Автор работы: Пользователь скрыл имя, 21 Июня 2012 в 18:12, реферат
Храналагічна супадае з каменным векам (40 тыс.г. да н.э. – 3 тыс. да н.э.). Самы працяглы перыяд этнічнай гісторыі. Чалавек упершыню з’явіўся на тэрыторыі Беларусі прыкладна 40 тыс. г. да н. э. Найбольш старажытныя стаянкі чалавека знойдзены каля в.Бердыж (каля р.Сож Гомельскай вобл.) і каля в.Юравічы (каля г.Мазыра). Спачатку была заселена толькі паўднёвая частка Беларусі. Паступова людзі рухаліся на поўнач. Поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі адбылося ў сярэднекаменным веку – мезаліце (7–5 тыс. г. да н. э.). Колькасць насельніцтва ў гэты час была невялікай – 4,5–6 тыс.чалавек.
Частка навукоўцаў прытрымліваецца думкі аб тым, што агульным продкам рускіх, беларусаў і ўкраінцаў з’яўлялася старажытнаруская народнасць. Яна сфарміравалася ў выніку змешвання крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, палян, вяцічаў і інш. у ІХ–Х стст. У гэты ж час сфарміравалася Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь). У выніку распаду Старажытнарускай дзяржавы распалася і старажытнаруская народнасць. У якасці доказаў існавання старажытнарускай народнасці навукоўцы прыводзяць наступныя аргументы:
1. Існаванне агульнай мовы ўсходніх славян.
2. Адзінства матэрыяльнай культуры.
3. Наяўнасць этнічнай самасвядомасці насельніцтва Старажытнай Русі. Існаванне этнонімаў “рускія”, “русь”, “русічы” і інш.
4. Наяўнасць агульнай тэрыторыі старажытнарускай народнасці, якая ўспрымалася як “Русь”.
У пачатку 90-х гг. новую канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М.Піліпенка. З самага пачатку фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” дзялілася на рэгіёны. Тэрыторыя сучаснай Беларусі паводле мясцовых асаблівасцей мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны – папрыпяцкую і падзвінска-падняпроўскую. У выніку ўзаемадзеяння паміж зонамі сфарміравалася новая этнічная тэрыторыя – “Белая Русь”. Фарміраванне беларускага этнасу завяршылася ў ХVІ ст.
7. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага:
розныя падыходы і канцэпцыі
Для заходніх зямель Русі ХІІ–ХІІІ стст. былі перыядам феадальнай раздробленасці. Паступова фарміруюцца фактары, якія падштурхоўвалі заходнерускія княствы да аб’яднання, кансалідацыі, утварэння адзінай дзяржавы. Сярод іх – размяшчэнне заходнерускіх зямель на гандлёвых шляхах, пагроза ім з боку крыжакоў і мангола-татараў. Але самыя важныя прычыны аб’яднальнай тэндэнцыі на Русі – унутрыпалітычныя. У ХІІІ ст. пачаўся новы этап інтэнсіўнага развіцця феадальных адносін, а гэта непазбежна вяло да абвастрэння класавай барацьбы, што ў феадальным грамадстве заўсёды з’яўлялася фактарам аб’яднальных працэсаў. Такім чынам, сукупнасць унутраных і знешніх фактараў адрадзіла імкненне заходнерускіх княстваў да кансалідацыі (з яго фактычна былі выключаны Паўночна-Усходнія і Паўднёвыя землі Русі, дзе панавалі татара-манголы). Аб’яднальнай сілай заходнерускіх княстваў выступіла ўлада вялікіх князёў літоўскіх.
Працэс аб’яднання ў ВКЛ быў працяглы і складаны. Ён адбываўся больш за стагоддзе – з другой чвэрці ХІІІ па трэцюю чвэрць ХІV ст. Шляхамі: на основе пагадненняў між літоўскімі і славянскімі князямі; дынастычных шлюбаў; пры дапамозе ваеннай сілы.
У гістарычнай літаратуры існуе тры канцэпцыі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Першая з іх прадстаўлена ў традыцыйнай гістарыяграфіі, у старой навуковай і вучэбнай літаратуры, сённяшняй літоўскай гістарыяграфіі. Яе ўмоўна называюць “літоўскай” канцэпцыяй. Сутнасць гэтай канцэпцыі ў наступным. Літва гістарычная, Літва ХІ–ХІІІ стст. знаходзілася там жа, дзе і сучасная Літва. У ХІІІ ст. утвараецца адзіная цэнтралізаваная раннефеадальная Літоўская дзяржава (Літва Міндоўга) з моцнай вялікакняжацкай ўладай і такой жа моцнай ваеннай арганізацыяй. Гэтая дзяржава ажыццяўляе сілай зброі захоп рускіх зямель і гвалтоўнае іх далучэнне да Літвы. Утварэнне ВКЛ тут выступае як вынік знешняй літоўскай агрэсіі. Дзяржава ўтворана літоўскімі феадаламі, на базе літоўскага цэнтра (тэрыторыі), пагэтаму яна з’яўляецца толькі літоўскай дзяржавай.
У процілегласць “літоўскай” канцэпцыі існуе “беларуская” канцэпцыя ўтварэння ВКЛ. Найбольш поўна яна выкладзена ў кнізе М.І.Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа”. На думку М.І.Ермаловіча, гістарычная (летапісная) Літва размяшчалася не на сучаснай тэрыторыі, а на тэрыторыі Беларусі, паміж Мінскам і Новагародкам (з усходу на захад) і паміж Маладзечнам і Слонімам (з поўначы на поўдзень). Не літоўская знаць захапіла рускія землі, як сцвярджалі дарэвалюцыйныя і савецкія гісторыкі, а заходнерускія княствы (перш-наперш, Новагародскае княства) далучылі да сябе Літву і заснавалі Вялікае княства Літоўскае. Паколькі новая дзяржава была ўтворана беларускімі феадаламі на базе беларускага цэнтра (тэрыторыі), то яна з’яўлялася ні чым іншым, як беларускай дзяржавай.
Прыхільнікі трэцяй па ліку “цэнтрысцкай” канцэпцыі на аснове падбору адпаведнага канкрэтна-гістарычнага матэрыялу, сцвярджаюць, што ў ХІІІ–ХІV стст. рашаючую ролю ва ўтварэнні і развіцці ВКЛ адыгрывалі разам з заходне-рускімі феадаламі літоўскія феадалы, дзяржава гэтага часу была Літоўска-Беларускай дзяржавай. У ХV–ХVІ стст. рашаючую ролю ў жыцці ВКЛ адыгрывалі беларускія феадалы разам з літоўскімі, дзяржава гэтага часу была Беларуска-Літоўскай дзяржавай.
На наш погляд, Вялікае княства Літоўскае не было створана толькі продкамі сучасных беларусаў і літоўцаў, а таму яно не з’яўлялася ні Беларуска-Літоўскай, ні Літоўска-Беларускай дзяржавай. Вялікае княства Літоўскае – гэта поліэтнічная дзяржава чатырох асноўных народаў – беларускага, рускага, украінскага і літоўскага, дзе славяне займалі прыкладна 11/12 тэрыторыі і складалі каля 80% насельніцтва краіны. Літоўцы ў гэтай дзяржаве з’яўляліся этнічнай меншасцю. Таму, на наш погляд, ВКЛ можна называць Руска-Літоўскай ці Літоўска-Рускай дзяржавай, як аб гэтым сцвярджалася ў дарэвалюцыйнай расійскай і савецкай гістарыяграфіі.
Першымі ў склад ВКЛ трапляюць землі Верхняга Панямоння, Чорная Русь, ці Новагародчына (Новагародак быў першай сталіцай ВКЛ). Полацк апынуўся ў складзе ВКЛ у 1307 г., Віцебск – у 1320, Турава-Пінскія землі – у пачатку ХV ст. Асабліва паспяхова аб’яднальны працэс ішоў пры Гедыміне (1316–1341). Ім была перанесена на ўсё Вялікае княства Літоўскае стараруская мадэль дзяржаўнага кіравання. Рускі ўплыў адлюстраваўся і на характары вайсковай справы. Старабеларуская мова стала мовай дзяржаўных дакументаў (літоўцы яшчэ не мелі сваёй пісьменнасці).
8. Палітычная барацьба ў ВКЛ у ХІV–ХV стст. Крэўская унія
Закладзены з самага пачатку існавання ВКЛ вялікі ухіл у бок федэралісцкіх пачаткаў не мог не выклікаць у велікакняжацкай улады ўзнікненне супрацьлеглай тэндэнцыі ў палітыцы – да цэнтралізацыі. Барацьба цэнтралісцкіх і федэралісцкіх пачаткаў пранізвае ўсё ўнутрапалітычнае жыццё ВКЛ у ХІV–ХVІ стст. Вынікам гэтай барацьбы былі крызісы дзяржаўнай улады, што пагражалі распадам дзяржавы. Першы крызіс узнік пасля смерці Гедыміна (1341), калі вялікім князем стаў яго любімы сын Еўнут. Найбольш моцныя з яго братоў, Альгерд і Кейстут, зверглі Еўнута. І хаця на вялікакняжацкі прастол быў узведзены Альгерд, у ВКЛ склаўся своеасаблівы дуалізм вярхоўнай улады, што забяспечвала цэнтралізацыю дзяржавы і стабільнасць палітычнага жыцця. Другі палітычны крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда. Пры падтрымцы Кейстута на велікакняжацкі прастол быў узведзены Ягайла, сын Альгерда. Аднак яго пазіцыі былі вельмі няўстойлівыя, і ў 1381 г. Кейстут захапіў вярхоўную ўладу. Наступіў новы, трэці палітычны крызіс. Праз год Кейстут быў забіты Ягайлам. Ягайла не змог перамагчы цэнтрабежныя тэндэнцыі і адолець палітычны крызіс сваімі сіламі і зрабіў стаўку на знешнюю сілу – Польшчу. К канцу ХІV ст. складваюцца ўмовы збліжэння ВКЛ і Польшчы (гэтага патрабавала і знешняя небяспека – Тэўтонскі ордэн). У 1385 г. было падпісана пагадненне паміж ВКЛ і Польшчай – Крэўская унія. Ягайла стаў польскім каралём. Па сваіх умовах унія была інкарпарацыяй ВКЛ у Польшчу і вяла да каталіцкай экспансіі на беларуска-літоўскіх землях. Незадаволеныя беларуска-літоўскія феадалы пачынаюць барацьбу супраць уніі. Яе ўзначалілі Андрэй Альгердавіч (Полацкі) – на першым этапе, Вітаўт, сын Кейстута – на другім. Барацьба завяршылася падпісаннем Востраўскага пагаднення (1392) аб падзеле ўлады паміж Ягайлам і Вітаўтам. Яна значна карэкціравала Крэўскую унію: ВКЛ было гарантавана адасобленае дзяржаўнае існаванне, але ў саюзе з Польшчай і пад верхаўладдзем польскага караля. Юрыдычна палітычная самастойнасць ВКЛ была аформлена падпісаннем Гарадзельскай уніі 1413 г., але ўсё роўна пад уладай польскага караля. Супрацьстаянне бакоў прывяло да грамадзянскай вайны (1432–1436), пад уплывам якой былі прыняты прывілеі польскага караля (1432) і вялікага князя (1434), якія пашыралі правы праваслаўных феадалаў (забарона займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады захоўвалася).
Такім чынам, палітычная гісторыя ВКЛ прасякнута барацьбой цэнтрабежных і цэнтраімклівых тэндэнцый, а палітычны рэжым ВКЛ паступова прымаў абрысы парламенцкай манархіі (паны-рада, вальны сейм, абмежаванне вялікакняскай улады, правы шляхты). Больш за 100 гадоў ВКЛ знаходзілася ў стане персанальнай уніі з Польшчай, заставалася пры гэтым суверэннай дзяржавай, дзякуючы намаганням рускіх і літоўскіх феадалаў.
9. Культура Беларусі ХІV–ХVІ стст. Узнікненне кнігадрукавання. Францішак Скарына і Мікола Гусоўскі
Беларуская культура развівалася на аснове засвойвання багатых традыцый высокаразвітых візантыйскай і старажытнарускай культур. У той жа час кантакты з Заходняй Еўропай прывял да ўзнікнення новых з’яў у беларускай культуры. У беларускую мову пранікаюць новыя словы, літаратура ўзбагачаецца перакладнымі творамі, у архітэктуры і мастацтве назіраюцца элементы гатычнага стылю.
У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. склаліся эканмічныя, сацыяльныя і палітычныя перадумовы Адраджэння (Рэнесансу) на Беларусі. Агульнаеўрапейскае Адраджэнне – эпоха станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. Сфарміраваўся гуманістычны светапогляд – сцвярджэнне аб высокай годнасці чалавека. Адраджэнне – умоўная назва, звязаная з памкненнем адрадзіць антычную культуру.
Прадстаўнікамі рэнесансавай культуры на Беларусі былі першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына, паэт-гуманіст Мікола Гусоўскі.
У архітэктуры Беларусі шырокае распаўсюджанне набыла готыка, якая панавала па працягу другой паловы ХІІІ–ХV стст. Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, храмамі абарончага тыпу. Абарончую сістэму ВКЛ складалі замкі ў Лідзе, Навагрудку, Крэве, Вільні і Троках. У пачатку ХVІ ст. быў пабудаваны выдатны помнік беларускага дойлідства – Мірскі замак. Да храмаў абарончага тыпу належаў касцёл у в.Ішкалдзь, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць. У другой палове ХVІ ст. у архітэктуру Беларусі пранікаюць элементы стылю Рэнесанс.
У рамках выяўленчага мастацтва развіваўся манументальны жывапіс, іконапіс. З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага па жанры. Былі створаны выдатныя ўзоры паліхромнай драўлянай скульптуры.
10. Люблінская унія. Утварэнне Рэчы Паспалітай
Люблінская унія паклала пачатак трагічнай старонкі айчыннай гісторыі. З гэтага часу незалежная краіна ВКЛ страціла сваю самастойнасць, увайшла ў склад новай дзяржавы – Рэчы Паспалітай. Чаму так здарылася? Першая спроба зліць ВКЛ з Польшчай была зроблена Ягайлам пасля заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі. Гэта была здрада Ягайлы. Ён абяцаў Польшчы вярнуць усе землі страчаныя ёй у час войнаў, перавесці сваіх падначаленных з праваслаўных у католікаў, далучыць ВКЛ да Польшчы. Гэта была дынастычная вунія. Амаль два стагоддзі паміж дзяржавамі звязанымі саюзнымі адносінамі ішла барацьба: з боку Польшчы за інкарпарацыю саюзніка, з боку ВКЛ за самастойнасць. Націск з боку Польшчы няспынна пашыраўся і паглыбляўся. К сярэдзіне ХVІ ВКЛ у эканамічным, дзяржаўным, грамадска-палітычным жыцці набліжалася да Польшчы. Пераймаліся польскія звычаі, абрады, з’явіліся ваяводствы, воласці, паветы. Паскорыць працэс інкарпарацыі прымушала польскія ўлады і тое, што Жыгімонт ІІ Аўгуст не меў нашчадкаў.
Важнае значэнне мелі знешнепалітычныя абставіны. На поўдні ВКЛ вымушана было абараняцца і весці неспынныя войны з крымскімі татарамі. З 1500 па 1569 гг. апошнія 45 разоў рабавалі беларускія землі, уводзячы палонных у рабства. У гэты ж час на ўсходзе ўзмацняецца Маскоўская дзяржава. Яна імкнулася да берагоў Балтыйскага мора і вяла вайну з Лівонскім ордэнам, які запрасіў дапамогі ў ВКЛ. Ордэн перайшоў пад працектарат княства. Расія пачала баявыя дзеянні на тэрыторыі ВКЛ. Над княствам навісла смяротная пагроза. Спробы заключыць мір з рускім царом Іванам Грозным не мелі поспеху. Адначасова з боку Польшчы ўзмацняліся дзеянні па ўключэнню ВКЛ у склад адзінай дзяржавы.
У такіх ўмовах 10 студзеня 1569 г. пачаў працаваць Люблінскі сейм. Кароль і яго прыхільнікі імкнуліся шляхам уніі ўключыць ВКЛ у склад Польшчы. Паслы ВКЛ вымушаны былі ісці на саюз з Польшчай, але імкнуліся захаваць незалежнасць сваёй краіны. Яны прапанавалі свае ўмовы аб’яднання: адзін кароль абіраецца роўнай колькасцю паслоў ад Польшчы і ВКЛ, карануецца ў Кракаве і Вільні, княства і карона будуць мець свае асобныя органы ўлады і кіравання, захоўваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць і інш. Гэтыя прапановы не знайшлі падтрымкі на сейме. Паслы ВКЛ ад’ехалі на месцы. Гэта выклікала абурэнне караля і польскіх паслоў. Пад іх уціскам, гвалтоўна, не маючы права без згоды рады і сейма прымаць рашэнне, Жыгімонт ІІ Аўгуст скасоўвае ўсе папярэднія дадзеныя ВКЛ і шляхце, далучае Падляшша, Валынь і Падолію да Польшчы. Пад пагрозай пазбаўлення маёнткаў, высылкі з краю ён прымушае паслоў гэтых зямель падпісаць унію. У складзе ВКЛ засталіся Літва і Беларусь. Нягледзячы на ўсё іх супрастаянне, яны вымушаны былі таксама падпісаць унію.
1 ліпеня 1569 г. згодна Люблінскай уніі ВКЛ і Польшча злучыліся ў адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую, феадальную Рэспубліку. Быў абраны адзіны гаспадар – кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, кіеўскі, валынскі, падляшскі, ліфляндскі. Спынілася абранне вялікага князя ВКЛ, яго пажыццёвае валоданне княствам. Выбіраўся адзіны сейм, які павінен быў склікацца толькі ў Польшчы. Уводзілася адзіная мытная прастора, грашовая адзінка, агульная знешняя палітыка. Усе жыхары РП мелі права набываць маёнткі і зямлю, уласнасць у любой частцы краіны. Скасоўваліся ўсе пастановы, законы, палажэнні якія супярэчылі уніі, а таксама асобны сейм ВКЛ. Прысягаць можна было аднаму Польскаму каралеўству. Такім чынам, Люблінская унія была гвалтам навязана ВКЛ палякамі на чале з Жыгімонтам ІІ, асабліва пасля анексіі і далучэння большасці тэрыторыі ВКЛ (Падляшша, Валынь, Падолля, Кіеўшчыны).
Унія – гэта анексія і інкарпарацыя ВКЛ у польскае каралеўства, пагроза поўнага акаталічвання і апалячвання, вынік цяжкага і складанага ўнутранага і знешнепалітычнага становішча ВКЛ у сярэдзіне ХVІ ст.: пагаршэння сацыяльна-эканамічнага стану, раскола грамадства па канфесійнай прыкмеце, пашырэння рэлігійнай барацьбы, здрады караля, аслаблення ВКЛ у выніку войнаў з крымскім ханствам і барацьбы ВКЛ за лівонскую спадчыну.