Развіццё культуры Беларусі ў другой палове XVII – XVIII стагоддзяў

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 15 Ноября 2013 в 22:51, реферат

Краткое описание

Інтэлектуальнае жыццё ў другой палове XVII - пачатку XVIII ст. характарызавалася адыходам назад. Забываліся здабыткі часоў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі, зноў набылі папулярнасць ідэі часоў сярэднявечча. Гэта, а таксама схаластыка, фанатызм, нецярпімасць сталі вызначальнымі прынцыпамі перыяду контррэфармацыі. Умовы развіцця культуры Беларусі ў XVII -XVIII стст. вызначылі яе спецыфічную рысу - полілінгвістычны характар. 3-за неспрыяльнай сітуацыі беларускамоўнай была пераважна народная культура - культура сялянства, гарадскіх нізоў, часткі шляхты і святарства. Многія ўраджэнцы Беларусі пісалі на лацінскай, польскай, часта на нямецкай і французскай мовах, але іх творы, пазіцыя аўтара заставаліся духоўна блізкімі да мясцовых вытокаў.

Прикрепленные файлы: 1 файл

Культура 17-18ст.docx

— 18.61 Кб (Скачать документ)

З XVI ст. на Беларусі пад уплывам  заходнееўрапейскага мастацтва  партрэты пісалі алеем на палатне, адначасова пераймаліся прыёмы малявання. У XVII ст. назіраецца засваенне традыцый мастацтва Фландрыі і Галандыі. Яны  выяўляюцца ў партрэтах Януша  Радзівіла, Аляксанра Астрожскага, Альбрэхта Станіслава Радзівіла (апошняму ўласцівы і рысы іспанізму).

У XVII-XVIII стст. з’яўляюцца новыя тыпы і формы партрэтаў – арыстакратычны, рэтраспектыўны з багатым антуражам, пакаленны ці пагрудны (шляхецкі ці мяшчанскі), партрэты ў латах рыцарскага тыпу, партрэт вучонага і пахавальны. Кожны з іх захоўваў свой канан, што  сведчыць пра цесныя сувязі з іконапісам. Шырока ў XVII-XVIII стст. распаўсюдзіліся  так званыя “сармацкія партрэты”. Назва звязана з уяўленнямі шляхты аб сваім паходжанні ад ваяўнічых  сарматаў, якія пакарылі землі Ўкраіны, Беларусі, Польшчы і Літвы. Асобы  на іх былі апранутыя ў старадаўнія  касцюмы, маляваліся ўсе атрыбуты ўлады, якімі валодала асоба, гербы. Партрэт  выконваў функцыю сацыяльную ў большай  ступені, чым эстэтычную. Таму асоба  падавалася без ідыялізацыі –  гэта быў бясстрасны і дакладны партрэт. У стылі “сармацкага” выконваліся  парадны, рыцаркі і трунныя партрэты магнатаў і заможнай шляхты. Прыклады – “Партрэт Канстанціна Астрожскага” (пач. XVII ст.), “Партрэт Кшыштафа Весялоўскага” (1636 г.), “Партрэт Міхаіла Казіміра Паца” (другая палова XVII ст.) і інш. Партрэты выконвалі як запрошаныя майстры, так  і мясцовыя. Вядомы мастак з Вільні Іаган Шрэрэр (XVII ст.), невядомы мінскі майстар напісалі ў 1676 г. “Партрэт Анджэя Завішы”. Жывапісцы з Полацка  стварылі галерэю партрэтаў выкладчыкаў  Полацкай езуіцкаў калегіі, лепшы сярод  іх – “Партрэт Мікаэля Квіена, прафесара  старажытных усходніх моў”. У 1783 г. для Радзівілаў іх прыдворным мастаком Юзафам Ксаверыем Гескай быў створаны “Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага”. У вогуле, на развіццё мастацтва  Беларусі XVIII ст. аказалі вялікі ўплыў  прыдворныя мастакі саксонскіх курфюрстаў (адначасова і каралёў Рэчы Паспалітай) з Дрэздэна, дзе працавала вялікая  колькасць мастакоў з Францыі  і іншых заходнееўрапейскіх краін.

Такім чынам, беларускія майстры партрэтнага  жывапісу перапрацоўвалі здабыткі заходнееўрапейскай культуры і захоўвалі мясцовыя асаблівасці, самабытнасць.

У XVII-XVIII стст. у адпаведнасці з пануючымі  стылямі развівалася пластыка. Барока ў архітэктуры, скульптуры, разьбе, лепцы на Беларусі пратрымалася ўсе XVII і тры чвэрці XVIII ст. і набыло лакальны характар, мясцовыя асаблівасці (густы заказчыкаў, традыцыі мясцовага  народнага мастацтва).

Скульптура

Скульптура выкарыстоўвалася ў  афармленні касцёлаў, праваслаўная царква яе не прымала. Яскравае ўяўленне аб ансамблі ранняга барока дае алтар касцёла  ў Будславе (1643-1651 гг.). У алтарнай скульптуры канца XVII ст. адбываецца ўзмацненне барочных матываў (“Распяцце” Казіміруса Круповіча, 1696 г.). У сярэдзіне XVIII ст. скульптура нярэдка выконвалася  пад светлы мармур, ці наадварот, уся  фігура пакравалася пазалотай, пасярэбранню, акрамя твару і рук (статуі з Гродна, Кобрына, Шарашова.

У свецкай скульптуры шырока распаўсюдзілася  мемарыяльная скульптура – надмагіллі. Устанаўленне помніка ў храме  гаварыла пра наяўнасць на Беларусі новага, гуманістычнага светапогляду. Надмагіллі вядомы з XVI ст., выконваліся  замежнымі, часцей італьянскімі майстрамі. З XVII ст. вядомы надмагіллі ў Нясвіжы (1608 г. і 1616 г.), у Крамяніцы (1623 г.), у  Гальшанах, Вільне. У XVIII ст. у надмагіллі пачынаюць укампаноўвацца маляўнічыя партрэты. У мемарыяльнай скульптуры Беларусі сустракаюцца амаль усе  вядомыя тыпы надмагілляў, выкананыя  на высокім мастацкім узроўні, яны  сведчаць аб вялікіх поспехах мастацтва  партрэта.

У разбе сярэдзіны XVII ст. адбыліся значныя змены, звязаныя з засваеннем раней невядомых матываў і  выкарыстоўваннем вялікай колькасці  невядомых раней інструментаў. Беларускія майстры творча перапрацавалі барочную разьбу, яны зрабілі яе высокай, аб’ёмнай. Найбольш выдатныя помнікі – гэта шматярусныя іканастасы, характэрныя  толькі для праваслаўных і ўніяцкіх храмах. Новы, беларускі, “ачышчаны  ад каталіцызму” варыянт разьбы майстры  прынеслі ў Маскву, дзе майстры  ведалі толькі плоскую “фражскую” разьбу. Славу беларускім майстрам у Маскве стварыў палац цара ў  Каломенскім (1667-1668 гг.) і шэраг іканастасаў  для маскоўскіх манастыроў і сабораў (Новадзявочы манастыр 1683-1686 гг.). У XVIII ст. у перыяд сталага барока адбываецца “абміршчэнне”, што праяўляецца  ў скарачэнні радоў іканастасу, у  больш стрыманым іх афармленні. Павышаная  ўвага ўдзяляецца царскім варотам. Адначасова некаторыя помнікі гавораць аб прыкметным зніжэнні прафісійнага майстэрства рэзчыкаў, як і ў іканапісе  – рэлігійнае мастацтва не здольна  было паказаць перадавыя тэндэнцыі  эпохі.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

XVII-XVIII стст. – гэта перыяд найвышэйшага  росквіту і, у XVIII ст., заняпадка  беларускага рамяства. Рамеснік  у той час – гэта не проста  вытворца рэчаў, неабходных у  гаспадарке. Рамеснік – гэта перш  за ўсё мастак, кожная рэч павінна  быць “шэдэўрам”, па нашаму –  помнікам мастацтва. У гэтым  сэнсе вядучым рамяством была  ювелірная справа, і беларускія  майстры дасягнулі ў ёй значных  поспехаў. На працягу адзначанага  перыяду ў шматлікіх гарадах  Беларусі і ў Вільні дзейнічалі  цахі залатароў і сярэбранікаў, а колькасць майстроў (па архіўных  дадзеных) дасягала 1700 чалавек. Асноўнымі  замоўцамі залатароў з’яўляліся  заможныя феадалы і царква  – як каталіцкая, так праваслаўная  і ўніяцкая.

Майстры хутка засвойвалі дасягненні заходнееўрапейскага мастацтва  і адначасова захоўвалі традыцыйны канон. Іх спалучэнне адрознівае нацыянальную мастацкую школу беларускіх майстроў-залатароў  і сярэбранікаў XVII-XVIII стст. У многіх захаваўшыхся помніках пачатку XVII ст. назіраюцца моцныя рысы Рэнесанса і  готыкі, але хутка пануючым стылем стала барока, асноўнай прыкметай  якога быў сакавіты раслінны арнамент. Беларусы перанялі таксама кветкавы арнамент, які нарадзіўся ў галанскіх  майстроў у 1650-1660-я гг. і хутка  стаў пануючым ва ўсёй Еўропе. У помніках сталага барока (другая палова XVII ст.) асабліва натуралістычна прачаканьваюцца  цюльпаны, макі, гваздзікі, нарцысы, півоні, ландышы. У гэтай традыцыі выконваюцца  рызы – барэльефныя накладкі, “адзенне”  абразоў (прыклад – рыза алтарнай карціны ў Камаях). Адзін з асноўных матываў сталага барока – акант  – з’яўляецца ў помніках з 1666 г. (пацір з Ружан).

Этапнымі творамі, што сведчаць аб авалоданні мясцовымі майстрамі  новымі прыёмамі чаканкі, якое яны спалучаюць з ліццём, гравіроўкай і павышаным  рэльефам, з’яўляецца абраз “Маці  Боская Адзігітрыя” са Слуцка, крыж Дзісенскага брацтва (1673 г.) і аправа Евангелля з Урэчча. Яны вызначаюцца  багаццем каларыту, дасягнутага разнастайнасцю тэхнік: праразной чаканкай, чэрню, ліццём па форме, гравіроўкай, філігранню. Мясцовыя майстры стварылі свой, лакальны варыянт барочнага мастацтва. Яго  ж яны перанеслі ў Маскву, куды пад час вайны 1654-1667 гг. былі насільна вывезены ўсе рамеснікі з беларускіх гарадоў, якія ўяўлялі хоць нейкую каштоўнасць. У Маскве майстры працавалі ў  Аружэйнай і Сярэбранай палатах  на рускага цара і з’яўляліся яго  асабістай маёмасцю. Моцны ўдар нанесла  залатарнай справе і Паўночная вайна  – шмат вырабаў з золата і срэбра было выкрадзена пад час нашэсця  швецкага і рускага войскаў.

Пасля Паўночнай вайны барока ўступае  ў апошнюю стадыю развіцця. У інтэр’ерах, як і ў пластыцы, у 1730-1775 гг. пануе  ракако. Да найбольш выразных помнікаў гэтага стылю адносяцца рыза абраза “Маці Боская Адзігітрыя Смаленская”  майстра Пятра Сліжыка (г. Дзісна, 1774 г.). Прыкметы ракако – павышаная  дэкаратыўнасць і вычварнасць форм, любоў да с-падобных завіткоў. У арнаментыцы  з’яўляецца ракавіна, якая і дала назву  гэтаму стылю. Пад канец XVIII ст. з’явіліся  сымптомы новага стылю – класіцызму (яшчэ ў сімбіёзе з барока).

Буйныя заказы залатары атрымлівалі  не толькі ад царевы, але і ад феадалаў: гетманскія булавы, жэзлы, парадныя шаблі  “карабелы”, паясы, залаты і сярэбраны  посуд, нават фігуры дванаццаці апосталаў (Нясвіж, сховішча Радзівілаў). У выкананні  некаторых прадметаў майстры  вымушаны былі архаізаваць іх выгляд, што адпавядала светапогляду шляхты, тэорыі яе сармацкага паходжання.

Вялікую ролю ў афармленні царкоўных  і свецкіх інтэр’ераў, адзення  магнатаў, шляхты і іх быту адыгрываў  не толькі мастацкі метал, але і іншыя  віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: кераміка, фаянс, шкло, скура, саломка, тканіны, вышыўка, аплікацыя, шпалеры.

Вялікае распаўсюджанне ў XVII-XVIII стст. атрымала кафля. Па тэхніка-матэрыяльных адзнаках яна дзеліцца на тэракотавую (“чырвоную” – XVI-XVII стст.), манахромную  рэльефную і паліхромную рэльефную (XVI-XVII стст., асобныя прыклады ў XVIII ст.) і распісную (XVIII ст.). У афармленні кафлі выкарыстоўвалі геаметрычныя матывы, кветкі, расліны, фрукты, птушак, жывёл, гербы, выявы людзей, бытавыя  жыцейскія і біблейскія матывы, тэксты. Кампазітнае афармленне, названае “паўлінава вока” з’яўляецца ўласна беларускім вынаходніцтвам. Рамеснікі цаніннай справы так сама былі выведзены ў  Маскву, дзе іх прадукцыя карысталася  вялікім попытам (кафляныя печы). Там  беларускія майстры Ігнат Максімаў з Копысі, Сцяпан Іваноў з Мсціслава  адраджаюць традыцыю дэкарыроўкі фасадаў  цэркваў пліткамі (Барысаглебская царква ў Гродна на Каложы, XII ст.). Кафля  выкарыстоўвалася і ва ўнутраным  аздабленні храмаў.

У інтэр’ерах магнацкіх і шляхецкіх  палацаў канца XVIII ст. асаблівая ўвага  ўдзяляецца шпалерам, дыванам, мэблі, люстэркам, люстрам. На фаянсавых мануфактурах у Свержані (з 1738 г.), Целяханах (з 1778 г.) ствараліся фігуркі шляхціцаў, кафля, садовыя вазы, падсвечнікі – прадукцыя  ішла на ўпрыгожванне палацаў. Вялікі попыт на вырабы са шкла прывёў да з’яўлення  шкляных мануфактур у Налібоках (1717 г.), Урэччы (1732 г.), Мышы 1736 г.), Ільі (1767 г.), Гродна (1770 г.) і іншых месцах. Найбольш вялікімі былі першыя дзве. Асартымент гэтых мануфактур дасягаў 100 назваў, у Ўрэччы ўпершыню ў Рэчы Паспалітай пачалі рабіць люстэркі вельмі добрай якасці. Наогул, адметная рыса гэтых  радзівілавых мануфактур – высокі ўзровень гравіроўкі і шліфоўкі.

Важная роля ў быце, касцюме феадалаў, афармленні інтэр’ераў належыла вырабам  ткацтва, вышыўцы, карункам, шпалерам і  дыванам. Каштоўны матэрыял па арнаментыцы  тканін, карункаў, вышавак, цясьмы, стужак даюць творы жывапісу і скульптуры XVII-XVIII стст.

У XVII ст. пачынаецца вытворчасць бязворсавых  дываноў (кілімаў) у Мядзелі, Мінску, Слуцку, Магілёве, Шклове, Полацку і  ворсавых дываноў у Слуцку. У наступным, XVIII ст. была наладжана вытворчасць  разнастайных відаў шаўковых, залотных тканін (адамашак, атлас, паўатлас, аксаміт  і інш.), шаўковых і залотных карункаў (край, аграмант, прошва), набіванкі. У  вышыўцы пачалі выкарыстоўваць новыя  матэрыялы і тэхнічныя прыёмы – шклярусы, перламутр, бліскаўкі. Вышыўка  выконваецца біццю і каніцеллю.

Найбольш магутным цэнтрам ткацтва  на Беларусі быў Слуцк, менавіта там  і была ў 1730-1750-я гг. адкрыта (перанесена з Нясвіжа) так званая “персіярня”  – мануфактура па вырабу паясоў. Запрошаны майстар Ян Маджарскі  выпрацаваў строгую і гарманічную  структуру пояса новага тыпу, за якім засталася назва – “слуцкі  пояс”.

У XVIII ст. у ткацтве былі дасягнуты  вельмі вялікія поспехі – асвоены  новыя прывазныя матэрыялы, найскладанейшыя  тэхналогіі (нават вопытны французскі ткач выпрацоўваў у дзень не больш 10 см. узорнага палатна) і арнаментыка. У Беларусі былі створаны буйныя мануфактуры.

У XVIII ст. шпалеры і дываны вырабляліся  ў Гродна, Слоніме і Карэлічах. Апошнія адрозніваліся найбольш высокім мастацкім і тэхнічным  узроўнем. На шпалерах адлюстроўвалі  партрэты, канкрэтныя эпізоды з жыцця  магнатаў, якія ўслаўлялі іх подзвігі (“Бітва пад Славечнам” ткачыхі  Марыі Кулакоўскай). Часам шпалеры  дасканала капіравалі картыны вядомых  еўрапейскіх мастакоў. Выдатныя помнікі  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва  Беларусі XVII-XVIII стст. паказваюць, што  яны займаюць такое ж пачэснае месца, як жывапіс і пластыка. У  дэкаратыўна-прыкладным мастацтве  відаць станаўленне і развіццё нацыянальнай школы, якое адбывалася на базе культуры папярэдняга перыяду.


Информация о работе Развіццё культуры Беларусі ў другой палове XVII – XVIII стагоддзяў