Стылістычнае выкарыстанне слоў у пераносным значэнні (на матэрыяле трылогіі якуба коласа “на ростанях”

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Сентября 2013 в 17:17, дипломная работа

Краткое описание

Мэта даследавання: характарыстыка слоў, ужытых у пераносным значэнні.
Задачы:
- ахарактарызаваць словы ў пераносным значэнні;
- паказаць стылістычнае выкарыстанне тропаў;
- разгледзець словы ў пераносным значэнні (на матэрыяле трылогіі Я. Коласа “На ростанях”: эпітэты, метафары, параўнанні) як сродкі стварэння мастацкай выразнасці і вобразнасці.

Содержание

Уводзіны……………………………………………………………….4
1. Паняцце пра тропы……………………………………………….7
1.1.Тропы з адносінамі прамога і пераноснага значэнняў……….....7
1.2.Тропы з адносінамі сінанімічнага характару………………….. 15
1.3. Тропы з аманімічнымі і паранімічнымі адносінамі………….. 17
1.4. Тропы з адносінамі антаніміянага характару………………… 18
1.5. Тропы з адносінамі несумяшчальнасці………………………. 21
2. Вобразна-выяўленчыя сродкі ў трылогіі
Я. Коласа “На ростанях ………………………………………... 23
2.1. Мова і стыль трылогіі: агульная характарыстыка………….....23
2.2. Стылістычнае выкарыстанне эпітэтаў…………………………27
2.3. Стылістычнае выкарыстанне метафар…………………….......36
2.4. Стылістычнае выкарыстанне параўнанняў……………………43
Заключэнне…………………………………………………………...48
Спіс выкарыстанай літаратуры……………………………………..52

Прикрепленные файлы: 1 файл

Диплом.doc

— 348.00 Кб (Скачать документ)

У якасці крыніц для метафар з актуалізаванымі  семамі ‘многа, вялікая колькасць  чаго-небудзь, каго-небудзь’, ‘што-небудзь неабсяжнае, неабдымнае, даволі часта выступаюць кампаненты тэматычных груп, што характарызуюць сілу і магутнасць прыродных з’яў, іх стыхійнасць і неабмежаваныя магчымасці. Эпіцэнтрам у гэтай падгрупе з’яўляецца назоўнік мора: Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць тут, бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой (17).

Акрамя ўласна метафары, даволі пашыранымі ў трылогіі з’яўляюцца такія яе разнавіднасці, як увасабленне і адухаўленне.

Увасабленне (персаніфікацыя) – разнавіднасць метафары, якая заключаецца ў наданні чалавечых уласцівасцей неадушаўлённым прадметам, рэчам, абстрактным паняццям, з’явам прыроды.

Адухаўленне (анімізацыя) – разнавіднасць метафары, якая заключаецца ў перанясенні ўласцівасцей жывых істот на прадметы, абстрактныя паняцці, з’явы прыроды, рэчы [19, с. 8].

Увасабленні і  адухаўленні ў трылогіі паводле  семантыкі адзінак, якімі яны  выражаны, можна падзяліць на наступныя групы.

1. Увасабленні і адухаўленні са значэннем дзеяння.

З дапамогай  гэтых тропаў адлюстроўваюцца фізічныя дзеянні, працэсы,  звязаныя са стыхійнай дзейнасцю прыродных з’яў і аб’ектаў па аналогіі з чалавекам або жывымі істотамі: Неба праяснялася, падыхаў усходні вецер (48); Лёгкі марозік зацягаў лужынкі тонкай плёнкай лёду (56); Туга па тым, з чым ён разлучыўся, пачынала забіраць яго душу (68). 

2. Увасабленні  і адухаўленні са значэннем  руху, перамяшчэння ў прасторы  прыродных з’яў і аб’ектаў: Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зноў расступаўся, даючы месца бясконца вялікім балотам (17); Нізкае сонца ледзь прабілася скрозь макушы лесу (31); Дарога пашыбавала на горку (61).

3. Увасабленні  і адухаўленні, якія характарызуюць  слыхавыя асацыяцыі. З дапамогай  гэтых тропаў перадаюцца гукі, што ствараюцца прыроднымі з’явамі  і прадметамі па аналогіі з гукамі жывых істот: Скрыпка, як зазначыў сам музыка, раўла, нібы галодная жывёліна (61).

4. Увасабленні  і адухаўленні, якія характарызуюць працэс зрокавага ўспрымання: Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохшыя адломкі старых спарахнелых алешын, як свечкі, і маркотна глядзелі ў неба (18); Тым прыемней зірнулі стрэхі людскіх будынін і коміны хат (31); Цёмны лес, што стаяў за вескай і глядзеў хмурна (20).

Увасабленні і  адухаўленні ў творы характарызуюцца  арыгінальнасцю мастацкага адлюстравання  рэчаіснасці. Яны дазваляюць пісьменніку злучыць элементы чалавечага жыцця са светам прыроднага акружэння, паказаўшы пры гэтым цесную сувязь чалавека і прыроды.

Такім чынам, метафара з’яўляецца прадуктыўным вобразным  сродкам у трылогіі Я. Коласа “На  ростанях”. У працэс метафарызацыі аўтар уключае разнастайныя паводле сваёй семантыкі лексемы, якія вобразна характарызуюць прыродныя з’явы і аб’екты, абстрактныя паняцці, канкрэтныя прадметы. У выніку ствараюцца арыгінальныя і непаўторныя метафары, праз якія выяўляецца адметнасць мастацкага стылю пісьменніка.

 

2.4. Стылістычнае  выкарыстанне параўнанняў 

 

Параўнанне  – адзін з тропаў, сутнасць якога  ў супастаўленні прадметаў і  з’яў, заснаваных на падабенстве ў  якіх-небудзь адносінах. Параўнанні выражаюць стаўленне аўтара да аб’екта апісання, канкрэтызуюць тое, што параўноўваецца, робяць яго больш відавочным, выразным.

Параўнанні  – неад’емны і значны элемент  мовы мастацкай літаратуры. Пісьменнікі  ўжываюць іх як адзін з актыўных сродкаў рэалізацыі ідэйна-мастацкай  задумы; яны выяўляюць істотныя бакі вобразна-асацыятыўнага мыслення аўтара, выконваюць складаную мастацка-эстэтычную функцыю. Ва ўзаемадзеянні з іншымі моўнымі сродкамі ў кантэксце параўнанні набываюць дадатковыя сэнсавыя і стылістычныя адценні.

Паводле спосабу марфалагічнага выражэння суб’екта параўнання ў трылогіі можна падзялиць на субстантыўныя, ад’ектыўныя і вербальныя параўнанні.

Субстантыўныя (назоўнікавыя) параўнанні вобразна характарызуюць прадмет, паясняюць дзейнік, выражаны ў сказе назоўнікам. Сродкам сувязі назоўнікавай асновы з аб’ектам параўнання з’яўляюцца злучнікі як, нібы [19, с. 5]: Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохшыя адломкі старых спарахнелых алешын, як свечкі, і маркотна глядзелі ў неба (18); Па адзін і па другі бок вескі стаялі ветракі, як страшыдлы, шырока расінуўшы свае крыллі (18); Чэсь моўчкі сеў каля кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка (42).

Ад’ектыўныя (прыметнікавыя) параўнанні характарызуюць прымету прадмета і маюць цесную сувязь з прыметнікам у сказе. Гэта вобразныя адзінкі, якія характарызуюць прымету якасці суб’екта параўнання: А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі (15); Дый здаровы, як дуб (16); Зборная была прасторная, як абора (20); Незнаёмая дзяўчына, як бы спалохаўшыся, зноў борздзенька апусціла свае чорныя, як смоль вочы

 (39); Панна Марына усмінулася і паказала свае белыя, як калядны снег, зубы (57).

Вербальныя (дзеяслоўныя) параўнанні адносяцца да дзеяслова, які ў сказе выконвае ролю выказніка, і вобразна характарызуюць працэс дзеяння: Але гэтыя думкі ў момант разляцеліся, як вераб’і, калі ў іх вясёлы гурток паляціць каменьчык (43); І калі Лабановіч паказаўся ў кухні, яны, як мышы, загледзіўшя ката, кінуліся наўцекі (35); Чэсь моўчкі сеў кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка (42); Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот (60); Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу (45); Латачыха сыпала словы, як гарох (48); Здавалася яна толькі адчыняла рот, а словы самі, як з мяшка, сыпаліся і сыпаліся (48); Бабініч зусім асалавеў, вочы яго пажаўцелі варочаліся, як тачыла ў руках няздольнага каваля (63); Скрыпка, як зазначыў сабе сам музыка, раўла, нібы галодная жывёліна, загледзеўшы свайго гаспадара (61); За колькі крокаў ад Лабановіча, вынырнуўшы з цемнаты, без шуму, як цень, выступіла жаночая постаць (29); Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол, а за ёю, як ганчак за зайцам, бяжыць кантроль (68).

У трылогіі найбольш пашырана простае параўнанне – збліжэнне  дзвюх з’яў або двух прадметаў  па якой-небудзь агульнай прымеце: Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохшыя адломкі старых спарахнелых алешын, як свечкі, і маркотна глядзелі ў неба (18); А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі (15); Дый здаровы, як дуб (16); Чэсь моўчкі сеў кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка (42); Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот (60).

Паводле сродкаў  сувязі аб’екта і суб’екта параўнання ў творы пераважаюць злучнікавыя параўнанні, граматычна аформленыя пры дапамозе злучнікаў як, нібы, быццам. Злучнікі выконваюць не толькі ролю фармальнага паказчыка тропа, але і выражаюць пэўныя сэнсава-граматычныя адносіны паміж суб’ектам і аб’ектам параўнання.

Параўнанні  са злучнікам як выражаюць супастаўленне аб’екта і суб’екта на аснове сцвярджальнага характару іх падабенства: Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу (45); Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот (60); Дый здаровы, як дуб (16); Але гэтыя думкі ў момант разляцеліся, як вераб’і, калі ў іх вяселы гурток паляціць каменьчык (43).

Параўнанні са злучнікамі нібы, быццам выразна не выяўляюць катэгарычнасць падабенства. Яно выражаецца з адценнем меркавання, няпэўнасці [19, с. 10]: Скрыпка, як зазначыў сабе сам музыка, раўла, нібы галодная жывёліна, загледзеўшы свайго гаспадара; Дрэвы ў лесе высіліся, нібы вежы (65).

Самым распаўсюджаным спосабам рэалізацыі злучнікавых параўнанняў у трылогіі з’яўляецца параўнальны зварот. У залежнасці ад спосабу выражэння выказальнага слова – аб’екта параўнання, параўнальныя звароты дзеляцца на некалькі тыпаў.

1. Аб’ект параўнання выражаны назоўнікам у форме назоўнага склону (з паясняльнымі словамі або без іх): Дый здаровы, як дуб (16); Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот (60); А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі (15).

2. Аб’ект параўнання  выражаны назоўнікамі ў форме  ўскосных склонаў: Здавалася яна толькі адчыняла рот, а словы самі, як з мяшка, сыпаліся і сыпаліся (48); Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы (65).

Другім спосабам рэалізацыі злучнікавых параўнанняў у творы выступаюць даданыя параўнальныя сказы: На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці, як бы тутэйшыя гаспадары будаваліся на скорую руку і ўсе рабілі да часу і яшчэ не ўправіліся даць той лад і парадак, якім, наогул, адзначаецца беларуская вёска (71); Сама веска стаяла на невялічкай палянцы сярод лесу і хмызнякоў, і Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына, бо густыя сцены пушчы адусюль націскалі на гэтую

вёску, насядалі з пагрозай, нібы яна намеравалася на парушэнне яго законных правоў (74).

Сустракаюцца  ў творы і бяззлучнікавыя параўнанні, выражаныя назоўнікам у форме  творнага склону без прыназоўніка: Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі павіваліся часамі палоскі вады (26); Здаўшы экзамен, Раман весялеў, з твару сыходзіла напружанасць, у якой часта адзначалася пакута, і ўжо звычайным чалавекам ішоў, куды яму было трэба (34); Маланкай мільганула думка ў галаве Лабановіча (41).

Коласаўскія параўнанні вызначаюцца маляўнічасцю. Асабліва гэта выразна выяўляецца ў пейзажных замалёўках: А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі (15);  Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі павіваліся часамі палоскі вады (26); Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохшыя адломкі старых спарахнелых алешын, як свечкі, і маркотна глядзелі ў неба (18). Дакладнае, умела выбранае празаікам параўнанне выклікае ў нашым уяўленні яркую зрокавую карціну, дапамагаючы нам яскравей уявіць апісанае відовішча.

Параўнанні  ў трылогіі часта выкарыстоўваюцца для апісання герояў. Умоўна такія параўнанні можна падзяліць на наступныя групы:

- параўнані для апісання знешнасці персанажаў: Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы (65); Незнаёмая дзяўчына, як бы спалохаўшыся , зноў борздзенька апусціла свае чорныя, як смоль, вочы (39);

  • параўнанні для апісання фізічных якасцей персанажаў: Дый здаровы, як дуб (16); Смелы, як мядзведзь (35).
  • параўнанні для апісання дзеяння герояў твора: Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу (45); Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот (60); Чэсь моўчкі сеў кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка (42); І калі Лабановіч паказаўся ў кухні, яны, як мышы, загледзіўшя ката, кінуліся наўцекі (35); Пры гэтым палешукі, як па камандзе, адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты (49);
  • параўнанні, ўжытыя для апісаня пачуццяў і перажыванняў персанажаў: Лабановіч, як прычараваны, стаяў колькі хвілін і ўсё пазіраў на яе (33); Здаўшы экзамен, Раман весялеў, з твару сыходзіла напружанасць, у якой часта адзначалася пакута, і ўжо звычайным чалавекам ішоў, куды яму было трэба (34); Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла (43).

Сустракаюцца  ў трылогіі параўнанні са словамі, якія абазначаюць жывыя істоты – птушак, жывёл, паняццяў расліннага свету: Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот (60); Чэсь моўчкі сеў кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка (42); Як толькі з’явіўся Лабановіч, яны завілі з усіх канцоў школы і цясней збіліся ў гурт, як спалоханыя авечкі, і ўжо адтуль пазіралі на свайго настаўніка, як на якое дзіва (35). Як можна заўважыць, у асноўным параўнанні такога тыпу ўжываюцца для характарыстыкі дзеяння персанажаў твора.

Побач з параўнальна-вобразнымі Я. Колас ужывае і параўнальна-раўналежныя, або супастаўляльныя звароты, якія не з’яўляюцца метафарычнымі, а служаць толькі для вызначэння адпаведнасці, тоеснасці паміж прадметамі або з’явамі пры розных абставінах: Даведаўшыся, што прозвішча новага настаўніка Лабановіч, падлоўчы пры спатканні з ім прыметна выказаў адзнакі задавальнення, як гэта бывае тады, калі нам на чужыне прыходзіцца спаткацца з чужаком (57); Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла (43).

Асноўным сродкам  сувязі параўнальна-раўналежных зваротаў з паяснёным словам з’яўляюцца злучнікі як, як і, як бы: Яна зірнула на мужа, як бы хочачы прачытаць на яго твары, ці добра яна сказала (37).

Такім чынам, параўнанні, ужытыя Я. Коласам у трылогіі, адметныя сваёй выразнасцю і непаўторнасцю ў адлюстраванні жыцця, у раскрыцці індывідуальнасці герояў і рэалізацыі задумы аўтара, у характарыстыцы прадметаў і з’яў прыроды, рэчаіснасці.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

1. Імкнучыся да дакладнасці словаўжывання, неабходна ўлічваць мнагазначнасць слова і мець на ўвазе, што ў пэўным кантэксце павінна рэалізавацца толькі адно яго значэнне.

Мнагазначнасць слова дае пісьменніку магчымасць самым незвычайным чынам спалучыць розныя словы, ствараючы яркія ўзоры мастацкага словаўжывання. З полісеміяй слоў звязана і іх выкарыстанне ў пераносным значэнні. Словы, ужытыя ў пераносным значэнні – тропы. Існуе шмат тропаў, у кожнага з іх свая функцыя, але іх аб’ядноўвае тое, што ўсе тропы служаць для ўзбагачэння мастацкага твора яркімі вобразамі, апісаннямі, параўнаннямі.

Тропы сустракаюцца ў публіцыстыцы, у мове народнай творчасці, у паўсядзённым жыцці (у размоўным стылі), што надае ёй глыбіню і эмацыйнасць.

Асноўная ж  сфера выкарыстання тропаў – мастацкая  літаратура. У кожным мастацкім творы  сустракаюцца тропы, якія робяць яго  больш глыбокім, яркім.

У дадзенай працы даецца характарыстыка слоў у пераносным значэнні і іх класіфікацыя. У лінгвістычнай літаратуры  тропы класіфікуюцца паводле характару сэнсавых адносін паміж словамі і падзяляюцца на наступныя групы:

а) тропы з адносінамі прамога і пераноснага значэнняў: метафара, параўнанне, эпітэт, метанімія, сінекдаха, гіпербала і літота;

б) тропы з адносінамі сінанімічнага характару: перыфраза, антанасімія, эўфемізм, дысфемізм;

в) тропы з адносінамі антанімічнага характару: антытэза, аксюмаран, іронія;

Информация о работе Стылістычнае выкарыстанне слоў у пераносным значэнні (на матэрыяле трылогіі якуба коласа “на ростанях”