаў СССР, а таксама палякі, чэхі і славакі, венгры, немцы і інш. Гераічная барацьба народа падрывала моц фашысцкай арміі, умацоўвала веру насельніцтва ў перамогу, набліжала яе.

 

30. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу

Восенню 1943 г., пасля разгрому нямецкіх войск пад Курскам, пачалося вызваленне тэрыторыі Беларусі. Сумесна з Чырвонай Арміяй дзейнічалі 1‑я польская дывізія імя Т.Касцюшкі, партызанскія атрады. Было вызвалена 40 раёнаў Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай, Палескай абласцей. У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны. Вызваленне ўсёй тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялася па плану “Баграціён”. Удзельнічалі войскі 1, 2, 3‑га Беларускіх франтоў, 1‑га Прыбалтыйскага, а таксама Дняпроўская ваенная флытылія, французскі добраахвотніцкі авіяполк “Нармандыя-Нёман”, партызанскія злучэнні. Супраць Чырвонай Арміі вораг сканцэнтраваў групу армій “Цэнтр” колькасцю 1,3 млн.чал., каля 10 тыс. гармат і мінамётаў, каля 1 тыс. танкаў, больш 1300 самалётаў. Нягледзячы на жорсткае супраціўленне, Чырвоная Армія здолела акружыць і знішчыць шматлікія групоўкі войск (Віцебскі, Бабруйскі, Мінскі кацёл). Вялікі ўклад у вызваленне Беларусі ўнеслі партызанскія злучэнні. За месяц наступлення савецкія войскі ачысцілі ад ворага ўсю тэрыторыю Беларусі, большую частку Літвы, частку Латвіі, усходнія раёны Польшчы. Аперацыя “Баграціён” мела гістарычнае значэнне. Была знішчана варожая групоўка армій “Цэнтр” (28 дывізій з 38), забіта 381 тыс., узята ў палон 158 тыс. салдат і афіцэраў. Савецкая армія падыйшла да граніц Усходняй Прусіі, што стварыла спрыяльная ўмовы для вызвалення шэрагу краін Еўропы і разгрому фашысцкай Германіі. Саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі ўбачылі, што СССР сваімі сіламі знышчыць ворага, і ў 1944 г. адкрылі другі фронт. Вялікая колькасць партызан, падпольшчыкаў, дапрызыўнай моладзі ўліліся ў рады Чырвонай Арміі. Вызваленая Беларусь пачала адраджацца і працаваць на патрэбы фронта і перамогі. Была адноўлена дзяржаўная мяжа СССР.

Дзякуючы паспяховым дзеянням  Савецкай арміі (савецка-германскі фронт галоўны) фашысцкая Германія была разгромлена. 8 мая Германія падпісала акт аб безагаворачнай капітуляцыі. 9 мая было аб’яўлена Святам Перамогі. 9 жніўня 1945 г. Чырвоная Армія і флот пачалі баявыя дзеянні супраць мілітарысцкай Японіі, была ліквідавана галоўная сіла – Квантунская армія. Ужо пасля гэтага адбыліся атамныя бамбардзіроўкі ЗША Хірасімы і Нагасакі. 2 верасня 1945 г. Японія падпісала акт аб безагаворачнай капітуляцыі.

Многія дзяржавы і народы ўнеслі свой уклад у перамогу над фашызмам (саюзнікі ЗША, Англія, Францыя і інш.). Аднак, галоўны, рашаючы ўклад унёс СССР; савецкі народ, у тым ліку і беларускі. На алтар Перамогі Беларусь прынесла мільёны жыццяў. У полымі вайны загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. На франтах вайны, у дзеючай арміі змагаліся 1 млн. 300 тыс. беларусаў і ураджэнцаў рэспублікі. Звыш 300 тыс. салдат і афіцэраў – ураджэнцаў Беларусі атрымалі ордэны і медалі, 44 воіны ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. На акупіраванай тэрыторыі партызаны і падпольшчыкі знішчылі амаль паўмільёна гітлераўцаў і паліцэйскіх. Шмат ураджэнцаў з Беларусі ўдзельнічала ў еўрапейскім руху Супраціўлення. На абарону радзімы працавала больш 60 эвакуіраваных беларускіх прадпрыемстваў, прыкладна 1,5 млн. жыхароў. Вялікі ўклад у перамогу ўнеслі інтэлігенцыя, работнікі навукі, культуры, мастацтва. Подзвіг беларускага народа ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі прызнаны сусветным супольніцтвам. За вялікі ўклад у разгром фашысцкай Германіі, вялізныя страты панесеныя ў вайне Беларусь у 1945 г. атрымала права стаць адной з краін, стваральніц ААН – самай аўтарытэтнай і ўплывовай арганізацыі, якая і сёння ахоўвае мір і бяспеку народаў.

 

31. Аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі пасля
Вялікай Айчыннай вайны (1946–1950 гг.)

Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынеслі беларускаму народу велізарныя бедствы: загінула больш за 2 млн. 200 тыс. чал., толькі прамыя страты склалі 75 млрд.р., былі разбураны гарады, вескі, прамысловыя прадпрыемствы. Аднаўленне эканомікі пачыналася адразу пасля вызвалення – у канцы 1943–1944 гг. Аднак галоўнае было зроблена пасля заканчэння Айчыннай вайны у ходзе рэалізацыі чацвертага пяцігадовага плана аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі 1946–1950 гг.

У галіне прамысловасці адбылося не толькі аднаўленне разбуранага, развіццё тых гаін, якія існавалі да вайны, але і стварэнне новых – аўтамабільнай, трактарнай, дарожных машын і будаўнічых механізмаў і інш. Вялікія поспехі адбыліся у стварэнні энергетычнай і паліўнай базы народнай гаспадаркі – к 1950 г. выраб электраэнергіі перавысіў даваенны ўзровень на 47%.

Ва ўсіх галінах, асабліва ў машынабудаванні, у значных маштабах рабілася тэхнічная рэканструкцыя, уводзілася больш дасканалае абсталяванне, выкарыстоўваліся новыя метады вытворчасці: механізацыя, электрыфікацыя і аўтаматызацыя.

Прадпрыемствы мясцовай прамысловасці наладжвалі вытворчасць тавараў народнага спажывання, абутку, адзення, вырабаў са скуры, будаўнічых матэрыялаў і інш., у тым ліку новых відаў вырабаў: швейных машын, посуду, бытавых электрапрыбораў. Далейшае развіццё атрымала лёгкая прамысловасць: былі пабудаваны Мінскі і Гродзенскі тонкасуконныя камбінаты па вырабу тонкасуконных і шэрсцяных тканін, рэканструяваны гарбарна-абутковыя прадпрыемствы, ільнозаводы, хутка развіваліся швейная, скураная і іншыя галіны лёгкай прамысловасці.

Хуткімі тэмпамі ішло аднаўленне і развіцце прамысловасці ў заходніх раёнах Беларусі, будаваліся новыя прадпрыемствы, а аб’ём прамысловай прадукцыі тут ў 1950 г. перасягнуў даваенны ўзровень амаль удвая.

Усяго за пяцігодку было адноўлена пабудавана і ўведзена ў дзеянне каля 6 тыс. прадпрыемстваў, а агульны рост валавай прадукцыі прамысловасці складаў 115% да ўзроўня 1940 г.

Вельмі цяжкім было аднаўленне сельскай гаспадаркі, і ўсё ж такі ў канцы чацвёртай пяцігодкі агульная пасяўная плошча склала 91,4% даваеннай, а па валаваму аб’ёму прадукцыі сельскай гаспадаркі рэспубліка амаль што дасягнула даваенны ўзровень.

Хуткае аднаўленне і развіццё прамысловасці некаторыя поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці далі магчымасць палепшыць становішча насельніцтва, будаваць жыллё, аднавіць сістэмы аховы здароўя і адукацыі.

У 1946–1950 гг. былі створаны ўмовы для далейшага развіцця рэспублікі.

Информация о работе История Беларуси