Автор работы: Пользователь скрыл имя, 12 Ноября 2014 в 17:27, курс лекций
Работа содержит курс лекций по дисциплине "История Беларуси".
Прылады працы першабытных людзей былі самымі простымі, іх было каля 100 відаў. Асноўныя матэрыялы, з якіх яны вырабляліся – косткі жывёл, дрэва і, вядома, камяні і крэмень. Каменныя прылады працы – гэта скрэблы, праколкі, рубілы, наканечнікі дзідаў і г.д. Прылады працы дапамагалі людзям больш эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы. Камяні апрацоўвалі з дапамогай тэхналагічнай аперацыі, што мела назву “адшчэпа”. Ад прызматычнага ядра адціскаліся пласціны дакладнай формы, якія потым даапрацоўвалі праз адцісканне маленькіх лускавінак па краях пласцін. Людзі ведалі, у якое месца камня трэба націснуць ці ўдарыць, каб атрымаць дакладную пласціну. Тыпалагічна каменныя прылады працы адносяцца да так званай мусцьерскай культуры (названай ад французскага месца Ла Мусцье), якая ахоплівала амаль усю тэрыторыю Еўропы.
Асноўным заняткам жыхароў стаянак Бердыж і Юравічы, а таксама падобных ім было паляванне на буйных жывёл – мамантаў, шарсцістых насарогаў, паўночных аленяў і пясцоў. Паляванне на маманта і насарога, калі ўлічваць ступень развіцця паляўнічых прылад (з прылад палявання вядомы толькі дзіда, выкарыстоўвалі таксама лоўчыя ямы з дзідамі на дне і агонь для загону жывёл), патрабавала калектыўнага ўдзелу ў мерапрыемстве ўсіх працаздольных членаў абшчыны. Такім чынам, узнікла першая форма вытворчай кааперацыі людзей – лоўчая абшчына. Паляванне давала першабытным людзям не толькі харчаванне, але і будаўнічы матэрыял – косткі і чарапы мамантаў (з іх узводзілі астоў жытла), скуры (накрывалі жытлы), сыравіну для вырабу прылад працы (косткі, сухажыллі і г.д.), адзенне. Але асноўны аб’ект палявання – буйныя жывёлы не затрымліваліся на адным месцы падоўгу, і чалавеку прыходзілася вандраваць за статкамі жывёл на вялікія адлегласці. Акрамя палявання дапаможнымі заняткамі было збіральніцтва – пошук прыгоднага да спажывання ў навакольным асяроддзі (расліны, дробныя жывёлы, грыбы) і рыбалоўства. Уся дзейнасць людзей была накіравана на выкананне галоўнай задачы – пошуку сродкаў харчавання ў вельмі неспрыяльных прыродных умовах тундры.
Вялікую ролю ў выжыванні чалавека адыгрываў агонь, якім валодаў чалавек. Агонь выконваў некалькі функцый. Ён абаграваў жыллё, абараняў людзей ад драпежнікаў, дапамагаў у паляванні і выкарыстоўваўся ў прыгатаванні больш якаснага харчавання. Захоўвалі агонь жанчыны, і гэтая акалічнасць значна павышала іх сацыяльны статус у першабытным грамадстве. У познім палеаліце складваецца новы тып сацыяльнай арганізацыі людзей – родавая абшчына ці род (прыйшоў на змену праабшчыне ці чалавечаму статку). Род (аб’яднанне людзей аднаго паходжання, што пражываюць на вызначанай тэрыторыі) меў агульныя прыкметы:
Першая форма родавай арганізацыі людзей – гэта мацярынскі род, які аб’ядноўваў усіх жанчын і іншых асоб, што вялі сваё паходжанне ад маці-родазаснавальніцы. Вядучая роля ў гаспадарцы і сацыяльнай структуры такога роду належыла, вядома, жанчыне. Складваецца парная сям’я, з’яўленне якой патрабавала ўвядзенне некаторых абмежаванняў у бязладныя адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі. Гэтыя забароны названыя экзагамія (забараняліся шлюбы ўнутры рода) і эндагамія (забараняліся шлюбы па-за межамі племені). Такім чынам, дазвалялася ўступаць у шлюб толькі ў межах племені, якое аб’ядноўвала некалькі родаў.
Узнікаюць зачаткі рэлігійных вераванняў у выглядзе татэмізму. Згодна яго палажэнняў, першабытныя людзі звязвалі існаванне свайго роду з канкрэтнай з’явай прыроды ці раслінай, жывёлай (татэмам) – з імі ўладкоўваліся цесныя звышрэальныя сувязі. Разнавіднасцю татэмізму з’яўляецца анімізм – калі татэмам рода выступала жывела. Калі ў ролі татэму выступала матэрыяльная рэч, прадмет культа (чурынга) – такая разнавіднасць татэмізму называлася фетышызм. Акрамя таго, чалавек стаў шукаць спосабы ўздзеяння на прыроду і іншых людзей з дапамогай магіі.
На прыканцы эпохі палеаліту (18-9 тыс. г. да н.э.) на Беларусь насунуўся апошні ледавік. Яго мяжа праходзіла па лініі Гродна-Нарач-Лепель-Орша, і таму толькі на самым поўдні Беларусі маглі выжыць людзі.
Пачатак мезаліту азнаменаваўся карэннымі змяненнямі клімату і прыродных умоў. Ледавік адступіў далëка на поўнач, а потым і наогул знік, і кліматычныя ўмовы на цяперашняй тэрыторыі Беларусі сталі нагадваць сучасныя. Досыць хутка выраслі лясы, сфарміравалася рачная сетка. Нязвыклыя да цëплага клімату маманты і шарсцістыя насарогі адышлі за ледавіком, а потым вымерлі. Кардынальна змяніўся жывëльны свет. Замест буйных жывëл, якія хадзілі па шырокіх адкрытых прасторах тундры, з’явілася незлічоная колькасць дробных і сярэдніх жывёл, што насялялі лясы. Рачная сістэма набывае сталы выгляд, а рэкі напаўняюцца рыбай. Вялікая колькасць ежы пазбавіла людзей ад неабходнасці качаваць у яе пошуках. Па-першае, на Беларусі з’яўляецца сталае насельніцтва, па-другое, уся тэрыторыя Беларусі была заселена да канца гэтага перыяду. Гэта яшчэ вельмі рэдкія паселішчы – стаянкі (іх выяўлена каля 120), якія месціліся па берагах рэк, каля радовішчаў крэмню. Такім чынам, сучасныя беларускія землі ўвайшлі ў айкумену – тэрыторыю, пастаянна заселеную людзьмі.
Змены прыродных умоў адбіліся на гаспадарчых занятках насельніцтва і вызвалі з’яўленне новых прылад працы. Значна ўзрасла роля палявання, яно ўжо не патрабавала ўдзелу ў працэсе значнай колькасці людзей, а атрымала індывідуальны характар. Больш таго, у паляўнічага з’явіўся памочнік – сабака. Новыя прылады – лук і стрэлы значна палегчылі паляванне на дробных жывёл і птушку.
Росквіт у мезаліце атрымала рыбалоўства. Гэтаму спрыяла ўтварэнне рэк і вялікай колькасці азёр пасля адыходу ледавіка. Пад канец перыяду мезаліту была вынайдзена сетка (да гэтага рыбу лавілі з дапамогай астрог, гарпуноў і проста рукамі), што значна павялічыла памеры здабычы.
Росквіт атрымала і збіральніцтва. Спіс аб’ектаў збіральніцтва шматразова павялічыўся. Усе гэтыя ўмовы дазволілі збіраць большую колькасць ежы, якая была дастаткова разнастайнай. Гэта стымулявала аселы лад жыцця і замацаванне новай формы сацыяльнай арганізацыі людзей – родавай абшчыны.
У вытворчасці каменных прылад працы таксама наглядаліся свае адметнасці. Па-першае, выраблялася вялікая колькасць каменных сякер (тэрыторыя старажытнай Беларусі ўся была пакрыта лясамі). Па-другое, атрымалі распаўсюджанне мікралітычныя прылады працы (мікраліты). Гэта складныя прылады, што састаўляліся з некалькіх невялікіх каменных пласцінак памерам 1-2 кв.см. Найбольш шырока яны былі распаўсюджаны на захадзе і ўсходзе сучаснай Беларусі. Гэтыя рэгіёны атаясамліваюцца з існаваннем свідэрскай і сожскай (суадносна) археалагічных культур. Адметная прыкмета першай – гэта наканечнік стралы ў выглядзе ліста вярбы, у стрэл сожскай культуры наканечнікі – гэта маленькія і кароткія каменныя адшчэпы.
Такім чынам, перыяд мезаліту – гэта час, калі на беларускіх землях з’явілася пастаяннае аселае насельніцтва, атрымала росквіт прысвайваючая гаспадарка, замацаваўся родавы лад грамадства.
У новы перыяд каменнага веку асаблівых змен у клімаце не адбылося, асноўныя змяненні адбыліся ў гаспадарцы.
У гэты перыяд з’явіўся першы штучны матэрыял, выраблены чалавекам – гэта абпаленая гліна. Менавіта ў неаліце пачалі шырока вырабляць гліняны (керамічны) ляпны посуд (ганчарнае кола будзе вынайдзена значна пазней, у перыяд станаўлення феадалізму). Але і ляпны посуд атрымаў даволі дасканалы выгляд, ён упрыгожваўся разнастайным арнаментам (але пакуль яшчэ не меў плоскага дна). Па форме посуду і яго ўпрыгожванням пачалі вызначаць асноўныя археалагічныя культуры гэтага перыяду (ці, па-іншаму, асноўныя этнічныя суполкі).
Вырасла колькасць насельніцтва, археолагам вядома на Беларусі каля 600 стаянак (галоўным чынам на берагах рэк і азёраў), што дае падставы вызначыць яго памеры ў 5-6 тысяч чалавек. Яно належыла да чатырох галоўных этнічных суполак: культуры грабеньчата-накольнай керамікі (ці днепра-данецкай), верхнедняпроўскай, нёманскай і нарвенскай археалагічных культур.
Асноўнымі заняткамі ў неаліце, як і раней, заставаліся паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Гэтыя састаўныя часткі прысвайваючай гаспадаркі давалі неабходнае харчаванне і сыравіну. З’яўленне невялікіх лішкаў дазволіла перайсці ад ураўняльнага размеркавання ў межах роду на размеркаванне згодна звычаю. Гэта азначала, што паляўнічы ці рыбалоў мог пакінуць сабе большую і лепшую частку здабычы. У асобнай сям’і з’явіліся запасы, што паменшыла яе залежнасць ад роду, аднак жа, сем’і з роду не выдзяляліся – вельмі нізкай была вытворчасць працы, таму і прылады працы яшчэ знаходзіліся ў агульным карыстанні родзічаў. Наогул, перыяд неаліту лічыцца перыядам найвышэйшага росквіту мацярынскага роду.
Акрамя з’яўлення керамічнага посуду, было яшчэ некалькі адметных вынаходніцтваў людзей, што жылі на Беларусі ў неаліце. Пляценне рыбалоўных сетак з раслінных валокнаў (лён, каноплі, крапіва) дапамагло з’яўленню першабытнага ткацтва. Быў пабудаваны самы просты вертыкальны ткацкі станок, на якім выраблялі самую простую тканіну, але яна ўжо магла выкарыстоўвацца для пашыву адзення і ў гаспадарцы.
Сталі выкарыстоўвацца новыя прыёмы па апрацоўцы камня – шліфаванне, паліраванне і свідраванне. Гэта дазволіла ствараць больш якасныя прылады працы, асабліва палепшыліся магчымасці выкарыстання сякер, якія з гэтага часу не прывязваліся да дрэўка, а насаджваліся на яго. Такіх сякер патрабавалася ўсё болей і болей.
На поўдні Беларусі пад канец неаліту з’вілася земляробства ў першай, самай простай форме – матычнай (галоўная прылада апрацоўкі глебы – матыка).
Крэмню, што знаходзілі на паверхні зямлі, пачало нехапаць і людзі пачалі распрацоўку радовішчаў гэтай сыравіны. На тэрыторыі, што належыць нёманскай археалагічнай культуры (і этнічнай суполцы) знаходзяцца вядомыя Краснасельскія шахты. Яны атрымалі названне ад сучаснага пасёлка Краснасельскі, што ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці. Археолагі знайшлі больш за 1000 шахт глыбінёй да 8 метраў. Распрацоўка крэмню вялася з дапамогай каменных і касцяных кірак у тоўшчы мелу. Шахты мелі дасканалую сістэму вентыляцыі і падачы сонечнага святла. Побач з шахтамі месціліся майстэрні па апрацоўцы крэмню і вытворчасці прылад працы. Можна сказаць, што мясцовае насельніцтва спецыялізавалася менавіта ў гэтай галіне гаспадаркі. Краснасельскі крэмень пачаў разыходзіцца па ўсёй Беларусі і за яе межы. Такім чынам, першыя крокі міжрэгіянальнага абмену пачало рабіць і першабытнае насельніцтва Беларусі.
Усе гэтыя зрухі ў гаспадарцы дазволілі даследчыкам гаварыць аб здзяйсненні так званай “неалітычнай рэвалюцыі”. І хаця яна доўжылася стагоддзі і тысячагоддзі, тым не менш:
Назва новага перыяду ў першабытнай гісторыі Беларусі паказвае, што на нашай тэрыторыі з’явіліся першыя вырабы з металаў. Але сваіх радовішчаў медзі на Беларусі і ў непасрэднай блізкасці няма, таму медных і бронзавых прылад працы вельмі мала, большасць металічных знаходак – гэта ўпрыгожванні (бранзалеты, фібулы, кольцы). Яны траплялі на Беларусь з Каўказа, Карпат ў абмен на бурштын і вырабы з бурштыну, якія насельніцтва старажытнай Беларусі атрымлівала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы. Але металічных вырабаў было вельмі мала (археолагі зарэгістравалі ўсяго каля 80 знаходак), яны не маглі зрабіць рэвалюцыю ў вытворчасці. Шырока працягвалі выкарыстоўваць каменныя прылады працы. Таму да Беларусі больш падыходзіць назва перыяду – энеаліт ці медна-каменны век.
Вялікіх памераў дасягнула здабыча і апрацоўка крэмню ў Краснасельскіх шахтах. У апрацоўшчыкаў з’явіўся новы прыём, які яшчэ больш удасканаліў каменныя сякеры і іншыя рэжучыя прылады. Пасля нанясення струменчатай рэтушы (насечкі крыж на крыж) на рэжучыя грані, вытворчыя паказчыкі прылад значна павялічваліся. Відавочныя поспехі ў гаспадарчым развіцці суадносна адбіліся і на жыцці людзей. Замест аднакамерных жылых пабудоў (паўзямлянак ці наземных жытлаў) зараз будуюць двухкамерныя жытлы. З’явіліся лавы і сталы, керамічны посуд з плоскім дном, што ставіўся на сталы і плоскі ачаг.
Каменных сякер патрабавалася ўсё болей і болей – адбываўся пераход да земляробства, яно паступова станавілася галоўнай галіной гаспадаркі, а для яго развіцця патрабавалася высякаць лес. З гэтых умоў нарадзілася своеасаблівая форма земляробства – ляднае ці падсечна-агнявое. Сутнасць яго была ў тым, што лясную дзялянку спачатку высякалі, пні карчавалі, давалі дрэвам высахнуць (1-2 гады), потым іх спальвалі і на ўзбагачонай попелам глебе атрымлівалі на працягу каля 4-5 год добры ўраджай. А потым зноў праводзілі такую ж аперацыю. Глебу ўжо апрацоўвалі не толькі матыкай, але і ралам (драўляным простым плугам), у які ўпрагалі валоў ці каня. Такім чынам, жывёлагадоўля і земляробства з самага пачатку былі цесна звязаны паміж сабой і распаўсюджваліся па Беларусі сінхронна.
Хуткае распаўсюджанне новых вытворчых форм гападаркі звязана не толькі з відавочнымі іх перавагамі над прысвайваючай гаспадаркай, а яшчэ і са з’яўленнем на Беларусі новага насельніцтва – індаеўрапейцаў, якія па ступені гаспадарчага і грамадскага развіцця значна пайшлі наперад у параўнанні з мясцовым (аўтахтонным) насельніцтвам.
Радзіма індаеўрапейцаў – Малая Азія (сучасная Турцыя). У гэтага старажытнага народа асноўным заняткам была жывёлагадоўля. Тут індаеўрапейцы дасягнулі значных поспехаў. Але па нейкіх умовах – кліматычных ці дэмаграфічных (якаснае харчаванне – хуткі рост насельніцтва) – яны вымушаны былі пачаць сваю доўгую вандроўку. Была адна акалічнасць, якая значна палегчыла гэтым людзям падарожнічаць, гэтая акалічнасць – вынаходніцтва кола. Старажытныя індаеўрапейцы сканструявалі павозкі, у якія запрагалі валоў і перавозілі свой няхітры скарб з аднаго луга на другое. Так гэтыя плямёны рассяліліся на вялікай тэрыторыі – ад Індыі да Атлантычнага акіяна, утварыў самую вялікую сучасную моўную сям’ю – індаеўрапейскую, куды ўваходзяць славяне, балты, германцы і іншыя народы. Дзякуючы рухаваму ладу жыцця індаеўрапейцы стварылі развітую мову (яны шмат чаго бачылі і давалі новым з’явам свае назвы, ці займалі іх ад мясцовага насельніцтва). Амаль пастаянныя сутычкі з мясцовым насельніцтвам спрыялі таму, што асноўным заняткам мужчын акрамя жывёлагадоўлі стала вайна. Аб гэтым гаворыць і назва адной з беларускіх археалагічных культур бронзавага веку – культура баявых сякер. Вайна (а таксама новыя вытворчыя формы гаспадаркі) паставіла менавіта мужчыну на першае месца ў сацыяльнай іерархіі першабытнага грамадства. Так, у індаеўрапейцаў існавала патрыярхальная ці бацькоўская родавая абшчына. Асноўныя пытанні жыцця роду ці племені вырашаліся на агульных сходах узброеных мужчын, такі лад кіраўніцтва зваўся “ваенная дэмакратыя”. Але ўжо пачала складвацца і асабістая няроўнасць у родавым грамадстве.
Информация о работе Курс лекций по дисциплине "История Беларуси"