Автор работы: Пользователь скрыл имя, 14 Апреля 2014 в 18:14, курсовая работа
Курсавая работа ўяўляе сабой своеасаблівае падагульненне пасля вывучэння шматстайнага тэарэтычнага матэрыялу па творчасці Яўгеніі Янішчыц, спробу новага, самастойнага погляду на яе спадчыну. Аналіз паэзіі Яўгеніі Янішчыц праводзіцца ў храналагічнай паслядоўнасці этапаў станаўлення творчасці паэтэсы, звяртаючы ўвагу на адлюстраванне ўздзеяння знешніх праяў свету на асобу мастака і працэс асэнсавання сябе і акаляючага свету. Літаратуразнаўчы аналіз скіраваны на выяўленне ідэйна-эстэтычнай канцэпцыі творчасці, праблематыкі паэзіі Яўгеніі Яншчыц, на раскрыццё спецыфікі яе мастацкага стылю і паэтыкі тэкстаў.
Як і ў першым зборніку, у кнізе “Дзень вечаровы” навакольная рэчаіснасць яшчэ выступае ў гарманічнай зялёна-бела-сіняй гаме (сіні дзень, белы вецер), а свет бачыцца ў светлых колерах і гуках:
Бясконцы раздольны прастор —
Зялёная радасць бярозак
I сіняя радасць азёр.
Я сінюю радасць вітаю,
Гукаю зялёную ў сны... [23, с. 5].
Тут зялёны колер у Яўгеніі Янішчыц — колер Радзімы, неадольнай прагі жыцця, колер вечнай маладосці і неўміручасці.
Радзіма для паэтэсы — усеагульны сімвал праўды і бездакорнасці. Таму Яўгенія Янішчыц не імкнецца пазбавіцца дэкламацыйнасці і пафаснасці ў шчырых прызнаннях вечнага служэня Радзіме, якраз у ім – грамадзянская веліч паэтэсы:
Ёсць міг такі,
Калі не страх памерці,
А страх —
Цябе сабой не засланіць... [23. с. 48]
Палымяная прамова ў пафасна гучным вершы “Бацькаўшчыне” ідзе ад сэрца і не выглядае залішне пафаснай і ненатуральнай.
Але паэзія Яўгеніі Янішчыц шматбаковая і на змену пафаснасці выказаных думак раптам прыходзіць філасофская разважлівасць, узнімаюцца адвечныя пытанні быцця: “Хто я ў лясах тваіх, // Радзіма? // Радзіма, //Хто я у палях? [23, с. 191]. Паэтэса яшчэ не ведае, што яе чакае — “Дарога? Бездараж? Спакой?”, але ёй ужо хочацца ведаць: хто яна, што яна значыць для Радзімы. Узнікае філасофская праблема асэнсавання свайго месца сярод іншых. У лірычнай гераіні ўласнае жыццё набывае сэнс толькі ў сувязі з іншымі людзьмі.
Менавіта па гэтай прычыне ў часцы другой кнігі “Адрасы прызнання” Яўгенія Янішчыц упершыню звяртаецца да сацыяльнай праблемы вескі. Праблемы, калі сялян не адпускалі ў горад — не давалі выпіскі.
Кажа маці: «Сёння дзеці — госці.
Нездарма мясцовы сельсавет
Так баіцца выпісак.
Хоць злосці
Ўжо нажыў на цэлы божы свет... [23, с. 115]
Паэтка тут не пратэстуе, а толькі абазначае праблему і выказвае адносіны вяскоўцаў. Святлана Калядка, аналізуючы першыя дзве кнігі Я. Янішчыц, слушна заўважае: “Яе лірычнае, мяккае слова не набыло публіцыстычнага напалу і выкрывальнай энергетыкі... Гэта таленту Я. Янішчыц не патрабуецца, у такой іпастасі яна чужая” [11, c. 16]. Сапраўды так, Жэня — паэт-лірык. I патрабаваць ад яе палітычна выражанай паэзіі нельга.
Нягледзячы на светлую аўру творчасці Яўгеніі Янішчыц з’яўляюца і змрочныя і трывожныя фарбы. Пафасным прызнанням Радзіме саступаюць месца ўдумлівыя прысвячэнні самым розным людзям.
Значнае месца ў творчасці паэткі займае верш “Памяці Ёзаса Янішчыц”, прысвечаны першаму мужу маці Яўгеніі Янішчыц:
Мне як памяць адзіная
Ад журботных удоў —
Ваша прозвішча дзіўнае
3 латышскіх стралкоў. [23, с. 57 ]
Прысвячаючы верш кожнаму чацвёртаму беларусу, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, Яўгенія адчувала адказнасць за прозвішча, якое насіла:
Расстралянаму прозвішчу
Абяцаю жыццё. [23, с. 57 ]
Сваё абяцанне паэтэса выканала. У кожнай кнізе паэтэсы ёсць вершы, звязаныя з вайной.
Жэню краналі лёсы паэтаў, якія загінулі маладымі. Вельмі шчымлівым атрымаўся верш “Салаўі”, прысвечаны памяці дваццацідвухгадовага Лёні Якубовіча.
Не ведала, не ведала, калі...
А думала
Зялёным тым прадвеснем:
Калі мае замоўкнуць салаўі,
То над тваімі —
Столькі многа песень! [23, с. 67 ]
Звяртаючыся да памяці паэтаў яна імкнецца акрэсліць і сваё месца ў літаратуры:
Не можа песня, што кліча ў бой
Памерці ў горы.
На мове праўды я разам з ёй :
Спява ў хоры... [23, с. 45]
Радок “спяваю ў хоры” падкрэслівае яе салідарнасць з паэтамі- праўдалюбцамі, адлюстроўвае грамадзянскую і паэтычную пазіцыю.
Тэме кахання ў кнізе прысвечана каля 15 твораў. Вершы інтымнага цыклу ў зборніку “Дзень вечаровы” шматгранныя па жанравай палітры і пачуццёвай напоўненасці.
У зборніку ёсць вершы-прысвячэнні. Яны маюць свайго адрасата — рэаль- нага чалавека, пра якога думае гераіня. У вершы “Як проста ўсё…” Яўгенія Янішчыц нетрадыцыйна адлюстроўвае не перажыванні пакінутай дзяўчыны, а заключае ў радках светлыя ўспаміны пра мінулае каханне:
Як проста ўсё,
Як хораша было!
Між намі лета буйнае цвіло.
Былі лугі і звонкія ільны... [23, с. 62]
У некаторых вершах мы не знойдзем той рамантычна-акрыленай гераіні, што была ў “Снежных грамніцах”. У іх мы бачым жанчыну, якая спазнала расчараванне, але гатовую жыць, працаваць, ісці далей.
У творах Я. Янішчыц гераіня пераўвасабляецца ў птушку, у ліст дрэва і раскрываецца перад чытачом у палёце. Палёт — увасабленне натхнення, незямной асалоды і горычы адначасова. Палёт “непрыручанай птушкі” доўжыцца і ў каханні: “То, нібы ліст, // Злятаю на траву. // I думаю: // Як-небудзь дажыву // Да слоў тваіх, // Як да гукальнай песні...” [23, с. 54].
Паэзія Яўгеніі Янішчыц багатая мастацкімі сродкамі. Амаль кожны з іх — асабістая знаходка паэткі. Тропы вясёлкай рассыпаліся па старонках кнігі “Дзень вечаровы”, пачынаючы з яе назвы. Вечар у яе салодкі, сады зажураныя, дзень стомлены , росы гарачыя, летуценні думныя, далягляд незваротны, цішыня мудрая, удумак вечаровы, трывога няясная, здрада чорная, гады неразгаданыя, дні абнадзееныя. Ужыванне антонімаў у паэзі Яўгеніі Янішчыц падкрэслівае ў вершах глыбіню думкі: “Як лёгка ступаць па дарозе // Як цяжка праходзіць жыццё!”, “Праз сум і праз бяду // Да нас прыходзіць радасць...”.
“Дзень вечаровы”, на наш погляд, кніга высокай паэзіі і трэба разглядаць яе як адпаведны і значны этап у творчасці Яўгеніі Янішчыц, як этап яе жыццёвых перажыванняў і перажыванняў яе лірычных герояў. На гэтым этапе паэтэсе было важна вызначыць сваё месца ў свеце, сярод іншых людзей, вызначыць месца сваёй творчасці ў беларускай літаратуры ўцэлым. На наш погляд, Яўгенія Янішчыц дакладна ўжо вызначыла для сябе, што яе паэзія і жыццё – гэта адно цэлае і непарыўнае адзінства. Яна шукала суцяшэння, дапамогі, паразумення менавіта ў сваёй творчасці. Таксама нельга абвінаваціць яе вершы ў хлусне, няшчырасці, фальшы. Увесь другі зборнік прасякнуты пачуццямі і перажываннямі паэткі. Але нажаль вершы з гэтага пранікнённага зборніка незнаёмы шырокаму чытачу, бо сама Яўгенія Янішчыц расчаравалася ў кнізе і, як мы адзначалі ў пачатку раздзела, не ўключыла ў збор твораў “Дзень вечаровы”. Таксама у перавыданнях “У шуме жытняга святла” гэты зборнік не быў уключаны.
Жыццё паэтэсы ў канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў XX стагоддзя, а менавіта тады выйшлі два першых яе зборніка, праходзіла пад знакам істотных змен. Статус “афіцыйнай” паэтэсы замацаваўся за ёй у літаратурных колах. На пачатку творчасці ў “палескай птушкі” было жаданне ахапіць у шчаслівым парыве ўвесь свет. Ужо ў другім зборніку лірычны характар набыў рамантычна-рэалістычную афарбоўку. Сацыяльна-філасофскія тэматычныя кірункі творчасці пачынаюць акрэслівацца больш стала і цвёрда. Амаль ўсе аспекты жыцця ў вершах Яўгеніі Янішчыц адлюстроўваліся праз вобразы прыроды. У прыродных з’явах паэтэса знаходзіла сваё натхненне. Нягледзячы на недастатковую маляўнічасць вобразаў, адсутнасць яркіх пейзажных карцін у кнізе “Дзень вечаровы” (у параўнанні са “Снежнымі грамніцамі”), заставаўся яе светлы талент “ад прыроды” непарушным.
Глава 4. I даўняя з гартані немата пералілася ў музыку…
Паэзія Яўгеніі Янішчыц у зборніку “Ясельда” атрымала новае аблічча, але асноўныя прыхільнасці натхнёнай душы засталіся ранейшыя. Любімай тэмай і тут выступае роднае Палессе. Паэтэса звяртаецца да Палесся як да зямлі, што ўзгадавала фізічна, узнясла духоўна і дала талент. Усё часцей з’ўляецца сярод тэм паэзіі Яўгеніі Янішчыц тэма беларускай вескі. Яўгенія Янішчыц працягвала ствараць свой непауторны паэтычны свет, у аснове якога было міфалагічнае светаўспрыманне, бачанне гарманічнай сувязі чалавека з прыродай.
У сваіх творах Я. Янішчыц паэтызуе паўсядзённае жыццё палешукоў:
Мне вароты
Вёска адчыняе, як душу.
Што там, за варотамі, —
я знаю,
Спее жыта. Каласы звіняць.
І бяжыць дарога палявая,
Так бяжыць,
Што цяжка даганяць. [29, с. 66]
Душа вёскі — жыта, каласы, дарога — тыя звычайныя зямныя рэаліі, у якіх скандэнсавана мудрасць стагоддзяў, адвечная праўда жыцця і на якіх трымаецца жыццяздольнасць многіх пакаленняў.
Верш “Вёсцы” нібы раскрывае паходжанне лірычнай гераіні Яўгеніі Янішчыц. У яе характары ўсё ад вёскі, таму існуе вельмі моцная ўнутраная повязь з вясковым укладам жыцця:
Да цябе не з ціхім жалем, вёска,
Еду не тады, калі баліць.
Да цябе — той вечнаю бярозкай,
Што ніхто не змог перасадзіць. [29, с. 66]
Паэтэса сцвярджае, што яна імкнецца ў вёску не толькі таму, што больш нідзе няма для яе прытулку, а таму, што там яе карані і яна душой прырасла да родных мясцін.
Эпітэт “вечны” становіцца ўвасабленнем веры ў стабільнасць, жыццёвую неўміручасць вясковых каштоўнасцей, а галоўнае, у сваю (і лірычнай гераіні), ад вёскі, выверанасць і правільнасць абранага шляху:
Я думаю, лёсам мне дадзена многа,
I многае, праўда, мне лёс падарыў;
Вось гэтую вечную ў вёску дарогу
I тую бярозку як памяць між ніў. [28, с. 72].
Вернымі спадарожнікамі паэтэсы становяцца народна-песенныя сімвалы ракі, перавозу, кладкі. Так, рака Ясельда выступае крыніцай духоўнай падтрымкі. Рака стала ўвасабленнем прыроднай мудрасці, гармоніі і хараства, таму пры сустрэчы з ёю душа напаўняецца вясной, зяўляецца ўнутраная раўнавага:
Калі ж душа зліваецца з ракою —
Няма тады спадманнага спакою —
Ёсць ціхіх думак вольны веснаход. [28, с. 30].
Зноў жа можна прасачыць у вершы “Вось так — з адкрытым небам — заначую...” вобразы “вечных валуноў” і “бэзавых вод”, якія бароняць душэўны пакой лірычнай гераіні. Таму і назва зборніка мае выразны сімвалічны сэнс. У “Ясельдзе” моцная ўпэўненасць лірычнай гераіні ў значнасці і высокадухоўным пачатку народных устояў.
Жыта, бяроза, сцяжына, зоры выступаюць вечнымі, нязменнымі катэгорыямі быцця і маюць у творах эстэтычнае значэнне. І калі паэтэса думае пра мінулае і пра заўтрашні дзень чалавецтва, пра духоўныя каштоўнасці, адразу паўстае вобраз жыта:
Ідзеш у свет ажынны,
Прасторны, трапяткі.
I слухаеш: вякі
Калосяцца, як жыта. [28, с. 52]
Радкі з верша “Ірвёмся ў неабжытае...” адрозніваюцца глыбокай мастацкасцю. Вобраз вечнасці набывае канкрэтызацыю ў суадносінах з вобразам жыта. “Вечнасць для лірычнай гераіні — не халодная касмічная сіла, якая вершыць свой суд безадносна да лёсу кожнага асобнага чалавека; паклаўшы каласок на далонь, ты судакранаешся з вечнасцю. Чалавек сам стварае вечныя каштоўнасці быцця, і адпаведна ім павінен узгадаваць, нібы новы ўраджай, наступныя пакаленні. Устаялы вясковы побыт стварае абрысы вечнасці, у якой канцэнтруецца моц бяспрэчных ісцін быцця, сярод якіх жыта – сімвал праўды жыцця, чалавеянасці, нязменнасці, увасабленне зямнога пачатку” – адзначае Святлана Калядка. [11, с. 59]
Таксама вёска ў творчасці Яўгеніі Янішчыц — гэта месца, куды ірвецца лірычная гераіня ад гарадскіх клопатаў і праблем. У сваіх творах яна закранула праблему ў традыцыйна канфліктнай суаднесенасці “вёска-горад”. Нараджаюцца песімістычныя прагнозы наконт будучыні. Змены, што адбываюцца на вёсцы, указваюць на адыход традыцыйнага ўкладу жыцця:
Аглухлі звонкія крыніцы,
Утрывянеў любві парог.
Асфальт па вёсцы Велясніцы
Жалобнай стужкаю пралёг... [29, с. 74].
Паэтэса ставіць пытанне аб далейшым існаванні не толькі вёскі але і яе прыроды.
У зборніку “Ясельда” Яўгенія Янішчыц таксама звяртае асаблівую ўвагу на складанасць і нават бязлітаснасць жыцця, у якім неабходна кожнаму знайсці сваё апірышча, — гэтая пазіцыя сцвярджаецца і ў вершы “Бацькава дарога”. Дарога асацыіруецца з цяжкою ношай, якую павінен пранесці кожны чалавек як сваё наканаванне:
А ўзвальваў сам дарогу на плечы,
Колькі бачыў — столькі хадзіў... [28, с. 35].
Але чалавек прыходзіць у рэшце рэшт да таго моманту, калі дарога крыжам пакладзецца на яго:
Была адкрыта табе трывога
За дзень наступны. За рэчку з ляском,
Пакуль сама на цябе дарога
Не ўпала жоўтым балючым пяском... [28, с. 35].
У манаграфіі “Непрыручаная птушка Палесся” наконт гэтага верша ёсць трапнае выказванне: “Эпітэт “балючы” ў дадзеным кантэксце набывае розныя значэнні: як адлюстраванне неўтаймоўнага жалю гераіні і як увасабленне аднастайнай выверанасці лёсу, і як непазбежнасць канца — усё роўна чалавек вяртаецца ў зямлю. Кальцавая будова верша (што зыходзіць з вылучэння вобразу дарогі) адпаведна замкнёнай прасторы існавання чалавека, дзе адбываецца адвечны жыццёвы кругазварот ад нараджэння да смерці, і дарога становіцца ў гэтым калаўроце здзяйсненняў Пачаткам для дзяцінства і апошнім Рубяжом для старасці” [11, с. 63].
У творчасці Яўгеніі Янішчыц вельмі яскрава паўстае вобраз маці, адчуваецца ў вершах з такой тэматыкай духоўная сувязь з ёй. Чытаючы паміж радкоў можна заўважыць, што менавіта матчын вопыт адбіўся на светаўспрыманні паэтэсы. Таксама вобраз маці ў творах Яўгеніі Янішчыц – гэта адбітак гісторыі народа, пэўнай часткі эпохі, увасабленне ўсё тых жа вясковых каранёў. Развіццё ўзаемаадносін маці і дачкі своеасаблівасць іх узаемазалежнасці падаецца ў вершы “Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён...”:
Мама, сею не жыта я, сею не лён,
Але з лёну і жыта я словы складаю,
I калі ўглядаюся ў парасткі дзён—
Чую крокі твае. I свае вымяраю. [28, с. 70]
“Вершы-прысвячэнні маці не згубіліся сярод мноства іншых у беларускай літаратуры — Яўгенія Янішчыц знайшла свой ключ у раскрыцці гэтага вобраза. Яе вершы розныя па сэнсава-пачуццёвай напоўненасці: ад эмацыянальнай напружанасці і ўзрушанасці ў адлюстраванні лёсу маці, ад ўсведамлення неабходнасці слова і падтрымкі маці” – піша Святлана Калядка [11, с. 66].
Бесчалавечная сутнасць вайны кранае душу Яўгеніі Янішчыц і ў зборніку “Ясельда” разгортваецца такая тэма, як асэнсаванне лёсаў людзей, якія пасля ваеннага часу засталіся жыць з незагойнымі душэўнымі ранамі. Янішчыц шукае жыццёвую праўду, што пачынаецца з адлюстравання тых драматычных “зломаў”, псіхалагічных пераўтварэнняў, калі народны дух выяўляецца ў чалавечых характарах з найбольшай выразнасцю:
Вайна ў яго забрала памяць
3 тае пары, як шэсць сыноў...
I ён нічога вам не скажа... [29, с. 14]
Асаблівае спачуванне ў Яўгеніі Янішчыц выклікаюць удовы-жанчыны, у якіх вайна забрала не толькі мужоў, але і дзяцей. Верш “Балада вернасці” ўзнімае праблему далейшага лёсу жанчын, якія спазналі боль ад страты:
I па начах яшчэ ім страшна спаць,
Информация о работе Мастацкия асабливасци лирыки Яугении Янишчыц