Автор работы: Пользователь скрыл имя, 16 Мая 2014 в 20:40, автореферат
Праблема функцыянавання сінтаксічных адзінак знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сучаснай лінгвістыкі. Асаблівую значнасць набывае даследаванне экспрэсіўных сінтаксічных канструкцый - сінтаксічных сродкаў, якія ўдзельнічаюць у перадачы эмоцый, пачуццяў, ацэнак, надаюць паведамленню вобразнасць і выразнасць, дазваляюць эстэтычна і псіхалагічна ўздзейнічаць на рэцыпіента. Розныя аспекты гэтай праблемы сталі аб'ектам увагі вядомых вучоных беларускай і замежнай лінгвістыкі (Г.М. Акімавай, Ш. Балі, Э.М. Берагоўскай, В.У. Вінаградава, В.А. Маславай, Р.Я. Салганіка, А.П. Скавароднікава, Б. Тошавіча, А.І. Яфімава і інш.). Разам з тым многія пытанні застаюцца нявырашанымі: недастаткова даследаваны спосабы і прыёмы стварэння экспрэсіўных сінтаксічных канструкцый, не раскрыты функцыі, якія могуць выконваць экспрэсіўныя сінтаксемы рознага тыпу ў мастацкім тэксце. У сувязі з гэтым аналіз спосабаў выражэння і функцыянавання сродкаў экспрэсіўнага сінтаксісу ў мове твораў асобных пісьменнікаў уяўляецца актуальным. Ён дае магчымасць раскрыць ролю і месца сінтаксічных сродкаў у сістэме сэнсава-эмацыянальнай арганізацыі тэксту, вылучыць і ўлічыць дадатковыя значэнні, якія могуць набываць сінтаксічныя адзінкі рознай структуры ў беларускай мове, назапашвае матэрыял пра стылістычныя рэсурсы мовы, дае каштоўныя звесткі для выяўлення спецыфікі нацыянальнай мовы на сінтаксічным узроўні.