Автор работы: Пользователь скрыл имя, 17 Марта 2014 в 12:55, лекция
Значэнне і паняцце пісьма і пісьменства.
Узнікненне пісьма і стадыі яго развіцця.
Характарыстыка асноўных тыпаў пісьма.
Лекцыя 1. Узнікненне і развіццё пісьма і пісьменства
План:
1. Чалавецтва не ведала пісьма на працягу большай часткі сваёй гісторыі. Па меры ж назапашвання досведу і ведаў чалавека з’явілася неабходнасць запамінаць і перадаваць іх. Першабытны чалавек увесь свой жыццёвы і духоўны вопыт захоўваў у памяці, перадаючы яго сваім блізкім асабістым прыкладам. Аднак па меры таго, як ўяўленні чалавека пра навакольны свет пашыраліся, а яго вытворчы вопыт ўзбагачаўся, вусны спосаб перадачы ведаў паступова станавіўся недастатковым. Паўстала праблема захоўвання і перадачы інфармацыі. Непасрэдныя зносіны паміж людзьмі, калі адбывалася перадача такой інфармацыі ад пакалення да пакалення, паступова перасталі задавальняць чалавека, менавіта з-за недасканаласці яго памяці. Галоўнай перашкодай былі прастора і час, пераадолець якія змагло захаванае слова, г. зн. слова, замацаванае матэрыяльна. Таму і пісьмо з’явілася тады, калі для зносін было ўжо недастаткова перадачы думак сродкамі мовы, калі ўзнікла патрэбнасць замацаваць гэтыя думкі на працяглы час.
З’яўленне пісьма стала адным з самых важных, фундаментальных адкрыццяў на доўгім шляху эвалюцыі чалавецтва, а “вынаходніцтва алфавітнага пісьма было тым вялікім крокам, які прывёў чалавецтва ад варварства да цывілізацыі” (Тейлор, Э. Первобытная культура. М., 1939. С. 182). Важнейшую ролю адыгралі дзве асноўныя фукцыі пісьма: камунікатыўная, або функцыя, якая датычылася зносін і перадачы ведаў; і мнематычная, якая садзейнічала запамінанню.
Звычайна пісьмо вызначаюць як графічную фіксацыю мовы пры дапамозе ўмоўных знакаў з мэтай захавання зместу мовы на працяглы тэрмін (Гл.: Книговедение : энцикл. словарь. С. 403).
Пісьменства – сукупнасць пісьмовых сродкаў зносін, якія ўключаюць паняцці графікі, алфавіта і арфаграфіі якой-небудзь мовы або групы моў, аб’яднаных адной сістэмай пісьма або адным алфавітам.
2. Перадумовы ўзнікнення пісьма складваліся на працягу доўгага часу, калі ў працэсе развіцця мовы фарміраваліся яго асноўны слоўнікавы фонд, структура, граматычны лад, якія адлюстроўвалі ўзрастаючую здольнасць чалавека да абстрактнага мыслення. Аднойчы ўзнікшы, пісьмо стала выконваць адваротнае ўздзеянне на мову, надаючы ёй большую стабільнасць і аформленасць. Па-за пісьмом сучасныя мовы ўявіць ужо немагчыма. Як адзначыў Леў Уладзіміраў, літоўскі кнігазнаўца, першыя крокі на шляху стварэння пісьма былі зроблены чалавекам яшчэ на ніжэйшай стадыі варварства, 20–30 тысяч гадоў назад – у эпоху палеаліта (каменны век). Гаспадарчая дзейнасць чалавека паспрыяла таму, што стала ўзнікаць мноства прымітыўных тыпаў і сістэм пісьма, якія ў эпоху неаліта (новакаменны, або апошняя стадыя палеаліту) атрымалі далейшае развіццё.
Да першабытных тыпаў пісьма эпохі неаліта адносяцца прадметнае, вузялковае, палачкавае. Прадметнае пісьмо – гэта тое пісьмо, у якім для перадачы звестак выкарыстоўваліся розныя прадметы, што сімвалізавалі пэўныя паняцці ці нават думкі. Напрыклад, у якасці аб’яўлення вайны адно племя пасылала другому стралу або меч; зялёная галінка – прапанова міру. Адным з першых даследчыкаў прадметнага пісьма быў грэчаскі гісторык Герадот (484–445 гг. да н. ч.) (паводле “Падарожжы з Герадотам” Рышарда Капусцінаскага. Мн., 2009. С.270). Так, у сваім творы “Гісторыя” ён прыводзіць расшыфроўку “дыпламатычнага дакумента”, перададзенага персідскаму цару Дарыю ад скіфаў, а складалі гэта “пасланне” птушка, мыш, жаба, 5 стрэлаў. Расшыфроўвалася гэта наступным чынам: “Калі вы, персы, як птушкі, не адляціце ў неба, ці, як мышы, не зарыецеся ў зямлю, або, як жабы, не паскачаце ў балота, то не вернецеся назад, забітыя гэтымі стрэламі”. Такія прадметныя пісьмы (арока) і да сёння выкарыстоўваюцца некаторымі афрыканскімі народнасцямі.
На першабытнай ступені развіцця было распаўсюджана і вузялковае пісьмо (у Лацінскай і Паўночнай Амерыцы, Афрыцы, Старажытным Усходзе, Сібіры, Гвінеі, Палінэзіі), якім карыстаюцца таксама і да сёняшняга часу індзейцы-пастухі ў Перу. У некаторых індзейскіх плямёнах карыстаюцца вяровачным календаром. Ды і мы з вамі можам завязаць вузельчык на памяць. Інкі ў Перу (XII–XVI стст.) выкарыстоўвалі так званае пісьмо “кіпу”, якое ўяўляла з сябе махры з тонкіх рознакаляровых вяровачак рознай даўжыні замацаваных на доўгім тоўстым шнуры ці палцы. На іх завязваліся вузельчыкі Сэнсавае значэнне надавалася колькасці шнуроў і вузлоў, іх велічыні, размяшчэнню і колеру. Вага кіпу дасягала да 4 кг. Нефарбаваныя вузлы выкарыстоўвалі для ліку. Колер у індзейцаў меў вызначаны сэнс таксама: чорны – няшчасце, фіялетавы – небяспеку, варожасць, чырвоны – вайну, белы – мір, жоўты – золата, зялёны – збожжа. Некаторыя вучоныя лічаць, што такім чынам маглі быць запісаны зборы законаў, хронікі і нават вершы. У Паўночнай Амерыцы выкарыстоўвалася вузялковае пісьмо “вампум” (спалучэнне каляровых вяровачак з упляценымі ракавінамі), якое мела найбольш форму пояса.
Для перадачы інфармацыі і яе запамінання прымянялася і палачкавае пісьмо. Было характэрна для абарыгенаў Аўстраліі і Новай Зеландыі (палачкі даўжынёй у пядзь мелі пэўныя насечкі і меткі). Такія самыя палачкі з пасланнямі ўжываліся калісьці і ў Скандынавіі: перадавалі паведамленні аб закліку да вайны ці на іншую службу. На палачках і драўляных бірках з дапамогай насечак рабіліся календары, натаваліся пазыкі, абавязкі. Нярэдка першабытныя тыпы пісьма цяжка было патлумачыць і неабходны былі “дэшафрывальшчыкі”. Недасканаласць дадзеных пісьмёнаў выклікала да жыцця іншыя тыпы пісьма.
Адным з іх у эвалюцыйным працэсе была піктаграфія (лац. pictus – намаляваны і грэч. grapho – пісаць). Піктаграфія – продак большасці сучасных сістэм пісьма. Захавалася яшчэ з часоў палеаліа. Малюнкавае пісьмо аперыруе не літарамі, а малюнкамі (піктаграмамі), кожны з якіх – гэта не асобны гук ці склад, а пэўны прадмет, з’ява, комплекс прадметаў ці з’яў, сэнсавых адзінак, цэлая жыццёвая сітуацыя. Піктаграма зразумела аднолькава людзям, якія размаўляюць на розных мовах. Малюнкавае пісьмо як сродак перадачы інфармацыі ўжываецца і ў наш час: у літаратуры дашкольнага ўзросту, у карыкатуры, у рэкламе, дарожных знаках і г. д. Па меры ўдасканалення чалавечага мыслення малюнкавае пісьмо таксама ўдасканальвалася; распадаючыся на састаўныя часткі, элементы, вобразныя знакі, якія абазначалі асобныя паняцці, словы. Іх камбінацыі складалі ўжо не малюнак, а тэкст – лагічную паслядоўнасць думкі. Так, паступова піктаграфічнае пісьмо перарасло ў логаграфічнае пісьмо. Стылізацыя, схематызацыя піктаграм прыводзіць да ўтварэння ўмоўных знакаў, графічных сімвалаў, логаграм (словаў і складаў). Узнікненне першых логаграфічных сістэм пісьма было звязана са зменамі ў грамадскім развіцці чалавецтва, калі на аснове першабытнага ладу пачалі складвацца раннія дзяржавы, кіраванне якімі патрабавала ўпарадкавання пісьмовай дакументацыі. Калыскай першых сістэм логаграфічнага пісьма з’яўляецца Старажытны Усход (3500 – 3000 гг. да н. ч.) – даліна Ніла (Егіпет) і Месапатамія (Шумер).
У канцы ІІ тыс. да н. ч. узнікае фанетычнае пісьмо. Заслуга стварэння і распаўсюджання першага сапраўднага алфавіта як чыста літарна-гукавай сістэмы належыць такім старажытным народам, фінікійцы, яўрэі, арамейцы. Самыя раннія алфавітныя тэксты знойдзены ў Бібласе (цяпер Ліван).
3. Для класіфікацыі тыпаў пісьма важнымі з’яўляюцца як форма знакаў (выяўленча-малюнкавая, умоўна-геаметрычная і г. д. – гл. вышэй), так і характар перадачы знакамі элементаў мовы. Існуе 4 асноўныя тыпы пісьма паводле характару перадачы: 1 – ідэаграфічнае, 2 – славесна-складовае, 3 – уласна сілабічнае, 4 – літарна-гукавае (алфавітны). У пэўных сістэмах пісьма гэтыя тыпы звычайна існуюць не ў зусім чыстым выглядзе.
Ідэаграфічнае пісьмо (“пішу паняцце”, “пішу ідэю”) прадстаўляе працэс развіцця піктаграфіі да логаграфіі. Яскравым прыкладам з’яўляюцца краіны Старажытнага Усходу, дзе, як лічаць вучоныя, стварыліся першыя рабаўладальніцкія дзяржавы – гэта даліна Ніла (Егіпет) і Месапатамія (Шумер). Тут у 3500 – 3000 гг. да н. ч. з’явіліся адпаведныя сістэмы пісьма іерагліфічнае і клінапіснае пісьмо. (“Іера” – свшчэнны, “гліфо” – выскчаны на камені). У 2200 г. да н. ч. іерагліфічнае пісьмо ўзнікла ў даліне Інда, на Крыце, у Грэцыі (2000 – 1200 гг. да н. ч.), а ў 1300 г. да н. ч. у Кітаі. Яшчэ пазней – таксама незалежна ад знешніх уплываў – з’явіліся сістэмы пісьма майя і ацтэкаў (Цэнтральная Амерыка і Мексіка), у якіх яшчэ моцна пераважаў піктаграфічны пачатак.
Такім чынам, сам факт незалежнага ўдасканалення піктаграфічнага і логаграфічнага пісьма паказвае, што яно цесна было звязана з пэўным узроўнем развіцця грамадскай вытворчасці, дзяржаўнасці, культуры і што логаграфічнае пісьмо – неабходны і заканамерныэтап у развіцці пісьма ад прымітыўных першабытных яго тыпаў і форм да сучаснай дасканалай фанетычнай сістэмы. Логаграфічнае пісьмо дзейнічае і сёння – гэта кітайскія іерогліфы, якія налічваюць у сваім складзе 50 тысяч знакаў, што дапамагае аб’яднанню раздробленай на мноства моў і дыялектаў кітайскай мовы, надае шматмоўнаму Кітаю пэўнае культурнае адзінства.
Наступная стадыя ў развіцці логаграфічнай сістэмы пісьма стала іератычнае пісьмо – жрэчаскае пісьмо, калі сталі ўжывацца спрошчаныя іерогліфы. Завяршальнай стадыяй стала ж “дэматычнае” (народнае) пісьмо егіпцян – першы ў свеце ўзор скорапісу, які адносіцца да V ст. да н. ч. Доўгі час егіпецкая пісьменасць не паддавалася дэшыфроўцы, толькі ў ХІХ ст. французскі вучоны Ж.Ф. Шампальён (1790–1832) зрабіў першую дэшыфроўку.
З часам змянялася і іншая вялікая сістэма логаграфічнага пісьма – клінапіс, які ўзнік прыкладна ў той самы час, што і егіпецкія іерогліфы – у пачатку ці сярэдзіне IV тысячагоддзя да н. ч. у далінах Тыгра і Еўфрата, з развіццём шумерскай цывілізацыі. Пісьмовыя знакі шумераў абазначалі або цэлыя словы, або склады. Калі егіпцяне пісалі справа налева, то шумеры, вавіланяне, асірыйцы – злева направа. Як лічаць вучоныя, і егіпецкая і шумерская пісьменасць развівалася незалежна адна ад адной. Хаця клінапіс быў таксама вядомы ў Егіпце і больш таго, у сярэдзіне ІІ тысячагоддзя да н. ч. стаў міжнароднай сістэмай пісьма для дыпламатычнай перапіскі.
Фанетычнае пісьмо. Паходжанне фінікійскага алфавіту было высветлена толькі ў 1905 г., калі на Сінайскім паўвостраве былі знойдзены некалькі помнікаў пісьменнасці, знакі якіх былі падобнымі да егіпецкіх іерогліфаў, але валодалі і шэрагам спецыфічных рыс, што стала звязуючым звяном паміж егіпецкімі іерогліфамі і алфавітам. Фінікійская сістэма пісьма перадавала чалавечую мову пры дапамозе 22 знакаў-літар, кожная з якіх абазначала пэўны гук. Літары ў алфавіце расстаўлены ў пэўным парадку: алеф (вол), бэт (дом), гімель (вярблюд) і г. д., што пацвярджала і род заняткаў народа-зямляроба. Аднак фінікійцы былі мараходамі, гандлярамі, а гэта не адлюстроўвае іх алфавіт, таму ёсць яшчэ адно меркаванне, што фінікійцы запазычылі алфавіт ў старажытных яўрэяў. Тым не менш, замацавалася агульнапрынятая версія – як перашынца, фінікійскага алфавіта. У складзе гэтага алфавіта не было літар для галосных. Сваім літарам фінікійцы далі назвы, адпаведныя назвам пэўных прадметаў, якія ўжываліся як фанемы (за аснову прымаўся першы гук адпаведнага слова). Як і егіпцяне, яўрэі яны пісалі справа налева. Вынайдзенае пісьмо, якое стала вынікам высокага гаспадарчага і культурнага развіцця народаў Старажытнага Усходу, дзякуючы фінікійцам атрымала распаўсюджанне, зрабіўшы яго міжнародным сродкам гандлёвых адносін.
Першымі сярод народаў Еўропы алфавіт у фінікійцаў перанялі грэкі. Гэта адбылося ў ІХ ст. да н. ч. Згодна аднаму з міфаў, алфавіт у Грэцыю прывёз фінікійскі купец Кадм, які высадзіўся на востраве Ферас. На мове фінікійцаў “кадмос” абазначаў “усход” – пісьмо ў Грэцыю прыйшло, такім чынам, з Усходу. Па-грэчаскі “кніга” гучыць як “бібліён” і, як адзначаюць вучоныя, хутчэй усяго паходзіць ад назвы буйнейшага гандлёвага горада Фінікіі – Бібла (сёння г. Біблас недалёка ад Бейрута ў Ліване), адкуль у Грэцыю завозіўся егіпецкі папірус. Спачатку грэкі, як і фінікійцы пісалі і чыталі справа налева, і толькі пазней змянілі накірунак пісьма. Грэкі дапоўнілі фінікійскі алфавіт сямю літарамі для абазначэння галосных.
У VII ст. да н. ч. грэчаскі алфавіт перанялі і перапрацавалі ў Італіі – папярэднікі рымскай культуры – этрускі. Узнік лацінскі алфавіт. Фанетычны прынцып пісьма праз Грэцыю распаўсюджваўся як на Захад, так і на Усход. Так, узніклі і ўдасканаліліся арабскі, арамейскі, яўрэйскі і некалькі іншых алфавітаў Азіі. Такім чынам, фінікійскі алфавіт стаў асновай для такіх непадобных на першыпогляд лацінскіх і арабскага алфавіту, першых індыйскіх алфавітаў брахмі і кхарошці, у якіх былі засвоены не графічныя элементы семіцкага алфавіту, а сам яго прынцып і была створана самастойная азбука, прыстасаваная да фанетычнай структуры той ці іншай мовы.
Ва ўмовах Сярэднявечча граматнасць была прывілеем галоўным чынам духавенства, таму распаўсюджанне алфавіта звязвалася з пэўнай рэлігіяй: квадратны шрыфт распаўсюджваўся разам з іудаізмам (і зараз ужываецца ў ідыш, іўрыце і інш.); арабскае пісьмо – з ісламам і ўжывалася для моў усіх мусульманскіх народаў незалежна ад паходжання. Розныя віды арамейскага скорапісу таксама распаўсюджваліся з рознымі хрысціянскімі сектамі. Распаўсюджанне хрысціянства запатрабавала стварэння пісьменнасці на мясцовых мовах Закаўказзя; для гэтых моў з іх складанай фанетычнай сістэмай былі створаны каля 400 г. н. ч. асобыя алфавіты – армянскі, грузінскі, албанскі.
Такім чынам склаліся ўсходнія і заходнія алфавіты. У ІХ ст. н. ч. сфарміраваліся і два славянскія алфавіты – глаголіца і кірыліца, апошняя замацавалася ў пісьменнасці балгарскага, рускага, беларускага, сербскага і іншых народаў.
Літаратура
Информация о работе Узнікненне і развіццё пісьма і пісьменства