Автор работы: Пользователь скрыл имя, 05 Октября 2015 в 10:45, реферат
Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Папулярнасць яго нязменная, патрэба ў ім адчуваецца і ў нашы дні.
Шмат стагоддзяў карыстаюцца беларусы ручніком. Ткуць яго і расшываюць і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў.
1. Уводзіны
§1.1 Актуальнасть і сацыяльная значнасць
§1.2 Тэма даследавання
§1.3 Мэта
§1.4 Задачы
§1.5 Аб’ект даследавання
§1.6 Гіпотэза
§1.7 Практычнае выкарыстанне
2. З гісторыі беларускага ручніка
§2.1 Магічная сіла ўзораў народнага ручніка
§2.2 Сімволіка колераў
§2.3 Неразгаданыя таямніцы ручнікоў
3. Магічныя вобразы і сімвалы народных ручнікоў
§3.1 Узоры
Заключэнне
Спіс выкарыстанай літаратуры
Жаночая доля звычайна ўвасабляецца ў выглядзе пышнага рознакаляровага букета ці вазона, падобнага на тыя, што стаяць на падаконніках
Увогуле сімвал жаночай долі больш правільна было б называць мараю пра лепшую жаночую долю. Такое цяжкае, бязрадаснае было жыццё сялянкі – і такі пышны, маляўнічы букет. Сімвалы жаночай долі, якімі майстыхі аздаблялі свае ручнікі, не толькі просьбы ці мары. Гэта яшчэ і сведчанне паэтычнасці душы народа, высокага эстэтычнага густу, пачуцця прыгожага. Гледзячы на гэты рукатворны свет можна забыцца на цяжкую долю, памарыць пра лепшае жыццё.
Душа – сімвал беларускага фальклору ўмяшчае ў сябе такое складанае паняцце, як душа. Адлюстроўвалася ў выглядзе стылізаванага мытылька з арнаментам на крыльцах, які падкрэслівае бязважкасць, крохкасць, узнёсласць.
Папулярнымі сімваламі кахання з’ўляюцца голуб і галубка. Увогуле голуб сімвалізуе многія паняцці. Ён выступае як сімвал міру, у хрысціянстве абазначае Святога духа. Але часцей за ўсё ён сімвалізуе каханне. Гэтае ўсёабдымнае пачуццё звычайна называюць светлым, радасным, узнёслым. Але каханне каханню розніца. Яно можа толькі зараджацца або ісці на спад, быць узаемны або трагічным. Усе гэтыя асаблівасці ў народнай мастацкай творчасці набылі адпаведную інтэрпрэтацыю.
Каханне ў росквіце – пара галубкоў з’яўляюцца сімвалам кахання для беларусаў і выражаюць самыя тонкія адценні пачуцця. Калі галубкі паказаны ў адным накірунку, гэта азначае пачатак кахання, заляцанне хлопца да дзяўчыны, калі яны звернуты адзін да аднаго – то каханне ў росквіце і пажаданні вечнай узаемнасці. Калі галубкі глядзяць у розныя бакі – то гэта азначае, што каханне закончылася. (магчыма смерць…)
Найбольш поўным выразнікам лірычных і паэтычных настрояў у народнай творчасці былі птушкі. Так, голуб і галубка сімвалізавалі каханне, салавей – песняра кахання, зязюля – жанчыну-ўдаву, сокал – вобраз каханага, арол – героя. У беларусаў певень лічыўся свяшчэннай птушкай. З пеўнем і яго крыкам звязваўся ўзыход сонца, наступленне новага дня, знікненне нячыстай сілы. Таму так часта можна бачыць сілуэт пеўня на старажытных абрадавых ручніках.
Дабрабыт - гэта важнае для беларуса паняцце адлюстравана ў такім элеменце арнамента, як парныя завіткі-загагуліны рога. Так лічылася з даўніх часоў, калі ў гаспадарцы ёсць каровы, козы, свінні – то людзі былі ўпэўнены, што накормяць і адзенуць усіх членаў сям’і.
Песня – нават песню змаглі выткаць і вышыць беларускія жанчыны. У арнамент ручніка, як і песню, вышывальшчыца ўкладвала ўсю сваю душу.
Песня адлюстроўвалась своеасаблівай чатырохканцовай разеткай. Такі арнамент можна знайсці ў любым куточку Беларусі. У гэтых песнях-узорах увасоблены самыя глыбокія пачуцці i думы, імкненні да шчасця, волі, праўды, прыгажосці.
Дзед Мароз – гэты сімвал адрозніваецца ад вобраза добрага навагодняга Дзеда Мароза. Мароз, які марозіць, нясе холад і небяспеку для пасеваў, жывёлы, людзей. Таму вышывалі такія стылізаваныя сняжынкі, каб задобрыць Мароза і зберагчы свае пасевы і гаспадарку ад зімовай сцюжы.
Абярэг ад хваробы – сімвал, які адводзіць ад чалавека хваробу і аберагае ад злых духаў. Выстаўленыя ва ўсе чатыры бакі рагаткі быццам паўтараюць старажытны знак абароны – разведзеныя ў бакі ўказальны і сярэдні пальцы пры зжатым кулаку.
Васьміканцовая зорка - вельмі старажытны сімвал, які абазначае чалавека. Часцей за ўсё ён сімвалізаваў мужчыну.
Дрэва – сімвалізуе народнае Дрэва Жыцця. Гэта своеасаблівы радавод. Яго галінкі – розныя пакаленні сям’і. Галінкі, звернутыя ўверх, абазначаюць малітву небу, а апушчаныя ўніз – благаславенне роду. Кветкі, якімі заканчваецца галінка абазначаюць дзяцей.
Сям’я – аснова існавання любога грамадства. Нашы продкі гэта вельмі добра разумелі і ўключалі ў арнамент вышыўкі сімвал сям’і. гэта чатыры крыжападобныя разеткі з агульным цэнтрам у рамцы. Арнамент нагадвае кветку з чатырма лісцікамі (дзецьмі), якія падтрымліваюцца і ўмацоўваюцца цэнтрам (бацькамі).
Продкі – беларусам здаўна было характэрным глыбокая павага да продкаў. І гэты сімвал азначае, што памяць аб продках будзе жыць, пакуль жыве іх род.
Народ, які шануе сваіх продкаў, вызначаецца асаблівай жыццёвай устойлівасцю ў віхурах гісторыі. Ні войны, ні эпідэміі яго не адолеюць, Уласціва гэта і славянам, у тым ліку і беларусам, у якіх пашана да продкаў здаўна была святым пачуццём. Адно са сведчанняў гэтага – традыцыйнае свята ўшанавання продкаў Дзяды. Праводзілі яго некалькі разоў на год: вясновыя, летнія, асеннія, зімовыя Дзяды. Як і іншыя народныя святы, праводзіліся яны ўрачыста, з мноствам абрадаў і рытуалаў, толькі было тут менш весялосці, а больш засяроджанасці і велічы. Такая пашана да памяці продкаў увасобіласяі ў народным мастацтве, у тым ліку ткацтве і вышыўцы, якія з глыбокай старажытнасці захавалі вобразы-сімвалы продкаў.
Працуючы над работай я прачытала многа літаратуры і для сябе адкрыла шмат цікавага і новага. Паводле народных уяўленняў, у Ярылы ёсць жонка Жытняя Баба і дзеці – Жыцень, Спарыш, Рай і Багач. Усе яны клапаціліся пра добры ўраджай на ніве. Таму сяляніне заўсёды віталі іх, чакалі ў госці, добра частавалі і спадзяваліся на добры ўраджай Найбольш папулярны сімвал ураджаю – Жыцень – мае выгляд разеткі ў выглядзе ромба, ад вуглоў якога адыходзяць па два стылізаваныя жытнія каласы. Ён нагадвае дажынкавы вянок, які сімвалізаваў паспяховае заканчэнне жніва. Як сімвал ураджаю, вянок разам з дажынкавым снапо м ставілі пад абразы на покуці. Жыцень вельмі шанаваўся ў народзе, да яго звярталіся на дапамогу.
У далёкім мінулым сялянскія нівы пасля жніва былі ўстаўлены бабкамі снапоў. Так дасушвалі зжатае жыта. Прыгажуні-бабкі і з’явіліся асновай для ўзнікнення яшчэ аднаго сімвалу ўраджаю – Жытняй Бабы
Нашы продкі лічылі, што Жытняя Баба вылечвае ад жаночых хвароб, дапамагае пры родах. Хто шануе Жытнюю Бабу, той заўсёды мае добры ураджай на ніве.
Сімвал зерня ў народнай мастацкай творчасці мае выгляд крыжыка, які амаль заўсёды дапаўняецца рознымі элементамі. А матыў хлеба набыў выгляд шматграннікаў: кругоў ці ромбаў, устаўленых адзін у адзін.
Хлеб – аснова багацця сям’і. Без хлеба цяжка ўявіць сабе штодзённае харчаванне і сучаснага беларуса. Гэты сімвал напамінае аб тым, якой цяжкай працай дастсваўся хлеб чалавеку, і аб неабходнасці паважлівых адносін да яго.
Дзіця – для абазначэння дзіцяці ў вышыўцы і ткацтве выкарыстоўваўся сімвал. У аснову якога пакладзена васьміконцовая зорка з квадратам і крыжыкам усярэдзіне. Гэты элемент суадносіцца з сімвалам берагіні.
У мінулым людзі шмат працавалі, але ўмелі і любілі святкаваць. Пачатак ці заканчэнне новага працоўнага працэсу, змена пары года, значная падзея ў жыцці адзначаліся святамі. Святы ж абавязкова суправаджаліся рознымі прыгожымі, паэтычнымі дзеяннямі і абрадамі. Варажылі на снезе і вадзе, на гарышчах і ў лазнях, абсыпаліся зернем жыта або ячменю. Хадзілі з зоркай, мядзведзем ці казою, насілі пеўня, надзявалі розныя маскі. Па вёсках хадзілі скамарохі з мядзведзямі, сабакамі ці пеўнямі. Вандроўны лялечны тэатр батлейка паказваў сцэны раства Хрыстова або павучальныя сюжэты пра добрую ці благую жонку. Позняй восенню пачыналі вяселлі. Гэта былі цэлыя спектаклі, дзе так многа было песень, жартаў, розыгрышаў, абрадаў. Па суботах і нядзелях наладжваліся ігрышчы. Саюз працы і хараства можна лічыць тым асноўным законам, па якім жылі нашы продкі. Святы атрымалі адлюстраванне і ў народнай мастацкай творчасці.
Адно з найстаражытнейшых і любімых у народзе святаў – Купалле. Гэта свята сонца, вяршыні лета, росквіту прыроды.
Гэта самае насычанае абрадамі старажытнае свята.
У народнай мастацкай творчасці любімы і пашыраны вобраз Купалінкі, якая ўяўляецца маладой вясёлай дзяўчынай, часам жанчынай з дзецьмі. Гэты паэтычны вобраз часта сустракаецца ў народным мастацкім ткацтве і вышыўцы. Так, на ручніках можна сустрэць Купалінку, якая паказана ў танцы. За дзень да Купалля моладзь дамаўлялася, што браць з сабою. Дзяўчаты і маладзіцы звычайна неслі закуску, хлопцы – пітво. Вечарам збіралі ламачча, распальвалі вогнішча, рассаджваліся навокал і наладжвалі баляванне ў гонар Купалінкі. Спявалі купальскія песні, весяліліся, танцавалі. Дзяўчаты плялі вянкі для гадання. Дзяўчына кідала свой вянок у агонь, а той з хлопцаў, хто яе кахаў і хацеў ажаніцца з ёю, стараўся выхапіць вянок з агню. Мог і добра апячыся пры гэтым, але ж выхопліваў, дэманструючы моц кахання. Варажылі і на вадзе возера ці рэчкі, кідаючы туды вянкі, а хлопцы даставалі. Калі паблізу не было вады, то кідалі ў траву ці ў кусты.
У купальскую ноч збіралі зёлкі, верачы ў іх магічную сілу, кляліся ў каханні да магілы, часам дамаўляліся пра вяселле. У поўнач самыя адважныя ішлі ў лясную гушчэчу шукаць папараць-кветку, пры гэтым марылі пра самае запаветнае. Людзі верылі , што ў гэтую ноч зацвітае папараць-кветка, якая дае чалавеку шчасце і сілу, паведамляе пра ўсе таямніцы прыроды. Здабыць кветку шчасця вельмі цяжка. Але кожны чалавек яе шукае ўсё сваё жыццё. Таму ўся атрыбутыка Купалля знайшла адлюстраванне на ручніках.
Гэта купальская трава з трыма кветкамі , паколькі яе збіралі на тры асноўныя мэты: на вянкі, для варажбы і як лекі.
Прыгожа выглядаў матыў купальскага агню ў выглядзе раслінных парасткаў з кветкамі на канцах і з зоркай у цэнтры. Паводле павер’яў, купальскі агонь меў чароўную сілу. У ім бачылі ачышчальны і ахоўны пачатак. Вакол купальскага агню моладзь вадзіла карагоды. Раней сцвярджалі, што купальскі агонь мае сілу даваць ураджай і праганяць смерць. Скакалі праз агонь, закаханыя парамі. І калі іх рукі не разыходзіліся, то гэта добрая прымета: вяселле іх у гэтым годзе павінна было адбыцца. Праз увесь час ля вогнішча не змаўкалі песні, жарты. Пасля моладзь ішла да рэчкі, дзяўчаты пускалі вянкі на ваду. А сталыя людзі гутарылі аб мінулым, згадвалі пра ўсякія дзівосы. Купальскі агонь лічылі больш цудадзейным, чым агонь грамнічнай свечкі. Вугалёк з яго хавалі, лічылася, што ён лечыць, ахоўвае ад сурокаў.
У шматлікіх мастацкіх творах народаў амаль усяго свету адлюстравана ружа як сімвал прыгажосці і кахання. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца гэтая прыгожая кветка ў сучаснай народнай мастацкай творчасці з яе павышанай дэкаратыўнасцю, яркасцю і насычанасцю колераў, імкненнем да адлюстравання рэальных вобразаў.
Адзінства з прыродай выявілася і ў народным мастацкім ткацтве. На ручніках – і кветкі, і травы, і жывёлы, і птушкі. Асаблівай квяцістасцю вызначаюцца ручнікі апошніх дзесяцігоддзяў, калі ў народным мастацтве сталі забывацца сімвалічныя матывы геаметрычнага характару, а на першы план выйшла дэкаратыўнасць, якая часам пераходзіць у натуралізм. Асабліва гэта выяўляецца ў ручніках з расліннымі матывамі. Вельмі папулярнымі і любімымі з’ўляюцца ружы.
Ручнiк адлюстроўвае гiсторыю народа, яго дух, творчыя памкненнi i мастацкае светаўспрыманне. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры i мастацтва. Беларусы, як нi адзiн з iншых еўрапейскiх народаў, захавалi да пачатку ХХI стагоддзя ў жывым функцыянiраваннi незлiчонае багацце фальклору, архаiчную разнастайнасць i паўнату сямейнай i каляндарна-аграрнай звычаёвасцi, традыцыйны касцюм, мастацкiя рамёствы. Працягваюць сваё развiццё шмат якiя вiды народнага дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Сярод iх — ручнiк, якi i сёння ткуць i вышываюць у розных кутках Беларусi.
Мабыць, пра саміх сябе, пра сувязь чалавека з прыродай, з сусветам, з космасам нашы не такія ўжо далёкія продкі ведалі значна больш, чым мы. Напэўна, і мы з цягам часу зможам зразумець шмат з таго, што здаецца сёння незразумелым, і тым самым пазнаём сябе, сваю душу, псіхалогію, слынны беларускі нацыянальны характар. Шчыра ўдзячна ўсім, хто з’яўляецца арганізатарам сённяшняй навуковай канферэнцыі, бо я б ніколі, напэўна, не адкрыла б для сябе загадку, тайну, веліч народнага матулінага ручніка.
Заключэнне
Я з вялікім задавальненнем працавала над работай. Я зразумела, што трэба вывучаць, даследаваць спадчыну роднага краю: народныя песні, паданні, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, таму што гэта жыватворная крыніца, якая дае жыццё нашай сучаснасці, нашай будучыні. Пад час даследавання асноўную інфармацыю аб абрадавым выкарыстанні ручніка атрымала шляхам апытання жыхароў пасёлка, пераважна жанчын. Многія старажылы захоўваюць ручнікі, берагуць іх.
Даследаванне дало магчымасць яшчэ раз дакрануцца да духоўнай спадчыны, да народных традыцый і звычаяў свайго народа, усведаміць непарыўную сувязь беларускага ручніка з духоўнай культурай беларусаў.
У выніку даследавання я зрабіла для сябе вывады:
Информация о работе Магічныя вобразы і сімвалы народных ручнікоў