Курс лекций по дисциплине "История Беларуси"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 12 Ноября 2014 в 17:27, курс лекций

Краткое описание

Работа содержит курс лекций по дисциплине "История Беларуси".

Прикрепленные файлы: 1 файл

istoria_Belarusi_1chast.doc

— 1.11 Мб (Скачать документ)

Берасцейская царкоўная ўнія

У 1054 г. адбыўся канчатковы раскол хрысціянскай царквы на заходнюю – каталіцтва і ўсходнюю – праваслаўе. Вялікае княства геапалітычна знаходзілася на мяжы двух рэлігій, таму абедзве канфесіі былі шырока прадстаўлены ў дзяржаве. Гэта давала падставы праваслаўнай Маскве і каталіцкаму Захаду для ўмяшання ва ўнутраныя справы княства. Каб абараніць незалежнасць ВкЛ, трэба было нешта іншае – не каталіцтва і не праваслаўе.

Да XVI ст. выразна праступілі рысы крызісу праваслаўя. Канстантынопаль быў захоплены туркамі, епархіі княства не здолелі стварыць незалежную сістэму адукацыі, падрыхтаваць кваліфікаваныя кадры нізавога духавенства, наглядаўся крызіс прапаведніцтва. Праваслаўе страчвала інтэлектуальную апору – тагачасную інтэлігенцыю. Езуіт Пётр Скарга адмячаў стан праваслаўя ў ВкЛ так – “папы схалопелі, навука ўпала”. Да таго, ва ўмовах Лівонскай вайны з Расіяй арыентацыя на Маскву (цэнтр праваслаўя, бо з 1589 г. у Маскве патрыярхія) выглядала здрадніцтвам. У той час на Захадзе наглядаўся духоўны ўздым, ствараліся нацыянальныя цэрквы. Неабходнасць рэфармавання царквы разумелі беларускія праваслаўныя іерархі. Супадзенне гэтых фактараў (культурная дэградацыя праваслаўя, узвышэнне праваслаўнай Масквы, імкненне дзяржаўных кіраўнікоў ВкЛ на ўмацаванне незалежнасці і памкненні Ватыкана на акаталічванне княства) паспрыяла хуткаму правядзенню царкоўнай рэформы – увядзенню ўніяцтва.

У першай палове 1590-х гг. на шматлікіх сустрэчах з прадстаўнікамі Ватыкана праваслаўныя іерархі выпрацоўвалі ўмовы аб’яднання цэркваў у ВкЛ. Ініцыятарамі ўніі выступілі епіскап берасцейскі і ўладзіміскі Іпаці Пацей і епіскап луцкі Кірыла Тарлецкі. Іх падтрымалі кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза, кароль і князь Жыгімонт ІІІ Ваза і канцлер ВкЛ Леў Сапега. На царкоўным саборы вясной 1595 г. з намерам заключыць унію згадзіліся ўсе праваслаўныя епіскапы, акрамя львоўскага. Былі выпрацаваны  
“33 артыкула” – умовы аб’яднання, згодна з якімі:

  • захоўваліся ўсе царкоўныя святы згодна з праваслаўным каляндаром;
  • на царкоўныя пасады прызначаюцца толькі “рускія” людзі;
  • манастыры і цэрквы не пераўтвараюцца ў касцелы;
  • забараняецца пераманьваць у каталіцтва ўніятаў;
  • папа рымскі з’яўляецца главой царквы ў пытаннях веры;
  • уніяты прымаюць некаторыя дагматы каталіцкай царквы (сімвал веры і інш.).

Пасля прыняцця ўніі не павінна было быць ломкі звычаяў і традыцый – знешне нічога не змянілася. На гэта вельмі спадзяваліся ініцыятары аб’яднання цэркваў. 23 снежня 1595 г. І.Пацей і К.Тарлецкі сустрэліся ў Рыме з Кліментам VIII, які згадзіўся з усімі ўмовамі і падпісаў папскую буллу аб уніі. 6-9 кастрычніка 1596 г. ў Бярэсце на царкоўным саборы, куды з’ехаліся прыхільнікі ўніі, уніяцтва было канчаткова аформлена як рэлігійны накірунак. Адначасова ў Бярэсці на свой сабор сабраліся прыхільнікі захавання чысціні праваслаўя, лідэрам іх быў епіскап львоўскі. Наклаўшы ўзаемныя праклёны, іерархі раз’ехаліся па епархіям, сеючы зерне варожасці і напружанасці ў грамадстве. 15 кастрычніка 1596 г. каралеўскім універсалам акт уніі быў зацверджаны на дзяржаўным узроўне. Афіцыйна праваслаўная царква ў ВкЛ перастала існаваць, была створана грэка-уніяцкая царква.

Грамадства ўспрыняла ўвядзенне ўніі па-рознаму. Частка насельніцтва рашуча яе падтрымала асабліва ў епархіях, што ўзначальвалі прыхільнікі ўніі, частка насельніцтва рашуча адмовіліся ад рэформы. Традыцыя праваслаўя не дапускала аніякіх змен – так не магла захавацца чысціня “першапачатковасці” хрысціянства. Увядзенне ўніі прымалася як асабістая трагедыя. Іншыя праваслаўныя дзеячы выступалі не супраць уніі, а супраць падпарадкавання папе, супраць рэгіянальнага характару ўніі. Такое моцнае супраціўленне было непрадбачаным, канфрантацыя нарастала. Адбываліся сутычкі, барацьба за храмы і епіскапскія катэдры, некаторыя падзеі прымалі жудасныя формы. Жорсткая дзейнасць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў Полацку і Віцебску выклікала выбух народнага гнева – Кунцэвіч быў забіты і выкінуты ў Дзвіну. Такія паўстанні жорстка падаўляліся ўладамі, якія спачатку падтрымалі новую царкву.

Уніяцтва праз падтрымку дзяржавы і культурна-асветніцкую дзейнасць паступова пашыралася сярод сельскага насельніцтва і гараджан, дробнай шляхты. Да пачатку XVIII ст. яно стала самай масавай рэлігіяй у княстве, дапамагло захаваць нацыянальныя адметнасці беларускага народа, стрымала апалячванне беларускіх зямель. Гэта азначае, што тыя надзеі, якія ўсклалі на ўніяцтва ў Ватыкане і Кракаве, не збыліся. Больш удала Ватыкан і Кракаў дзейнічалі ў асяроддзі сярэдніх і буйных феадалаў ВкЛ. Пад час контррэфармацыі яны амаль ўсе перайшлі ў каталіцтва, што паспрыяла іх апалячванню, зліццю з феадальным саслоўем Польшчы ў адзінае феадальнае саслоўе Рэчы Паспалітай. Беларускія феадалы страчвалі сувязь з гістарычнай традыцыяй дзяржавы ВкЛ, са сваім народам.

Прыхільнікі праваслаўя не зніклі з гістарычнай сцэны. У 1620 г. яны тайна пасвяцілі новую іерархію ў Кіева-Пячорскай Лаўры, якая кантралявалася праваслаўнымі. Так канчаткова адбыўся раскол былых праваслаўных княства на дзве царквы. У ўсходніх раёнах княства праваслаўныя карысталіся значнай падтрымкай, асабліва ў буйных гарадах. Таму кіраўнікі дзяржавы з цягам часу вымушаны былі афіцыйна прызнаць адраджэнне праваслаўя ў княстве. У 1632 і 1633 гг. Уладзіслаў IV Ваза прызнаў існаванне праваслаўных цэркваў і надаў ім некаторыя прывілеі, у 1650 г. гэтыя прывілеі падцвердзіў Ян Казімір.

Кантрольныя пытанні да тэмы №5

  1. Якая галіна традыцыйнай культуры была самай развітай?
  2. Якая пісьменнасць існавала ў славян да распаўсюджвання кірылічнай азбукі?
  3. З чаго вырабляліся першыя кнігі?
  4. Якая захаваўшаяся кніга лічыцца самай старадаўняй на Беларусі?
  5. Якія будаўнічыя школы існавалі на тэрыторыі Беларусі? Чым яны адрозніваліся?
  6. Чым характаразаваўся перыяд Адраджэння? Якія асаблівасці гэтага перыяда былі на Беларусі?
  7. Чым займаліся праваслаўныя брацтвы?
  8. Якія новыя жанры з’явіліся ў літаратуры?
  9. Якія пабудовы, выкананыя ў стылі “беларускай готыкі” вы ведаеце?
  10. У чым была асаблівасць Рэфармацыі на Беларусі?
  11. На якіх умовах была заключана Берасцейская царкоўная унія?

 

ТЭМА 6. УВАХОДЖАННЕ БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯЎ У СКЛАД ФЕДЭРАТЫЎНАЙ ДЗЯРЖАВЫ РЭЧ ПАСПАЛІТАЙ. ПАЛІТЫЧНАЯ І ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVII – XVIII СТст.

Лекцыя 6. Уваходжанне Беларускіх земляў у склад федэратыўнай дзяржавы Рэч Паспалітай. Палітычная і эканамічная гісторыя ў другой палове XVII – XVIII стагоддзяў

Асноўныя паняцці:

Лівонская вайна; Люблінская ўнія; Рэч Паспалітая; элекцыя; “pacta conventa”; “Генрыкавы артыкулы”; Ілжэдзімітры; Палянаўскі мір; казацкія “загоны”; “балтыйскае пытанне”; “патоп”; магнацкая анархія; Паўночная вайна; “залатыя шляхецкія вольнасці”; канфедэрацыя шляхты; Адукацыйная камісія; рэформы; Чатырохгадовы сейм; Канстытуцыя 3 мая 1791 г.; Тадэвуш Касцюшка; “Паланецкі ўніверсал”; падзелы Рэчы Паспалітай; "валочная памера"; валока; фальварак; сялянскія паўстанні; мануфактурная вытворчасць"; генеральная мытная пошліна".

Утварэнне Рэчы Паспалітай

У 1522 г. сейм ВкЛ гарантаваў гаспадару княства – Жыгімонту Старому, што яго сын Жыгімонт Аўгуст будзе абавязкова абраны на прастол у княстве пасля смерці бацькі. Але фактычна Жыгімонт Аўгуст стаў кіраваць княствам значна раней – яшчэ з кастрычніка 1529 г., калі на сойме ВкЛ ён пры жыцці бацькі быў абраны вялікім князем. Вялікую ролю ў гэтым адыграла яго маці – каралева Бона Сфорца. Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі, але ён рэдка ўмешваўся ў справы княства, бо больш займаўся справамі Кароны Польскай. У 1547 г. Жыгімонт па каханню ажаніўся з Барбарай Радзівіл, але Барбара, як і першая жонка Жыгімонта, хутка памерла. Іншыя шлюбы не прынеслі Жыгімонту ні асабістага задавальнення ні сыноў.

Лівонская вайна. У 1558 г. маскоўскі цар Іван IV, больш вядомы як Іван Жахлівы, распачаў вайну супраць былога Лівонскага ордэна. На той час Ордэн уяўляў сабой канфедэрацыю – саюз  
5 княстваў, створаных нямецкімі рыцарамі. Асноўнай мэтай маскоўскага цара была здабыча выхаду да Балтыйскага мора, гэта давала магчымасць самастойна гандляваць з Еўропай без дапамогі шматлікіх пасрэднікаў. Атрымаўшы выхад да Балтыкі, Расія магла больш актыўна ўдзельнічаць і ў еўрапейскіх справах. Лівонія была аб’яўлена спадчынай маскоўскіх князёў на падставе таго, што ў старажытныя часы гэтай тэрыторыяй валодалі князі Кіеўскай Русі. Спадчынай Масквы таксама была названая і частка ВкЛ – беларускія і ўкраінскія землі з Полацкам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Кіевам і іншымі буйнымі гарадамі.

Вялікая маскоўская армія ў першыя месяцы ваенных дзеянняў у Прыбалтыке захапіла Нарву, Дэрпт, падступіла да Рэвеля. Ордэн запрасіў перамір’я, адначасова актыўна стаў шукаць саюзнікаў у Еўропе, аднак Швецыя, Данія і Польша адмовіліся ваяваць супраць Расіі, толькі Вялікае княства Літоўскае, разумеючы небяспеку маскоўскага заваявання Лівоніі, вырашыла аказаць дапамогу Ордэну. У 1559 г. Лівонія перайшла пад пратэктарат ВкЛ, у выніку ваенныя дзеянні аднавіліся, і зноў паспяхова для Івана IV. У ліпені 1561 г. войска ВкЛ на чале з Мікалаем Радзівілам Рудым уступіла ў Лівонію, але было разбіта каля горада Пярну. Ордэн фактычна перастаў існаваць. Апошні магістр Кетлер перадаў у сакавіку 1562 г. Мікалаю Радзівілу Чорнаму (стрыечны брат Мікалая Радзівіла Рудога) пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі. Каб пашырыць кола ўдзельнікаў вайны, Кетлер перадаў эстонскія землі Швецыі, востраў Эзэль Даніі, Ліво- 
нію – ВкЛ, за сабой захаваў толькі Курляндыю на правах спадчыннага свецкага княства. Адначасова вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызначыў Кетлера сваім намеснікам у Лівоніі. Так перастала існаваць ваенна-царкоўная дзяржава – Лівонскі ордэн.

У адказ на гэта, атрады Івана IV у пачатку 1562 г. спустошылі ваколіцы Мсціслава, Шклова, Оршы, Віцебска, Дуброўны, Копыля. Для генеральнага наспуплення на Полацк пад Мажайскам рыхтавалася армія ў 60 тыс. чалавек. 31 студзеня 1563 г. гэтае войска асадзіла Полацк, а праз 2 тыдні гераічнай абароны (15 лютага) захапіла горад. Вільня запрасіла міру, але патрабаванні маскоўскага цара былі празмерныя – Полацк і Лівонія павінны быць далучаны да Расіі. У 1564 г. ваенныя дзеянні аднавіліся. Невялікаму войску Мікалая Радзівіла Рудога ўдалося разбіць дзве рускія арміі – каля ракі Ула 25 студзеня і пад Оршай 2 лютага 1564. Спробы Івана IV пранікнуць у цэнтр дзяржавы былі сарваныя. Але рускі цар добра замацаваўся ў паўночнай Беларусі – у 1566-1569 гг. ён будуе каля Полацка крэпасці Суша, Сокал, Сітна, Красны, Казьяны, Усвяты, Туроўля. У гэтых умовах княству патрабаваўся саюзнік, бо аднаму яму адбіць напады маскоўскага цара было немагчыма. Найбольш верагодным саюзнікам была Польшча, з якой у 1569 г. была заключана Люблінская ўнія. У 1570 г. новая дзяржава – Рэч Паспалітая пайшла на перамір’е з Іванам IV, апошняму так сама патрабавалася часова замірыцца з Літвой і Польшчай, бо пачаліся ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Хутка памер апошні прадстаўнік дынастыі Ягеллонаў бяздзетны Жыгімонт II Аўгуст, таму ваенныя дзеянні аднавіліся толькі праз некалькі гадоў, калі ў Рэчы Паспалітай усталяваўся ўнутраны парадак.

Люблінская ўнія. У Польшчы, пачынаючы з Крэўскай уніі 1385 г., шырылася ідэя паглынання ВкЛ, што давала польскім магнатам і шляхце магчымасць займаць новыя пасады, набываць новыя багацці, у сваю чаргу, каталіцкая царква магла больш рашуча распаўсюджваць свой уплыў. Шавіністычныя настроі палякаў тым больш вырасталі, чым у больш складаныя абставіны трапляла Вялікае княства Літоўскае. Асабліва відавочна гэта было пад час Лівонскай вайны. Палякі патрабавалі поўнага ўключэння княства ў склад Польшчы. Тым часам дзяржаўныя дзеячы ВкЛ на чале з канцлерам Астафеем Валовічам і яго намеснікам Львом Сапегай згодны былі пайсці на аб’яднанне з Польшчай, але толькі на ўмовах ваенна-палітычнага саюза. Агульны сейм, на якім трэба было распрацаваць умовы аб’яднання, быў назначаны ў Любліне на 23 снежня 1568 г. Перамовы ішлі на працягу 6 месяцаў, але так і не скончыліся поспехам. Сітуацыя ўскладнялася тым, што шляхта ВкЛ горача падтрымлівала ўнію, бо ў выніку яе яна атрымлівала, як і ў Польшчы, роўныя з магнатамі правы, у тым ліку ў кіраванні дзяржавай. Калі перамовы нічога не далі і паслы ад ВкЛ пачалі раз’язджацца, палякі пайшлі на прамую інкарпарацыю княства. Жыгімонт Аўгуст падараваў Польшчы на вечныя часы ўкраінскія тэрыторыі княства – Валынь, Падляшша, Падолле і Кіеўшчыну. Ва ўмовах Лівонскай вайны гэта было цяжкай стратай для дзяржавы. Да того, вялікі князь (адначасова і кароль польскі) Жыгімонт Аўгуст загадаў дзяржаўным дзеячам і паслам ВкЛ падпісаць умовы ўніі пад пагрозай ліквідацыі дзяржаўнасці ВкЛ.

Сутнасцю новай уніі было стварэнне адзінай дзяржавы – Рэчы Паспалітай, але яна мела федэратыўны характар. Па ўмовах падпісаных дакументаў у Рэчы Паспалітай выбіраўся адзіны гаспадар, каранаваўся ён толькі ў Кракаве; сабіраўся агульны сейм, яго рашэнні павінны былі выконвацца на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай; касаваліся законы ВкЛ, што супярэчылі ўмовам уніі; феадалы аб’яднанай дзяржавы маглі набываць маёмасць у любым рэгіёне новай дзяржавы; павінна была праводзіцца агульная знешняя палітыка; уводзілася агульная грашовая адзінка, ліквідавалася мяжа паміж дзяржавамі і мытні на ёй; страчаныя ВкЛ украінскія тэрыторыі навекі адыходзілі да Польшчы, а Лівонія знаходзілася ў сумесным валоданні ВкЛ і Польшчы. Але ВкЛ не перастала існаваць пасля Люблінскай уніі. Княства было пастаўлена ў залежнае ад Польшчы становішча, але пэўная самастойнасць была захаваная. У княстве захавалася асобнае войска, дзейнічала сваё заканадаўства, свая судовая сістэма, свая адміністрацыя. Захавалася свая пячатка і беларуская мова дзяржаўнага справаводства. Фактычна, насуперак рашэнням Люблінскага сейма, засталася і свая грашовая сістэма, пры Стэфане Баторым была адноўлена і мяжа.

Шок ад умоў уніі атрымалі і магнаты і шляхта, што так дамагалася аб’яднання з Польшчай. У наступныя дзесяцігоддзі ў княстве праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на аслабленне наступстваў аб’яднання: працягвалі сабіраць асобныя ад палякаў сеймы, стварылі ў 1581 г. Галоўны Трыбунал – вышэйшую судовую ўстанову ў княстве замест вялікакняскага суда. У 1588 г. быў прыняты трэці Статут ВкЛ. У гэтым галоўным зводзе законаў княства Люблінская ўнія наогул не згадваецца. Насуперак рашэнням 1569 г., у княстве забаранялася прадаваць маёнткі іншаземцам (да іх адносіліся і палякі), дзяржаўныя пасады мелі права займаць толькі ўраджэнцы княства. У Статуце была замацавана норма, згодна з якой гаспадар нес адказнасць за захаванне тэрытарыяльнай адзінасці дзяржавы. Аднак унія засталася, яе вынікамі была паланізацыя і акаталічванне пануючага саслоўя княства – шляхты і магнатаў. Узмацнілася запрыгоньванне сялянства, княства ўцягвалася ў новыя знішчальныя войны. Узмацніўся польскі культурны націск, рэзка пагоршыліся ўмовы для развіцця беларускай культуры. Але ўнія была меньшым злом для ВкЛ у параўнанні з перспектывай быць заваяванымі Іванам IV.

Юрыдычна Люблінская ўнія была ліквідавана 3 мая 1791 г. з прыняццем Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, згодна з якой дзяржава страчвала свой федэратыўны лад.

Выбары караля. Са смерцю Жыгімонта Аўгуста скончылася дынастыя Ягеллонаў, якая правіла ў ВкЛ і Польшчы на працягу амаль 200 год. З’явілася новая традыцыя – выбранне караля з-за мяжы, з іншых каралеўскіх дынастый. Працэс выбрання зваўся элекцыя, складаўся з некалькіх этапаў. На першым сейме – канвакацыйным – вызначалася працэдура выбараў новага кіраўніка дзяржавы. Да выбараў караля кіраваць дзяржавай было даручана архіепіскапу гнезнескаму, прымасу Польшчы. На элекцыйным сейме праходзілі выбары караля з ліку некалькіх кандыдадаў. Асаблівасцю канвакацыйнага і элекцыйнага сеймаў было тое, што на іх не дзейнічала права “liberum veto”, што давала магчымасць адначасова праводзіць некаторыя рэформы.

Информация о работе Курс лекций по дисциплине "История Беларуси"