Автор работы: Пользователь скрыл имя, 17 Сентября 2014 в 09:19, курсовая работа
Мэта курсавой работы – сцверджанне глыбіні, значнасці мастацкіх пошукаў М.Башлакова, непаўторнасці яго паэтычнага свету.
Задачамі курсавой работы з’яўляюцца даследаванне творчасці М.Башлакова, асэнсаванне крытычнай літаратуры па тэме, аналіз вершаваных радкоў паэта. У рабоце звернем увагу на ідэйна-вобразны свет яго паэзіі. Засяродзімся на праблемах, ідэях, матывах яго творчасці. Вялікая ўвага будзе скіравана на вобразны свет вершаў паэта, таму што кожны лірычны твор - гэта мысленне вобразамі, якое выражаецца пры дапамозе тропаў.
Уводзіны 3
1 Асноўныя ідэі, матывы і вобразы паэзіі Міхася Башлакова 5
1.1 Грамадзянска-патрыятычная скіраванасць лірыкі творцы 5
1.2 Вобраз маці ў вершах аўтара 10
1.3 Пейзажная лірыка ў творчасці паэта 12
2 Мастацкія сродкі і адметнасці іх увасаблення ў паэтычнай сістэме аўтара 15
2.1 Простыя тропы 17
2.1.1 Месца параўнання ў паэзіі Міхася Башлакова 17
2.1.2 Эпітэт 21
2.2 Складаныя тропы ў лірыцы Міхася Башлакова 24
2.2.1 Метафара 24
2.2.2 Адухаўленне. Персаніфікацыя 26
2.2.3 Метанімія ў творчасці Міхася Башлакова 28
2.2.4 Перыфраза ў вершаваных радках Міхася Башлакова 29
2.2.5 Роля гіпербалы ў творах паэта 30
3 Сродкі паэтычнага сінтаксісу і іх роля ў тэкстах пісьменніка 32
3.1 Ампліфікацыя 32
3.2 Анафара 33
3.3 Падваенне ў творах паэта 34
3.4 Кальцо 36
3.5 Антытэза як актыўны спосаб увасаблення парадаксальнасці аўтарскай думкі 37
Заключэнне 39
Спіс выкарыстаных крыніц 40
“Асенні цягнік”
Я помню дні маленства залатыя,
Пах бульбы і цяпло начных кастроў.
Мурожнымі сцяжынамі ляснымі
Блукае рэха даўніх тых гадоў. (1, с.17)
М.Башлакоў моцна адчувае сваю еднасць з роднай зямлёй, яе гісторыяй, традыцыямі, мовай, нацыянальнай культурай. Бацькаўшчына – самае дарагое ў яго жыцці. Любоў да родных мясцін з маленства напаўняе глыбокім сэнсам чалавечае жыццё, і трэба даражыць гэтым пачуццём, быць адданым яму. Асноўная ідэя верша “Асенні цягнік” гучыць нібы наказ сыну: не забываць сваю Радзіму, а таксама сваіх бацькоў.
“Асенні цягнік”
І хоць мяне ніхто там не чакае.
І хоць чужы агеньчык там гарыць,
У Церуху да бэзавага мая
Асенні мой цягнік загрукаціць… (1, с.17)
Паэзія заўсёды адгукаецца на самыя балючыя праблемы жыцця. Самай балючай тэмай для беларускіх пісьменнікаў стала тэма Чарнобыля. Яна ў пэўным сэнсе адлюстроўвае нашу нацыянальную трагедыю, фізічнае і духоўнае вынішчэнне нацыі. Гэта праблема планетарнага маштабу. Ці не стане чарнобыльская бяда ракавой, апошняй для беларусаў? Гэта пытанне робіцца эпіцэнтрам у творчасці многіх паэтаў.
М.Башлакоў таксама звяртаецца да чарнобыльскай трагедыі. Ён выдае цэлы зборнік вершаў “Палын. Чарнобыль”, які прысвечаны чарнобыльскай катастрофе і яе вынікам. Прарочыя словы святога Іаана Багаслова пра зорку палын: “Трэці Анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла быццам свяцільня, і ўпала на трэцюю частку рэк і на крынічныя воды. Назва гэтай зоркі Палын; і трэцяя частка водаў зрабілася палыновай, і многія людзі памерлі, таму што воды сталі горкімі”.(З “Ісціны святога Іаана Багаслова”), лейтматывам праходзяць праз усю кнігу, знітоўваючы ў адзінае цэлае яе структуру і змест.
М.Башлакоў з’яўляўся ўдзельнікам ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС, таму яго вершы – гэта своеасаблівая споведзь, якая ўяўляе сабой не толькі напамін аб жахлівай трагедыі, але і веру ў тое, што чалавечыя пакуты, колькі б яны не доўжыліся, у рэшце рэшт спасылаюць нам надзею і любоў…
У пачатку верша “Скруха” паэт паказвае прадчуванне страшэннай трагедыі – выбуху на ЧАЭС:
“Скруха”
Усё лета вятры
Прадзімалі Айчыну
Над пакутнай зямлёй
Ані кропелькі дожджыку…
Скруха чорная –
Ў чорным адзенні жанчына
Ў руках сваіх несла
Мёртвага вожыка. (2, с.54)
Старыя людзі разумелі, што гэта нейкае прароцтва і:
“Скруха”
Саступалі дарогу
Спалохана людзі.
І казалі старыя
Што знак, ой, нягожы…
Зона мёртвая тут,
Зона мёртвая будзе… (2, с.54)
Верш напоўнены прадчуваннем трагедыі, сумам і болем за Айчыну.
Уражвае сваім зместам верш “Хроніка аднаго перасялення”, у якім аўтар параўноўвае чарнобыльскую трагедыю з вайной “сорак першага года”. У гэтым вершы таксама прысутнічаюць элементы прадчуванне бяды. Гэта і крык птушкі ўночы, і знікнавенне вады ў калодзежы. Аўтар дэталёва паказвае нам як з забруджаных вёсак перасяляліся людзі, пакідаючы свае хаты, жывёлу. М.Башлакоў імкнецца паказаць як цяжка было ў гэтую хвіліну людзям. Вакол мітусня, эвакуацыя. Людзі не ведалі, што такое зона адчуджэння, а зараз яны гэта бачаць вакол. З тым, што ўзялі пад паху, яны пакідаюць родную вёску.
“Хроніка аднаго перасялення”
Ні пажыткаў, ні клункаў.
Толькі ў хустачку дакументы
Ды са сцен паздымалі
Партрэты –
Памяць гэта…
Бабкі ж неслі іконы.
У іх, вядома, свае законы. (2, с.50)
Старыя наогул не хацелі пакідаць родныя мясціны:
“Хроніка аднаго перасялення”
Дзед Мікіта, былы ваяка,
Не саромеўся, плакаў
І казаў:
“Нікуды не паеду
Ад роднай зямлі,
Ад магіл…
Перад смерцю
Бадзяцца па свету?
Не паеду…
Мала сіл
Засталося…” (2, с. 50)
У вершы “Чарнеюць рамонкі за матчынай хатай…” чытач бачыць малюнак атручанай, засыпанай стронцыям і цэзіям беларускай зямлі. Трагічная безвыходнасць чуецца ў наступных радках:
“Чарнеюць рамонкі за матчынай хатай…”
Нябачна струменіцца стронцый і цэзій.
Няма на зямлі маёй болей паэзіі…
Самотна-самотна зязюля кувае,
Відаць,напаследак… Мой край памірае… (2, с.91)
Слова “Чарнобыль” ужо стала для нас сінонімам слоў “бяда”, “трагедыя”, “смерць”. Вобраз Чарнобыля ў сучаснай паэзіі зрабіўся той галоўнай дамінантай, праз якую надзвычай шматгранна высвечваецца наша цяперашняя рэчаіснасць. Радыяцыя – страшнае гора, якое абрушылася не толькі на нашу краіну. Чарнобыль – злая зорка. Чарнобыль – горкі палын. У вершы “Цвіце палын…” аўтар выкарыстоўвае сінонім слову Чарнобыль – палын. Па сваім азначэнні палын – гэта горкая трава. Чарнобыль, таксама як і палын, такі ж горкі. У гэтым вершы паэт часта выкарыстоўвае азначэнне горкі: горкая зорка, горкая доля, горкі прыпамін, горкі дым. Увесь верш “Цвіце палын…” пранізаны сумам, тугою, адчаем і болем за будучыню Радзімы.
У М.Башлакова трапяткое сэрца, настеж адчыненая і спагадная на людскае гора душа. І таму зусім не выпадкова пасля чарнобыльскай катастрофы ён апынуўся ў эпіцэнтры падзей. Усюды поўнае замяшанне. Ад недахопу інфармацыі, ад недаацэнкі таго, што здарылася, разгубленасці і панікі. Паэт каротка і ёміста, усяго двума радкамі, характарызуе тое становішча:
“Тураўскае гарадзішча”
I толькi заставалася малiцца,
Але была зачынена царква... (1, с.62)
Такім чынам, аналізуючы грамадзянска-патрыятычную лірыку М.Башлакова мы выявілі, што ў яго вершах цэнтральнае месца займаюць тэмы народнага жыцця, радзімы, лёс беларускай мовы, тэма Чарнобыля. Паэтычная мова Міхася Башлакова багатая і выразная. Яна ўвабрала ў сябе лепшыя моўныя каштоўнасці, створаныя народам.
1.2 Вобраз маці ў вершах аўтара
Бадай што ў кожнага паэта знойдзем вершы, прысвечаныя самаму дарагому чалавеку на зямлі — маці. У многіх лірыкаў гэты вобраз скразны ў творчасці. Аднак вершы М.Башлакова пра маці раскрываюць цэлы свет — неабдымны, шматгранны, шматфарбны, з якога паэт чэрпае, у якім адкрывае невядомае, прыгожае, добрае ўсё жыццё. Самае дарагое і запаветнае для Міхася Башлакова ўвабраў у сябе вобраз маці. Ён увасабляе самае светлае, добрае, што існуе ў жыцці чалавека.
З верша “Касавіца”, на мой погляд, можна дазнацца пра факты з біяграфіі пісьменніка. Хутчэй за ўсё паэт вырас без бацькі. Міхась жыў разам з маці і братам. У вершы “Касавіца” маці М.Башлакова паўстае як працавітая сялянка, якая спазнала шмат гора на працягу свайго жыцця. Аўтар параўноўвае яе з касой:
“Касавіца”
Маці, нібы каса-дзевятуха,
Купін бачыла шмат на вяку. (1, с.5)
Тое, што паэт жыў без бацькі даказваюць нам наступныя радкі, у якіх гаворыцца аб тым, што маці клепле касу, а гэта справа мужчыны:
“Касавіца”
Клепле маці касу каля ганка,
Ходзіць бойка па клёпе рука. (1, с.5)
У аснове лірычнага перажывання ў гэтым вершы – пачуццё захаплення жыццём, працай сялян і асабіста працай маці, якая ўсё робіць дзеля сваіх дзяцей. Вобразныя і інтанацыйна-меладычныя сродкі верша перадаюць рамантычную настраёвасць, радасць, святочную ўрачыстасць самага “моманту чаканага свята” – касавіцы.
“Касавіца”
І няўцям мне тады было з братам,
Калі двор сенам радасна пах,
Што матуля нам гэтае свята
Носіць ношкамі на плячах… (1, с.6)
Простая сялянская жанчына хоць і паказваецца ў звычайных абставінах вясковага побыту, але паўстае як увасабленне ўсяго самага цудоўнага, пяшчотнага і добрага. Матуля – адзіны чалавек, які дзеля сваіх дзяцей гатовы на ўсё.
Вельмі падабаюцца мне вершы “Дарога” і “Маці”. У зборніку вершаў “Матчыны грыбы перабіраю” яны стаяць побач, і на мой погляд, другі верш нібы з’яўляецца працягам першага. У вершы “Дарога” перад намі - вобраз пастарэлай маці, якая чакае сына дадому. Маці ведае, што яе сын павінен прыехаць дамоў і нават ноччу не спіць, чакаючы яго прыезду.
У М.Башлакова як сімвал паглыбленасці ва ўнутраны свет чалавека, сімвал роздуму над бясконцасцю і вечнасцю Сусвету, як крытэрый маральна-этычнай патрабавальнасці, чалавечай дабрыні ўзыходзяць матчыны вочы.
“Дарога”
Сівая маці выйдзе з хаты –
Угледзіцца ў далячынь.
І паплыве над цёмным садам
Вачэй засмучаных цяплынь. (1, с.14)
У гэтым творы маці знаходзіцца ў стане чакання свайго сына, у вершы “Маці” адбываецца сустрэча маці і сына. У гэтым вершы пульсуе ідэя сыноўняга абавязку перад самым дарагім чалавекам – маці. Аўтар падсвядома гаворыць сабе аб тым, што трэба любіць маці, пяшчотна да яе адносіцца і тады яна будзе маладзець душою:
“Маці”
За плечы ціхенька крану
Сівую маці,
Яе ласкава прыхіну:
“Не трэба плакаць…”
Слязу змахне яна рукой
І пасвятлее.
І ўся – і тварам, і душой
Памаладзее… (1, с.15)
Яшчэ адзін верш “Пажоўклае фота” М.Башлакоў прысвячае сваёй маці. Перабіраючы фотаздымкі, аўтару трапіўся здымак яго маці ў маладосці. На фота маці выглядае бесклапотнай і маладой. Гэта той час, калі не было яшчэ страшэннай вайны. Перажыўшы яе, у душы кожнага чалавека застаецца незагойная рана. Вайна – вялікая трагедыя, перажыванні, пасля якіх застаюцца маршчыны ля вачэй і густая сівізна. У канцы верша лірычны герой разумее, што гэта ён пастарэў, а маці, якая б яна не была, для яго гэта вечны ідэал чалавечнасці, дабрыні і пяшчоты.
“Пажоўклае фота”
Дык няўжо пастарэла так мая маці?!.
Я на фота глядзеў і адно зразумеў:
Не, не маці мая…
Гэта я пастарэў… (1, с.26)
Як бачым, шмат можна сказаць праз звычайныя дэталі, успаміны, калі яны сагрэты шчырай любоўю!
Такім чынам, паэзія М.Башлакова прысвечаная маці тоіць у сабе невычэрпныя магчымасці першаадкрыцця. Кожны раз яна разгортвае новы абсяг думак, выяўляе шчодрасць пачуццяў, па-новаму ўзбагачае чытача сваёй духоўна-эмацыянальнай энергіяй.
1.3 Пейзажная лірыка ў творчасці паэта
З замілаваннем і любоўю М.Башлакоў падае пейзажы, адзначаючы новыя і новыя штрыхі ў абліччы родных мясцін. Часта ў творах паэта любоў да прыроды зліваецца з пачуццём любові да Радзімы, напаўняецца эмоцыямі і перажываннямі. Прырода паўстае як жывая ва ўсёй сваёй красе. Пейзажы Башлакова скіраваны да духоўнага свету чалавека, сагрэтыя пачуццём любові да Бацькаўшчыны. Пейзажныя малюнкі паэта канкрэтна-адчувальныя, багатыя на зрокавыя і слыхавыя вобразы. У іх раскрываецца прывабны свет беларускай прыроды, ціхай, ласкавай, задуменнай, поўнай сонечнага хараства.
Прырода ў вершах М.Башлакова жыве сваім асобным жыццём у вечным руху і абнаўленні і заўсёды ў адзінстве з жыццём чалавека. Паэт адчувае сэрцам кожны яе подых, слухае яе галасы, спевы, музыку.
Як жывыя паўстаюць у лірыцы М.Башлакова прыгожыя краявіды Палесся, незабыўныя малюнкі вясны з яе раўчукамі, светлай пары лета, сумнай, тужлівай восені. Разам з паэтам мы любуемся прыволлем шырокіх палёў, веліччу векавых дубоў-волатаў, прыгажосцю бароў; разам з ім чытаем найцікавейшую кнігу прыроды; спасцігаем яе красу, чуем шум бору, спеў начной цішыні.
“Палессе”
На бярвеннях ля хат
І плыве над зямлёй маладзік малады.
Цішыня… Цішыня…
Дзе сустрэнеш такую? (1, с.29)
Прырода для М.Башлакова не толькі крыніца хараства, сузірання, але і сімвал свабоды, вечнай маладосці жыцця. Самая радасная, шчаслівая, незабыўная яе пара – вясна – сімвал вечнага абнаўлення жыцця, калі:
“Музыка вясны”
Усё ў хор зліваецца,
Звініць, Пераклікаецца,
Ліецца, Сонца славячы… (1, с.23)
У гэтым жа вершы “Музыка вясны” ў гомане ракі паэту чуецца песня свабоды:
“Музыка вясны”
Ільдзінамі-аковамі
Грыміць рака раскутая.
І поймаю шырокаю
Паводка разліваецца. (1, с.23)
У вершы “Журба” вобраз асенняй прыроды гарманіруе з душэўнымі перажываннямі лірычнага героя, навявае смутак, задуменнасць, жаданне хоць на момант спачыць душою. На мой погляд, у вершы М.Башлакоў параўноўвае свайго лірычнага героя з журавамі, якія адлятаюць восенню ў вырай. Але як бы добра не было на чужыне, а дома – лепей.
“Журба”
Будзе сонца ім, сонца ім
На чужыне свяціць…
Але ўспомніцца, успомніцца
Журавіна бясконцая
На Палессі гарыць… (1, с.45)
Верш “Восень” пераклікаецца з вершам “Журба”. Лірыка М.Башлакова – гэта лірыка чалавечай душы, настрояў і пачуццяў, яна прасякнута душэўнымі перажываннямі. У вершы “Восень” лірычны герой перажывае аб нечым, таму асенні пейзаж агорнуты смуткам, жалем і тугой.
“Восень”
І мне сумна, я журуся.
І ахвота мне згадаць,
Калі зноў на золку гусі
Ля Чачоры пракрычаць. (1, с.14)
Вобраз самотнага жураўля, пералётнай птушкі, укаранёны ў беларускай паэзіі, не раз з’яўляецца і ў творчасці М.Башлакова. Гэта вершы “Журавель”, “Журба”, “Калодзежны журавель”, “Асенні птах”.
Информация о работе Асноўныя ідэі, матывы і вобразы паэзіі Міхася Башлакова