Автор работы: Пользователь скрыл имя, 16 Мая 2014 в 20:40, автореферат
Праблема функцыянавання сінтаксічных адзінак знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сучаснай лінгвістыкі. Асаблівую значнасць набывае даследаванне экспрэсіўных сінтаксічных канструкцый - сінтаксічных сродкаў, якія ўдзельнічаюць у перадачы эмоцый, пачуццяў, ацэнак, надаюць паведамленню вобразнасць і выразнасць, дазваляюць эстэтычна і псіхалагічна ўздзейнічаць на рэцыпіента. Розныя аспекты гэтай праблемы сталі аб'ектам увагі вядомых вучоных беларускай і замежнай лінгвістыкі (Г.М. Акімавай, Ш. Балі, Э.М. Берагоўскай, В.У. Вінаградава, В.А. Маславай, Р.Я. Салганіка, А.П. Скавароднікава, Б. Тошавіча, А.І. Яфімава і інш.). Разам з тым многія пытанні застаюцца нявырашанымі: недастаткова даследаваны спосабы і прыёмы стварэння экспрэсіўных сінтаксічных канструкцый, не раскрыты функцыі, якія могуць выконваць экспрэсіўныя сінтаксемы рознага тыпу ў мастацкім тэксце. У сувязі з гэтым аналіз спосабаў выражэння і функцыянавання сродкаў экспрэсіўнага сінтаксісу ў мове твораў асобных пісьменнікаў уяўляецца актуальным. Ён дае магчымасць раскрыць ролю і месца сінтаксічных сродкаў у сістэме сэнсава-эмацыянальнай арганізацыі тэксту, вылучыць і ўлічыць дадатковыя значэнні, якія могуць набываць сінтаксічныя адзінкі рознай структуры ў беларускай мове, назапашвае матэрыял пра стылістычныя рэсурсы мовы, дае каштоўныя звесткі для выяўлення спецыфікі нацыянальнай мовы на сінтаксічным узроўні.
Матэрыялы канферэнцый
10. Русак, В. Сказ-абзац як сродак экспрэсіўна-выяўленчага сінтаксісу ў ворах Я. Сіпакова / В. Русак // Мова - Літаратура - Культура : матэрыялы VМіжнар. навук. канф. (да 80-годдзя прафесара Л. М. Шакуна), Мінск, 16-17лістап. 2006 г. / Беларус. дзярж. ун-т. - Мінск, 2007. - С. 451-453.
11. Русак, В.У. Дынаміка сінтаксічнага ладу сучаснай беларускайлітаратурнай мовы / В.У. Русак // Граматычны лад беларускай мовы. Шляхі істарычнага развіцця і сучасныя тэндэнйыі : матэрыялы Міжнар. навук. канф., інск, 29-30 кастр. 2007 г. / навук. рэд. А.А. Лукашанец. - Мінск, 2007. -С.205-209.
РЭЗЮМЕ
Русак Вольга Уладзіміраўна Экспрэсіўны сінтаксіс празаічных твораў Янкі Сіпакова Ключавыя словы: экспрэсіўны сінтаксіс, мастацкі тэкст, ідыястыль, інгерэнтная і адгерэнтная экспрэсія, фігуры размяшчэння і перастаноўкі, фігуры павелічэння аб'ёму выказвання, парцэляцыя, парантэза, ампліфікацыя абзацаў, сегментацыя, сінтаксічны паралелізм, перыяд, суб'ектыўная мадальнасць.
Мэта даследавання - раскрыць асаблівасці структурнай арганізацыі і семантыка-стылістычнай функцыі сродкаў экспрэсіўнага сінтаксісу, тыповых для празаічнага кантэксту Янкі Сіпакова. Аб'ект даследавання - мова празаічных твораў Янкі Сіпакова. Прадмет даследавання - сінтаксічныя сродкі выражэння экспрэсіі.
Асноўнымі метадамі даследавання з'яўляюцца семантыка-стылістычны і аналітычна-апісальны. У асобных выпадках выкарыстаны элементы супастаўляльна-стылістычнага метаду, стылістычны эксперымент і колькасныя падлікі фактычнага матэрыялу.
Навуковая навізна і значнасць атрыманых вынікаў заключаецца ў тым, што ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве праведзены комплексны аналіз індывідуальна-аўтарскай сістэмы сродкаў экспрэсіўнага сінтаксісу. Аб'ектам манаграфічнага даследавання ўпершыню стала мова празаічных твораў Янкі Сіпакова. На аснове сабранага фактычнага матэрыялу вылучаны рэлевантныя прыметы аўтарскага стылю на сінтаксічным узроўні. Прааналізаваны структурныя адметнасці і тыповыя стылістычныя функцыі такіх экспрэсіўных элементаў, як стылістычныя фігуры размяшчэння і перастаноўкі (парантэза, парцэляцыя, абзацавае чляненне, сегментацыя) і фігуры павелічэння аб'ёму выказвання (сінтаксічны паралелізм, перыяд), вызначана экспрэсіўная поліфункцыянальнасць кантэкстуальна аб'яднаных простых сінтаксем і складаных поліпрэдыкатыўных сказаў з аднароднымі часткамі.
Практычная значнасць атрыманых вынікаў. Вынікі даследавання ўносяць уклад у вывучэнне заканамернасцей функцыянавання экспрэсіўных сінтаксічных канструкцый у мастацкім кантэксце і могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы навуковых прац па лінгвастылістыцы і функцыянальным сінтаксісе. Матэрыялы дысертацыі атрымаюць прымяненне пры выкладанні лінгвістычных дысцыплін у вышэйшых навучальных установах, пры стварэнні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў лексікаграфічнай практыцы пры складанні слоўнікаў стылістычных фігур і прыёмаў.