Курс лекций по дисциплине "История Беларуси"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 12 Ноября 2014 в 17:27, курс лекций

Краткое описание

Работа содержит курс лекций по дисциплине "История Беларуси".

Прикрепленные файлы: 1 файл

istoria_Belarusi_1chast.doc

— 1.11 Мб (Скачать документ)

На элекцыі 1573 г. на прастол Рэчы Паспалітай пратэндавалі Эрнэст, сын імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, Генрых  
Валуа – брат французскага караля, рускі цар Іван IV, семіградскі ваявода Стэфан Баторы. За кожным з іх стаяла групоўка з уплывовых асоб Польшчы ці ВкЛ. Пераможцам стаў Генрых Валуа (кароль і вялікі князь у 1574 г.). Але перад каранацыяй ён вымушаны быў зацвердзіць дзве паперы – “pacta conventa” і так званыя “Генрыкавы артыкулы”. “Pacta conventa” ўтрымлівала прывілеі і вольнасці дзяржавы, выдадзеныя каралямі і вялікімі князямі раней, а “артыкулы” былі распрацаваны непасрэдна для Валуа і будучых гаспадароў. Яны ўтрымлівалі наступныя палажэнні: кароль не меў права пратандаваць на перадачу ўлады па спадчыне; гарантавалася свабода хрысціянскага веравызнання; кароль не меў права прымаць рашэнні без абмеркавання з 16 сенатарамі; кожные 2 гады павінен сабірацца сейм, без згоды якога нельга ўводзіць новыя налогі і сазываць паспалітае рушэнне; без згоды сената нельга весці міжнародныя справы, прызначаць на вышэйшыя дзяржаўныя пасады і здымаць розных асоб. Калі кароль і вялікі князь не выконваў умоў “артыкулаў”, шляхта мела права на стварэнне канфедэрацыі і ўзброенае выступленне супраць каралеўскай улады.

Валуа пашчасціла – праз пяць месяцаў памёр яго брат, кароль Францыі, і Генрых збег у Парыж да французскай кароны. Пасля перамоў з Іванам Жахлівым і некаторымі іншымі прэтэндэнтамі, на новай элекцыі каралём быў абраны Стэфан Баторы, выдатны вайсковец і палітычны дзеяч. Ён так сама вымушаны быў зацвердзіць “pacta conventa” і “Генрыкавы артыкулы” – іх цяпер зацвярджалі ўсе каралі, абраныя на прастол Рэчы Паспалітай, уключна да Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Стэфан Баторы (кароль і вялікі князь у 1576-1586 гг.) адразу пачаў падрыхтоўку да ўзнаўлення ваенных дзеянняў з рускім царом. Апошні ў 1577 г. заняў усю Лівонію, што належыла Рэчы Паспалітай. Па рашэнню сейма 1578 г. была сабрана вялікая армія, пераважна з наёмнай пяхоты – немцаў і венграў, з моцнай артылерыяй. Да таго, у Рэчы Паспалітай Баторы правёў вайсковую рэформу – у склад арміі ўключылі частку дзяржаўных сялян, якія атрымалі па 1,5 валокі зямлі і абавязаны былі несці вайсковую павіннасць. У пачатку жніўня Баторы асадзіў Полацк, што было нечакана для рускага цара і праз тры тыдні штурмам узяў горад. Старажытная беларуская сталіца значна пацярпела як ад штурма рускіх, так і ад штурма венграў – галоўная страта – гэта знішчэнне бібліятэкі Сафійскага сабора і страта Полацкага летапісу.

Да канца 1579 г. былі разбураны ўсе крэпасці, што Іван Жахлівы пабудаваў на Полаччыне. У наступным 1580 г. войска Баторыя захапілі Вялікія Лукі і Веліж, а ў 1581 г. асадзілі Пскоў, але няўдала. У пачатку 1582 г. у Ям-Запольскім было заключана перамір’е, якім скончылася Лівонская вайна. Па ўмовах перамір’я за Рэчу Паспалітай заставаліся Полацк і ўсе былыя землі ВкЛ, а Расіі варочаліся рускія крэпасці. Вайна скончылася тым, з чаго пачалася, толькі беларускія землі былі разрабаваныя і вынішчаныя заваёўнікамі.

Акрамя ваенных поспехаў, С.Баторы вызначыўся ў духоўна-рэлігійнай сферы жыцця грамадства. Баторы садзейнічаў езуітам, у 1579 г. дазволіў пераўтварыць Віленскі калегіўм у акадэмію з правамі ўніверсітэта, а ў 1581 г. заснаваў езуіцкі калегіўм у Полацку.

Пад час падрыхтоўкі новай вайны з Масквой, Баторы нечакана памёр у 1586 г.

На прастол Рэчы Паспалітай зноў пратандавала некалькі кандыдатаў – цар маскоўскі Фёдар Іванавіч, германскі імператар Максіміліян і шведскі прынц Жыгімонт з каралеўскай дынастыі Ваза. Перамогу пры падтрымцы магнатаў ВкЛ атрымаў апошні прэтэндэнт, які быў каранаваны як Жыгімонт III Ваза (1587-1632 гг.). Па меркаваннях шматлікіх гісторыкаў, гэты гаспадар не вызначаўся ні розумам, ні здольнасцямі дзяржаўнага дзеяча. Але ён быў цалкам адданы каталіцтву, а езуіты атрымалі пры ім надзвычайныя перавагі і прывілегіі.

Пад час выбрання гаспадаром Рэчы Паспалітай, Жыгімонт вымушаны быў зацвердзіць трэці Статут ВкЛ, які быў выдадзены ў 1588 г. Бадай гэта была адзіная карысная справа, якую зрабіў гаспадар для княства. Па ініцыятыве езуітаў і са згоды праваслаўных іерархаў, якія баяліся страціць пасады, гвалтоўнымі метадамі была праведзена царкоўная ўнія ў 1596 г. Гэтая падзея раскалола грамадства на варожыя бакі і дала падставы для ўмяшальніцтва рускай дзяржавы ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у будучыне. Акрамя наступлення на праваслаўе, езуіты працягвалі барацьбу з пратэстантамі. Кнігі пратэстантаў паліліся, навучальныя ўстановы зачыняліся, а пратэстантаў-магнатаў пазбавілі магчымасці займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

Узмацненне рэлігійнага і сацыяльнага ўціску выклікала першае буйное казацка-сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі ў 1595-1596 гг., якое ахапіла частку Украіны і поўдзень Беларусі. Паўстанне было падаўлена, але яно паказала моц украінскіх казакаў і рост недавольства ў грамадстве.

У знешней палітыцы Жыгімонта за першымі поспехамі заўсёды адбываліся няўдачы. Жыгімонт пратандаваў на шведскі трон, за які ён ваяваў у 1601-1611 і 1614-1629 гг., абодва разы няўдала. Правалам скончыліся намаганні Жыгімонта і яго дарадцаў усталяваць кантроль над рускай дзяржавай.

Авантуры з Ілжэдзмітрыямі. Выбраны ў 1598 г. на маскоўскі прастол Барыс Гадуноў некаторымі баярскімі коламі абвінавачваўся ў забойстве царэвіча Дзмітрыя (адбылося ў 1591 г.), сына Івана Жахлівага – адзінага пасля Федара Іванавіча прадстаўніка правячай у Маскве дынастыі Рурыкавічаў. У цяжкі перыяд кіравання для Барыса (страшэнны голад 1601-1603 гг.) ў Рэчы Паспалітай з’явіўся чалавек, што выдаваў сябе за цудам жывога царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Гэтым авантурыстам быў беглы манах Грышка Атрэп’еў, які некаторы час працаваў пры патрыярхе Іоне і добра ведаў маскоўскі двор. Такі авантурыст быў падарункам для кіраўніцтва Рэчы Паспалітай, гэта дазваляла распаліць у маскоўскай дзяржаве грамадзянскую вайну і потым скарыстацца яе наступствамі. Жыгімонт ІІІ і канцлер ВкЛ Леў Сапега прыватным чынам падтрымалі намаганні Ілжэдзмітрыя і яго паплечнікаў, дазволілі сабраць прыватнае войска. За дапамогу яны патрабавалі ад будучага маскоўскага цара перадаць Рэчы Паспалітай Смаленшчыну, Северскае княства; жонцы – палячке Марыі Мнішак перадаць ў асабістае валоданне Пскоў і Ноўгарад; даць палякам перавагі ў гандлі; садзейнічаць распаўсюджванню каталіцтва ў Масковіі (асабіста “царэвіч” ужо быў католікам) і інш. На ўзроўні дзяржавы Рэч Паспалітая ў адносінах з Масквой захоўвала нейтралітэт.

У кастрычніку 1604 г. “войска” Ілжэдзмітрыя І уступіла ў Расію. Паўднёвыя гарады сустракалі “сапраўднага” цэвіча з хлебам-соллю. Пачаліся ваенныя сутычкі з царскім войскам, якія для самазванца скончыліся дрэнна. Дапамагла Ілжэдзмітрыю нечаканая смерць Барыса Гадунова ў красавіку 1605 г. Ён сабраў вялікае апалчэнне сярод рускіх гарадоў і ўжо летам быў у Маскве. Малалетні цар Фёдар Гадуноў разам з маткай быў задушаны, патрыярх Іоў – які асабіста ведаў Грышку Атрэп’ева – арыштаваны. Хутка народная радасць перарасла ў нянавісць. Новы “цар” не паважаў рускіх традыцый, рускай веры, а яго палякі наогул вызывалі непрыкрытую нянавісць масквічоў. Гэтым скарыстаўся ўплывовы баярын Васілій Іванавіч Шуйскі. 17 мая 1606 г. адбылося паўстанне маскоўскага насельніцтва, “цар” быў забіты прыхільнікамі Шуйскага, палякі амаль усе перабіты (Марыну Мнішак з бацькам выратавалі баяры).

Народ не любіў Шуйскага, але прыхільнікі “пракрычалі” яго новым царом на Чырвонай плошчы і разгарачоная маскоўская чэрнь згадзілася. Новая ўлада ў Маскве была вельмі нестабільнай, чым зноў скарысталіся авантурысты. Летам 1607 г. з’явіўся новы “царэвіч Дзмітры” – настаўнік з Магілёўшчыны. Ён аб’яднаў атрады Ілжэдзмітрыя І, стаў рухацца на Маскву. Сталіцу захапіць ён не здолеў і абаснаваўся ў Тушыне, атрымаўшы прозвішча “тушынскі вор”. У гэты час прыватныя войскі Яна Сапегі і Аляксандра Лісоўскага пачалі беспаспяховую асаду Троіца-Сергіевага манастыра, якая цягнулася з верасня 1608 г. па студзень 1610 г.

Лагер “тушынскага вора” стаў другім адміністратыўным цэнтрам маскоўскай дзяржавы, якая раскалолася на некалькі частак. Сюды прыехалі Марына Мнішак з бацькам, якія “прызналі” ў Ілжэдзмітрыі ІІ “сапраўднага” Дзмітрыя. Становішча маскоўскага цара Васілія Шуйскага ўскладнілася, і ён запрасіў дапамогі ў шведаў. Ваенныя дзеянні пачаліся вясной 1609 г. паспяхова для Масквы і Швецыі. Ад “тушынцаў” была вызвалена значная тэрыторыя. Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане вайны са Швецыяй (Жыгімонт дабіваўся шведскай кароны), таму ў верасні 1609 г. Жыгімонт распачаў адкрытую вайну супраць рускай дзяржавы і асадзіў Смаленск. Ілжэдзмітры ІІ стаў непатрэбны ўладам Рэчы Паспалітай і праз год быў забіты ў Калуге. Асада Смаленска цягнулася да чэрвеня 1611 г. Годам раней, у чэрвені 1610 г. баяры зверглі Шуйскага – яго войска было разбіта арміяй Рэчы Паспалітай, а шведы захапілі поўнач дзяржавы разам з Ноўгарадам. Маскоўскай “сямібаяршчынай” браты Шуйскія былі выдадзены Жыгімонту ІІІ. У кастрычніку 1611 г. былы цар быў паказаны на сейме ў Варшаве як “захоплены пад час бітвы” кіраўнік варожай дзяржавы, што не адпавядала рэчаіснасці.

Пасля звяржэння Шуйскага, у стане гетмана Жалкеўскага ў чэрвені 1610 г. пад Масквой было падпісана пагадненне аб прызванні на рускі прастол польскага каралевіча Уладзіслава. У верасні баяры ўпусцілі польскае войска ў Маскву. Крыху пазней пад Смаленск паехала прадстаўнічая дэлегацыя да Жыгімонта прасіць Уладзіслава на маскойскае царства. Кароль сам жадаў стаць рускім царом, патрабаваў здачы Смаленска і не прызнаў дагавора, падпісанага Жалкеўскім, таму пасольства правалілася, а паслы былі ўзяты пад ахову. Кіраўніцтва ў Маскве цалкам перайшло да пана Гансеўскага і палякаў.

У пачатку 1611 г. рускія сабралі першае апалчэнне, але з-за супярэчнасцяў у кіраўнікоў Маскву вызваліць яно не здолела. Тым часам войска Жыгімонта ІІІ у чэрвені 1611 г. штурмам заняла Смаленск. У восень 1611 г. на Паволжы пачало збірацца другое рускае апалчэнне, арганізатарам якога быў Кузьма Мінін. На пасаду ваеннага кіраўніка быў вылучаны князь Дзмітры Пажарскі. У жніўні 1612 г. яны ў маскоўскім Крамлі асадзілі войска Рэчы Паспалітай. Войскі апалчэння разбілі армію гетмана Хадкевіча, якая везла шмат правізіі і прыпасаў асаджаным у Крамлі. У апошніх не засталося выбару, як здацца апалчэнцам.

У студзені 1613 г. Земскі сабор у Маскве выбраў новага цара – Міхаіла Раманава, каралевіч Уладзіслаў быў пазбаўлены права на маскоўскі трон. Летам 1617 г. ён з войскам і атрадамі ўкраінскага гетмана Сагайдачнага пайшоў на Маскву, але Масквы ўзяць не здолеў. Было падпісана Дэўлінскае перамір’е на 14,5 год. Згодна з ім, ВкЛ атрымлівала Смаленскія землі, Карона Польская – Ноўгарад-Северскія і Чарнігаўскія землі. Быў праведзены абмен палоннымі. Уладзіслаў працягваў лічыць сябе маскоўскім царом. На гэтым усходні напрамак перастаў цікавіць Жыгімонта ІІІ Вазу. З 1614 па 1629 г. кароль ваяваў з Густавам Адольфам за шведскую карону, але беспаспяхова. Таксама беспаспяхова скончыліся яго намаганні па замацаванню цэнтральнай улады – у 1620 г. была арганізавана змова супраць караля. Наступленне на казацкія вольнасці вызвала вялікае паўстанне на Украіне ў 1630 г., якое было жорстка падаўлена.

На Беларусі адбылося шэраг выступленняў у гарадах. У 1606-1610 гг.у Магілёве кіравала справамі горада рада, выбраная з простых мяшчан. Кіравалі радай Стахор Мітковіч, шабельнік Мікіта, ганчар Міхалка, шавец Фёдар і іншыя. Войска жорстка пакарала ўдзельнікаў выступлення і вярнула ўладу гарадской вярхушке. У 1615 г. адбылося паўстанне ў Мазыры, у якім частку гараджан стараста вывеў з-пад улады магістрата і падпарадкаваў сабе. Мяшчане на чале з бурмістрамі Іванам Крыцкім і Жданам Машай занялі замак, перадалі ў гарадскую казну незаконна спагнаныя грошы і пашырылі ўладу магістрата на ўвесь горад. Праз некалькі год, у 1622 г. каралеўскі суд прызнаў частку пераўтварэнняў паўстанцаў. У 1623 г. у Віцебску мяшчане не вытрымалі нахабных дзеянняў уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча і пад час паўстання забілі яго і выкінулі ў Заходнюю Дзвіну. Удзельнікі паўстання былі пакараныя смерцю, а горад пазбавілі права на самакіраванне. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ у 1632 г. яго пераемніку дасталося шмат невырашаных знешніх праблем і разлад унутры дзяржавы.

Новым каралём Рэчы Паспалітай быў абраны сын Жыгімонта ІІІ – Уладзіслаў IV Ваза (1632-1648 гг.). Пад час яго элекцыі маскоўскія ўлады спрабавалі скарыстацца магчымасцю заваяваць Смаленск. Было захоплена шмат невялікіх гарадоў, але Смаленск не здаваўся. Вясной 1633 г. кароль Уладзіслаў прыйшоў на помач асаджаным. У лютым 1634 г. рускі ваявода Міхаіл Шэін капітуляваў. Але Уладзіслаў не здолеў развіць поспех – абвастрыліся адносіны з Турцыяй і Швецыяй. У чэрвені быў падпісаны Палянаўскі мір, у аснову якога пакладзена Дэўлінскае перамір’е. Адзінае адрозненне – Уладзіслаў адмаўляўся ад прэтэнзій на маскоўскі трон за кантрыбуцыю ў 20 тыс рублёў. Пад час гэтай вайны, якая завецца “Смаленскай”, рускае войска спрабавала заняць Полацк. Летам 1633 г. яны наблізіліся да горада з поўначы, захапілі Запалоцце, але Верхні Замак заняць не здолелі і, спаліўшы горад, адышлі.

Уладзіслаў разумеў адмоўныя наступствы разладу ў грамадстве на рэлігійнай падставе, таму актамі 1632 і 1633 гг. легалізаваў існаванне праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. Але яго палітыка экспансіі на Украіне стала прычынай вялікай казацкай вайны, якая распачалася ў апошнія месяцы праўлення караля. Асноўны цяжар вырашэння казацкага пытання і звязаных з ім наступстваў прыпаў на час праўлення другога сына Жыгімонта ІІІ Вазы – кардынала Яна Казіміра Вазы (1648-1668 гг.).

Войны сярэдзіны XVII – пачатка XVIII стст.

Вызваленчая вайна ўкраінскага народа пачалася вясной 1648 г. У бітвах каля Жоўтых Водаў і Корсуня казацкае войска пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага (яго бацькі паходзілі з Беларусі) перамаглі польскія арміі. Адначасова Хмяльніцкі, якога абралі гетманам, стаў засылаць агентаў і казацкія атрады – “загоны” на тэрыторыю паўднёвай Беларусі (тэрыторыя ВкЛ, у адрозненні ад Украіны – якая з 1569 г. належыла Польшчы) з мэтай распачаць і тут вялікую “вызваленчую” вайну. У адрозненні ад Украіны, на Беларусі не было польскіх паноў (Статут 1588 г. забараняў палякам набываць маёмасць у ВкЛ), таму распачаўшаяся ўнутраная вайна стала грамадзянскай. Беларусы – мяшчане і сялянене ваявалі супраць беларусаў – шляхціцаў. Да таго ж і казацкая вярхушка, акрамя пашырэння паўстання, мела і другі намер – далучыць паўднёвую Беларусь да Украіны.

Летам 1648 г. на поўдзень Беларусі былі занесены першыя ачагі паўстання, якое адразу прыняло жорсткія формы, было накіравана на татальнае знішчэнне супраціўнікаў. Першыя казацкія “загоны” атрымалі падтрымку простага насельніцтва, сяляне далучаліся да казакаў і вынішчалі маёнткі шляхты, гараджане адчынялі брамы. Першы “загон” атамана Галавацкага разграбіў ваколіцы Брагіна, Лоева, Гомеля. Шляхта, каталіцкае духавенства і асабліва езуіты вынішчаліся. У чэрвені 1648 г. атрады Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Мікуліцкага, Няпаліча рассыпаліся па ўсяму Палессю і сталі захопліваць гарады – Рэчыцу, Мазыр, Кобрын, Бярэсце. Паплечнік Хмяльніцкага, беларус Сакалоўскі здолеў захапіць Бабруйск.

Кіраўніцтва ВкЛ вымушана было сазваць паспалітае рушэнне, але сабранае войска было разбіта ў верасні 1648 г. пад Кобрынам. Новую наёмную армію збіраў гетман Януш Радзівіл на асабістыя сродкі і грошы каталіцкай царквы. У гэты час выбухнула паўстанне ў Пінску. У кастрычніку 1648 г. мяшчане пад кіраўніцтвам рамесніка І.Шашэні вынішчылі езуітаў, шляхту ў горадзе і злучыліся з атрадам атамана Антона Нябабы. Першы ўрадавы атрад пад кіраўніцтвам пана Мірскага быў разбіты, але ў лістападзе 1648 г. падыйшлі галоўныя сілы на чале з Янушам Радзівілам. Горад быў узяты штурмам і ўвесь вынішчаны. Загінула каля 3 тыс. жыхароў. Радзівіл пачаў займаць паўднёвыя гарады і адразаць паўстанцаў і казакаў ад Украіны. Былі захоплены Тураў, Мазыр, Бабруйск. У Мазыры паўстанцы на чале з рамеснікам Іванам Сталяром і майстрам Седляром злучыліся з загонам атамана Міхненкі і запёрліся ў горадзе, адхіліўшы прапанову аб капітуляцыі. Штурм пачаўся 19 студзеня 1649 г., некалькі атак паўстанцы адбілі, але, схаваўшыся ў вазы з дравамі, атрады Радзівіла ўварваліся ў горад, разрабавалі яго, частку спалілі. У Бабруйску паўстанцы разам з казакамі атамана Паддубскага разбілі ўрадавы атрад пана Паца, тады горад у пачатку студзеня асадзіў атрад пана У.Валовіча. Чатыры тыдні асады не прынеслі поспеха Валовічу і на помач рушыў гетман Я.Радзівіл, тым не менш, сілаў на штурм не хапала. Радзівіл тайна пераманіў на свой бок заможных мяшчан і духавенства, і тыя ноччу 22 лютага адчынілі браму. Войска ўчыніла крывавую расправу, не пашчасціла і здраднікам. Кіраўнікі паўстання былі закатаваны страшнай смерцю. Так гетман Радзівіл выбіў казакаў з беларускіх гарадоў. Да вясны 1649 г. паўстанне пайшло на спад і Хмяльніцкі накіраваў новыя загоны на Беларусь. На тэрыторыю ВкЛ запарожцы перапраўляліся па бродах праз Днепр каля Лоева. Таму не выпадкова туды рушыў гетман ВкЛ Я.Радзівіл. Каля Лоева сканцэнтравалася вялікая казацкая сіла – атаманы і палкоўнікі Гаркуша, Падбайла, Міхаіл Крычэўскі (з беларусаў) з колькасцю казакаў каля 17 тыс. і сялян – 10 тыс. Паўстанцы 22 ліпеня атакавалі войскі Радзівіла, што збіраліся перайсці брод, але пацярпелі паражэнне. З гэтага часу дзеянні казакаў і паўстанцаў на Беларусі прынялі партызанскія формы. На Украіне дзеянні супраць палякаў так сама перапыніліся, бо ў жніўні 1649 г. быў падпісаны Збораўскі мір. Апошні не задаволіў казакаў, і Хмяльніцкі рыхтаваўся да новай вайны. Тым часам Ян Казімір паабяцаў амністыю ўдзельнікам паўстання, якія зложаць зброю, таму паўстанне на Беларусі стала сціхаць. Януш Радзівіл тым часам рыхтаваў пад Бабруйскам вялікае войска, якое павінна было з поўначы ўвайсці на Украіну. Калі ўлічваць антыпольскія настроі гетмана, то ён марыў аб вяртанні багатых украінскіх зямель у склад Вялікага княства, аднак мара не збылася.

Информация о работе Курс лекций по дисциплине "История Беларуси"