Фармираванне беларускай народнасци, культура Беларуси другой палосы XIII - першай паловы XVI ст

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 25 Октября 2013 в 08:35, реферат

Краткое описание

Першая група – палітычныя фактары. Неабходнасць барацьбы са знешняй агрэсіяй, уваходжанне беларускіх зямель у склад ВКЛ садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах ВКЛ было арганізавана адзінае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складанні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Содержание

1. Фарміраванне беларускай народнасці
2. Культура Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст.

Прикрепленные файлы: 1 файл

Документ Microsoft Office Word (5).docx

— 39.18 Кб (Скачать документ)

ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАСЦІ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ XIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ XVI ст. 
 
1. Фарміраванне беларускай народнасці  
2. Культура Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст.  
1. Фарміраванне беларускай народнасці 
Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры і характару людзей, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва. 
Існаванне Вялікага княства Літоўскага стварала новыя ўмовы для далейшага фарміравання беларускай народнасці. Гэтаму садзейнічала мноства фактараў. 
Першая група – палітычныя фактары. Неабходнасць барацьбы са знешняй агрэсіяй, уваходжанне беларускіх зямель у склад ВКЛ садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах ВКЛ было арганізавана адзінае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складанні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі. 
Аднак палітычнае аб’яднанне поўнасцю не знішчыла лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Увогуле, у грамадска-палітычным жыцці ВКЛ наглядалася як аб’яднальная, так і сепаратысцкая тэндэнцыі, што ўскладняла працэс фарміравання беларускай народнасці. 
Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явілася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, замена двухполля парнай зерневай сістэмай трохполля, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю. Вырастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. 
Паступова ў ВКЛ усталёўвалася адзіная грашовая сістэма гандлёва-вымяральных стандартаў. 
Разам з тым ва ўмовах феадальнага спосабу вытворчасці з яго натуральнай сістэмай гаспадарання аб’яднальныя працэсы абмяжоўваліся рэгіянальнымі, а не агульна-дзяржаўнымі сувязямі, стварэннем лакальных рынкаў вакол гарадоў і мястэчкаў. 
З папярэднімі фактарамі цесна звязаны і сацыяльныя ўмовы. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае зацвярджэнне прыгоннага права садзейнічала кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. 
Разам з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі пэўную ролю адыгрываў і канфесійны фактар. Канфесійныя антаганізмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба народа з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць. 
Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва. 
Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. На этнічнай тэрыторыі беларусаў адбыліся значныя змены ў мове ўсходне-славянскага насельніцтва. На працягу XIV–XV ст. на аснове старажытнарускай мовы развіваліся спецыфічныя рысы беларускай гаворкі. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. 
Матэрыяльная і духоўная культура новага ўсходнеславянскага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе састаўной часткай былі новаўвядзенні, якія закранулі сямейны і абшчынны быт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя з суседніх народаў. У XV–XVI стст. на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шэраг новых тыпаў пасяленяў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла аграрная рэформа 1557 г., калі было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзіны рад. 
Асноўнымі прыладамі сельскагаспадарчай працы з’яўляліся літоўская саха, драўляная частапляцёная барана, сукаватка, матыка, серп, цэп і інш. 
На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, яркія безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі. Менавіта ў той час узнік новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні.  
Першым тэатральным відовішчам былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохаў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнікае таксама народны лялечны тэатр “Батлейка”, дзе разам са свецкімі сюжэтамі выкарыстоўваліся і хрысціянскія міфалагічныя тэмы. У XVI ст. з’яўляюцца новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.  
Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць беларусаў. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Аднак значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазіла працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў. 
2. Культура Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. 
Беларуская культура другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. развівалася на аснове засвойвання багатых традыцый высокаразвітых візантыйскай і старажытнарускай культур, пад уздзеяннем мясцовых умоў. 
Беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар, развівалася на феадальна-прыгоннай аснове. Культурныя здабыткі з’яўляліся прывілеяй вышэйшых саслоўяў.  
Паколькі змест і формы культуры ў эпоху сярэднявечча вызначаліся ў першую чаргу інтарэсамі феадалаў і рэлігіі, то царква ўнесла значны ўклад у развіццё асветы, грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, дойлідства, жывапісу, музыкі. Калі праваслаўная царква з’яўлялася носьбітам старажытнарускіх традыцый, то каталіцтва прыносіла ў ВКЛ элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры. Кантакты з Заходняй Еўропай прывялі да ўзнікнення новых з’яў у беларускай культуры. 
У другой палове XIII – першай палове XVI ст. паралельна з працэсамі стварэння беларускай арыгінальнай літаратуры ішло развіццё старабеларускай літаратурнай мовы, якая замацоўвала характэрныя асаблівасці гаворкі насельніцтва Беларусі. 
Пісьмовыя помнікі з беларускамоўнай асновай можна падзяліць на тры групы: юрыдычна-дзелавыя, свецка-мастацкія і канфесійныя. Ад часоў Старажытнай Русі захавалася на беларускіх землях сістэма пісьмовага двухмоўя, калі старажытная літаратурная мова задавальняла духоўныя інтарэсы і дзелавыя патрэбы насельніцтва, а царкоўнаславянская выкарыстоўвалася ў набажэнстве і рэлігійнай літаратуры. Паступова царкоўнаславянская мова страчвала на Беларусі свае пазіцыі. З’явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры XV ст. як “Жыццё Аляксея, чалавека божага”, “Пакуты Хрыста” і інш.  
Найбольш чутка на гаворку народа рэагавала юрыдычна-дзелавая пісьменнасць. Асноўнымі цэнтрамі яе з’яўляліся дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі. Вялікакняжацкая канцылярыя мела свой архіў, які называўся метрыкай. 
Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю і канфесійнай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў. 
З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы. У XVI ст. яны набылі новыя рысы, з’явіўшыся яркім адлюстраваннем новага этапа ў жыцці беларускага народа. 
Беларуска-літоўскія летапісы падзяляюцца на 4 групы: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”. 
“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” – адзін з першых твораў уласнабеларускай гістарычна-дакументальнай літаратуры. Ён быў напісаны невядомым аўтарам каля 1430 г. у Смаленску ў форме суцэльнага апавядання без выкарыстання дат. Тут выкладаецца гісторыя ВКЛ з 1341 г. (ад смерці Гедыміна) да канца XIV ст. Асноўную ўвагу храніст надае апісанню барацьбы за ўладу паміж Кейстутам і Ягайлам, шмат расказвае пра дзейнасць Вітаўта. Галоўная ідэя “Летапісца…” – абгрунтаванне цэнтралізатарскай палітыкі літоўскіх князёў. 
“Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.” – першы беларуска-літоўскі летапісны звод. Храналагічны звод ахоплівае перыяд ад сярэдзіны XI ст. да 1446 г. У летапісу змешчаны як рускія летапісы, так і творы мясцовага паходжання. 
На пачатку XVI ст. адбыліся некаторыя змены ў летапісным жанры: аўтары сваю ўвагу амаль цалкам сканцэнтравалі на гісторыі ВКЛ. У 20-я гг. XVI ст. створана “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, дзе выкладаецца гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у жанры гістарычнай аповесці, сцвярджаецца паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў. 
“Хроніка Быхаўца” – яшчэ адзін найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод. Сваю назву яна атрымала ад прозвішча пана А. Быхаўца, якому належаў адзіны вядомы рукапісны экзэмпляр. “Хроніка” апісвае падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пачатку XVI ст. У ім упершыню была створана найбольш поўная сістэматызаваная палітычная гісторыя ВКЛ на працягу значнага прамежку часу. Цэнтральная тэма твора – ваенна-патрыятычная. Шмат увагі храніст надае апісанню паходаў і бітваў, ратных подзвігаў суайчыннікаў. 
У другой палове XVI ст. летапісы сталі паволі адміраць, уступаючы месца іншым гістарычным жанрам. 
Пачатак Адраджэння на Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Ф. Скарына і М. Гусоўскі 
Беларускую культуру не абмінула такая з’ява як Адраджэнне, або Рэнесанс – эпоха станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў і абсалютных манархій, узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. На гэтай аснове сфарміраваўся новы, гуманістычны светапогляд. Гуманізм – філасофска-светапоглядная пазіцыя, якая сцвярджае высокую годнасць чалавека – творцу зямнога шчасця, прызнае права на свабоднае развіццё яго здольнасцей, абараняе ідэалы справядлівасці, чалавекалюбства, свабоды і дасканаласці асобы. 
У канцы XV – пачатку XVI ст. складаліся перадумовы Рэнесанса на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці і нацыянальна-класавай барацьбы. 
Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 г. – каля 1551 г.).  
У Празе Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленскіх і полацкіх мяшчан заснаваў друкарню. 6 жніўня 1517 г. выйшла з друку першая кніга “Псалтыр”. Першадрукар выдаў пераважную частку Старого Запавету Бібліі, прычым выбраў найбольш важныя кнігі.  
У 1520 г. Скарына пераехаў у Вільню, дзе ў 1522 г. выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў. Як і апошняе выданне Ф. Скарыны “Апостал”, “Малая падарожная кніжка” была больш таннай, а значыць больш даступнай шырокаму колу насельніцтва. 
Ф. Скарына выступіў у якасці стваральніка новага літаратурнага жанру – прадмоў. Яны змяшчалі ў сабе кароткі змест твора. Ф. Скарына ўнёс уклад у распрацоўку беларускай літаратурнай мовы. 
Выдатным дзеячам беларускай культуры быў паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай літаратурнай школы М. Гусоўскі. Нарадзіўся будучы паэт у сям’і вялікакняскага лоўчага і атрымаў адукацыю ў Вільні, Польшчы, Італіі. 
У 1518 г. М. Гусоўскі трапіў у Рым у складзе польскай дыпламатычнай місіі. Па заказу папы рымскага Льва Х у 1522 г. М. Гусоўскі стварыў свой лепшы твор “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”. Напісаная на класічнай латыні, паэма не засталася толькі расказам пра паляванне на зубра, яна аказалася творам, дзе адлюстраваны жыццё народа і лёс краіны ў пераломны момант гісторыі. Праз усе часткі паэмы праходзіць тэма радзімы, а зубр выступае як алегарычны вобраз роднага краю. Адну з галоўных прычын няшчасцяў і пакут радзімы М. Гусоўскі бачыў у войнах. У паэме аўтар вялікую ўвагу надаў адлюстраванню жыцця простых людзей, іх побыту, звычаяў, заняткаў. 
Архітэктура і выяўленчае мастацтва 
На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – мастацкі стыль, запазычаны ў Заходняй Еўропе. Найбольш тыпавыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, стронкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стральчатымі парталамі і вокнамі з каляровымі ветражамі, высокімі вежамі. 
Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, якія адначасова з’яўляліся адмістрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі будавацца ў першай палове XVI ст. 
Абарончая сістэма складалася з замкаў розных тыпаў. Адны з іх будаваліся на ўзвышшах, другія змяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпу. Гэта быў новы тып замкаў – кастэлі. 
Да тыпу кастэляў належалі: Лідскі замак, пабудаваны ў 30-я гг. XVI ст., замак у Крэве, які спалучаў рысы абарончага збудавання і вялікакняскай рэзідэнцыі. 
Акрамя будаўніцтва кастэляў, перабудоўваліся і старыя драўляныя замкі. 
Навагародскі замак існаваў у X–XVII стст. Ён пэўны час з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Шмат разоў перабудоўваўся. У пачатку XVI ст. з’явіўся Мірскі замак. 
У сувязі з пашырэннем каталіцызму на ўсёй тэрыторыі Беларусі пачалося будаўніцтва касцёлаў. Быў пабудаваны Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь (Баранавіцкі раён), захаваўшыяся да нашых дзён касцёлы ў вёсцы Усулюб (Навагрудскі раён) і ў Іўі. 
У культавай архітэктуры канца XV – першай паловы XVI ст. з’яўляецца новы тып пабудоў – інкастэляваныя храмы, прыстасаваныя да абароны. 
У выяўленчым мастацтве Беларусі другой паловы XIII – першай паловы XVI ст. вылучаюцца іконапіс, фрэскі, кніжная мініяцюра, гравюра, арнамент, драўляная разьбяная скульптура. 
З распаўсюджаннем ідэй Адраджэння звязана і развіццё свецкага жывапісу, пераважна партрэтнага жанру. Захаваліся выявы партрэта Ягайлы ў касцёле ў Сандаміры. У Трокскім замку знаходзіцца шэраг фрэсак, прысвечаных Вітаўту. 
У рамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Беларусі ў другой палове XIII – першай палове XVI ст. развівалася размалёўка па дрэву, чаканка па металу, выраб керамікі. Беларускія майстры добра ведалі тэхналогію металаапрацоўкі, выраблялі металічныя ўпрыгожванні і посуд. Развівалася касцярэзная вытворчасць. Беларускія рамеснікі таксама стваралі розныя рэчы з каменю. 
Разнавіднасцю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўлялася кафлярства. 
Такім чынам, другая палова XIII – першая палова XVI ст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, перыяд росту палітычнай і патрыятычнай свядомасці беларусаў, сінтэзу рэнесансава-гуманістычных павеваў і сярэдневяковых рэлігійных традыцый ў духоўным жыцці, пашырэння культурных сувязей паміж беларускім і іншымі народамі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Паўночназаходнімі суседзямі Полацкай зямлі з даўнейшых часоў былі шматлікія прыбалтыйскія плямёны яцвягі, літоўцы, аўкштайты, земгалы, лівы і інш. Славяне сутыкнуліся з імі яшчэ ў VI — VII стст. н. э. Падчас славянскай каланізацыі балты адступілі на поўнач і захад, частка іх была асімілявана. 
Развіццё феадальных адносін у балтаў пачалося крыху пазней за славян. Паміж насельніцтвам паўночназаходніх зямель Русі і мяжуючымі балцкімі плямёнамі існавалі даўнія палітычныя, эканамічныя, культурныя і этнічныя сувязі. 3 рускіх абласцей у Прыбалтыку траплялі традыцыйныя прадметы экспарту: футра, воск, шыферныя прасліцы, вырабы са шкла, металічныя ўпрыгажэнні (бронзавыя грыўны, бранзалеты). 
На тэрыторыі латгалаў, у ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны, у XII XIII стст. існавалі два невялікія княствы — Кукенойс і Герцыке, залежныя ад Полацка. Тут узніклі гарады са змешаным насельніцтвам, 
рэзідэнцыі мясцовых князёў і іх дружын, праваслаўныя цэрквы. Кукенойс размяшчаўся на правым беразе Заходняй Дзвіны ў вытоках яе прытоку Персе (раней Кокна). Кукенойс упамінаецца ў "Хроніцы Лівоніі" ў 1205 г., калі там княжыў Вячка. У Герцыке, другім важным умацаваным пункце, на пачатку ХШ ст. княжыў Усевалад (Шты.хов Г.В. Города Полоцкой землн (XI XIII вв.). Мн., 1978. С. 59 63 ). 
3 даўнейшых часоў Русь падтрымлівала палітычныя і гандлёвыя сувязі з многімі краінамі Еўропы, у тым ліку і з Германіяй. Правіцелі Русі і Германіі абменьваліся пасольствамі; рускія купцы гандлявалі ў нямецкіх гарадах, нямецкія часта бывалі ў Ноўгарадзе, Кіеве, Смаленску, Луцку, Полацку. 
У пачатку XIII ст. гэтыя мірныя адносіны парушыліся. Летапісцы ў розных гарадах засведчылі трывожныя звесткі: нямецкія рыцары высадзіліся ў вытоках Заходняй Дзвіны і заснавалі тут крэпасць Рыгу (1201), якая стала апорай нямецкай агрэсіі ў зямлю балтаў. Неўзабаве датчане напалі на эстонскае ўзбярэжжа, разбурылі старажытную крэпасць Калывань (Талін) і заснавалі сваю Рэвель (1209). 
Якім чынам нямецкія рыцары апынуліся ў Прыбалтыцы, каля рускіх межаў? 
3 канца XI ст. каралі, графы, князі Францыі, Англіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін імкнуліся захаваць багатае ўзбярэжжа Міжземнага мора, неаднойчы адпраўляліся ў крывавыя паходы супраць Егіпта, Сірыі. Гэтыя войны падтрымлівала каталіцкая царква, якая выступіла арганізатарам крыжовых паходаў. Яна аб'явіла іх мэтай вызваленне ад мусульман Палесціны і "гроба гасподня". У войсках крыжакоў ствараліся асобныя манашаскарыцарскія арганізацыі: іх звалі духоўнарыцарскімі ордэнамі. Уступаючы ў ордэн, рыцар заставаўся воінам, але даваў зарок манаства: не мог мець сям'і. 3 гэтага часу ён пакорліва слухаў галаву ордэна — гросмайстра, ці вялікага магістра. 
Першым быў створаны ў 1119 г. ордэн тампліераў (храмоўнікаў), другім — ордэн шпітальераўянітаў (сваю назву атрымаў ад шпіталя Святога Яна, які дапамагаў хворым пілігрымам вандроўнікам). У канцы XII ст. стварыўся трэці ордэн Тэўтонскі, які пазней перасяліўся з Палесціны ў Прусію. У 1202 г. рыжскі епіскап Альберт Буксгаўдэн, жадаючы абярнуць у хрысціянства насельніцтва Прыбалтыкі, заснаваў рыцарскі ордэн мечаносцаў. Новыя рыцары насілі белы плашч з чырвоным крыжам, замест якога пазней сталі нашываць зорку. У 1237 г. абодва гэтыя ордэны аб'ядналіся па намаганню палы рымскага Грыгорыя IX і стварылі Прускі (Лівонскі) ордэн. Пацярпеўшы цяжкае паражэнне ў вайне з арабамі, нямецкія князі ў канцы XII ст. вырашылі перанесці вайну ў Прыбалтыку і Русь, заваяванне якіх ім абяцала новыя землі і прыбыткі. 
Атрымліваючы вялікую дапамогу людзыяі, зброяй і грашыма з боку нямецкіх феадалаў і паўночнагерманскіх гарадоў, рыцарыкрыжакі пашыралі занятыя тэрыторыі, узводзячы магутныя замкі. 
Замацаванне крыжакоў каля вытокаў Дзвіны паставіла пад іх кантроль важны для Полацкай зямлі гандлёвы шлях, закрывала выйсце ў Б'алтыйскае мора. Рыцары імкнуліся трымаць у сваіх руках таксама права збіраць даніну з ліваў. Летам 1203 г. войскі полацкага князя Уладзіміра аблажылі крэпасці Ікскюль і Гольм. У тым жа годзе герцыкскі князь Усевалад аблажыў Рыгу. Князь Кукенойса Вячка некалькі разоў атрымліваў перамогу над крыжакамі; пасля адной з іх ён паслаў полацкаму князю Уладзіміру багатыя падарункі: "лепшых 
тэўтонскіх коней, панцыры, балісты". 
Аднак крыжакі, умела ўлагоджваючы багатымі падарункамі полацкага князя, змаглі яго нейтралізаваць. У рашучую гадзіну васальныя князі полацкага князя Кукенойса і Герцыке не атрымалі падтрымкі, у 1207 — 1214 гг. іх землі былі прылучаны да ўладанняў Лівонскага ордэна. У 1209 г. на месцы спаленага Кукенойса быў заснаваны нямецкі мураваны замак Кокэнхаўзэн. 
Зрэшты, крыжакі дамагліся таго, што пазбавілі полацкага князя і права збірання даніны з ліваў. Полацкі князь са свайго боку забараніў нямецкім купцам уязджаць у межы княства. Не зважаючы на няўдачы, Полацкае княства было яшчэ дастаткова моцным, і нямецкія рыцары не адважваліся ступаць на яго тэрыторыю. Па дамове паміж ордэнам і полацкім князем у 1210 г. апошні адмаўляўся ад Ніжняга Падзвіння, аднак дамогся права вольнага праезду полацкім купцам па Заходняй Дзвіне. У 1216 г. полацкі князь Уладзімір пачаў рыхтаваць сумесны паход з эстамі і лівамі супраць крыжакоў, аднак 
раптоўна памёр. 
У гэты час па загаду каталіцкай царквы пад чорны з белым крыжам 
сцяг сабраліся рыцары з розных частак Германіі. Крыжовы паход пачаўся паспяхова. У Прыбалтыцы не было вялікіх войскаў, магутных крэпасцей, і жыхары яе былі ўзброены горш за закаваных у латы рыцараў. Заваяваўшы Эстонію і значную частку Латвіі, рыцары сталі пагражаць Русі. Калі б аб'ядналіся дружыны ўсіх рускіх князёў, то сабралася б больш за 100 тыс. воінаў. Такое войска напэўна адкінула б рыцараў. Але, як пісаў летапісец, у розныя бакі глядзелі баявыя харугвы рускіх князёў. Амаль бесперапынна ваявалі між сабой князі валынскія і чарнігаўскія, суздальскія і смаленскія, полацкія і мінскія; не сціхалі заўзятыя сваркі князёў з баярамі Вялікага Ноўгарада і Пскова. 
Ваенная экспансія немцаў супраць Полацкага княства і Наўгародскай зямлі прывяла Полацк і Ноўгарад да палітычнага саюзу, які быў замацаваны шлюбам Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава. У бітве на Няве са шведскімі войскамі ў 1240 г. наўгародцам дапамагалі палачане. У гэтай бітве вызначыўся полацкі воін Якуб. Знішчэнне Аляксандрам Неўскім нямецкіх рыцараў на лёдзе Чудскага возера ў 1242 г. спыніла крыжацкую агрэсію на паў 
ночным захадзе. 
3 усходу на рускія землі абрынуліся татарамангольскія полчышчы. У 1223 г. на р.Калцы сышліся на першую бітву татараманголы і 
рускія. Паражэнне, якое пацярпелі ў гэтай бітве аб'яднаныя сілы рускіх княстваў і полаўцаў, паслужыла перадумовай да Батыевай навалы. У трагічнай бітве на Калцы прымалі ўдзел і беларускія харугвы. Пералічваючы загінуўшых князёў, летапісы называюць сярод іх і нясвіжскага князя Юрыя. 
За пяць гадоў (1236 1240) татараманголы з мячом і агнём прайшлі ўсе рускія землі, знішчылі Кіеў, галіцкія і валынскія гарады, ашаламілі Заходнюю Еўропу спусташэннем Венгрыі, Малапольшчы і Сілезіі. У 1237 г. гарэлі Разань, Суздаль, Уладзімір. Татараманголы рушылі да Вялікага Ноўгарада, але дабрацца туды не змаглі. 
У 1240 г. татараманголы разбурылі УладзімірнаКлязьме, Маскву. Знішчылі і паланілі сотні тысяч людзей. Цаной велізарных страт рускі народ абяскровіў сілы татараманголаў і пазбавіў іх магчымасці заваёўваць краіны і народы Заходняй Еўропы. Аднак Русй, палітычна раздробленая, раздзіралася міжусобіцамі і не змагла аб'яднаць свае сілы, каб даць адпор захопнікам, а таму трапіла пад уладу моцных татарамангольскіх ханаў. 
Беларускія землі засталіся ў баку ад асноўнага напрамку руху татараманголаў. Праўда, "Хроніка Быхаўца" ўпамінае пра разбурэнне войскамі Батыя Брэста ў 1240 г., паведамляе, што некаторыя гарады Паўднёвай Беларусі былі абкладзены данінай. Маюцца звесткі аб бітвах з татараманголамі ў нізіне р.Прыпяць, пад Мазыром. Татарамангольскія нашэсці на заходнерускія землі адбываліся ў 1258, 1275, 1277, 1287,1315,1325,1338 гг.

 

 

 

 

 

 

Мангола-татарскае нашэсце і  пагроза заняволення беларускіх зямель.

У пачатку XIII ст. .у стэпах Цэнтральнай Азіі склалася моцная Мангольская дзяржава. Пасля яе ўтварэння пачалася паласа мангольскіх заваяванняў, якія закранулі ўсе краіны Азіі і многія краіны Еўропы і пакінулі глыбокі і страшэнны след у іх сярэднявечнай гісторыі. Гэтых заваёўнікаў пабачылі на сваіх землях кітайцы і карэйцы, таджыкі і цюркі, афганцы і персы, народы Інданезіі і Закаўказзя, усходнія, заходнія і паўднёвыя славяне.

Унук Чынгісхана Бату (па-славянску - Батый) у 1236 г. пачаў заваёўніцкі  паход на захад. Зімой 1237-1238 гг. мангола-татары захапілі і разрабавалі гарады Разань, Каломну, Маскву і Уладзімір на Клязьме. У бітве на р. Сіці пацярпелі паражэнне галоўныя аб'яднаныя сілы старажытнарускіх князёў.

У 1238 г. мангола-татары аблажылі Таржок, дзе знаходзіўся наўгародскі  гарнізон. Горад быў узяты і  спалены. Захопнікі накіраваліся далей  на поўнач у напрамку да Ноўгарада Вялікага. Аднак мангола-татары не дайшлі да Ноўгарада 100 вёрст, павярнулі назад і пайшлі ў стэпы.

Наўгародцы, верагодна, выслалі  атрады воінаў насустрач вораіу. Вялікія  лясы і непралазныя балоты, незвычайныя  для стэпавікоў, засады і вясеннія павадкі, разлівы рэк, відаць, прымусілі  Батыя адмовіцца ад паходу на Ноўгарад. У летапісе паведамляецца, што войска Батыя, вяртаючыся ад Ноўгарада, напала на невялікі горад Казельск, які не магло захапіць на працягу сямі тыдняў.

Мангола-татары спачатку накіраваліся да Смаленска, але потым абышлі яго. Паводле "Жыція" Меркурыя Смаленскага, наконт верагоднасці якога выказваюцца  сумненні, напад захопнікаў на горад  быў адбіты.

Наступнай зімой у 1239 г. вайна  ўзнавілася з новай сілай. Захопнікі ўварваліся ў паўднёварускія землі. Пераправіўшыся праз Днепр, пасля аблогі, кровапралітнай бітвы яны ўзялі ў снежні 1240 г. Кіеў і разрабавалі яго. Затым мангола-татарскае войска накіравалася ў Галіцка-Валынскую зямлю, дзе былі ўзяты гарады Уладзімір-Валынскі і Галіч.

Насельніцтва Беларусі аказалася  пад вялікай пагрозай мангола-татарскага заняволення. Жудасны смерч мог  пракаціцца па беларускіх землях у

1239-1240 гг., але заваёўнікі  павярнул на поўдзень. Яны прайшлі  па тэрыторыі Чарнігаўскай зямлі,  у склад якой уваходзілі паўднёва-ўсходнія раёны сучаснай Беларусі. Напэўна, тады быў разбураны і спалены жорсткімі заваёўнікамі Гомель. Пры археалагічных раскопках устаноўлена, што ўсе драўляныя пабудовы ў вакольным горадзе і на дзядзінцы загінулі ў вялікім пажары, у тым ліку майстэрня па вырабе зброі. У памяшканнях знойдзены схаваныя каштоўныя рэчы, за якімі іх уласнікі ўжо ніколі не вярнуліся. Наяўнасць у слаях разбурэння абаройчага вала крэпасці тыповых мангола-татарскіх стрэл-зрэзняў пераконвае, што горад быў узяты мангола-татарамі штурмам пасля адчайнага супраціўлення яго абаронцаў і зруйнаваны дашчэнту [1].

У Іпацьеўскім летапісе пад 1240 г. (фактычна гэта адбывалася вясной 1241 г.) пра галіцка-валынскіх князёў Данілу і Васільку паведамляецца: " Даніла тым часам прыбыў з братам да Берасця (Брэста) і не змаглі яны  выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых". Выказваюцца меркаванні, што каля Берасця адбыўся бой з мангола-татарамі, у ходзе якога загінула шмат воінаў, Але цяжка дапусціць, каб берасцейцы з умацаванага горада выйшлі ў адкрытае поле для бітвы з варожымі полчышчамі. Напэўна, справа выглядала інакш.

Вядома, што мангольскія  военачальнікі практыкаваліся ў  масавым знішчэнні здольных да супраціўлення  груп насельніцтва. Пры аблозе горада літасць праяўлялася толькі ў  выпадках безумоўнай здачы заваёўнікам. Калі ж горад пасмеў абараняцца, то пасля яго захопу жыхароў выганялі ў поле, каб зручна было рабаваць дамы і вывезці каштоўнасці. Затым  усіх воінаў манголы забівалі, а  рамеснікаў з сем'ямі, таксама як маладых жанчын і дзяўчат, забіралі ў рабства. Нешта падобнае, відаць, адбылося ў Берасці.

Пра татараў захавалася шмат народных паданняў. Паводле аднаго з іх, войска на чале з Койданам рухалася на Менск. На шляху заваёўнікаў знаходзіўся горад Крутагор'е. Тут быццам адбылася бітва, у якой мангольскі военачальнік загінуў і з гэтай нагоды горад перайменавалі ў Койданава (цяпер Дзяржынск). Але больш дакладных звестак аб гэтай падзеі няма. Выклікаюць сумненне некаторыя паведамленні аб бітвах з татарамі (Койданава, Магільна), змешчаныя ў беларуска-літоўскіх летапісах [2].

Большая частка тэрыторыі  Беларусі не зведала мангола-татарскай  навалы ў 1238-1241 гг. Гісторыкі тлумачаць  гэта рознымі прычынамі. Адны звычайна гаварылі, што войска Батыя было моцна аслаблена барацьбой з  паўночна-ўсходнімі рускімі княствамі. Аднак пад Кіеў заваёўнікі прывялі значна большае войска, чым яно было пад Разанню. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не хацелі ісці ў беларускія лясы і балоты пасля ўкраінскіх прастораў, але маглі пасылаць на поўнач ад Прыпяці асобныя атрады. Існуюць і іншыя меркаванні [3]. Але прымальнага тлумачэння, чаму мангола-татары фактычна абмінулі асноўную тэрыторыю Беларусі, няма.

Ад г. Уладзіміра-Валынскага, дзе сканцэнтравалася вялікая колькасць  мангола-татарскіх войскаў, яны меліся ісці дзвюма групоўкамі на Польшчу і Венгрыю адначасова.

У Польшчы захопнікі сустрэлі моцнае супраціўленне. Пасля жорсткай бітвы быў узяты Кракаў. Каля г. Легніцы польскае войска пацярпела паражэнне. Але мангольскія ваяводы не здолелі захапіць горад.

У 1241 г. мангольскае войска з цяжкімі баямі прайшло левабярэжную Венгрыю. Атрады мангола-татараў спустошылі землі Букавіны, Малдавіі, Румыніі. Пацярпела Славакія, аднак гараджане  сумелі адстаяць ад ворага Браціславу, Нітру і іншыя гарады. Працягваліся баі ў Чэхіі, куды мангола-татары адышлі з Польшчы. З ворагам змагаліся народы Харваціі, Босніі, Сербіі, Балгарыі.

Наступление мангола-татараў, якое пачалося з Ніжняга Паволжа, захлынулася на Далмацінскім пабярэжжы  каля граніц Італіі. Вялікія страты аслабілі мангола-татараў. Далейшае іх наступленне ў глыбіню Еўропы стала немагчымым і яны павярнулі назад у 1242 г. Факты сведчаць аб патрыятычным укладзе, які ўнеслі народы Усходняй і Цэнтральнай Ёўропы ў справу барацьбы з мангола-татарскім нашэсцем, у абарону еўрапейскай культуры.©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Такім чынам, асноўная тэрыторыя Беларусі не трапіла пад мангола-татарскі пагром 1237-1241 гг. і беларускія землі пазбеглі ярма Залатой Арды ў сярэдзіне XIII ст. Але пагроза такога заняволення не знікла.

М. Гурын, Г. Штыхаў

Крыніцы:

  • [1] Макушников О.А. В поисках древнего Гомия. С. 54.
  • [2] Хроника Быховца. С. 40,41.
  • [3] Беларуская мінуўшчына. 1993. № 3-4. С. 22.

Информация о работе Фармираванне беларускай народнасци, культура Беларуси другой палосы XIII - першай паловы XVI ст