Анамастычны кампанент у складзе фразеалогіі: тэарэтычныя перадумовы даследавання

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 06 Апреля 2014 в 22:16, дипломная работа

Краткое описание

Мэта работы  комплекснае, усебаковае даследаванне фразеалагізмаў з анамастычным кампанентам.
Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:
1) вызначыць ролю ўласных назваў у фразеалагічных адзінках;
2) ахарактарызаваць беларускія фразеалагізмы з анамастычным кампанентам паводле іх паходжання;
3) раскласіфікаваць фразеалагічныя адзінкі па тэматычных групах і прааналізаваць асаблівасці такога падзелу;
4) правесці класіфікацыю фразеалагізмаў з анамастычным кампанентам з пункту гледжання граматычнага выражэння;
5) даць сінтаксічную характарыстыку фразеалагізмаў з анамастычным кампанентам.

Прикрепленные файлы: 1 файл

дыпломная работа (2) (Автосохраненный)1.docx

— 157.55 Кб (Скачать документ)

 

 

 

ГЛАВА 4. МАРФАЛАГІЧНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКІХ ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ З АНАМАСТЫЧНЫМ КАМПАНЕНТАМ

   Як вядома, фразеалагізмы валодаюць граматычным, абагульненым значэннем (дзеяння, прадметнасці і г.д.). Паводле свайго катэгарыяльнага значэння  фразеалагізмы суадносяцца з рознымі часцінамі мовы. Варта адзначыць, што пры такой класіфікацыі неабходна звярнуць увагу на семантычны і сінтаксічны паказчыкі.  Прычым семантычны паказчык найбольш важны, бо ён грунтуецца на выніках супастаўлення фразеалагічнай адзінкі з яе тлумачэннем, што дапамагае нам суаднесці фразеалагізм з пэўнай часцінай мовы. Як  зазначыў М. А. Даніловіч, “найбольш істотным з’яўляецца семантычны паказчык, які рэалізуецца шляхам семантычнай ідэнтыфікацыі. Пры супастаўленні фразеалагізма са словам-ідэнтыфікатарам высвятляецца, што фразеалагізм, суадносны з назоўнікам, мае значэнне прадметнасці (назоўнікавы), фразеалагізм, суадносны з дзеясловам, мае значэнне дзеяння (дзеяслоўны) і г.д.” [Даніловіч 1991, с. 6]. Напрыклад, пець Лазара вытлумачваецца дзеяслоўным словазлучэннем ‘прыкідвацца няшчасным’. Значыць, фразеалагізм – дзеяслоўны.

Самай вялікай па колькасці групай фразеалагізмаў з’яўляюцца назоўнікавыя фразеалагізмы, якія аб’яднаны агульным значэннем прадметнасці. Яны абазначаюць абстрактныя паняцці (дамоклаў меч                ‘пастаянная небяспека, неадступная пагроза’; танталавы мукі (пакуты) ‘нясцерпнае мучэнне ад усведамлення блізкасці жаданай мэты і немагчымасці дасягнуць яе’) і канкрэтныя прадметы (Млечны Шлях                 ‘мноства зорак, падобнае  ў ясныя ночы на светлую паласу няправільнай формы, расцягнутую па небе’; Вялікая мядзведзіца ‘сузор’е Паўночнага паўшар’я  з сямі зорак у форме каўша’; Малая мядзведзіца ‘каляполюснае  сузор’е Паўночнага паўшар’я з мноства зорак, сем з якіх, найбольш  яркіх, утвараюць фігуру, падобную на коўш’; адамаў яблык ‘цвёрды выступ на горле ў мужчыны, кадык’). Некаторыя выступаюць назвай – характарыстыкай асобы (двухаблічны Янус ‘крывадушны чалавек’; апошні з магікан ‘прадстаўнік якога-небудзь тыпу, што знікае’; унтэр прышыбееў ‘самачынны ахоўнік парадку, душыцель свабоды’; Фама няверны (няверуючы) ‘чалавек, якога цяжка прымусіць паверыць чаму-небудзь’; свяцейшы за папу рымскага ‘такі, што занадта строга прытрымліваецца пэўных ідэалаў, правілаў, установак’; казанская сірата ‘той, хто прыкідваецца пакрыўджаным, няшчасным, каб разжаліць каго-небудзь’.        У якасці прыкладу фразеалагізмаў, што суадносяцца з назоўнікам, можна прывесці і наступныя: як Мамай (Батый) прайшоў  ‘поўны беспарадак, неразбярыха’; геркулесавы слупы ‘вышэйшая, крайняя ступень, мяжа чаго-небудзь’; аўгіевы стайні (канюшні) 1) ’вельмі забруджанае месца, запушчанае памяшканне’; 2)‘ поўнае бязладдзе, надзвычайная запушчанасць спраў (у якой-небудзь арганізацыі)’; панургаў статак ‘натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком, бяссэнсава пераймаючы  яго’; як (быццам) фенікс з попелу (з прыску) ‘нібы сімвал неўміручасці, вечнага абнаўлення, ад раджэння’; дзям’янава юшка ‘тое, што назойліва прапануецца каму-небудзь у вялікай колькасці’; трышкаў кафтан (каптан) ‘непапраўнае становішча, сітуацыя, калі з ліквідацыяй адных недахопаў непазбежна ўзнікаюць другія’;  Андрэй Кузьме родны Хвёдар (Хведар) ‘той, хто важнічае, хваліцца блізкасцю ці сваяцтвам з нераўнёй’; праметэеў агонь ‘незгасальнае імкненне да высакароднай мэты’.

Сярод пададзенага матэрыялу вылучаецца вялікая частка фразеалагізмаў, што адносяцца да разраду адушаўлёных. Амаль што ўсе яны характарызуюць асобу (бурыданаў асёл ‘крайне нерашучы чалавек, які хістаецца, вагаецца ў выбары паміж двума раўнацэннымі рашэннямі ці раўназначнымі жаданнямі’). У адных выпадках адушаўлёныя фразеалагізмы склаліся на аснове свабодных словазлучэнняў, у якіх галоўным словам з’яўляецца адушаўлёны назоўнік. Часцей за ўсё ён абазначае жывёл, птушак, людзей (валаамава асліца (асёл) ‘пакорны, маўклівы чалавек, які нечакана выказаў сваю думку або нязгоду’; конь ісусаў ‘тупы, неразумны чалавек’).  У іншых выпадках стрыжнёвы кампанент фразеалагізма – генетычна неадушаўлёны назоўнік (іерыхонская (ерыхонская) труба ‘чалавек з вельмі гучным голасам’).

Большасць жа назоўнікавых фразеалагізмаў адносіцца да разраду неадушаўлёных, яны абазначаюць самыя разнастайныя падзеі, з’явы, прадметы нежывой прыроды. Напрыклад: антонаў агонь ‘заражэнне крыві, гангрэна’; валтасараў баль ‘легкадумнае існаванне каго-небудзь у бядотную для іншых часіну’; пракрустава ложа ‘мерка, пад  якую сілком, штучна падганяюць ці прыстасоўваюць што-небудзь’; фількава грамата ‘пустая паперка, несапраўдны ці няправільна напісаны дакумент’; кітайская грамата ‘што-небудзь зусім незразумелае, тое, у чым цяжка разабрацца’; сталыпінскі гальштук ‘шыбеніца, пятля’; мафусаілаў век ‘вельмі доўгае жыццё, даўгалецце’. Сярод неадушаўлёных фразеалагізмаў сустракаюцца адзінкі, у якіх стрыжнёвы кампанент суадносіцца з неадушаўлёным назоўнікам (гордзіеў вузел ‘заблытаная справа, складаныя абставіны’; пацёмкінская вёска ‘ашуканства, паказуха, за якой хаваецца дрэнны стан чаго-небудзь’) і тыя, у якіх ён суадносіцца з адушаўлёным  назоўнікам (траянскі конь ‘ашуканства, хітры падман’).

Катэгорыя адушаўлёнасці – неадушаўлёнасці мае фармальныя сродкі выражэння. Адушаўлёныя і неадушаўлёныя фразеалагізмы адрозніваюцца формай вінавальнага склону множнага ліку. Фразеалагізмы са значэннем адушаўлёнасці  маюць форму вінавальнага склону, аднолькавую з формай роднага склону, а ў неадушаўлёных фразеалагізмах вінавальны склон супадае з назоўным склонам. Фразеалагізмы, што суадносяцца з назоўнікам, маюць яшчэ і катэгорыю роду. Амаль усе фразеалагізмы  належаць альбо да жаночага (кітайская сцяна; егіпецкая кара; шарашкіна кантора), альбо да мужчынскага (Іван без роду і племені; гамбургскі рахунак), альбо да ніякага роду (калумбава  яйка (яйцо)). Выключэннем з’яўляюцца фразеалагізмы, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку (сіямскія блізняты).                  

  У назоўнікавых фразеалагізмах, галоўным кампанентам якіх з’яўляецца  уласная назва, імя, прозвішча, род вызначаецца шляхам суаднясення самаго імя з асобай ці прадметам, што можа быць уладальнікам гэтага імя.

Некаторыя фразеалагізмы, якія з пэўнага боку характарызуюць чалавека, могуць аднолькава дастасоўвацца як да асоб жаночага, так  і да асоб мужчынскага полу (казанская сірата ‘той, хто прыкідваецца пакрыўджаным, няшчасным, каб разжаліць каго-небудзь’).

Калі гаварыць пра змяненне назоўнікавых фразеалагізмаў па ліках, то большасць з іх ужываецца і ў адзіночным, і ў множным ліку. Але ёсць сярод іх і тыя, за якімі замацавалася адна лікавая форма. Адзіночналікавыя фразеалагізмы не могуць утвараць формы множнага ліку па розных прычынах. Часцей за ўсё гэта выразы з абстрактным значэннем (вавілонскае стоўпатварэнне ‘поўная неразбярыха, беспарадак, гармідар’; мамаева пабоішча 1) ‘вялікая сварка, бойка’; 2) ‘поўны беспарадак, неразбярыха’). Структура фразеалагізма таксама можа абмяжоўваць яго змяненне па ліках (Садом і Гамора ‘крайняе бязладдзе, поўная неразбярыха, сумятня’). Для назоўнікавых фразеалагізмаў характэрна таксама і катэгорыя склону. Скланенне фразеалагізма праяўляецца праз канчаткі галоўнага кампанента. У тым выпадку, калі фразеалагізм выглядае як атрыбутыўна-іменнае словазлучэнне (эзопаўская (эзопава) мова; арыядніна ніць; варфаламееўская ноч), то пры змяненні па склонах змяняюцца канчаткі як першага, так і другога кампанента (эзопаўская мова – эзопаўскую мову). Калі ж фразеалагічная адзінка мае іншую структурную арганізацыю (пацалунак Юды; шапка Манамаха; Алёша з батонамі), то скланяецца толькі стрыжнёвы кампанент (шапка Манамаха – шапкай Манамаха).

 Што тычыцца прыметнікавых фразеалагічных адзінак, то іх значна менш. М. А.  Даніловіч пісаў, што “да прыметнікавых адносяць часам толькі тыя фразеалагізмы, катэгарыяльнае значэнне якіх прадказваецца, сігналізуецца граматычна галоўным прыметнікавым (дзеепрыметнікавым, лічэбнікавым, займеннікавым) кампанентам або двума кампанентамі” [Даніловіч 1991, c. 42]. У адабраным матэрыяле сустракаюцца прыметнікавыя фразеалагізмы, якія даюць характарыстыку знешняга выгляду чалавека. Прычым ёсць тыя, што перадаюць характарыстыку толькі жанчыны (у касцюме Евы ‘без усялякага адзення, голая’), ці толькі мужчыны (у касцюме Адама ‘без усялякага адзення, голы’). Некаторыя выразы дастасоўваюцца як да асобы, так і да прадмета (з каломенскую вярсту ‘вельмі высокі’). Прыметнікавыя фразеалагізмы могуць выступаць як якасная характарыстыка асобы (пастухова Ганна ‘кожны, нават някемлівы чалавек’). Нязначная колькасць фразеалагізмаў здольная мець розныя парадыгматычныя формы, астатнія ж выразы з’яўляюцца нязменнымі.

 Яшчэ адну групу ўтвараюць прыслоўныя фразеалагізмы, якія суадносяцца адпаведна з прыслоўем. Яны абазначаюць прымету дзеяння, стану, прымету прыметы ці абставіны, пры якіх адбываецца дзеянне. Вялікая колькасць прыслоўных фразеалагізмаў рэалізуе сваё значэнне толькі ў спалучэнні са “словамі-суправаджальнікамі”, часцей за ўсё яны сэнсава і сінтаксічна звязваюцца з дзеясловамі (пад Катоўскага стрыгчы; да грэчаскіх Каляд (календаў) адкладваць;  як Марку па пекле ганяць).               У  некаторых выпадках фразеалагізм спалучаецца толькі з адным пэўным словам-суправаджальнікам (дагадзіць як ксёндз Магдусі). Часам у якасці абавязковага фразеалагічнага акружэння могуць выступаць два, тры і больш суправаджальнікаў (як Марка па пекле  хадзіць, блукаць, сноўдацца; зарабіць, выручыць, выгадаць  як заблоцкі на мыле; у Магілёўскую губерню трапіць, папасці, збірацца; у Магілёўскай губерні апынуцца, аказацца).

Калі значэнне фразеалагізма мае больш абстрактны характар, то яго спалучальнасць мае больш шырокія магчымасці. Многія фразеалагізмы кантактуюць з вялікай колькасцю слоў, якія адносяцца да розных тэматычных груп (ад Адама 1) ‘з даўніх часоў, здаўна’; 2) ‘здалёк, не адразу прыступаючы да сутнасці справы’).

Сярод фразеалагізмаў, што суадносяцца з прыслоўем, сустракаюцца і такія, што патрабуюць ад залежных ад іх словаў пэўнай склонавай формы (да Масквы ракам не пераставіш (не паўстаўляеш)  каго).

Прыслоўныя фразеалагізмы паводле  семантыкі дзеляцца на азначальную і акалічнасную групы. Азначальныя фразеалагічныя адзінкі могуць абазначаць якасці, уласцівасці (галопам па еўропах ‘павярхоўна, не сур’ёзна, не ўдаючыся ў дэталі’; як (быццам, бы) Ленін на буржуазію ‘непрыязна ці з нянавісцю, з агідай (глядзець на каго-небудзь)’; між (паміж) Сцылай і Харыбдай ‘у цяжкім становішчы, калі непрыемнасці, небяспека пагражаюць з двух бакоў’; не па Сеньку (Юрку, Хомку) шапка ‘зусім немагчыма, вельмі цяжка (рабіць што-небудзь)’), меру і ступень (цікавы як Марцін да кавы ‘вельмі, празмерна (цікаўны хто-небудзь)’; як на Дзяды ‘выдатна, уволю’; як швед пад Палтавай ‘зусім, канчаткова’), спосаб дзеяння (як дзядзька ў Вільні ‘збянтэжана, непрывычна, ніякавата (адчуваць сябе, паводзіць сябе)’; па гамбургскім рахунку ‘па-сапраўднаму, належным чынам, як і павінна быць’).

Акалічнасныя фразеалагізмы абазначаюць месца (дзе Макар козы пасе 1) ‘вельмі далёка (папасці, трапіць)’; 2) ‘у далёкую ссылку’), час (за царом Гарохам ‘вельмі даўно, невядома калі (было, адбывалася што-небудзь)’; арэдавы вякі ‘вельмі доўга’).

У ліку прыслоўных фразеалагізмаў ёсць такія адзінкі, апорным кампанентам якіх з’яўляецца не толькі прыслоўе, а яшчэ і назоўнік, дзеяслоў і інш. Фразеалагізмы з апорным кампанентам-назоўнікам, які з’яўляецца анамастычным кампанентам, ужываюцца толькі ў той лікавай форме, якая пададзена ў фразеалагічнай адзінцы. Сустрэлася таксама некалькі фразеалагізмаў, у якіх дзеяслоўны кампанент мае формы прошлага і цяперашняга часу (куды Макар цялят не ганяў – куды Макар цялят не ганяе).

    Пэўнае месца займаюць і дзеяслоўныя фразеалагізмы: адгароджвацца кітайскай сцяной (ад каго, ад чаго) ‘вельмі моцна, наглуха адасабляцца, адмяжоўвацца ад каго-небудзь, чаго-небудзь’; звязваць сябе (звязвацца) вузамі Гіменея ‘уступаць у шлюб’; ківаць на Пятра ‘звальваць віну на іншага’; пець (спяваць) Лазара ‘прыкідвацца няшчасным, каб расчуліць каго-небудзь; скардзіцца на свой лёс’; укладвацца ў пракрустава  ложа ‘насільна прыстасоўвацца да чаго-небудзь, падганяцца да пэўнай меркі’; трапіць да Абрама (Абрагама) на піва ‘памерці’; прыкідвацца казанскай сіратой ‘прыкідвацца пакрыўджаным, няшчасным’; пераходзіць рубікон ‘прымаць беспаваротнае рашэнне, рабіць адказны, рашучы крок’; скінуць з сябе ветхага  Адама ‘вызваліцца ад старых прывычак, поглядаў і стаць іншым чалавекам’. Гэтыя фразеалагізмы абазначаюць дзеянне і выражаюць яго ў пэўных граматычных катэгорыях. Катэгорыя трывання характэрна толькі для тых фразеалагічных адзінак,  у якіх стрыжнёвы кампанент – дзеяслоў (адпраўляць у штаб Духоніна – адправіць у штаб Духоніна). Тое ж і з фразеалагізмамі адпраўляць у Магілёўскую губерню; адпраўляцца (ісці, ехаць) да Абрама (Абрагама) на піва; адкрыць Амерыку. Фразеалагізмы, што ўтвараюць трывальную пару, адрозніваюцца паміж сабой тым, што ў закончаным трыванні яны паказваюць завершанасць дзеяння, а ў незакончаным абазначаюць дзеянне без паказу на яго ўнутраную мяжу. Тыя выразы, што маюць толькі адно трыванне, прадстаўлены ў большай колькасці фразеалагізмамі незакончанага трывання  (валяць ваньку ‘паводзіць сябе несур’ёзна, паступаць не так, як трэба’). Да аднатрывальных фразеалагізмаў закончанага трывання адносяцца наступныя: запець (заспяваць) лазара ‘пачаць скардзіцца на свой лёс, імкнучыся выклікаць спачуванне, спагаду да сябе’.

З катэгорыяй трывання цесна звязана катэгорыя часу. Фразеалагізмы, якія ўтвараюць трывальныя пары, могуць ужывацца ва ўсіх часавых формах: ісці (пайсці) у Каносу; у абдымкі (абдоймы) Марфея ісці (пайсці); сядлаць (асядлаць) Пегаса. Часам аднатрывальныя фразеалагізмы ўжываюцца ў адным канкрэтным часе. Гэта часцей за ўсё фразеалагізмы, якія маюць значэнне хваробы, смерці і г.д.: ездзіў у Рыгу ‘ванітавала каго-небудзь, звычайна пры моцным ап’яненні’; замуж за <пана> Пясоцкага (збірацца) ‘паміраць’.

Информация о работе Анамастычны кампанент у складзе фразеалогіі: тэарэтычныя перадумовы даследавання