Автор работы: Пользователь скрыл имя, 13 Мая 2013 в 16:49, реферат
Беларускі мысліцель-гуманіст эпохі Адраджэння, рэлігійны рэфарматар, тэолаг, філолаг, гісторык, паэт, філосаф, педагог, прадаўжальнік культурна-асветніцкай, нацыянальна-патрыятычнай і філасофскай традыцыі Ф.Скарыны.
Да 1956 дакладная дата смерці Буднага не была вядома. Яе ўстанавіў Станіслаў Кот. У каралеўскай бібліятэцы Капенгагена ён знайшоў выдадзены ў 1603 у Вільні Міхалам Алясніцкім твор, накіраваны супраць антытрынітарыяў. Аўтар піша: "Смерць Сымона Буднага, правадыра і кіраўніка перахрышчэнцаў Літвы, якая наступіла 13 студзеня 1593 у Вішневе, была жудаснай і агіднай. Ужо за два гады да смерці ён зусім звар’яцеў, не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Нават за тры дні да смерці раздаваўся яго страшэнны крык, які напаўняў двор пана Льва Маклока (беларускі шляхціц, што даў прытулак Буднаму - рэд.) і яго суседзяў. А калі цівун пан Віткоўскі пераконваў яго, каб у апошнія свае дні ён звярнуўся да Бога, ён злавіў яго руку і сказаў: "Клянуся, я не ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста". Прыблізна тое ж самае пра смерць Буднага паведамляе Марцін Лашч (Жаброўскі). Паведамленні гэтыя яўна тэндэнцыйныя, паколькі належаць яго ідэйным праціўнікам.
Рэлігійна-філасофскія ідэі Буднага (канцэпцыя Бога, хрысталогія, анталогія) былі наватарскія і не мелі прэцэдэнтаў еўрапейскай думцы. Ён спрабаваў рэвізаваць артадаксальнае вучэнне пра Бога ў духу дэізму. Адхіляў традыцыйнае вучэнне пра Тройцу і абвяшчаў сапраўдным богам толькі Бога Бацьку. "Дух" ператварыў з самастойнай і раўназначнай субстанцыі ў атрыбут "Бацькі", яго творчую сілу, боскую свядомасць і волю. Найбольш радыкальна ён абышоўся з Хрыстом: выключыў яго з надсусветнага пачатку, абверг яго боскае паходжанне і звышнатуральнае нараджэнне. На аснове вялікай колькасці лагічных, гістарычных і філалагічных аргументаў ён прыйшоў да высновы, што Хрыстос з’яўляўся не Богам, а самаадданым прапаведнікам, высокамаральным чалавекам, за што і быў надзелены боскімі ўшанаваннямі, здольнасцю тварыць цуды. Ён адхіліў думку пра тое, што ў Старым запавеце ёсць указанне пра будучае нараджэнне Хрыста. Прарокі, сцвярджаў Будны, нічога не ведалі і не маглі ведаць пра Хрыста. Гэты тэкст - вынік падробкі, на што яшчэ раней звярнулі ўвагу Эразм Ратэрдамскі і Себасцьян Кастэлія. Адмаўленне Буднага спрадвечнага існавання Хрыста як "боскай ідэі" падрывала канцэпцыю сярэдневяковага рэалізму, паводле якой агульнае паняцце існуе анталагічна і папярэднічае канкрэтнай рэчы, сцвярджала памяркоўна-наміналістычную тэндэнцыю ў філасофіі.
Істотны момант рэлігійна-філасофскіх поглядаў Буднага - натуралістычная інтэрпрэтацыя біблейскіх цудаў, адмаўленне замагільнага свету і бессмяротнасці душы. "Многія вучоныя людзі, - пісаў ён у трактаце "Пра найважнейшыя палажэнні хрысціянскай веры", - лічаць, што пасля смерці душа чалавека будзе прыпадобнена цялеснай субстанцыі, якая ці пераносіць пакуты, ці зазнае асалоду, вандруючы з месца на месца, але гэта паганская, яўрэйская і паэтычная памылковая думка... мёртвыя не валодаюць ведамі, паколькі душы пасля смерці нічога не адчуваюць. Пасля смерці кожнага чалавека, як святога, так і бязбожніка, душа яго нічога не ведае ні аб сабе, ні аб кім-небудзь іншым, нічога не адчувае, не пераносіць ні пакуты, ні ўцехі... Памылковай з’яўляецца агульнапрынятае ўяўленне людзей пра душы, быццам яны жывуць пасля смерці, пераносяць пакуты ці маюць асалоду. Душа - гэта не што іншае, як чалавечае жыццё...". Гэта была матэрыялістычная трактоўка псіхафізічнай праблемы, уласцівая шэрагу філосафаў эпохі Адраджэння - П’етра Пампанацы, Гжэгажа Паўла з Бжэзін і інш. Натуралістычна вытлумачваючы біблейскія цуды, Будны прадбачыў некаторыя вывады Б.Спінозы, у прыватнасці яго думку, "што ўсё, аб чым расказваецца ў Пісанні, адбылося натуральным шляхам".
Метадалагічныя і гнасеалагічныя погляды Буднага - адлюстраванне развіцця культуры і думкі эпохі Адраджэння. Будны - пераважна тэолаг, аднак ён не ігнараваў філасофію і імкнуўся выкарыстаць яе ў творчай дзейнасці. Як і Фама Аквінскі, ён меркаваў, што вера можа быць абгрунтавана рацыянальным спосабам, аднак лічыў, што ў выпадку канфлікту паміж розумам і верай вырашальнае слова належыць розуму. Сутнасць метаду Буднага - у яго герменеўтычным майстэрстве, або вучэнні аб інтэрпрэтацыі Бібліі, выкладзеным у прадмове да лоскага выдання Новага Запавету (1574). Гуманісты і рэфарматары эпохі Адраджэння сцвярджалі, што да Свяшчэннага пісання трэба падыходзіць як да любога тэксту - гістарычнага, філасофскага і інш. Ісціна, паводле Буднага, знаходзіцца ў Свяшчэнным пісанні ў згорнутым выглядзе і яе адтуль неабходна здабыць і адэкватна перадаць. Дзеля гэтага чалавеку патрэбна пэўная культура, адукаванасць. Будны ўспрыняў выпрацаваны Л.Вала і Эразмам Ратэрдамскім рацыяналістычны метад, які дазваляў пры даследаванні біблейскіх тэкстаў праводзіць лагічны, філалагічны, гістарычны і натуралістычны аналізы. Атрыманне з Бібліі ісціны, г. зн. такога палажэння, каб яно не супярэчыла розуму і вопыту чалавека, магчыма толькі на аснове вывучэння як мага большай колькасці фактаў, усведамлення ўсёй карціны з’явы. Будны настойваў на кантэкстуальным асэнсаванні Бібліі, якое зробіць непатрэбнымі алегарычны і вербальны метады яе інтэрпрэтацыі. Неабходна вывучаць, лічыў Будны, як і кім пісаліся і ствараліся біблейскія кнігі, прычыны іх скажэння і фальсіфікацыі. Трэба не літаральна разумець тое ці іншае палажэнне, а імкнуцца зразумець яго сэнс у агульным кантэксце, выразны тэкст параўноўваць з менш выразным, заблытаным, звышнатуральныя сітуацыі вытлумачваць у адпаведнасці з розумам, логікай, рэальным вопытам і ведамі чалавека і г.д. Рацыяналістычна-натуралістычны спосаб выяўлення ісціны, выкарыстаны перш за ўсе ў адносінах да біблейскіх сітуацый, адкрываў магчымасць такой інтэрпрэтацыі прыроды, грамадства і чалавека.
Будны рашуча асуджаў аўтарытарызм і дагматызм у мысленні, інтэлектуальную нецярпімасць і рэлігійны фанатызм каталіцкіх і пратэстанцкіх царкоўных і палітычных дзеячаў, тэолагаў, якія "не толькі пяром, але і агнём і мячом" укаранялі сваё вучэнне. "Суполка, - лічыў ён, - павінна быць аб’яднана духам вучэння, а не аўтарытэтам асобы". Нельга "што-небудзь прыняўшы, прытрымлівацца гэтага пастаянна і абараняць любымі сродкамі". Ён рашуча асуджаў Жана Кальвіна за тое, што па яго віне загінуў іспанскі вучоны Мігель Сервет. Лічыў, што спрэчныя пытанні павінны свабодна абмяркоўваць вучоныя і невучоныя людзі, настаўнікі і вучні, прапаведнікі і прыхаджане, багатыя і бедныя - дзе гэтай свабоды няма, там няма свабоды наогул.
Паводле Буднага, індывідуальны розум - найбольш важны інструмент пазнання. Аднак паняцці не прыроджаныя, а фарміруюцца на аснове пачуццёвага вопыту, ведання канкрэтных, адзінкавых рэчаў. Будны, як і яго папярэднікам (Л.Вала, Рудольф Агрыкола, П’ер дэ ля Рамэ), уласціва арыентацыя на натуральнае мысленне і натуральную мову. Шляхам семантычнага і этымалагічнага аналізу ён імкнуўся дакладна вызначыць змест слова, адпаведнасць яго рэчы ("логас", "рай", "парог", "жораў", "піла" і інш.), што сведчыла аб наміналістычнай, рэнесансава-гуманістычнай тэндэнцыі ў яго гнасеалогіі і яе антысхаластычнай накіраванасці. З гэтага аспекту ён разглядаў і арыстоцелеўскую логіку (называў яе "дыялектыкай"). "Што да таго, - пісаў Будны, - што я свае довады будую ў форме сілагізмаў, то я гэта раблю для лепшага разумення і сувязі. Хай мае паважаныя апаненты ведаюць і памятаюць, што навука гутаркі (логікі), якая па-грэчаску называецца дыялектыкай, не выдумана філосафамі, як гэта звычайна мяркуюць, а дадзена чалавеку Богам як асаблівы дар і звязана з яго прыродай. Усё гэта, вывучаючы і наглядаючы, разумныя людзі падвялі пад асобыя правілы і вытлумачылі. У далейшым бязбожнікі сказілі гэтае вучэнне і ператварылі яго ў сафістыку, якой цяпер многія займаюцца... У дыспутах Апосталаў знойдзеш такія довады і як быццам бы іх пісалі Парфірый ці сам Арыстоцель... Нават у дыспутах самога Ісуса Хрыста можна ўбачыць дыялектычныя сілагізмы".
Этыка Буднага - тэндэнцыя да рэвізіі некаторых палажэнняў традыцыйнай хрысціянскай маральнай дактрыны, узбагачэння яе новымі ідэямі, узгаднення з філасофска-этычнымі вучэннямі Адраджэння і Рэфармацыі. Адной з такіх ідэй была ідэя маральна-духоўнай свабоды чалавека. Погляд Буднага на Хрыста як на выдатнага чалавека, які за свае высокія маральныя якасці быў удастоены "боскасці", падводзіў да думкі, што гэтая магчымасць патэнцыяльна зберагаецца за кожным смяротным чалавекам, які імкнецца дасягнуць маральнага ўдасканалення. Хрысталогія Буднага - своеасаблівае адлюстраванне рэнесансавай канцэпцыі (Піка дэ ла Мірандала і інш.) пра тое, што чалавек намаганнем асабістай волі можа зраўняцца з Богам. Але ж ідэя маральнай свабоды мела і свой "адваротны бок", яна служыла крыніцай канцэпцыі "ўседазволенасці".
Асноўная этычная ідэя, выкладзеная Будным у "Катэхізісе", - ідэя рэлігійна-маральнага адраджэння. У прадмове ён пісаў пра скажэнне сапраўднага хрысціянства ў каталіцтве і праваслаўі, падмену свядомай і шчырай веры і маралі фармальнай і паказной. Таму ў духу пратэстантызму ён акцэнтаваў увагу на асабістай рэлігійнасці і маральнасці чалавека. Асновай веры, паводле Буднага, з’яўляюцца не дагматыка, абрады і літургія, а этыка, якая змяшчаецца ў боскім адкрыцці, г. зн. у Бібліі. Сваім свецкім жыццём, штодзённай дзейнасцю, працавітасцю, сумленнасцю чалавек заслугоўвае выратавання, бо ён нясе асабістую маральную адказнасць перад Богам за свае ўчынкі. У этыцы Буднага заўважаюцца рысы новай, буржуазна-дэмакратычнай маральнай свядомасці, якая зыходзіла з прыярытэту правоў чалавека, асобы, што праз два стагоддзі было геніяльна зафіксавана ў этыцы І.Канта.
Сацыяльна-палітычныя погляды Буднага - адлюстраванне памяркоўнай апазіцыі ў беларускім рэфармацыйна-гуманістычным руху. Памяркоўныя мысліцелі-гуманісты, у іх ліку і Будны, абгрунтоўвалі шэраг характэрных для эпохі Адраджэння і Рэфармацыі праблем аднаўлення, рэфармавання існуючых грамадскіх інстытутаў, сацыяльна-палітычнага ідэалу, нацыянальнай культуры, рэлігійнай свабоды і інш. Асаблівасцю праграмы памяркоўнай апазіцыі з’яўляліся пазітыўныя ў сваей аснове адносіны да існуючых грамадскіх і дзяржаўных інстытутаў. Пераўтваральная дзейнасць меркавалася ў межах наяўнага соцыўму, змяненню падлягала не сістэма цалкам, а яе элементы. Прызнаваў Будны і прыватную ўласнасць. "Абы кожны чалавек, - пісаў ён у "Катэхізісе", - маетность свою мел у моцы сваей". Разам з тым ён прапанаваў радыкальную рэформу ўсёй сістэмы царкоўнага землеўладання: зямля павінна належаць не манастырам, а царкоўным абшчынам, даходы ад яе павінны ісці на школьную адукацыю, утрыманне настаўнікаў, бедных вучняў, прапаведнікаў, будаўніцтва бальніц і дамоў для састарэлых. Ухваляў ён і існуючыя феадальныя адносіны, нават прыгонніцтва, быў рашучым праціўнікам супраціўлення сялян сваім гаспадарам, аднак не апраўдваў крайнасцей феадальнага ладу, яго найбольш жорсткіх праяў. "А кто таков теперичи ест до подданных, абы не драл, абы дивных формтылев ко вылупенью их маетнасти не вымышлял, - пісаў ён пра беларускіх паноў і шляхту. - А кто на старых, а звыклых павинностях переставаеть! Вси на тое ся удали, абы великие доходы мели... А тое всё от поту, або радней от крави убогих людей мусить господар силою, або хитростию вылупити". Будны быў прыхільнікам сацыяльнай гармоніі, мірнага суіснавання ўсіх саслоўяў феадальнага грамадства. Высока ставіў працу гарадскіх рамеснікаў, прадпісваў "честь отдавати" майстрам "заровно" з феадаламі. Кожны, лічыў ён, павінен займаць пэўнае, адведзенае яму гістарычнымі абставінамі месца ў грамадстве. Дзяржаўная ўлада - боскае ўстанаўленне, і ёй неабходна падпарадкавацца. "Сапраўдны хрысціянін", на думку Буднага, мог займаць дзяржаўныя пасады, звяртацца ў суды, паколькі гэтыя інстытуты не супярэчаць евангельскаму вучэнню. Палітычны ідэал яго - "філосаф на троне", г.зн. асветны манарх, які "павінен акружаць сябе мудрымі і вучонымі людзьмі. з якімі б ён мог параіцца, як дзейнічаць у цяжкіх абставінах". Войны ён падзяляў на справядлівыя, у якіх рэкамендаваў прымаць удзел, і несправядлівыя, якія асуджаў.
У "Катэхізісе" у духу Скарыны заклікаў пануючыя колы, у прыватнасці князёў Радзівілаў, клапаціцца аб развіцці беларускай культуры, адукацыі, роднай мовы. "Абы ваши княжацкие милости, - пісаў ён, - не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся теж... и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бавити рачили". Ідэі Буднага аб развіцці беларускай мовы, культуры - адзін з фактараў станаўлення нацыянальнай свядомасці. Разам з тым ён сцвярджаў неабходнасць засваення ўсей сукупнасці еўрапейскай культуры, асуджаў езуітаў за іх рэлігійную нецярпімасць, папракаў тых праваслаўных дзеячаў, якія імкнуліся адмежавацца ад заходнееўрапейскай адукаванасці. Буднага - таленавіты празаік, паэт, перакладчык; пісаў на беларускай, польскай і лацінскай мовах. Абгрунтоўваў думку пра пазнавальнае значэнне мастацтва і яго маральна-выхаваўчую ролю. У палеміцы з Арцеміем ён адстойваў прынцып рэнесансавага рэалізму. Разуменне Буднага прыгожага мела рацыяналістычны характар: прыгожае тое, што ісціннае. Ён аддаваў перавагу прыгажосці зместу перад прыгажосцю формы. Лічыў, што толькі на аснове свабоды магчыма поўнае самавыяўленне асобы, росквіт яе здольнасцей.