Автор работы: Пользователь скрыл имя, 09 Марта 2014 в 17:20, реферат
Беларускі мысліцель-гуманіст эпохі Адраджэння, рэлігійны рэфарматар, тэолаг, філолаг, гісторык, паэт, філосаф, педагог, прадаўжальнік культурна-асветніцкай, нацыянальна-патрыятычнай і філасофскай традыцыі Ф.Скарыны. Пытанні пра месца нараджэння і нацыянальнасць Б. застаюцца дыскусійнымі. Дакладна не высветлена, беларус ён ці паляк, нарадзіўся ў Будах беларускіх ці ў Будах, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы (Мазовія). Адзінаю крыніцаю, якою кіраваліся раннія даследнікі паходжаньня Сымона Буднага зьяўляецца кароткі запіс ў мэтрыцы Кракаўскага ўнівэрсытэту за 19 кастрычніка 1544 г., дзе напісана: «Simon Alberti de Budny dioc Plocensis 1 gr. s.». Адгэтуль Станіслаў Кот зрабіў вывад, што прозьвішча «de Budny» зьяўляецца паказьнікам паходжаньня ягонага носьбіта з «Буды», аднак, як адзначае Вітаўт Тумаш, толькі ў межах пасляваеннай БССР налічвалася каля 140 селішчаў з назовамі Буда, Буды, а, улічваючы этнічную тэрыторыю рассялення беларусаў па-за межамі рэспублікі, колькасьць населеных пунктаў з назваю «Буды» павялічваецца да некалькіх сотняў.
Сымон Будны (1530 - 13.1.1593)
Беларускі мысліцель-гуманіст эпохі Адраджэння, рэлігійны рэфарматар, тэолаг, філолаг, гісторык, паэт, філосаф, педагог, прадаўжальнік культурна-асветніцкай, нацыянальна-патрыятычнай і філасофскай традыцыі Ф.Скарыны.
Пытанні пра месца нараджэння і нацыянальнасць Б. застаюцца дыскусійнымі. Дакладна не высветлена, беларус ён ці паляк, нарадзіўся ў Будах беларускіх ці ў Будах, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы (Мазовія). Адзінаю крыніцаю, якою кіраваліся раннія даследнікі паходжаньня Сымона Буднага зьяўляецца кароткі запіс ў мэтрыцы Кракаўскага ўнівэрсытэту за 19 кастрычніка 1544 г., дзе напісана: «Simon Alberti de Budny dioc Plocensis 1 gr. s.». Адгэтуль Станіслаў Кот зрабіў вывад, што прозьвішча «de Budny» зьяўляецца паказьнікам паходжаньня ягонага носьбіта з «Буды», аднак, як адзначае Вітаўт Тумаш, толькі ў межах пасляваеннай БССР налічвалася каля 140 селішчаў з назовамі Буда, Буды, а, улічваючы этнічную тэрыторыю рассялення беларусаў па-за межамі рэспублікі, колькасьць населеных пунктаў з назваю «Буды» павялічваецца да некалькіх сотняў.
Аднак нават тыя, хто лічыць Б. палякам, пагаджаюцца, што вельмі многія факты сведчаць на карысць яго беларускага паходжання: добрае веданне беларускай мовы, жыцця, нораваў, звычаяў, рэлігійных уяўленняў беларусаў, значная колькасць беларускіх слоў, фразеалагізмаў, народных прымавак і прыказак у яго творах, напісаных на польскай мове, беларускі патрыятызм і да т.п.
Каля 1544 Б. паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Кракаўскага універсітэта, дзе атрымаў грунтоўную гуманітарную і багаслоўскую адукацыю. У яго творах сустракаюцца імёны Арыстоцеля, Платона, Гамера, Дэмасфена, Вергілія, Тэрэнцыя, Сенекі, Цыцэрона, Плінія Старэйшага, Ціта Лівія, Салюстыя, Аўгусціна, Фамы Аквінскага, Ларэнца Валы, Эразма Ратэрдамскага, Скарыны, М.Лютэра, Ж.Кальвіна, М.Сервета і інш. філосафаў, вучоных, пісьменнікаў, багасловаў. Магчыма, пасля Кракава ён працягваў вучобу ў Базельскім пратэстанцкім універсітэце. У 1558 Б. прыехаў у сталіцу Вялікага княства Літоўскага - Вільню, дзе заняў пасаду катэхізіста (настаўніка пратэстанцкай беларускай суполкі) з абавязкам выкладаць асновы кальвінісцкага вучэння дзецям і дарослым. У выніку гэтай дзейнасці, якая працягвалася 2 гады, склалася яго першая праца на беларускай мове - "Катэхізіс". Гэта - аргумент на карысць беларускага паходжання Б.: каб адразу выкладаць на беларускай мове, неабходна было добра яе ведаць. У 1560 ён прызначаны прапаведнікам у Клецк. Сумесна з нясвіжскім намеснікам Мацеем Кавячынскім і яго братамі, а таксама з кальвінісцкім міністрам (прапаведнікам) Лаўрэнціем Крышкоўскім Б. заснаваў у Нясвіжы друкарню, пры якой была пабудавана і паперня (майстэрня па вырабе паперы). Падтрымку, у т.л. і фінансавую, беларускім кнігавыдаўцам аказвалі ўладальнік Нясвіжа Мікалай Радзівіл Чорны і будучы канцлер Вялікага княства Літоўскага Астафій Валовіч. Па загадзе апошняга з Вільні ў Нясвіж былі перавезены шрыфты Ф.Скарыны. 10.6.1562 у Нясвіжскай друкарні выйшла першая кніга - "Катэхізіс". Аўтарамі гэтай кнігі лічацца Б., Кавячынскі і Крышкоўскі, аднак галоўная роля ў яе напісанні належала Б. У кастр. 1562 у Нясвіжскай друкарні выйшаў другі беларускі твор таго ж аўтарскага калектыву "Об оправдании грешного человека перед Богом". Яшчэ ў пач. 19 ст. яго трымаў у руках В.С.Сопікаў, аднак да нашага часу ён не захаваўся.
На працягу 1563-64 Б. вёў перапіску з рускім праваслаўным багасловам Арцеміем, які ў 1555 разам з Феадосіем Касым і яго паплечнікамі ўцёк з Расіі на Беларусь ад праследавання царквы і царскай улады. Б. прыслаў Арцемію ў Слуцк першыя беларускія кнігі. Лісты Б. Арцемію да нас не дайшлі, але захаваліся 2 пасланні апошняга да беларускага мысліцеля, надрукаваныя ў "Рускай гістарычнай бібліятэцы" (т. 4, 1878). Б. быў таксама асабіста знаёмы з Іванам Фёдоровым і Пятром Мсціслаўцам, пра што пісаў у прадмове да Новага запавету (выд. 1574).
Б. належаў да памяркоўнай рэлігійна-рэфармацыйнай плыні, блізкай да кальвінізму, якая на Беларусі і ў Літве называлася евангелічнай. Але ў пач. 1560-х гадоў у яго ўзніклі сумненні наконт трактоўкі асноўных палажэнняў хрысціянскай дагматыкі - догмата Тройцы і прыроды Хрыста. 18.4.1563 ён накіраваў з Клецка вядомаму цюрыхскаму тэолагу Генрыху Булінгеру ліст, у якім ставіў пад сумненне догмат Тройцы ў каталіцкай і кальвінісцкай інтэрпрэтацыі і крытыкаваў яго з пазіцый фармальнай логікі. Спробай пераацэнкі хрысціянскага веравучэння тлумачыцца зварот Б. да вывучэння патрыстычнай літаратуры, г.зн. рэлігійнай філасофіі таго перыяду, калі хрысціянства яшчэ не было дагматызавана. У 1564 сумесна з Крышкоўскім Б. пераклаў на польскую мову і выдаў у Нясвіжы "Гутаркі святога Юсціна, філосафа і пакутніка з Трыфанам-іўдзеем".
У сярэдзіне 1560-х гадоў Б. - адзін з ідэолагаў антытрынітарызму, радыкальнай плыні беларуска-літоўскай Рэфармацыі. Ён удзельнічаў у рабоце сінодаў - з’ездаў беларускіх, літоўскіх і польскіх арыян (антытрынітарыяў), або літоўскіх і польскіх братоў, дзе ў вострых дыскусіях абараняў сваё рэлігійна-філасофскае і сацыяльна-палітычнае вучэнне. У 1565, пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага, Б. пакінуў Клецк і пераехаў у Холхла, куды яго запрасіла Ганна Кішка - удава віцебскага ваяводы. У гэты час у асяроддзі беларускіх і літоўскіх антытрынітарыяў узмацнілася дыскусія аб адносінах да феадальнага грамадства і дзяржавы, уласнасці, прыгоннага права, вайны і г.д. Як ідэолаг правага крыла літоўскіх братоў (беларускіх і літоўскіх антытрынітарыяў) Б. займаў у спрэчках памяркоўна-гуманістычную пазіцыю. Апраўдваючы грамадскія і дзяржаўныя асновы Вялікага княства Літоўскага, ён у той жа час патрабаваў змякчэння феадальнай эксплуатацыі, рэфармавання сацыяльна-палітычных інстытутаў: заканадаўства, судаводства, школьнай адукацыі, царкоўнага жыцця і да т.п. Пра змест гэтых дыскусій сведчыць сінод у Іўі, які адбыўся ў студзені 1568 (пра яго Б. падрабязна апавядае ў сваім творы "Пра свецкую ўладу"). Але галоўнымі ў яго творчай дзейнасці гэтага часу былі пераклад на польскую мову і крытычнае даследаванне Бібліі. У пошуках яе аўтэнтычнага тэксту і сэнсу яму давялося вывучыць і супаставіць паміж сабою вялікую колькасць біблейскіх кніг, напісаных на старажытнаяўрэйскай, старажытнагрэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, польскай, чэшскай, нямецкай, французскай, беларускай ("Біблія" Скарыны) мовах, тэалагічных і філасофскіх трактатаў многіх старажытных, сярэдневяковых і рэнесансавых аўтараў. Гэта істотна пашырыла яго эрудыцыю і паўплывала на рэлігійна-філасофскія погляды.
На думку польскага даследчыка Г. Мерчынга, Новы запавет з прадмовай і каментарыямі быў гатовы ўжо да 1570 і пачаў друкавацца ў Нясвіжскай друкарні. Аднак у сувязі з тым, што Нясвіж у 1571 перайшоў у валоданне каталіцкага біскупа Мікалая Радзівіла Сіроткі, Кавячынскі перавёз Нясвіжскую друкарню ў свой маёнтак Узда (Слуцкі пав.). У 1572 Будны з Холхла пераехаў у Заслаўе (пад Мінскам), бліжэй да месца выдання Бібліі. У гэтым жа годзе Біблія ў поўным аб’ёме выйшла ў свет. Месца выдання на ёй не пазначана. Прадмова Кавячынскага пазначана Уздой, прадмова Буднага - Заслаўем, і таму яе можна назваць нясвіжска-ўздзенска-заслаўскай Бібліяй. Аднак выдаўцы браты Кавячынскія, а таксама рэдактары Л.Крышкоўскі і Л.Вінклер не змясцілі "Прадмовы" і "Каментарыяў" да Новага запавету, у якіх быў навукова-крытычны аналіз біблейскіх тэкстаў. Акрамя таго, яны ўнеслі значныя змены ў аўтарскі пераклад, не дапусцілі перастаноўкі некаторых частак Бібліі і інш. Рэдактарскае самавольства абясцэніла шматгадовую працу Б., пазбавіла яго пераклад наватарскай тэалагічнай і філасофскай інтэрпрэтацыі. Усё гэта прымусіла Б. адмовіцца ад аўтарства, і творчы саюз яго з сааўтарамі распаўся.
У гэты перыяд у лесе Б. адбыўся пералом. Ён знайшоў новага мецэната ў асобе беларускага магната-арыяніна Яна Кішкі. Восенню 1573 апошні прапанаваў яму пасаду міністра (прапаведніка) у Лоску, заснаваў там друкарню і аддаў яе ў поўнае распараджэнне Б. У 1574 у Лоскай друкарні выйшаў Новы запавет з прадмовай і каментарыямі Б., што былі апушчаны ў нясвіжска-ўздзенска-заслаўскай Бібліі. Вялікая прадмова, у якой аўтар выказаў ідэі прынцыповага метадалагічнага значэння, грунтоўныя каментарыі да евангельскіх тэкстаў зрабілі гэта выданне ўнікальным, выдатным помнікам не толькі беларускай, але і еўрапейскай думкі. Б. не імкнуўся да адмаўлення хрысціянства і аўтарытэту Бібліі. Наадварот, яго мэтай было аднаўленне ісціннага хрысціянскага веравучэння, першапачатковага, сапраўднага сэнсу Свяшчэннага пісання. Аднак радыкалізм яго вывадаў, рацыяналістычныя, натуралістычныя і атэістычныя тэндэнцыі, якія ў іх прысутнічалі, падрывалі асновы рэлігійна-тэалагічнага светапогляду.
Выхад у свет з Лоскай друкарні Новага запавету з прадмовай і каментарыямі Б. выклікаў бурную рэакцыю ў асяроддзі тэолагаў і рэлігійных філосафаў усіх кірункаў - ад каталіцкіх і пратэстанцкіх да яўрэйскіх. У прыватнасці, швейцарскі тэолаг Сімлер крытыкаваў Б. за тое, што ён "не імкнецца спасцігнуць сэнс Свяшчэннага пісання з яго самога, але прыносіць у яго сваё індывідуальнае разуменне". Да Свяшчэннага пісання, сцвярджаў тэолаг, нельга дастасоўваць прыродазнаўчыя і філасофскія аргументы, яно не падуладна філасофскаму аналізу. У той жа час рэлігійна-філасофскія ідэі Б. падтрымалі многія беларускія антытрынітарыі, у прыватнасці яго сябра Васіль Цяпінскі .
Вялікае значэнне Б. надаваў прапагандзе сваіх рэлігійна-філасофскіх ідэй і на Захадзе. На працягу 1574 ён выдаў у Лоскай друкарні на лацінскай мове некалькі твораў: "Аб дзвюх прыродах Хрыста", "З нагоды аргументаў Сімлера", "Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа богам, як бацька" і інш. Большасць з гэтых трактатаў стала вядома толькі ў 1974, калі італьянскі вучоны Масіма Фірпа надрукаваў іх як дадатак да сваей кнігі "Антытрынітарыі Усходняй Еўропы ў ХVІ стагоддзі. Новыя тэксты Сымона Буднага, Міколы Паруты і Якуба Палеалога" (Фларэнцыя, 1977). Вясной 1574 Б. у Лоску наведаў купец з Англіі Ральф Рытэр. Ён павёз з сабой ліст Б. да вядомага англійскага тэолага і гісторыка Джона Фокса, у якім беларускі мысліцель выкладаў асноўныя палажэнні сваей дактрыны.
У 1576 у Лоску выйшаў у свет галоўны рэлігійна-філасофскі твор Б. "Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры", у якім ён абагульніў свае радыкальныя ідэі. Ва ўводзінах да гэтага выдання Б. паведамляў, што трактат ён стварыў па просьбе "нейкай суполкі", якая прапанавала яму выкласці свае меркаванні адносна галоўных догматаў хрысціянскай веры - "адзінага Бога і яго Сына". Меркавалася (Г.Мерчынг), што гэтай суполкай была віленская абшчына беларускіх пратэстантаў, у якой раней Б. працаваў катэхізістам. Аднак, як даказаў сучасны польскі даследчык прафесар Л.Шчуцкі, гэта была кальвінісцкая суполка ў Заслаўі, дзе Б. жыў з 1571 па 1573 і рыхтаваў да друку Біблію. Там ён пасябраваў з уладальнікам Заслаўя кашталянам мінскім кальвіністам Янам Глябовічам, які падараваў яму некалькі вёсак. Менавіта Глябовічу і прысвяціў Б. свой твор "З нагоды аргументаў Сімлера".
Трактат Б. "Пра найбольш важнейшыя палажэнні хрысціянскай веры" пераважна палемічны. У ім аўтар дыскутуе не толькі з трынітарыямі, але і з прыхільнікамі дытэізму (двухбожжа) - Пятром з Ганёндза і Станіславам Фарноўскім. У гэтым творы ён распрацоўвае ўнітарную канцэпцыю Бога і натуралістычную версію паходжання Хрыста. Паводле Б., богам з’яўляецца толькі Бог Айцец, Святы Дух - сіла боская. Хрыстос жа наогул не мае ніякіх адносін да боскай супольнасці, паколькі па сваім паходжанні ён натуральны чалавек, узведзены ў боскі сан дзякуючы сваім высокім маральным якасцям і заслугам у прапагандзе хрысціянства. Гэта была не тэалагічная, а тыповая філасофска-рацыяналістычная інтэрпрэтацыя, якая разбурала традыцыйны асноватворны хрысціянскі догмат.
У гэтым жа 1576 у Лоскай друкарні ў перакладзе Б. выйшла ў свет кніга Э.Фрыза (сапраўднае імя - Франсуа Гетман, французскі правазнавец і публіцыст) "Пра фурыі, або Вар’яцтвы французскія", у якой апісаны падзеі Варфаламееўскай ночы. На думку Б., гэтыя падзеі павінны былі паслужыць перасцярогай феадальнаму грамадству Вялікага княства Літоўскага, паказаць, да якіх крывавых падзей могуць прывесці рэлігійная нецярпімасць, ганенні на іншадумцаў. Верагодна, Б. быў ініцыятарам выдання ў Лоску твора А.Фрыча Маджэўскага "Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай" (1577) і аўтарам прадмовы да яго.
З сярэдзіны 1560-х гадоў у асяроддзі беларускіх, літоўскіх і польскіх антытрынітарыяў ішла вострая сацыяльна-палітычная дыскусія "аб свецкай уладзе", у якой Б. адыгрываў адну з вядучых роляў. Ён з’яўляўся ідэолагам правага крыла беларускіх і літоўскіх антытрынітарыяў, што насуперак левым апраўдвалі існуючыя грамадска-дзяржаўныя інстытуты, аднак патрабавалі іх істотнага рэфармавання. Левыя ж заклікалі да разбурэння асноў не толькі феадальнага, але і ўсякага грамадства: прыватнай маёмасці, саслоўнай і наогул сацыяльнай няроўнасці, існуючых дзяржаўных устаноў, судаводства, арміі і г.д. У 1578 у Лоск прыехаў ідэолаг левых Марцін Чаховіц. Даведаўшыся, што многія з беларускіх антытрынітарыяў, у т.л. Б. і Цяпінскі, валодаюць уласнасцю, прыгоннымі, а таксама ўдзельнічаюць у органах свецкай улады, ён пераконваў іх адмовіцца ад усяго гэтага ў адпаведнасці з афіцыйным сацыяльна-этычным вучэннем беларускіх, літоўскіх і польскіх радыкальных рэфарматараў. Аднак Б. і Цяпінскі ў дыспуце з Чаховіцам даказвалі, што займанне дзяржаўных пасад, валоданне ўласнасцю і прыгоннымі, зварот у суды, удзел у вайне не супярэчаць духу Евангелля. Больш таго, Б. разгарнуў энергічную прапаганду сваіх сацыяльна-палітычных поглядаў, нягледзячы на забарону кіраўніцтва антытрынітарыяў. У 1580 ён апублікаваў у Лоску матэрыялы сацыяльна-палітычнай дыскусіі свайго аднадумца Якуба Палеалога з левым ідэолагам Паўлам з Бжэзін пад загалоўкам "Абарона сапраўднага вучэння пра свецкую ўладу". Кіраўніцтва антытрынітарыяў не падзяляла таксама і рэлігійна-філасофскага радыкалізму Б. У адносінах да яго былі ўжыты крайнія меры: у 1582 рашэннем сінода ён зняты з пасады міністра ў Лоску. Аднак Б. не склаў зброі. Каб апраўдаць сваю дзейнасць, ён у 1583 апублікаваў твор "Пра свецкую ўладу", які з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі беларускай Рэфармацыі і грамадска-філасофскай думкі. За такое не санкцыяніраванае кіраўніцтвам выступленне ў друку яго ў 1584 выключылі з брацкай абшчыны. Характэрна, што гэтаму рашэнню падпарадкаваўся беларускі магнат-антытрынітарый Ян Кішка: з вялікім жалем ён развітаўся са сваім любімцам і выслаў яго з Лоску. Барацьба Б. супраць левых была прынцыповай, сумленнай ідэйнай барацьбой чалавека, які адстойваў свае погляды, ідэйна-філасофскую пазіцыю, быў перакананы ў дапушчальнасці плюралізму думак у адзінай арганізацыі.
Апошнія гады Б. жыў пры дварах выпадковых мецэнатаў. Відаць, памірыўся з кіраўнікамі абшчыны, пра што сведчыць падрыхтаваная ім другая рэдакцыя Новага запавету (1589), выпраўленая і перапрацаваная. У прадмове да гэтага выдання ён знайшоў кампраміс са сваімі ранейшымі апанентамі. У тым жа 1589 Б. разам са сваім сябрам Фабіянам Даманеўскім удзельнічаў у дыспуце супраць езуітаў, які адбыўся ў Полацку. Ён супрацоўнічаў з пачынаючым пісьменнікам, настаўнікам іўеўскай школы Ліцыніем Намыслоўскім Янам. У кнізе апошняга "Сентэнцыі, карысныя ў жыцці" (Лоск, 1589) змешчаны вершы Б.