Францішак Багушэвіч

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 17 Января 2014 в 11:42, реферат

Краткое описание

У публіцыстычных прадмовах (напр., да зборніка «Дудка беларуская») і праграмных вершах Ф. Багушэвіч выказаны асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.

Прикрепленные файлы: 1 файл

Францішак БАГУШЭВІЧ.doc

— 115.00 Кб (Скачать документ)

Хлопец пры гэтым можа пастаяць за сябе. Так, ён «піхнуў лбом у дзверы»  асэсара, які стаў надта вялікім  начальнікам у сялянскай хаце.

Светабачанне героя, яго маральныя  арыенціры найбольш поўна раскрываюцца ў так званым турэмным маналозе:

Але лепшы ў  хаце голад, 
У дарозе вельмі холад, 
Найцяжэйша праца ў полі, 
Як у той астрожнай долі!

Аліндарка гаворыць пра імкненне да волі кожнай жывой істоты, жыццё  не аднойчы гэта яму даказвала  і дэманстравала:

Як ужо ж  скаціна тая 
Або гадзіна праклята 
I та цану волі знае, 
Што ж для нашага-то брата, 
Меўшы розум не скацінны, 
Як знаць волю мы павінны?..

Паказваючы жорсткую праўду існуючай рэчаіснасці, цяжкі лёс селяніна, аўтар не малюе жыццё Аліндаркі  безвыходным. Герой вершаванай аповесці «Кепска будзе!» у адрозненне ад селяніна Тамілы (твор В. Каратынскага) не з'яўляецца ахвярай лёсу і абставін, калі жыццё для чалавека траціць усякі сэнс і каштоўнасць. Ланцуг няшчасцяў разрывае сустрэча Аліндаркі з сардэчным, добрым айчымам. Даведаўшыся, чаго каштаваў гэтаму чалавеку перагляд справы, колькі разоў ён схадзіў у Ліду і Вільню, пакланіўся, дабіваючыся патрэбных папер, начальнікам і чыноўнікам, Аліндарка гаворыць: «...I бацька б, можа, шчэры не зрабіў такую ласку».

Тое, што юнак выходзіць з турмы ў дзень свайго хрышчэння, таксама гаворыць пра непрыманне Ф. Багушэвічам ідэі трагічнай наканаванасці жыцця селяніна. Яго герой можа супрацьстаяць лёсу, ён асоба актыўная і духоўна моцная. Пісьменнік верыў у здольнасць народа да адраджэння, разумеў, што жыццё да лепшага павінен змяніць сам народ.

БЫЎ У ЧЫСЦЫ

Селянін ідзе апоўначы крыху на падпітку дамоў. Разважае, калі было больш паноў, раней ці цяпер. Падлічыўшы старых і  новых паноў, аж сумеўся:

...Ой, штосьці  кепска выходзе,  
Цяпер ці не болей настала паноў,  
Не надта свабодна ў гэтай свабодзе.

Раптам перад ім стаў памерлы  аканом. Як і пры жыцці, з бізуном, толькі надта худы. Пачаў прасіць  дапамагчы яму змыць грэх, якраз  гэта грэх за Мацея і яго жонку. Селянін пашкадаваў аканома («Нацярпеўся  і ён... гэтак ссох ад агню — толькі скура ды косць»).. Пайшоў услед за ім у чысцец, дзе адбываюць пакуты пасля божага суда грэшнікі. Нагледзеўся там усякіх дзіваў. Мацей заўважае, што

З мужыкоў тут  не надта каб шмат,  
А ўсё больш дык багатых паноў.  
На зямлі адцярпеўшы, наш брат  
На той свет, як па масле пайшоў.  
А панам дык і трудна цярпець  
Без прывычкі, дык стогнуць, аж жах!

Мацей ледзь знайшоў тое месца, «гдзе аканом Бізуньскі цярпіць», даў аканому вады і той, змыўшы ўсе грахі, знік, як пара.

Мацей не памятае, як выбраўся з чысцу. Ачнуўся ў хаце на печы, балела галава і хацелася піць. Не здарма ж пабываў у чысцы.

 

ПРАДМОВА ДА «ДУДКІ БЕЛАРУСКАЙ»

Звяртаючыся да «братцаў мілых, дзяцей зямлі-маткі», аўтар тлумачыць, што  «наша бацькава спрадвечная мова, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць», завецца беларускай. Пераконвае, што наша мова «такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая», гаворыць аб яе старажытнасці.

Далей аўтар «Прадмовы» ставіць пытанне пра адносіны да мовы. Меншыя ў параўнанні з беларусамі народы «маюць па-свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжкі і газэты». А ў нас напісаны на роднай мове ліст да бацькі ў вёску абсмяюць. Мацей Бурачок страсна даводзіць суайчыннікам, што «наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам...» Папярэджвае: «Шмат было народаў такіх, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

Аўтар зазначае, што «добра нават  трэба ведаць суседнія мовы, але  найперш трэба знаць сваю». Таму ён «адважыўся напісаць... такія-сякія  вершыкі», якія і выносіць на суд.

Напрыканцы «Прадмовы» робіцца  экскурс у гісторыю беларускай зямлі, калі яна добраахвотна з'ядналася з Літвой і Польшчай. Тлумачыцца яе назва: «Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая:

нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася». Ва ўмовах, калі назва  «Беларусь» была афіцыйна забаронена і пакаленні людзей нарадзіліся і жылі ў Паўночна-Заходнім краі, Мацей Бурачок палічыў неабходным пазначыць межы старажытнай дзяржавы, у якой, «як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца», акрэсліць спрадвечную этнічную тэрыторыю нашай радзімы: «Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчак і вёсак...»

 

ПРАДМОВА ДА «СМЫКА БЕЛАРУСКАГА»

Аўтар Прадмовы, а ён назваўся Сымонам Рэўкам з-пад Барысава, згадвае «ксёнжачкі... якогась пана Марцінкевіча» (В. Дуніна-Марцінкевіча. — Т. Г.) і «перапісаныя вершыкі якогасьці Юркі (псеўданім Фелікса Тапчэўскага, аўтара твора «Панскае ігрышча». — Т. Г.). Напісаны яны нашай мовай, «але ўсе як бы смеючыся з нашага брата».

Ёсць шмат друкаваных песняў народа, толькі «песні ўсе тыя не надта... харошыя, і нота наша плакучая, аднастайная, і песняў васолых не шмат, ды і  тых ужо рэдка пачуць». Аўтар асуджае імкненне сучаснікаў да матэрыяльных набыткаў, калі яны становяцца сэнсам жыцця («Надта за хлебам народ гоніцца, а хлеба дастане, дык і за крамнай вопраткай, і за люксаванымі ботамі гоніцца, і ўсё маркоціцца»).

У канцы Прадмовы аўтар выказвае спадзяванне, што загучыць беларускі паэтычны аркестр: «Граю трошкі на скрыпачцы, ну дык няхай і мая ксёнжацца завецца струмантам якім; вот я і назваў яе «Смык». Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе (трэці зборнік Ф. Багушэвіча меў назву «Скрыпачка беларуская». — Т.Г.), а там была «Дудка» — вот і мы зробім музыку...»

ТРАЛЯЛЁНАЧКА

На канцы вёскі жыў Бартак Сасок. Несправядлівы і несумленны быў чалавек: «...за сваю шкоду, хоць з прыпадку зробленую, нікому не даруе, хоць залатоўку возьме, а сам, бывала, уночы конна сядзе і пайшоў чужыя межы спасываць...» Нажываўся на суседскай нястачы і беднасці, хадзіў у прыяцелях пісара і старшыны.

Праз нейкі час «Бартак апрануў  ужо чорны сурдут», вылучыўся  сярод вяскоўцаў нават апраткай. Завёў сяброўства з панам Прыбалдовым з Замораўкі. Гаспадарка ў пана ішла кепска: сяляне сеюць на зіму, а пан касіць пачынае, аруць, а ў яго зажынкі. Шмат каму Прыбалдоўскі быў вінен грошы ды аддаваць не збіраўся.

На сельскім сходзе хацелі выбраць  Бартку ў сотнікі. Ён абазваў усіх галадранцамі і сказаў, што цяпер сам пан, бо купіў маёнтак Прыбалдова.

Маёнтак ён купіў з усім набыткам, з вазамі і карэтамі, нават з  вялікім, як конь, сабакам, але павінен  быў заплаціць усе даўгі папярэдняга  гаспадара, якіх было шмат.

Бартак стаў яшчэ стражэйшым панам  за Прыбалдова: «...дзярэ за шкоды — жыць не можна — а крычыць, а лае». У двары ў яго кожны дзень госці: то станавы, то пісар, то сакратар з'ездавы, то судовы. Па тры дні ў карты гуляюць і п'юць.

Прыйшоў час жніва. Жыта на полі Барткі мала, а жней яшчэ менш, бо дарагія. Ён прапанаваў жонцы ўзяць серп, ды тая ўзамен параіла яму касу ўзяць і на сенакос ісці. Пачалі сварыцца.

Бартчыха ў маладосці ў двары  служыла і камісару спадабалася. Людзі пляткарылі, што сын-першанец «паспяшаў радзіцца па шлюбе» і пасаг  Каська добры ад камісара атрымала. Жанчына яна была з характарам і жыла сваім розумам.

Бартак прагнаў жонку з маёнтка. Яна, сабраўшы чамаданы, паехала назаўтра ў горад да Прыбалдова наймацца ахмістрыняй. Пасля гэтага Бартак пачаў заглядаць  у чарку і «зіркаць на кабетак».

Зусім перамяніўся Бартак: на полі не бывае, зіму праводзіць у горадзе. Аднойчы вярнуўся адтуль з маладой  паненачкай. У вёсцы яе празвалі Траляля, бо нічога не рабіла, а толькі бегала і спявала. Была яна добрай да сялян, калі хто ў вёсцы захварэе, то яна і па ўрача пашле, і на лекі грошай дасць. Дзяцей вясковых частавала садавінай.

Законная жонка Бартка падала ў  суд скаргу, што муж яе выгнаў з маёнтка і з другой жыве, што  мае вялікі даход з маёнтка, а  ёй нічога не дае. Тры гады цягнулася судовая справа. Траляля захварэла і памерла, пакінуўшы «дзіцятка драбнюсенькае». Палавіну маёнтка адсудзіла жонка, другую прадалі на аукцыёне за даўгі. Бартак зноў вярнуўся ў вёску, дзе ўжо не яму, а ён усім кланяўся. Хутка за штосьці трапіў у турму і там памёр.

У маёнтку, дзе жыла Бартчыха, узнік пажар і знішчыў усе будынкі.

Малую дачку Бартка, Тралялёначку, як яе празвалі ўслед за маці, вёска, склаўшыся «з душы па дзесяць грошы», аддала «да Марыські крывой на мамкі», а затым узяў клопат пра сірату ксёндз. «I расце паненачка, так гадкоў ужо, мусі, з дзесятак мае, а такая вясёлая ды смяхотная, якраз жа Тралялёначка!»

Мастацкія асаблівасці

У апавяданні Ф. Багушэвіч паказаў  класавае размежаванне ў вёсцы, што  пачалося пасля адмены прыгоннага права  і правядзення іншых сацыяльна-эканамічных рэформ царскім урадам. Бартак Сасок, як і Сабковіч, герой камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», разбагацеў падманам і гвалтам. Апавядальнік зазначае ў творы, што «ён (Бартак Сасок. — Т.Г.) толькі і парабіў нас жабракамі». Узняўся Сасок надта высока: стаў сапраўдным панам, купіўшы абкладзены даўгамі маёнтак. Аднак утрымацца «ў панстве» не здолеў. Страціўшы маёнтак, зноў вярнуўся ў вёску.

Пісьменнік паказвае, што асноўнай прычынай страты набытага багацця і  становішча ў грамадстве былі не няшчасці. Смерць Тралялі, суд з былой жонкай і продаж паловы маёнтка за даўгі — усё гэта напаткае Бартка пазней, калі ён ужо «раздалікаціцца» і разлайдачыцца, пакіне глядзець за гаспадаркай, упадабае гуляць у карты, піць гарэлку.

Жыццё прымусіла Саска па-іншаму паводзіць сябе з аднавяскоўцамі: па вяртанні ў вёску ад яго пыхі не засталося і следу. Аднак сутнасць яго натуры засталася ранейшай, сумленна жыць ён усё роўна не стаў, яго пасадзілі ў турму.

Па кантрасту з Барткам у  творы малюецца вёска. Аўтар не вылучае з сялянскага гурту некага асобна, нават апавядальнік вядзе аповед, каменціруе падзеі ў жыцці Саска, зыходзячы з калектыўнага «мы»: «У маі прыехаў судовы ўходчыны рабіць, і нас, суседзяў, паклікалі. Глядзім мы, калі ўжо Бартак і Бартчыха з тым судавым разам абедаюць, і нават кухар на стол падаець. Бартчыха ў чорнай панскай сукні. На нашую пахвалёнку ніхто і не адказаў...»

Аднавяскоўцы не помсцяць Саску. Не прымаючы яго мараль і прынцыпы, яны не атаясамліваюць Бартка з блізкімі яму людзьмі. Палюбілі за весялосць і дабрыню яго няшлюбную жонку, шкадуюць, што Траляля памерла такой маладой, пакінуўшы малое дзіця. Найвыразней чалавечнасць, маральнасць сялян выяўляецца ва ўчынку, калі яны збіраюць грошы на догляд дзяўчынкі, бацька якой столькі гадоў іх абдзіраў і крыўдзіў.

Ф. Багушэвіч з'яўляецца пачынальнікам  беларускай прозы, адным з заснавальнікаў рэалістычнай традыцыі ў літаратуры XIX ст. Ён працаваў над слоўнікам беларускай мовы (матэрыялы не захаваліся), марыў пра стварэнне граматыкі, востра адчуваючы як творца неўнармаванасць літаратурнай мовы. Ён стаяў на пачатку нацыянальнага адраджэння, якое панясуць, абвясціўшы ўсяму свету, Купала, Багданрвіч, Цётка, Колас, Гарэцкі, Гарун.

 


Информация о работе Францішак Багушэвіч