Автор работы: Пользователь скрыл имя, 12 Ноября 2014 в 17:27, курс лекций
Работа содержит курс лекций по дисциплине "История Беларуси".
У адпаведнасці з палажэннем «Устава» 1828 г. была створана Беларуская навучальная акруга замест былой Віленскай (1829 г.). У дадатках да Ўстава была абазначана мэта стварэння акругі – «неабходнасць навучання юнакоў у адпаведнасці з асаблівасцямі Беларусі». У новую вучэбную акругу ўвайшлі Віцебская, Магілёўская, а ў 1831 г. – Мінская губерні.
Падзеі 1830-1831 гг. прымусілі ўрад актывізаваць сваю адукацыйную палітыку на Беларусі. Міністэрству народнай асветы і папячыцелю акругі рэкамендавалася прыкласці ўсе магчымыя намаганні да пераходу на выкладанне на рускай мове і для збліжэння мясцовых жыхароў з «прыроднымі рускімі». У маі 1832 г. у сувязі з закрыццём Віленскага ўніверсітэта была ліквідавана Віленская навучальная акруга. Навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці ўвайшлі ў склад Беларускай навучальнай акругі з цэнтрам у Віцебску.
Выпускнікам былога Віленскага ўніверсітэта забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Падрыхтоўку выкладчыкаў для Беларусі пачынае весці настаўніцкая семінарыя, створаная ў 1834 г. у Віцебску. У 1840 г. у Горы-Горках была адчынена земляробчая школа, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут (ВНУ). Усяго на пачатку 60-х гг. у Беларусі налічвалася 567 навучальных устаноў усіх тыпаў, у тым ліку адно вышэйшае, 12 сярэдніх, 21 духоўнае вучылішча, звыш 400 пачатковых школ.
Адметнай рысай мясцовай сістэмы асветы стала пашырэнне ваенна-вучэбных устаноў. У эпоху Аляксандра I былі адчынены юнкерскія вучылішчы ў Бабруйску, Дзінабургу і Магілёве, пры Мікалаі І былі адчынены кадэцкія карпусы ў Полацку (1835 г.) і Брэсце (1842 г.). Яны разглядаліся ўрадам як сродак выхавання дваранства ў духу вернасці самадзяржаўю і таму напалову камплектаваліся з дваранства беларускіх губерняў.
Заканадаўства. Адносіны самаўладства да пануючага саслоўя былі лаяльнымі, але ў шляхецкай свядомасці жыла ідэя былой незалежнасці ВкЛ, якая яскрава адлюстроўвалася ў так званым літвінскім патрыятызме. Расійскі ўрад дакладна рэагаваў на гэту асаблівасць менталітэту мясцовага дваранства і па-рознаму падыходзіў да вырашэння амаль усіх найбольш істотных праблем былога ВкЛ і Польшчы. Напярэдадні вайны з Францыяй імператар Аляксандар І, каб забяспечыць падтрымку з боку дваранства Літвы і Беларусі, знізіў падаткі, які паступалі ў казну з Беларусі, і выказаў жаданне аднавіць цэласнасць ВкЛ пад эгідай Расіі. Па даручэнню імператара ў 1811 г. магнаты М.К. Агінскі, К. Любецкі, К. Пляцер, К. Любамірскі, С. Грабоўскі склалі праект «Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім», у склад якога павінны былі ўвайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай.
Акрамя ідэі аўтаноміі Вялікага княства Літоўскага Аляксандр І меў план, прапанаваны князем Адамам Чартарыйскім. Ён прапанаваў аднавіць усё Каралеўства Польскае ў межах 1772 г., не звяртаючы ўвагі на ВкЛ. Гэты план падтрымліваўся большасцю польскай і апалячанай шляхты Літвы і Беларусі. Ажыццяўленне праектаў зацягвалася, а вайна з Напалеонам наогул іх перакрэсліла.
Паўстанне 1830-1831 гг. поўнасцю пахавала ідэю аўтаноміі. Урад імператара Мікалая І распрацаваў праграму зліцця беларускіх зямель з імперыяй. Яна супадала з уніфікацыяй агульнарасійскага заканадаўства і кадыфікацыяй законаў Расійскай імперыі. 1 студзеня 1831 г. расійскае заканадаўства было ўведзена ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, а 25 чэрвеня 1840 г. – у Мінскай, Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці, дзейнасць Статута 1588 г. была адменена. У 1840-1842 гг. урадам былі праведзены шэраг мерапрыемстваў па ўпарадкаванню мясцовага справаводства. Замест агульнага наймення Беларускіх і Літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх асобныя назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская. Мінская губерня афіцыяльна не адносілася ні да Беларускіх, ні да Літоўскіх. Назвы «Украіна» і «Літва» замяняліся на Паўднёва-Заходні і Паўночна-Заходні край. Назва «Беларусія» і «беларускі» край, як і «Маларасія», «маларасійскі» і «Вялікарасія», «вялікароскі» афіцыйна не выключаліся з дзяржаўнага i афiцыйнага ўжытку, паколькi мелi агульны корань “рос”, якi сведчыў аб адзiнстве паходжання «трох плямён русскага народа».
Канфесіянальная палітыка. Асноўным зместам канфесіянальнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было аднаўленне страчаных пазіцый праваслаўя. Аднак формы і метады дасягнення галоўнай мэты пры Аляксандры І і Мікалаі І былі неаднолькавымі. Праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным і маральным стане, яе веруючымі былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Каталіцкае дваранства не клапацілася пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў. Пачасціліся выпадкі пераводу праваслаўных і ўніяцкіх сялян у каталіцызм, уз’яднанне ўніятаў з праваслаўем спынілася. Шырокай свабодай карысталася каталіцтва і нават пратэстантызм. 3 дазволу імператара па ўсёй Беларусі зацвярджаліся езуіцкія місіі. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой выявілася супрацоўніцтва каталіцкага духавенства з напалеонаўскай адміністрацыяй, езуіты былі выдвараны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана.
Мікалай І шукаў у праваслаўнай царкве апору для сваёй палітыкi. У мэтах павышэння прэстыжу праваслаўнай царквы, адукацыйнага ўзроўню духавенства ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг. была праведзена царкоўная рэформа. Змянілася становішча праваслаўнай царквы і ў Беларусі. У 1826 г. католікам забаранялася будаваць капліцы ў мясцовасцях з пераважна праваслаўным насельніцтвам. У 1827-1830 гг. былі праведзены мерапрыемствы па рэфармiраванню ўніяцкай царквы i збліжэнню яе з праваслаўем. Была створана асобная грэка-уніяцкая калегія, чатыры ўніяцкія епархіі рэарганізаваны ў Беларускую і Літоўскую. У базіліянскія манастыры загадвалі прымаць толькі ўніятаў, у практыцы богаслужэння выкарыстоўваць “мясцовы дыялект”. Прадугледжвалася ліквідацыя залежнасці ўніяцкага духавенства ад памешчыкаў-католікаў. У аснову ўніяцкага навучання была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. Для ўніятаў была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (у 1828 г.). Адначасова адбывалася ачышчэнне ўніяцкай царквы ад лацінскіх абрадаў.
Шляхецкае паўстанне 1830-1831 гг. вызначыла лёс уніяцкай царквы. Дзейнасць іерархаў уніяцкай царквы, прыхільнікаў уз’яднання з праваслаўем, прымае больш мэтанакіраваны і актыўны характар. У маі І835 г. быў заснаваны Сакрэтны камітэт па справах уніяцкай царквы, які займаўся дзейнасцю па ўз’яднанню дзвюх цэркваў. Пасля смерці ўніяцкага мітрапаліта Іасафата Булгака ў І838 г. – праціўніка ўз’яднання, старшынёй грэка-уніяцкай калегіі быў прызначаны епіскап Літоўскі Іосіф Сямашка, а Беларускую епархію ўзначаліў епiскап Васіль Лужынскі. 12 лютага 1839 г. у Полацку епіскапамі і начальніцкім духавенствам быў падпісаны «Саборны акт» аб уз’яднанні цэркваў і напісана прашэнне на вышэйшае імя. 25 сакавіка «сінадальны ўчынак» зацвердзіў Мікалай I. Уніятам былі пакінуты тыя абрады і звычаі, якія не супярэчылі сутнасці праваслаўя. Усяго ў 1839 г. уз’ядналася каля 1 607 прыходаў і больш 1 млн. 600 тыс.чалавек.
На пачатку XIX ст. на Еўрапейскім кантыненце склалася надзвычай напружаная міжнародная сітуацыя. Галоўнымі суб’ектамі еўрапейскай палітыкі з’яўляліся Англія, Расія і Францыя, якія вялі зацятую барацьбу за гегемонію на кантыненце. Ініцыятывай валодала Францыя, якая з прыходам да ўлады Напалеона, захоплівала і ўсталёўвала кантроль над усемі новымі тэрыторыямі. Такая сітуацыя пачала пагражаць непасрэдным інтарэсам Расійскай імперыі, якая працягвала ўдзельнічаць у ваенных кааліцыях еўрапейскіх манархій, накіраваных супраць Францыі.
У 1806-1807 гг. чацвертая антыфранцузская кааліцыя (Англія, Прусія, Расія і Швецыя) была разбіта, войскі Напалеона рухаліся ў напрамку мяжы Расіі. У такіх умовах расійскі імператар Аляксандр I быў вымушаны пагадзіцца на перамір’е, якое прапанаваў яму Напалеон.
Каля Цільзіта былі падпісаны 7(19) ліпеня 1807 г. мірны дагавор і саюзны трактат, які меў антыбрытанскую накіраванасць. З тэрыторый былой Рэчы Паспалітай у свой час захопленных Прусіяй, было створана Герцагства Варшаўскае. Да Расіі была далучана Беласточчына, якая ўваходзіла да гэтага часу ў склад Прусіі.
Заходнія губерні Расійскай імперыі (якія былі раней часткай Рэчы Паспалітай) знаходзіліся ў складанай эканамічнай сітуацыі, якая дапаўнялася палітычнай напружанасцю. Ваенныя дзеянні патрабавалі вялікай колькасці рэкрутаў, на беларускіх землях знаходзіліся буйныя вайсковыя злучэнні, якія часта выкарыстоўвалі рэквізіцыённы спосаб забеспячэння харчамі і фуражом. Эканамічнаму развіццю перашкаджала кантынентальная блакада Англіі, да якой Расія вымушана была далучыцца адпаведна ўмоў Цільзіцкага міру. Зразумела, што такая сітуацыя не магла падабацца мясцовай шляхце. Да таго ж яна была незадаволена абмежаваннямі сваіх палітычных правоў, якое адбылося пасля далучэння да Расіі тэрыторый Рэчы Паспалітай і правадзімай “рэвізіяй” дваранскага паходжання.
У шляхецскім
асяроддзі існавалі трывалыя сімпатыі
да Фран-
цыі – традыцыйнага саюзніка былой Рэчы
Паспалітай. Францыя дала прытулак многім
эмігрантам былой Рэчы Паспалітай, частка
якіх дабраахвотна пайшла ў французскую
армію. Значную ролю адыгралі і заявы Напалеона
аб магчымасці ўзнаўлення былой Рэчы Паспалітай
з яго дапамогай. Стварэнне ў 1807 г. Герцагства
Варшаўскага было абвешчана як першы крок
у гэтым накірунку. Сярод беларускай шляхты
праявілася тэндэнцыя да руху ў польскую
дзяржаву, дзе яны паступалі на вайсковую
службу. Гэта прымусіла расійскія ўлады
аб’явіць аб секвестры і канфіскацыі
маёмасці ад’ехаўшых у Герцагства.
Але частка шляхты насцярожана пазірала на рэформы ў Герцагстве Варшаўскім, асаблівую заклапочанаснь выклікала адмена ў 1807 г. прыгоннага права. Для многіх шляхцічаў імя Напалеона было непарыўна звязана з французскай рэвалюцыяй, якая знішчыла ўсе феадальныя інстытуты. Да таго ж, частка магнатаў і буйных землеўласнікаў (М.К. Агінскі, Ф.К. Любецкі. А.Е. Чартарыйскі) звязвалі надзеі на аднаўленне ці аўтаномію ВкЛ ці Рэчы Паспалітай у складзе Расійскай імперыі пад патранажам Аляксандра I.
Расія і Францыя непасрэдную падрыхтоўку да вайны пачалі яшчэ ў 1810 г. У межах Літвы, Беларусі і Паўночнай Украіны былі сканцэнтраваны тры рускія арміі: 1-я (120 тыс. чалавек і 580 гармат) генерала М.Б. Барклая дэ Толі (штаб у Вільні). 2-я (50 тыс. чалавек і 180 гармат) генерала П.І. Баграціёна (штаб у Ваўкавыску). 3-я (44 тыс. чалавек і 168 гармат) генерала А.П. Тармасава (штаб у Луцку). Рэзервны корпус Ф.Ф. Эртэля (37,5 тыс. чалавек) каля Мазыра.
10(22) чэрвеня Напалеон абвясціў Расіі вайну, а 12(24) чэрвеня напалеонаўская «Вялікая армія» фарсіравала Неман у раёне Коўна і Гродна. Напалеон кінуў супраць Расіі каля 650 тыс. вайскоўцаў і 1372 гарматы.
Рускія арміі
(1-я і 2-я) пачалі адыход з мэтай злучэння.
16 (28) чэрвеня французы занялі Вільну, 26
чэрвеня (8 ліпеня) – Мінск. Беларусь робіцца
арэнай жорсткіх крывапралітных сражэнняў.
27-28 чэрвеня (9-10 ліпеня) адбылася бітва
пад Мірам, 11 (23) ліпеня – каля вескі Салтанаўка.
15 (27) ліпеня пад Кобрынам французы былі
вымушаны капітуліраваць, што была адзначана
як першая перамога расійскай арміі над
французамі. 18-20 ліпеня (30 ліпеня-1 жніўня)
адбыліся Клясціцкія баі пад Полацкам,
у якіх загінуў генерал Кульнеў. Да пачатку
жніўня пераважная частка Беларусі была
акупіравана напалеонаўскім войскам,
акрамя поўдня і Бабруйскай цытадэлі,
абаронцы якой вытрымалі ўсе прыступы
праціўніка. 16 (28) ліпеня ў Віцебску Напалеон
прапанаваў Аляксандру I пачаць мірныя
перагаворы, але адказу не атрымаў.
Насельніцтва Беларусі да прышэльцаў аднеслася неадназначна. Гарацкое насельніцтва (польскае і спаланізаванае) з надзвычайнай помпай наладжвала ўрачыстыя цырымоніі сустрэч. Спачатку ў «Вялікай арміі» бачылі вызваліцелей і збавіцелей ад рускай акупацыі.
У той жа час у мясцовасцях, дзе адбываліся непасрэдныя баявыя дзеянні, насельніцтва імкнулася схавацца, кідала свае дамы, уцякала ў лес. Даволі хутка беларускае насельніцтва пераканалася, што сярод напалеонаўскага войска шмат рабаўнікоў. Сваю ролю адыгравала і антынапалеонаўская прапаганда, якую напярэданні вайны вялі расійскія ўлады і праваслаўная царква.
Для кіраўніцтва акупіраванымі тэрыторыямі Напалеонам 1(13) ліпеня ў Вільні быў створаны ўрад – Камісія часовага праўлення ВкЛ, паўнамоцтвы якой распаўсюджваліся на Віленскую. Гродзенскую і Мінскую губерні і Беластоцкую акругу. У склад Камісіі ўвайшлі сем чалавек: С. Солтан, К. Прозар, Ю. Серакоўскі, А. Сапега, Ф. Ельскі, А. Патоцкі, Я. Снядзецкі – прадстаўнікі мясцовых буйных землеўласнікаў. У кампетэнцыю Камісіі ўваходзіла: спагнанне падаткаў, размеркаванне бюджэтных сум, арганізацыя ўзброенных сіл і жандармерыі, стварэнне сістэмы адукацыі і судовых устаноў. На французскі ўзор былі арганізаваны адміністрацыйныя адзінкі, з’явіліся дэпартаменты, падпрэфектуры і г.д. Кантрольныя функцыі і палітычнае кіраўніцтва належыла напалеонаўскаму камісару, ваенная ўлада знаходзілася ў руках генерал-губернатара Літвы (французы). Агульны нагляд ад імя Напалеона ажыццяўляў Г.-Б. Марэ.
Аналагічным чынам былі арганізаваны органы кіраўніцтва ў Віцебскай, Магілеўскай і Смаленскай губернях, але яны не падпарадкаваліся віленскаму ўраду. Гэта адзначае, што Напалеон не зрабіў таго, што ад яго чакала значная частка шляхты былой Рэчы Паспалітай: не злучыў у адно тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, і не пажадаў запэўніць у тым, што гэта будзе зроблена ў бліжэйшай будучыні. Напалеон наўрад ці жадаў узнікнення ў Еўропе буйной дзяржавы. Абвяшчэнне аб стварэнні Рэчы Паспалітай непазбежна пашкодзіла б адносінам расійскага і французскага імператараў, перакрыла б Напалеону ўсялякую магчымасць у будучым дамовіцца з Аляксандрам I.
Перад створанымі ваеннай і цывільнай адміністрацыямі была пастаўлена адна галоўная мэта: харчовае і фуражнае забяспячэнне напалеонаўскага войска. Сітуацыя ўскладнялася тым, што Напалеон не разлічваў на доўгатэрміновыя ваенныя дзеянні і своечасова не падрыхтаваў запасаў, а камунікацыі «Вялікай арміі» аказаліся надзвычай расцягнутымі і здзейсняць падвоз харчоў і фуражу з Еўропы было практычна не магчымым.
Важнай задачай, якая паўстала як перад мясцовымі прафранцузскімі ўладамі было фарміраванне ўзброеных сіл. Часовы ўрад ВКЛ 25 ліпеня загадаў сабраць 10000 рэкрутаў. 1 жніўня было вырашана стварыць 4 кавалерыйскія палкі з поўным забеспячэннем за кошт насельніцтва і сфарміраваць гвардзейскі полк (1000 чал.) з ліку шляхцічаў-дабраахвотнікаў. Справа ў гэтым накірунку шла вельмі марудна. Сяляне не выказвалі асаблівага жадання ісці ў войска, большую актыўнасць праявіла шляхта. Аднак дабраахвотнікаў аказалася значна менш, чым чакалі. Частка шляхты прытрымлівалася пазіцыі чакання і не жадала ісці ў ствараемае войска. У напалеонаўскім войску хутка распачалася эпідэмія марадзерства, ад якога пакутвалі мяшчане, сяляне, шляхціцы, памешчыкі. Напалеон і яго адміністрацыя разумелі небяспечнасць гэтай з’явы, спрабавалі прыпыніць ці абмежаваць яе маштабы нават самымі жорсткімі карамі. Былі створаны спецыяльныя рухомыя вайсковыя каманды для барацьбы з марадзерамі і дэзерцірамі, аднак кардынальнага паляпшэння не назіралася.
Информация о работе Курс лекций по дисциплине "История Беларуси"