Курс лекций по дисциплине "История Беларуси"

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 12 Ноября 2014 в 17:27, курс лекций

Краткое описание

Работа содержит курс лекций по дисциплине "История Беларуси".

Прикрепленные файлы: 1 файл

istoria_Belarusi_1chast.doc

— 1.11 Мб (Скачать документ)

Майстры хутка засвойвалі дасягненні заходнееўрапейскага мастацтва і адначасова захоўвалі традыцыйны канон. Іх спалучэнне адрознівае нацыянальную мастацкую школу беларускіх майстроў-залатароў і сярэбранікаў XVII-XVIII стст. У многіх захаваўшыхся помніках пачатку XVII ст. назіраюцца моцныя рысы Рэнесанса і готыкі, але хутка пануючым стылем стала барока, асноўнай прыкметай якога быў сакавіты раслінны арнамент. Беларусы перанялі таксама кветкавы арнамент, які нарадзіўся ў галанскіх майстроў у 1650-1660-я гг. і хутка стаў пануючым ва ўсёй Еўропе. У помніках сталага барока (другая палова XVII ст.) асабліва натуралістычна прачаканьваюцца цюльпаны, макі, гваздзікі, нарцысы, півоні, ландышы. У гэтай традыцыі выконваюцца рызы – барэльефныя накладкі, “адзенне” абразоў (прыклад – рыза алтарнай карціны ў Камаях). Адзін з асноўных матываў сталага барока – акант – з’яўляецца ў помніках з 1666 г. (пацір з Ружан).

Этапнымі творамі, што сведчаць аб авалоданні мясцовымі майстрамі новымі прыёмамі чаканкі, якое яны спалучаюць з ліццём, гравіроўкай і павышаным рэльефам, з’яўляецца абраз “Маці Боская Адзігітрыя” са Слуцка, крыж Дзісенскага брацтва (1673 г.) і аправа Евангелля з Урэчча. Яны вызначаюцца багаццем каларыту, дасягнутага разнастайнасцю тэхнік: праразной чаканкай, чэрню, ліццём па форме, гравіроўкай, філігранню. Мясцовыя майстры стварылі свой, лакальны варыянт барочнага мастацтва. Яго ж яны перанеслі ў Маскву, куды пад час вайны 1654-1667 гг. былі насільна вывезены ўсе рамеснікі з беларускіх гарадоў, якія ўяўлялі хоць нейкую каштоўнасць. У Маскве майстры працавалі ў Аружэйнай і Сярэбранай палатах на рускага цара і з’яўляліся яго асабістай маёмасцю. Моцны ўдар нанесла залатарнай справе і Паўночная вай- 
на – шмат вырабаў з золата і срэбра было выкрадзена пад час нашэсця швецкага і рускага войскаў.

Пасля Паўночнай вайны барока ўступае ў апошнюю стадыю развіцця. У інтэр’ерах, як і ў пластыцы, у 1730-1775 гг. пануе ракако. Да найбольш выразных помнікаў гэтага стылю адносяцца рыза абраза “Маці Боская Адзігітрыя Смаленская” майстра Пятра Сліжыка (г. Дзісна, 1774 г.). Прыкметы ракако – павышаная дэкаратыўнасць і вычварнасць форм, любоў да с-падобных завіткоў. У арнаментыцы з’яўляецца ракавіна, якая і дала назву гэтаму стылю. Пад канец XVIII ст. з’явіліся сымптомы новага стылю – класіцызму (яшчэ ў сімбіёзе з барока).

Буйныя заказы залатары атрымлівалі не толькі ад царевы, але і ад феадалаў: гетманскія булавы, жэзлы, парадныя шаблі “карабелы”, паясы, залаты і сярэбраны посуд, нават фігуры дванаццаці апосталаў (Нясвіж, сховішча Радзівілаў). У выкананні некаторых прадметаў майстры вымушаны былі архаізаваць іх выгляд, што адпавядала светапогляду шляхты, тэорыі яе сармацкага паходжання.

Вялікую ролю ў афармленні царкоўных і свецкіх інтэр’ераў, адзення магнатаў, шляхты і іх быту адыгрываў не толькі мастацкі метал, але і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кераміка, фаянс, шкло, скура, саломка, тканіны, вышыўка, аплікацыя, шпалеры.

Вялікае распаўсюджанне ў XVII-XVIII стст. атрымала кафля. Па тэхніка-матэрыяльных адзнаках яна дзеліцца на тэракотавую (“чырвоную” – XVI-XVII стст.), манахромную рэльефную і паліхромную рэльефную (XVI-XVII стст., асобныя прыклады ў XVIII ст.) і распісную (XVIII ст.). У афармленні кафлі выкарыстоўвалі геаметрычныя матывы, кветкі, расліны, фрукты, птушак, жывёл, гербы, выявы людзей, бытавыя жыцейскія і біблейскія матывы, тэксты. Кампазітнае афармленне, названае “паўлінава вока” з’яўляецца ўласна беларускім вынаходніцтвам. Рамеснікі цаніннай справы так сама былі выведзены ў Маскву, дзе іх прадукцыя карысталася вялікім попытам (кафляныя печы). Там беларускія майстры Ігнат Максімаў з Копысі, Сцяпан Іваноў з Мсціслава адраджаюць традыцыю дэкарыроўкі фасадаў цэркваў пліткамі (Барысаглебская царква ў Гродна на Каложы, XII ст.). Кафля выкарыстоўвалася і ва ўнутраным аздабленні храмаў.

У інтэр’ерах магнацкіх і шляхецкіх палацаў канца XVIII ст. асаблівая ўвага ўдзяляецца шпалерам, дыванам, мэблі, люстэркам, люстрам. На фаянсавых мануфактурах у Свержані (з 1738 г.), Целяханах (з 1778 г.) ствараліся фігуркі шляхціцаў, кафля, садовыя вазы, падсвечнікі – прадукцыя ішла на ўпрыгожванне палацаў. Вялікі попыт на вырабы са шкла прывёў да з’яўлення шкляных мануфактур у Налібоках (1717 г.), Урэччы (1732 г.), Мышы 1736 г.), Ільі (1767 г.), Гродна (1770 г.) і іншых месцах. Найбольш вялікімі былі першыя дзве. Асартымент гэтых мануфактур дасягаў 100 назваў, у Ўрэччы ўпершыню ў Рэчы Паспалітай пачалі рабіць люстэркі вельмі добрай якасці. Наогул, адметная рыса гэтых радзівілавых мануфактур – высокі ўзровень гравіроўкі і шліфоўкі.

Важная роля ў быце, касцюме феадалаў, афармленні інтэр’ераў належыла вырабам ткацтва, вышыўцы, карункам, шпалерам і дыванам. Каштоўны матэрыял па арнаментыцы тканін, карункаў, вышавак, цясьмы, стужак даюць творы жывапісу і скульптуры  
XVII-XVIII стст.

У XVII ст. пачынаецца вытворчасць бязворсавых дываноў (кілімаў) у Мядзелі, Мінску, Слуцку, Магілёве, Шклове, Полацку і ворсавых дываноў у Слуцку. У наступным, XVIII ст. была наладжана вытворчасць разнастайных відаў шаўковых, залотных тканін (адамашак, атлас, паўатлас, аксаміт і інш.), шаўковых і залотных карункаў (край, аграмант, прошва), набіванкі. У вышыўцы пачалі выкарыстоўваць новыя матэрыялы і тэхнічныя прыёмы – шклярусы, перламутр, бліскаўкі. Вышыўка выконваецца біццю і каніцеллю.

Найбольш магутным цэнтрам ткацтва на Беларусі быў Слуцк, менавіта там і была ў 1730-1750-я гг. адкрыта (перанесена з Нясвіжа) так званая “персіярня” – мануфактура па вырабу паясоў. Запрошаны майстар Ян Маджарскі выпрацаваў строгую і гарманічную структуру пояса новага тыпу, за якім засталася назва – “слуцкі пояс”.

У XVIII ст. у ткацтве былі дасягнуты вельмі вялікія поспехі – асвоены новыя прывазныя матэрыялы, найскладанейшыя тэхналогіі (нават вопытны французскі ткач выпрацоўваў у дзень не больш 10 см. узорнага палатна) і арнаментыка. У Беларусі былі створаны буйныя мануфактуры.

У XVIII ст. шпалеры і дываны вырабляліся ў Гродна, Слоніме і Карэлічах. Апошнія адрозніваліся найбольш высокім мастацкім і тэхнічным узроўнем. На шпалерах адлюстроўвалі партрэты, канкрэтныя эпізоды з жыцця магнатаў, якія ўслаўлялі іх подзвігі (“Бітва пад Славечнам” ткачыхі Марыі Кулакоўскай). Часам шпалеры дасканала капіравалі картыны вядомых еўрапейскіх мастакоў. Выдатныя помнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі XVII-XVIII стст. паказваюць, што яны займаюць такое ж пачэснае месца, як жывапіс і пластыка. У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве відаць станаўленне і развіццё нацыянальнай школы, якое адбывалася на базе культуры папярэдняга перыяду.

Кантрольныя пытанні да тэмы№7

  1. Якія новыя жанры літаратуры ўзніклі ў гэты перыяд?
  2. Якіх аўтараў мемуараў вы ведаеце?
  3. Чым характарызуецца стыль барока ў літаратуры?
  4. Якія віды тэатральнага мастацтва вы ведаеце?
  5. Колькі этапаў развіцця архітэктурнага стыля барока наглядалася на Беларусі?
  6. У чым сутнасць Асветніцтва?
  7. У якіх накірунках развіваўся жывапіс на Беларусі ў азначаны перыяд?
  8. Якія свае здабыткі беларускія майстры распаўсюдзілі ў Маскве падчас кіравання там Аляксея Міхайлавіча?
  9. Якія прыкметы стылю ракако вы можаце назваць?
  10. Якія віды кафлі вы ведаеце?

 

ТЭМА 8. УВАХОДЖАННЕ БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯЎ У СКЛАД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ. ПАЛІТЫЧНАЯ І ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ XIX ст. ВАЙНА 1812 ГОДА НА БЕЛАРУСІ

Лекцыя 8. Уваходжанне Беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі. Палітычная і эканамічная гісторыя першай паловы  
XIX ст. Вайна 1812 года на Беларусі

Асноўныя паняцці:

падзелы Рэчы Паспалітай; губернскія рэформы; Беларускае генерал-губернатарства; русскае землеўладане; Беларуская каталіцкая епархія; “мяжа аседласці”; «польскае пытанне»; Віленская вучэбная акруга; «разборы» шляхты; інвентарная рэформа; шляхецкае паўстанне; Герцагства Варшаўскае; Камісія часовага праўлення ВкЛ; бітва каля вёскі Студзенка; “Віленская асацыяцыя”; масоны; філаматы; філарэты; «Бабруйскі план»; «Дэмакратычнае таварыства»; прамысловы пераварот; капіталістычныя мануфактуры; кірмашы; развозна-разносны гандаль; “вольныя хлебапашцы”; люстрацыі.

Урадавая палiтыка пад час падзелаў Рэчы Паспалітай  
(канец XVIII ст.)

Жнівень 1772 г. – першы падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі былі ўключаны Інфлянцкае ваяводства, найбольшая частка Полацкага, амаль усё Віцебскае ваяводства, усё Мсціслаўскае і ўсходняя частка Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства (з Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем).

Студзень 1793 г. – другі падзел Рэчы Паспалітай. Да Расіі адышлі Правабярэжная Украіна, а таксама цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінскам, Барысавам, Бабруйскам, Рэчыцай, Слуцкам, Навагрудкам, Пінскам і Мазыром.

Пасля падаўлення паўстання 1794 г. адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай (1795 г.). Расія далучыла Літву, заходнюю частку Беларусі і Заходнюю Валынь.

Урад Кацярыны II, пад час праўлення якой адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай, і Беларусь была далучана да Расійскай імперыі, праводзіў на новых тэрыторыях цэнтралісцкую аб’яднальную палітыку, яе канчатковай мэтай было зліццё новых тэрыторый з рускімі рэгіёнамі.

На Беларусі з 1777 г. былі распаўсюджаны агульнарасійскія адміністратыўныя органы кіравання і расійская сістэма адміністратыўнага падзелу. Канчаткова яна аформілася пасля губернскіх рэформ 1796 і 1801 гг. – былі ўтвораны Літоўскае (пасля Віленскае) генерал-губернатарства (Віленская, Мінская і Гродзенская губерні) і Беларускае генерал-губернатарства (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні). Губерніі былі падзелены на паветы. Кіруючыя пасады займалі прысланыя з расійскіх губерній чыноўнікі. Але другарадныя пасады ў губернска-павятовай адміністрацыі маглі займаць прадстаўнікі мясцовага дваранства. Відавочнасць пераёмнасці ўлады стварыла захаванне дзейнасці тых палажэнняў Статута 1588 г., якія не супярэчылі расійскаму заканадаўству.

Беларуская шляхта атрымала ад расійскіх улад роўныя правы з расійскім дваранствам і абяцанне захаваць зямельную маёмасць. Галоўнае патрабаванне – прынесці прысягу на вернасць. Шляхта страціла права на канфедэрацыі, на прыватнае войска, на ўдзел у Сеймавых паседжаннях – але атрымала права выбіраць членаў губернскіх і павятовых судоў, а так сама атрымліваць займы ў цэнтральных банках Расіі і права займацца вінакурэннем. Пасля трэцяга падзелу пераважная большасць шляхты прысягнула Кацырыне II. Толькі найбольш радыкальная шляхта пакінула новыя межы імперыі, галоўным чынам гэта былі ўдзельнікі паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. Так, да 1800 г. канфіскавана было толькі 26 маёнткаў (каля 38.000 сялян) па ўсёй Беларусі.

Адначасова з “прыручэннем” мясцовай шляхты ўрад займаўся распаўсюджаннем русскага землеўладання на далучаных землях. Фонд падараванняў – дзяржаўныя маёнткі і канфіскаваныя шляхецкія. Да пачатку XIX ст. было раздадзена 208.550 душ  
(1/4 частка дзяржаўных сялян Беларусі). Але вялікія памеры падараванняў (па 5-15 тысяч) не садзейнічалі з’яўленню на Беларусі вялікай колькасці рускіх дваран. Новых землеўладальнікаў можна было проста пералічыць: Р. Пацёмкін, П. Румянцаў-Задунайскі, С. Зорыч, А. Сувораў, М. Рапнін і інш. Падараванні перапыніў Аляксандр I с прычыны рэзкага росту незадаволеннасці сялян, бо іх становішча рэзка пагаршалася. Павел I нават выдаў маніфест у красавіку 1797 г. аб абмежаванні паншчыны трымя днямі ў нядзелю, але памешчыкі ігнаравалі ўказ, а ўрад не настойваў на яго выкананні.

Урад захаваў канфесійную сітуацыю, якая склалася ў межах былой Рэчы Паспалітай. Таму каталіцкай шляхце і духавенству падстаў для недавольства створана не было. Захаваўся і ордэн езуітаў, забаронены ў Еўропе згодна рашэнню папы – Кацярына II шукала падтрымкі ўплывовай рэлігійнай арганізацыі. У 1773 г. у Магілёве была заснавана Беларуская каталіцкая епархія, якая ў 1782 г. пераўтварылася ў архібіскупства. Гэта было зроблена, каб перапыніць умяшальніцтва ў рэлігійныя справы з-за межаў імперыі. У гэтым жа рэчышчы каталіцкія манастыры былі выведзены з падпарадкавання замежным генералам і перададзены епархіальным біскупам (1795 г.). У 1798 г. на беларускіх землях было ўтворана тры каталіцкія епархіі (з шасці расійскіх). Улады пільна сачылі за каталіцкім духавенствам – але значных перашкод у звычайнай дзейнасці не чынілі. Адносіны паміж канфесіямі былі складанымі – з-за пераходу вернікаў з адной канфесіі ў другую. Афіцыйна гэта забаранялася, завыключэннем перахода ў праваслаўе. Так, у красавіку 1794 г. быў выдадзены аб пераводзе ўніятаў у праваслаўе, так званым “уз’яднанні”. Дзякуючы адміністратыўнаму націску ўз’ядналася каля 1.500.000 чалавек з Усходней Беларусі і Ўкраіны. Але справа не была даведзена да канца, нават частка вернікаў вярнулася да ўніі. Адначасова назіраліся прыклады пераводу ўніятаў у каталіцкую веру, асабліва пашыраныя ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Гэта рабілася як памешчыкамі, так і ў выніку падманнай агітацыі ксяндзоў.

Беларускія сяляне з’яўляліся галоўным падатковым саслоўем. Адразу пасля далучэння ім была зроблена значная палёгка, але праз некалькі год падушны падатак быў уведзены ў поўным аб’ёме. Дзяржаўныя падаткі збіраліся на Беларусі серабром (да 1811 г.), у той час як рускія сяляне плацілі асігнацыямі, курс якіх да сярэбраных грошаў быў у некалькі разоў меншы. Да того, у дачыненні сялян уводзілася рэкруцкая павіннасць, невядомая ў Рэчы Паспалітай.

Што тычыцца гарадоў, то трэба адзначыць скасаванне магдэбурскага права. Частка гарадоў і мястэчак атрымалі правы згодна даравальнай граматы гарадам Расійскай імперыі 1785 г. Жыхары іншых мястэчак пераводзіліся ў разрад сялян і маглі быць падараваныя прыватным уладальнікам. Адначасова ўрад адмяніў уладу феадалаў над гарадамі і паступова выкупаў населеныя пункты з прыватных рук. На гараджан, як і на сялян, пашыралася рэкруцкая павіннасць.

Для яўрэйскага насельніцтва вызначалася “мяжа аседласці”, у якую ўваходзілі беларускія і частка ўкраінскіх губерняў. Ім дазвалялася жыць толькі ў гарадах гэтых губерній, займацца толькі рамёствамі і гандлем, забаранялася займацца земляробствам. Яўрэі атрымалі права запісвацца ў мяшчанскае ці купецкае саслоўі пры ўмове спагнання з іх двайных дзяржаўных падаткаў. Гэты закон на доўгі час абумовіў спецыфіку развіцця гарадоў Беларусі, яе прамысловасці, а так сама і грамадска-палітычныя адметнасці беларускага рэгіёну, асабліва ў канцы XIX – пачатку XX стст.

Информация о работе Курс лекций по дисциплине "История Беларуси"