Автор работы: Пользователь скрыл имя, 14 Апреля 2014 в 18:14, курсовая работа
Курсавая работа ўяўляе сабой своеасаблівае падагульненне пасля вывучэння шматстайнага тэарэтычнага матэрыялу па творчасці Яўгеніі Янішчыц, спробу новага, самастойнага погляду на яе спадчыну. Аналіз паэзіі Яўгеніі Янішчыц праводзіцца ў храналагічнай паслядоўнасці этапаў станаўлення творчасці паэтэсы, звяртаючы ўвагу на адлюстраванне ўздзеяння знешніх праяў свету на асобу мастака і працэс асэнсавання сябе і акаляючага свету. Літаратуразнаўчы аналіз скіраваны на выяўленне ідэйна-эстэтычнай канцэпцыі творчасці, праблематыкі паэзіі Яўгеніі Яншчыц, на раскрыццё спецыфікі яе мастацкага стылю і паэтыкі тэкстаў.
Верш “Палессе” вырас з натуральнай знітаванасці паэтэсы з народным светам, з яго гатоўнасцю змяняцца, рабіцца іншым, захоўваючы пры гэтым пэныя маральныя асновы і прынцыпы. Свабодзе мастацкага адлюстравання падпарадкуецца і паслядоўнасць шыпячых і глухіх гукаў (т, х, к, ш, ч), і наяўнасць слоў, прыналежных казцы, пабудова многіх вершаў паводле кальцавога прынцыпу, дзе першыя і апошнія радкі выступаюць уводна-выніковымі звеннямі ў ацэнцы сутнасці Палесся, якое не згубіла повязі з містыкай, чарадзействам, знахарствам:
Бо тут і вогнік не атух.
Ігліца, як прыколка.
I чараўнічы дух шаптух
Настоены на зёлках.
Зашамаціць услед чарот.
Дзе зоры? Невядома.
Ды не застрашыць зводнік-чорт
I не заб'е нас громам! [28, с. 184]
Непарыўную, крэўную повязь гераіні з радзімай, Беларуссю адчуваем у чатырохрадкоўі, якое задае тон усёй тэматычнай групе вершаў і ў якім, можна сказаць, ключ раскрыцця адносін гераіні да замежнага свету:
Да чужога не звыкліся вочы,
Сэрца цепліць гаючы ўспамін.
Можа, свет пераменіцца тройчы —
Келіх роднага неба адзін! [26, с. 71].
Арыентацыя на вясковасць, народнасць як увасабленне цэласнасці, гарманічнага адзінства свету выступае ў якасці той высновы, на якой будуюцца назіранні гераіні за жыццём Захаду (верш “Лячу ў найсучасным самалёце…”). Вясковыя ідэалы зноў набываюць моц і прыгажосць, якіх яны пазбавіліся на радзіме. У прыгожых карцінах замежнай краіны, у гістарычных месцах, якімі ганарацца амерыканцы, Янішчыц імкнецца знайсці падабенства са сваім, родным краем. Пастаянныя супастаўленні, паралелі, правядзенне асацыяцый — тыя мастацкія сродкі (вершы “Дажджавая нітка лёсу мамы”, “Сівы Гудзон”, “Элегія апалага лістка”), якія дазваляюць кантрасна адцяніць і ўзвысіць над усім чужым непаўторную прыгажосць, першародную чысціню яе Палесся:
Як Вашынгтон мяняе пазалоту:
Сярэбрана-ружовы-медны бляск! ...
Няма маёй рабіны каля плота,
Няма бярозкі зорнага святла!... [26, с. 86].
З вершаў “Госць”, “Праклінаем долю неба…”, “Я гляджу, як будуецца горад…” мы разумеем, што Яўгенія Янішчыц душэўна адчувала сябе няўтульна ў гарадскім асяроддзі. Так, у вершы “Я гляджу, як будуецца горад” паэтэса з жалем заўважае, што дзеля новых бетонных будынкаў няшчадна вынішчаецца шмат зялёных сяброў, якія ўпрыгожвалі наваколле. Факт для гарадской штодзённасці да банальнага звычайны. Але ён выклікае ў паэтэсы вельмі вострую эмацыянальную рэакцыю:
Дзе вы, мілыя дрэвы ўчарашнія:
Арабіна, бярозанька, клён?
Ноччу я прачынаюся. Страшна,
Бы сама урастаю ў бетон.[26, с. 46]
З верша “Наконт гарадскога мыслення” мы бачым як выказваецца глыбокае хваляванне лірычнай гераіні пра будучыню, захаванне ўсяго жывога на Зямлі, у тым ліку і клопат пра захаванне роднай вёскі:
Яшчэ дзесь бялеецца маміна хустка,
Ды рвецца пытанне з балючых грудзей:
А што як прывеціць не жыта, а пустка
I свойскія птушкі збаяцца
Такім чынам, праз мастацкае адлюстраванне горада і гарадскога жыцця Яўгенія Янішчыц узнімае актуальныя праблемы сучаснасці. Горад паўстае як нешта “бетоннае”, мёртвае, бо ў ім мала застаецца жывой прыроды і спараджаецца жорсткае, бесчалавечнае стаўленне да ўсяго жывога.
Калі паэтэса раскрывае сваё сэрца ў інтымнай лірыцы, і мы бачым сляды пакут (“Адчай”, “Цішыня. I азёрная гладзь...”), калі яна ідзе да нейкіх ісцін, перакананняў, пераадольваючы супярэчнасці сваёй натуры (“3 дарагой душы”, “Набытак шчасця мой бясспрэчны...”, “Спрабую ўласны боль забіць...”), то ў чытача ўзнікае да яе гераіні давер. Нават калі яе эмоцыі нясуць разбурэнне:
I стане пуста мне, нібы ў пустыні.
Нібы сярод пустыні — я адна.
Так сівая бабуля ля акна
Пустой надзеяй цешыцца пра сына. [28, с. 181].
У паўторы аднакарэнных слоў (пуста, пустыня, пустая) у кантэксце верша “Адчай” абсалютызуецца “пустата” як знак адмаўлення ад такога быцця, як пратэст душы супраць несправядлівасці жыцця, а за ўсім гэтым пакор- лівасць жанчыны перад злымі выпрабаваннямі лёсу, згушчэнне трагедыі адзіноты, якая ўсплёскамі болю праходзіць праз увесь зборнік “Пара любові і жалю”:
Вось і падышла, нібы расплата,
Адзінота.
Будзе мукай свята... [91, с. 181].
У зборніку ў працэсе самаасэнсавання ўсё часцей гучаць драматычна-акрэсленыя матывы. Дух жыцця гераіні карэніцца ў перажываннях душы, і пры гэтай умове яе існаванне набывае сэнс. “Высокая годнасць душы” — тое маральнае правіла, праз якое ацэньваецца ўласная творчасць, жыццё і падзеі ў ім. Для гераіні важна займаць у прасторы быцця дастойнае месца:
Над горкай памяццю былога
Якая я, якая я?
... Паміж няшчасных і шчаслівых —
Якая я, якая я? [26, с. 185]
Паўтор у структуры пытання нібы падзяляе радок на дзве часткі: першае пытанне скіравана да сябе, другое належыць каханаму. Усе акцэнты (верш “Якая я”) зводзяцца да асабіста-інтымных чаканняў, калі слабасць і безабароннасць жанчыны шукаюць апірышча ў каханні:
Ні ў поля вольнага, ні ў гаю,
Ні ў зор, ні ў сноў, ні ў лугаўя,
Я ў аднаго цябе спытаю,
Якая я. [26, с. 185]
Часціцы “ні” падкрэсліваюць поўнае адмаўленне на дадзеным жыццёвым этапе ролі прыроднага ў самаакрэсліванні асобаснага, якое цяпер здзяйсняецца праз каханне. Лірычнай гераіні важна ўсталявацца ў ролі каханай, раскрыцца ў сваіх лепшых жаночых якасцях з дапамогай якіх аформілася яе суб'ектыўнасць з рысамі цнатлівасці, вытанчанасці, ранімасці.
Змушванне сябе ў жаданні быць іншай, жыць інакш (вершы “Вось мой паром туманны, і ўзгорак...”, “Сухі і маланкай апалены ствол...”, “Не пасмела б дарэшты пазбыцца...”, “Дзе згубіліся Вы?...»”) спараджае незадавальненне жыццём:
Відаць, не растлумачу я: на чым
Стаю,
уся адкрытая для жалю.
Жыццё не прыгарнула да парчы —
Пакінула мне блюзачку з паркалю. [26, с. 199].
Гераіня разумее, што сябе цяжка перайначыць саму сябе, бо яна (гераіня), бы навагодняя яліна, “Зялёная, завейная, лясная. // Калючая такая ж, як і я...” [91, с. 193].
У перадапошнім зборніку Яўгені Янішчыц таксама шмат вершаў-прысвячэнняў. 3 гадамі паэтэса ўсё больш успрымала быццё як зменлівую сукупнасць чалавечых лёсаў. Быццё — гэта жывая гісторыя чалавека (верш “Зімовае”):
І мо радней той чалавек, якога
I бог забыў, і слава абышла.
... Ён не са сцэны любіць і пяе.
Ён сам, як гэты свет, сляпы й відушчы,
На гук, на смак зямельку пазнае. [28, с. 155].
“У стрымана-пафаснай плыні верша, у сцішана-выразнай інтанацыі, у яго руху, дзе кожны радок утрымлівае ў сабе пэўны вывад — жыццёвая мараль, праз якую перадаецца ўсё тая ж любоў да чалавека” – адзначае Святлана Калядка [11, с. 160]. Яшчэ адно пацверджанне таму — верш “Жураўліны рэквіем”, прысвечаны памяці П. М. Машэрава, яго неаднастайнай, цэласна-супярэчлівай асобе. Смерць гэтага чалавека выклікала вельмі моцны, эмацыянальна-драматычны водгук:
Журавель закрычаў з паднябесся,
Спалатнела зямля, як абрус.
Захліснула пякучая вестка.
Скаланула ўсю Беларусь. [28, с. 157].
У паэтычных радках, прысвечаных П. М. Машэраву, паэтэса дасягае нязмушанай з'яднанасці эмоцыі і майстэрства. А аднародныя дзеясловы ўтвараюць рух думкі і нарошчваюць накал пачуцця. Боль, увасобленая ў тыповым вобразе жураўля, убірае напал пачуцця, роспач усяго беларускага народа.
Такім чынам, зварот да адных і тых жа турботных тэм (радзіма, бацькі, сяляне і праблемы вясковага жыцця і іншыя) яшчэ раз падкрэсліў характар паэтычнага самавызначэння Яўгеніі Янішчыц. Яе светапоглядныя адзнакі выявіліся ў больш крытычным стаўленні да сябе і рэчаіснасці. У творах Яўгеніі Янішчыц рэдка сустракаюцца копіі рэчаіснасці, кожны радок паэтэса імкнецца падсвяціць жывой эмоцыяй, глыбокім перажываннем. Пачуццёвасць прэвалюе над разумовасцю ў ацэнках рэчаіснасці і ўласнага стану. Далягляды паэгэсы не замыкаюцца ў звужанай прасторы («я» і тое, што вакол мяне), яе слова імкнецца стаць калі не прароцтвам, то натхненнем для чалавечага духу. У вершах зборніка “Пара любові і жалю” з’яўляюцца высокамастацкія глыбокія вобразы, якія тояць у сябе шматсэнсоўнасць (вобразы дарогі, парчы, вобразы Палесся і замежжа), якія дапамагаюць разкрыць тэмы, якія турбуюць паэтэсу. Не раўнадушна Яўгенія Янішчыц да тэмы суаднясення жыцця ў вёсцы і ў горадзе. Таксама, можна сказаць, што Яўгенія Янішчыц усё часцей стала звяртацца да фальклорных матываў пры асвятленні тэмы роднага краю. Лірычная гераіня інтымнай лірыкі паўстае ўсё той жа адзінокай жанчынай, гэты вобраз супадае са станам душы самой паэтэсы. Прырода, якая раней была ахоўніцай і крыніцай натхнення, ужо не ратуе ад пачуцця самоты. Гераіня поўная ўласнай годнасці, самапавагі, яна ўсё ж не можа смірыцца са сваёй адзінотай. Кніга “Пара любові і жалю” з’яўляецца ў асноўным зборнікам філасофскай лірыкі, якая ўздымае вялікі шэраг актуальных праблем як маштабнага характару такі і асабістага.
Глава 7. Вось прыйшла і мая серада…
Філасофскія роздумы ў апошнім зборніку Яўгеніі Янішчыц “Каліна зімы” накіраваны на выяўленне супярэчлівасці жыцця. Для паэтэсы было важна вызначыць змест і функцыі абстрактных паняццяў, за якімі стаяў велізарны чалавечы вопыт. Напрыклад, “жыццё” — гэта і працэс , супрацьлеглы смерці, і абазначэнне асяроддзя пражывання... Катэгарызм у вызначэнні паняцця ў вершах утрымлівае асобасны негатыўны вопыт, які накладваецца на ацэнку: “Жыццё — ты стэп, што выгараў да краю, // Дрыготкі ліст на восеньскім галлі...” [24, с. 167].
У імкненні да няўлоўнай і недасягальнай гармоніі, якая ўключае і цэласнасць, і рознасць праяўленняў натуры жанчыны, і супярэчлівае адзінства эмоцый і думак, паўстае ў зборніку “Каліна зімы” неадназначная існасць гераіні Яўгеніі Янішчыц.
Гераіня Янішчыц узнімаецца па прыступкам самаасэнсавання, і яе ацэнкі ўсё больш зыходзяць з разгубленасці і няпэўнасці. Гэта дастычыццца да разумення вобраза “каліны зімы”, які стаў свайго роду характарыстыкай яе вялікага жыццёвага перыяду, а таму і пераўтварыўся ў назву зборніка:
Белым кветам, калінаю горкай,
Агнявою агромленай гронкай
Паўстаю на ўспамінак душы. [24, с. 81]
Алітэрацыя г-х падштурхоўвае да пэўных асацыяцый: у прыгожых пунсовых ягадах знаходзіцца вельмі горкі сок — часта так адбываецца і з жыццём чалавека. У традыцыйна-ўстойлівым вобразе народнай паэтыкі, звязаным з абмалёўкай вобліку дзяўчыны, паэтэса знаходзіць і прыгажосць, і глыбокі сэнс, і прывабнасць жывога, заўсёды зменліва-непастаяннага жыцця.
Фальклорны матыў пераўтварэння жанчыны ў каліну атрымаў свае адметныя рысы: каліна не толькі набывае жаночы воблік, яна надзяляецца тонкай, ранімай душой: “Я так цябе чакала, што ў каліне //Адбілася ўся мая душа!” [24, с. 123].
“Каліна зімы” — сама назва ўказвае на элемент прыроднага ў светапоглядзе паэтэсы. Лірычны тон верша “Каліна зімы” адпавядае назве зборніка. Позняй заклапочанасцю ўласным лёсам, няспешлівым роздумам аб жаночай долі, “доля мая — нібы гронка любові // Б'ецца над сцішанай голькай жыцця...” [24, с. 90]. Па словах Святланы Калядкі: “Верш гэты — прыклад высокага майстэрства, калі форма і сэнс згуртаваны ў адно цэлае знойдзеным удала для апісання новай гендэрнай ролі вобразам “каліны зімы”. Ускладненне верша адбываецца за кошт складаных слоў (белапушыстыя, ціха-шчасліва, запунсавела-прыпухлыя, каліна-сяброўка) што звязана таксама з пільным углялваннем паэтэсы так званыя дробязі жыцця, яго нюансы” [11, с. 125].
Шэраг вершаў “А ты — Ліліт...”, “Голас з акцэнтам” “Не зараслі быллём гадоў паляны...”, “Знак тайны”, “Аблокі, нібы воўна...”, “Серада” звязаны праяўленнямі сугучных перажываняў, у аснове якіх разгубленасць гераіні перад жыццём. Гэтая разгубленасць узнікае на памежжы ўзроставых перыядаў, за кожным з якіх свая жаночая гісторыя. Гераіня разумее, што яе “залаты” век застаўся ў мінулым: “Вось прыйшла і мая серада — // Палавіна жыцця і жадання...”; “Было ў жыцці маім зашмат благога //1 ўсё-ткі болей сонца і ўдач...” [24, с. 48]. У другой палове жыцця, якая прыйдзе пасля “серады”, гераіня сябе не бачыць, не ўяўляе, яе нерэалізаваная жаноцкасць пратэстуе супраць самой сябе ў заўтрашнім дні. I ў вершы “Калядкі” пытанне яе хутчэй рытарычнае:
Дык чаму ж згасаю тонкай свечкай,
Нібы паміраю без пары? [42, с. 38].
Вобраз “тонкай свечкі” асацыіруецца з вобразам “кволай жанчыны”, якая згарае, нібы тонкая свечка, у барацьбе з самой сабой, і якая засяроджваецца на хуткаплыннасці часу.
Вершы з кнігі “Каліна зімы” маюць моцную маральную аснову, на якой узнікаюць публіцыстычны напал і грамадзянская занепакоенасць лёсам планеты. Гэтая аснова — у адгалосках Айчыннай вайны, у незагойных ранах не так даўно перажытага аднавяскоўцамі і яе бацькамі. Доўгі шлях з вайны кладзецца ў дзень сённяшні як напамін аб страшных пакутах чалавецтва (верш “Ружовы цвет і харство садоў…”):
Дваццаты век. Бары і курганы.
Радзінны спеў і пошум Белавежы.
Мы ўсе яшчэ будуемся з вайны
I — ад вайны! — няўжо ізноў залежым? [24, с. 44].
У вершы Я. Янішчыц называе сучаснасць “заложніцай-эпохай”. Адна з галоўных пагроз існаванню чалавецтва - вайна, бо яшчэ не зажылі на Зямлі раны ад папярэдняй сусветнай вайны, а для людзей усё больш адчувальнай становіцца небяспека новых войнаў. Вайна - гэта праява антыпрыроднага мыслення. Чалавек многага дасягнуў тэхнічна, але так і не навучыўся абыходзіцца без зброі, прымянення сілы, агрэсіі:
Калі ж нарэшце вылюднее свет
I скончацца ваенныя пагрозы? [44, с. 44].
Праблема распальвання вайны была вельмі актуальнай для паэтэсы, а таму многія радкі цыклу гучаць з напружанасцю, адчаем і трывогай за будучыню.
Паэтка ўражальна паказвае, як вайна трагічна адбілася на людскіх лёсах. “Попел і чорныя цені” ваеннага мінулага трывожаць памяць, змушаюць несці крыж душэўных пакутаў тых, хто назаўсёды страціў родных і блізкіх людзей. Паўсюль пасля вайны паэтка заўважала знакі і сімвалы народнай бяды: “Тут на траніюях і прыгорках // Расце трагічная трава” (“Трава”). Аднавяскоўцы Яўгеніі Янішчыц - ахвяры, людзі трагічнай эпохі. Паэтка ўсёй сваёй чалавечай сутнасцю не прымала вайны, якая прыносіць смерць, гора і няшчасце, пазбаўляе жанчыну радасці кахання, мацярынства, сямейнага шчасця, і таму яна з грамадзянскай трывогай рэагавала на пагрозу новай катастрофы:
Маланка блісне. Згасне зорка.
Пальецца дождж як з рукава.
Тут на траншэях і прыгорках
Расце трагічная трава. [24, с. 36]
Вобразы прыроды ўзнікаюць на працягу ўсёй творчасці Яўгеніі Янішчыц. Праз з’явы наваколля паэтэса па-майстэрску ўмее паказаць усе аспекты жыцця чалавека. І не толькі радасныя моманты, а таксама і трагічныя.
Чытаючы асобныя вершы з кнгі “Каліна зімы”, мы бачым, што паэтэсу турбуюць праявы людской глухаты і мяшчанства як знакі рэгрэсіі душэўнага (верш “Замірае ліцейка”), адчужанасці і недаверу як спараджэнне духоўнага абнішчання, выкліканага таксама паскоранымі сацыякультурнымі зрухамі ў грамадстве: “У гэтым доме смяюцца і плачуць, Але рэдка спяваюць у ім...” [24, с. 151]
Информация о работе Мастацкия асабливасци лирыки Яугении Янишчыц