Стылістычнае выкарыстанне слоў у пераносным значэнні (на матэрыяле трылогіі якуба коласа “на ростанях”

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 08 Сентября 2013 в 17:17, дипломная работа

Краткое описание

Мэта даследавання: характарыстыка слоў, ужытых у пераносным значэнні.
Задачы:
- ахарактарызаваць словы ў пераносным значэнні;
- паказаць стылістычнае выкарыстанне тропаў;
- разгледзець словы ў пераносным значэнні (на матэрыяле трылогіі Я. Коласа “На ростанях”: эпітэты, метафары, параўнанні) як сродкі стварэння мастацкай выразнасці і вобразнасці.

Содержание

Уводзіны……………………………………………………………….4
1. Паняцце пра тропы……………………………………………….7
1.1.Тропы з адносінамі прамога і пераноснага значэнняў……….....7
1.2.Тропы з адносінамі сінанімічнага характару………………….. 15
1.3. Тропы з аманімічнымі і паранімічнымі адносінамі………….. 17
1.4. Тропы з адносінамі антаніміянага характару………………… 18
1.5. Тропы з адносінамі несумяшчальнасці………………………. 21
2. Вобразна-выяўленчыя сродкі ў трылогіі
Я. Коласа “На ростанях ………………………………………... 23
2.1. Мова і стыль трылогіі: агульная характарыстыка………….....23
2.2. Стылістычнае выкарыстанне эпітэтаў…………………………27
2.3. Стылістычнае выкарыстанне метафар…………………….......36
2.4. Стылістычнае выкарыстанне параўнанняў……………………43
Заключэнне…………………………………………………………...48
Спіс выкарыстанай літаратуры……………………………………..52

Прикрепленные файлы: 1 файл

Диплом.doc

— 348.00 Кб (Скачать документ)

З такім жа выдатным майстэрствам намаляваны сцэны, як бабка  Мар’я раздае сялянам разбаўленую свянцоную ваду, спрэчка паміж палешукамі з-за свята, сцэна прычашчэння дзеда Мікіты айцом Мадэстам. Кожная такая сцэна ў трылогіі прасякнута па-народнаму дасціпным гумарам і выяўляе істотныя рысы народнага светапогляду. Тут нельга не бачыць творчага выкарыстання пісьменнікам народных казак і анекдотаў пра служак рэлігіі.

У сапраўднага  мастака набывае экспрэсіўны  сэнс самае звычайнае слова, варта  яму толькі вылучыць яго, адмежавацца  ад яго пашыранага сэнсу.

Я. Колас валодае ўменнем выбіраць з мовы самае яркае і самабытнае. Пацверджаннем гэтаму з’яўляецца шырокае выкарыстанне прыказак і прымавак ў аўтарскай мове і маўленні герояў.

У мастацкім  творы прыказкі і прымаўкі ўжываюцца не ў якасці цытат. Яны набываюць у кантэксце дадатковы сэнс у залежнасці ад таго, хто іх ужывае, з якой мэтай.

Пры дапамозе прыказак і прымавак, у якіх увасобіўся вялікі народны вопыт, Я. Колас часта  падводзіць вынік сваім развагам, ставіць лагічную кропку ў дыялогу  герояў, заканчвае апісанне як бы заключным  акордам.

 

У беларускім фальклоры  ёсць прыказкі, якія прыйшлі з іншых моў, перш за ўсё з рускай. Я. Колас ведаў іх і актыўна карыстаўся: “Сем разоў прымер, а адзін адрэж”, “Ад торбы і ад турмы не адракайся”, “Жыцце пражыць – не поле перайсці”.

У трылогіі нямала прыказак арыгінальных, уласна беларускіх: “Чалавек ёсць хлеб траякі: белы, чорны і ніякі”, “Цацанкі-абяцанкі, а дурному радасць”, “Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю”.

Я. Колас аддаваў перавагу прыказкам і прымаўкам гукава арганізаваным, аздобленым рыфмай. Да згаданых вышэй можна дадаць яшчэ: “Калі каму шанцуе, той ў лапцях і танцуе”, “Ці памер Гаўрыла, ці скула яго задавіла”, “Плакаў, плакаў, а бог быў аднакаў, пачаў танцаваць, пачало шанцаваць”, “Жабрак жабраку відзён па кійку”, “Што не ўдалося цяпер, тое ўдасца ў чацвер”.

Прыказкі і  прымаўкі на фоне празаічнага тэксту звяртаюць на сябе ўвагу, узбуйнена  перадаюць аўтарскую думку, робяцца  сэнсава важным цэнтрам у апісанні або ў размовах людзей.

Такім чынам, да асаблівасцей мовы трылогіі можна аднесці шырокае выкарыстанне прыказак і прымавак, дыялогаў, унутраных маналогаў, няўласна-простай мовы, а таксама жывой народнай гаворкі.

 

 

2.2. Стылістычнае выкарыстанне эпітэтаў

 

Агульнавядома, што сярод усіх стылістычных сродкаў літаратурнай мовы эпітэтам належыць значная роля. Яны з’яўляюцца сродкамі перадачы псіхалагічнага ўспрымання вобразаў, дапамагаюць дакладна і ўсебакова ахарактарызаваць з’яву або прадмет, узбагаціць змест твора. У літаратурнай мове багацце эпітэтаў – гэта паказчык яе развітасці, гнуткасці, здольнасці перадаваць самыя тонкія пачуцці і думкі, выдзяляць складаныя паняцці і характарыстыкі, даваць апісанні прадметаў, рэчаў, з’яў рэчаіснасці, перажыванні герояў і адносіны пісьменніка да рэалій, якія ён бачыць і адлюстроўвае ў сваіх творах.

Эпітэты ў творах выкарыстоўваюцца па-рознаму, у залежнасці ад мастацкага таленту пісьменніка, яго задум, ідэй і тэмы твора. Назіранні і аналіз эпітэтаў даюць магчымасць прасачыць спосабы і прыёмы стварэння вобразаў, псіхалагічных характарыстык персанажаў, усвядоміць магчымасці мовы, высветліць спецыфіку эстэтычнага ўздзеяння твора на чытача. І галоўнае – дапамагаюць прасачыць, як фарміраваўся індывідуальны мастацкі стыль пісьменніка.

Эпітэт на працягу стагоддзяў разглядаўся як упрыгожванне мовы, якое надавала мастацкаму твору вытанчанасць і бездакорнасць стылю. Развіццё лінгвістыкі як навукі садзейнічала станаўленню новай ацэнкі некаторых традыцыйных паняццяў, у тым ліку і эпітэтаў, як аднаго з самых старажытных і найбольш ужывальнага стылістычнага сродку.

Сярод стылістычных сродкаў  у мове мастацкай літаратуры менавіта эпітэт лічыцца самым першым і  простым тропам, і ў літаратуры ён дапамагае дакладна і ўсебакова характарызаваць жыццёвую з’яву, прадмет, чалавека, робіць вобраз праз акрэсленне істотнай рысы або прыметы яркім і запамінальным, выклікае пэўныя эмацыянальныя адносіны, дае магчымасць успрымаць аўтарскае бачанне рэчаіснасці.

Стылістычныя функцыі  эпітэта ў мове мастацкай літаратуры можна ў самым агульным выглядзе вызначыць як яго прызначэнне, разумеючы пад гэтым:

 

1) той  аб’ём стылістычнай інфармацыі, якую пісьменнік укладае ў дадзены эпітэт;

2) тое псіхалагічнае ўздзеянне,  якое аказвае на чытача гэта  стылістычная інфармацыя.

Стылістычныя функцыі  эпітэта ў стылі мастацкай  літаратуры ўяўляюць з сябе складаную, шматузроўневую, іерархічна арганізаваную сістэму, усе элементы якой узаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены. Найвышэйшым узроўнем у гэтай сістэме з’яўляецца ўзровень інварыянтных функцый, гэта значыць функцый, агульных для ўсіх стылістычных прыёмаў у дадзеным стылі мовы. Для мастацкага стылю такой інварыянтнай стылістычнай функцыяй будзе эстэтыка-пазнавальная функцыя [4, с. 29]. Вось прыклады такіх эпітэтаў з трылогіі Я. Коласа “На ростанях”: Мяккія ласкавыя гукі стройным сугалоссем паліліся па пакоі, напаўняючы яго прыемным звонам і навяваючы якіясь добрыя, ціхія чары (42)*; На гэта трэба мець асаблівы талент (52); Спявала яна з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі прыемнае і добрае ўражанне (53).

Наступны ўзровень іерархіі ў сістэме стылістычных функцый  эпітэта – варыянтныя функцыі, найбольш агульныя для дадзенага стылістычнага прыёму, ва ўсіх яго тыпах і разнавіднасцях. Варыянтнай функцыяй эпітэта ў мове мастацкай літаратуры з’яўляецца характарыстычная функцыя, пад якой разумеецца здольнасць эпітэта надаваць азначаемаму ім прадмету ці з’яве якую-небудзь характарыстыку, дадатковую для тых яго прымет, якія зафіксаваны за дадзеным словам ў слоўніках. Змест гэтай функцыі эпітэта выяўляецца ў перадачы разнастайнай стылістычнай інфармацыі [4, с. 30]. Прыкладамі такіх эпітэтаў у разглядаемым творы могуць служыць наступныя: Апошні раз расступіўся лес, і перад вачыма настаўніка раскрылася шырокая круглая палянка, вясёлая і прыветная (19); Лепшага месца я і не чакаў:


 

* Тут і далей  прыклады з кн.: Я. Колас. На ростанях [10]. У круглых дужках – нумар старонкі або старонак.

 

адзінокае, глухое (20); У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі (40); Следам за гэтым пачуліся лёгкія і частыя крокі, і ў пакой увайшла малодшая дачка пана падлоўчага (42); Ядвіся ўскінула на настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы (44); Ім і дазвалялася шмат таго, чаго не павінны былі рабіць звычайныя вучні, бо ў Лабановіча ў школе наогул быў строгі парадак (50).

Апрача ўзроўню варыянтных функцый, ёсць узровень стылістычных архіфункцый. Стылістычная архіфункцыя – абагульненая, тыпізаваная функцыя, характэрная для той ці іншай групы, у якой аб’яднаны эпітэты некалькіх структурных або семантычных тыпаў. Эпітэт у стылі мастацкай літаратуры выконвае тры стылістычныя функцыі: арганізацыйную, экспрэсіўную і ацэначную.

Арганізацыйная архіфункцыя – уласцівая эпітэту як кампаненту атрыбутыўнага словазлучэння здольнасці звязваць атрыбутыўнымі адносінамі словы, якія абазначаюць прадметы або з’явы, не звязаныя ў аб’ектыўнай рэчаіснасці [4, с. 30]. У трылогіі “На ростанях” такую функцыю выконваюць наступныя эпітэты: Памочнік ускінуў на яе свае алавяныя вочы (90); Голас у яе быў свежы, сакавіты (53); Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырышся і, здавалася, нерухома застыў у марозным паветры (56).

Экпрэсіўная функцыя эпітэта – яго здольнасць павялічваць сілу уздзеяння выказанага праз наўмыснае ўзмацненне, інтэнсіфікацыю прыметы, якую абазначае эпітэт [4, с. 30]. Я. Колас таксама выкарыстоўваў эпітэты ў такой функцыі: Іх часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго ён прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі (31); Яна, мусіць, не спадзявалася выдаць сябе  такім чынам, і з губ яе сама сабою збегла прыемная і павабная ўсмешка, пасля чаго дзяўчына выйшла шпарчэй і ўжо не аглядалася (91).

Ацэначная функцыя – здольнасць эпітэта выражаць аўтарскую ацэнку прадмета або з’явы. Прыкладамі такіх эпітэтаў, якія выконваюць такую функцыю могуць быць наступныя: Народ наш, трэба сказаць праўду, грубы, дзікі (31); Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе ён стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца (37).

Пісьменнік шырока карыстаецца эпітэтамі ў маналогах і дыялогах, што робіць іх вельмі разнастайнымі паводле гучання: узнёсла-рамантычныя, лірычныя і ўсхваляваныя інтанацыі ў адных змяняюцца на спакойны, памяркоўна-разважлівы тон у другіх :

  • Што мне падабаецца ў пана Турсевіча, дык гэта тое, што ён умеў паставіць сябе ў кожным коле грамадства і меў свой асабісты гонар.
  • Я лічу яго адным з выдатнейшых настаўнікаў і працаўнікоў (размова Лабановіча і пана падлоўчага) (43).

У прыведзеным дыялогу адчуваецца ўзнёслая інтанацыя. Аўтар ужыў такія эпітэты, як асабісты, выдатнейшы для характарыстыкі Турсевіча. Гэта дае нам падставу меркаваць, што Турсевіч – чалавек адданы сваёй справе.

Прыкладам насычанага эпітэтамі маналогу можа быць наступны (маналог Лабановіча ў час размовы  яго з дачкамі падлоўчага аб цікавых кнігах):

  • Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. І кожная звычайная з’ява жыцця, калі ахінуць яе ў прыгожую форму і асвятліць больш-менш яскрава тым ці іншым светапоглядам і пры гэтым яшчэ вызначыць тыя, часта непрыметныя пружыны выяўлення нашай душы, што звычайна не ўлоўліваюцца нашым вокам, - можа быць тэмай для вельмі цікавага апавядання. Хоць бы ўзяць для прыкладу вас. Можа б было, - каб знайшоўся такі, разумеецца, мастак, - цікава напісаць, як ў глухім Палессі гадаваліся і раслі дзве красуні-сястры. Гэтыя дзяўчаткі хочуць вырвацца на шырокі прастор жыцця, бо іх забівае і губіць гнілое паветра палескіх балот і гразь розных падонкаў культуры. Вось вам аснова апавядання, драмы ці чаго хочаце. Для аўтара тут расчыняюцца шырокія магчымасці (82–83).

Тыпізацыі вобразаў служыць такі дапаможны сродак у  раскрыцці характараў, як партрэт [4, с. 13]. Ствараючы партрэты, Я. Колас пры дапамозе эпітэтаў не проста перадае знешняе аблічча персанажаў, а раскрывае іх унутраны свет. Партрэтныя замалёўкі пісьменніка з’яўляюцца сродкам псіхалагічнага аналізу: Айцец Кірыл быў чалавек яшчэ малады, нізенькі, шчупленькі, худзенькі, з рэдкаю цёмнаю бародкаю і жывымі, крыху неспакойнымі цёмна-шэрымі вачамі (27). Прачытаўшы гэтае апісанне аднаго з персанажаў трылогіі, складваецца ўражанне, што айцец Кірыл неспакойны чалавек, незадаволены жыццем. І гэта сапраўды так. Такім ён стаў пасля выпадку на полі, калі яго пабіў адзін мужык.

Такіх трапных апісанняў партрэту персанажаў праз эпітэты ў тэксце шмат. Яшчэ адзін прыклад: Стараста, па звычаю ўсіх палешукоў, меў доўгія валасы. Рыжая бародка, вузкая і выгінастая, і крыху хмурны пагляд спадылба рабілі старасту падобным да званковага караля. Звярнуўшы ўвагу на яго здаравецкі склад, на шырокую расхлістаную грудзіну, на якой яшчэ значыліся сляды летняга загару і адбіткі вятроў, Лабановіч мімаволі ўспомніў яго бацьку Рыгора… (33). Пасля прачытання гэтай партрэтнай замалёўкі, перад намі паўстае мужны, крыху хмурнага выгляду чалавек, які вельмі старанна падыходзіць да свайго абавязку.

Выбар эпітэтаў, што абмалёўваюць унутраны, псіхалагічны партрэт персанажаў Я. Коласа ў трылогіі, залежыць ад таго, у якіх абставінах знаходзіцца чалавек, наколькі моцнае ўражанне робяць на яго тыя ці іншыя падзеі, у якой меры яны пакідаюць свой адбітак у чалавечай душы: Ядвіся ўскіула на пана настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы (першае знаёмства Ядвісі і Лабановіча. Ядвіся імкнулася спадабацца госцю) (44). Яшчэ адзін прыклад апісання палешукоў у час спрэчкі дзвюх жанчын: Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу (48).

Пры дапамозе эпітэтаў Я. Колас падкрэслівае фізічную і душэўную прыгажосць сваіх герояў, паказвае іх маральную сілу і веліч: Цяпер ён заўважыў, што гэта была высокая, стройная дзяўчына, вельмі добра, нават з густам адзетая (39); Лабановіч зблізку ўбачыў яе твар з бліскучымі прадаўгаватымі вачамі (39); Крыху счакаўшы, у пакой увайшоў меншы сын Баранкевіча, хлопчык гадоў дзевяці, даволі панурага выгляду, з вялікаю кучараваю галавою і прыгожым тварам (42); Габрыня

зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрою, стройнаю чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі, прыгожа абрысаванымі брывамі (42-43).

Адзін з найбольш распаўсюджаных пры апісанні герояў прыёмаў у трылогіі – засяроджванне ўвагі чытача на вачах герояў. Пісьменнік шукае змястоўнага, важкага эпітэта да слова “вочы”, бо менавіта яны адлюстроўваюць перажытае, шмат гавораць пра чалавека. Так цёмныя, акруглыя вочы Ядвіся, якія мянялі свой выгляд у залежнасці ад яе настрою, гавораць нам пра яе прыгажосць і хараство: Выгляд яе цёмных, акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабілася ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла (43).

Яшчэ адно вельмі яскравае апісанне хараства незнаёмай дзяўчыны, якую Лабановіч сустрэў каля чыгункі, асновай якога з’яўляюцца таксама вочы: Незнаёмая дзяўчына, як бы спалохаўшыся, зноў апусціла свае чорныя, як смоль, вочы. Лабановіч, зблізку ўбачыўшы яе твар з бліскучымі прадаўгаватымі вачамі, злёгку здрыгануўся: дзяўчына была незвычайна прыгожая (39).

Са словам “вочы” ўжываюцца таксама наступныя эпітэты, якія дапамагаюць яскрава ўявіць сабе рэакцыю або знешнасць апісваемага ў тэксце героя: Цёмныя вочы яе з доўгімі мігаўкамі як бы рассыпалі прамені (52); Памочнік ускінуў на яе свае алавяныя вочы (90);  Лабановіч уявіў яго ласыя вочы (103); Вочы яго сталі нерухлівымі і пазіралі ў адзін бок (120); Жывыя і бойкія вочкі яе свяціліся радасцю (80).

З дапамогай эпітэтаў Я. Колас стварае дасканалыя пейзажныя малюнкі, акія адрозніваюцца сваім яркім нацыянальным каларытам, тонкай дэталізаванасцю: Хацелася пайсці ў бок раз’езда, ісці доўга-доўга па гэтых шпалах між развіслых, шырокіх лазовых кустоў, хмызняку і лесу (60); Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду (63); За другою будкаю пачынаўся высокі  бор, і месца было больш сухое і вясёлае (65).

Дзейсным сродкам  індывідуалізацыі герояў з’яўляюцца пейзажныя замалеўкі. Яскравым прыкладам, што сведчыць пра ўзнеслы настрой Лабановіча,   з’яўляецца пейзажная замалеўка беларускага краю, якая добра раскрывае ўнутраныя пачуцці і развагі героя: Шырокі гасцінец з двума радамі старых бяроз збягаў з горкі раўнюсенечкаю сценкаю кудысь на захад, і чым далей, тым, здавалася, гусцей стаялі гэтыя развіслыя тоўстыя дрэвы. Шырока і размашыста пралягаюць шляхі ад вёскі да вёскі. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага! Ці не гэта, нікім не выказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных? А можа, гэта таемная і страшная бясконцасць блукання па свеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец (74 – 75).

Информация о работе Стылістычнае выкарыстанне слоў у пераносным значэнні (на матэрыяле трылогіі якуба коласа “на ростанях”