Автор работы: Пользователь скрыл имя, 17 Октября 2014 в 10:43, реферат
На тэрыторыі Талачынскага раёна знаходзіцца 31 нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, уключаная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. З іх 22 помніка археалогіі, 7 помнікаў архітэктуры, 2 гістарычных. 29 помнікаў ставяцца да 3-й катэгорыі ІКК і маюць асаблівую значнасць для раёна, а размешчаны па вул. Леніна комплекс былога манастыра базыльянаў і слуп каменны на дарозе Талачын-Круглае адносяцца да 2-й катэгорыі і маюць нацыянальнае значэнне.
Прадметы побыту, упрыгожанні: 1 — бронзавы крыж-энкалпіён; 2 — сярэбраная падвеска; 3— касцяная шахматная фігурка; 4 — капавушка; 5 — касцяны амулет; 6 — бронзавае пісала; 7 — шыфернае прасліца з надпісам «къняжинъ»; 8 — касцяны грэбень; 9 — бронзавая шыйная грыўня; 10 — бронзавая зашчапка ад кнігі; 11 — фрагмент сярэбранага бранзалета са сканню; 12, 13 — бронзавыя чашачкі ва- »гаў ювеліра; 14 — касцяны грэбень; 15 — глінянае прасліца з княжацкім знакам; 16 — свінцовая гірка.
Да зброі далёкага бою адносяцца накладкі і пятля калчана, а таксама налуччы. Наступальная зброя блізкага бою прадстаўлена па вершам мяча, кап’ём і кісцянямі, абарончая — арыгінальнымі пласцінамі ад панцыра, памастацку ўпрыгожанымі арнаментамі, і простымі пласцінамі панцыра, фрагментамі кальчугі, знойдзены рэчы з рыштунку коннікаў.
У штодзённым побыце жыхары дзядзінца карысталіся шматлікімі дробнымі рэчамі: замкамі, крэсівамі, грабянямі, ручнымі жорнамі, нажамі, глінянымі пасудзінамі. Знойдзена нямала жаночых упрыгожанняў: бранзалеты, пярсцёнкі, шпількі, падвескі. Дручане вызначаліся высокай культурай. Пісьменнымі былі не толькі манахі і багатыя людзі, але і некаторыя княжацкія рамеснікі. Так, апрача праселка з надпісам «къняжинъ», знойдзена ў час раскопак некалькі зашчэпак ад кніг, а таксама так званыя пісалы, праселка з імем «Лола». Знойдзена і пяць шахматных фігур з розных камплектаў. Сярод друцкіх рамеснікаў трапляліся добрыя мастакі-касцярэзы. Пра гэта сведчаць некалькі касцяных пласцін з надзвычай тонкім арнаментам, а таксама частка сярэбранага бранзалета са сканню. Падобныя рэчы на Русі амаль невядомыя (адзіная аналогія бранзалета знойдзена ў Кіеве). Шматлікія рэчы адносяцца да рускага праваслаўнага культу: крыжы-энкалпіёны, нацельныя крыжыкі, вечкі (ад кадзіла?). Вельмі прыгожы адліты ў аднабокай форме невялікі нагрудны крыж з рэльефнымі выявамі тройцы (уверсе), грамніцы (з левага боку), сашэсця ў пекла (з правага боку), распяцця (пасярэдзіне), праабражэння і сашэсця святога духа на анёлаў (ніжняя частка ствала). Падобныя крыжы вядомы сярод старажытнасцей 15—16 ст.
У Лаўрэнцьеўскім спісе, у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха запісана, што Уладзімір Манамах праехаў, «воюя», праз Друцк у Чарнігаў (1078). Можна меркаваць, што ў канцы 11 ст. вакол Друцка сфарміравалася Друцкая акруга — воласць — група паселішчаў, ужо даўно звязаных друцкім водным шляхам з горадам. Цалкам трапіўшы пад уладу феадала, гэтыя паселішчы сталі зародкам Друцкага ўдзела, пра які пазней паведамляюць летапісы. Калі меркаваць аб курганах, Друцкая воласць займала тэрыторыю ўздоўж рэк Бобр, Усвейка і Абалянка на паўднёвым захадзе і на поўначы, Адроў на ўсходзе, уздоўж Друці на поўдні і да левага берага Бярэзіны на захадзе. «Юрыдычнае» афармленне княжацкія ўдзелы атрымалі пасля смерці полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1101). Тады ж сыны Усяслава падзялілі ўладанні: Давыд княжыў у Полацку, Глеб — у Мінску, Барыс — у Друцку. Адсюль пайшлі друцкія князі Барысавічы.
Паводле звестак В. М. Тацішчава, які чытаў летапісы, што не дайшлі да нас, у 1102 г. Барыс хадзіў на яцвягаў і, вяртаючыся, заснаваў горад Барысаў — напэўна, каб умацаваць заходнія граніцы свайго ўдзела. На пачатку існавання Друцк быў яшчэ слабым горадам. Так, у 1116 г. сын Уладзіміра Манамаха пераяслаўскі князь Яраполк Уладзіміравіч атрымаў перамогу над Друцкам, а дручан выселіў у спецыяльна забудаваны для іх горад Жоўдзень на Украіне. Яраполк жорстка абышоўся з Друцкам: і дзядзінец, і вакольны горад былі цалкам спалены.
Спатрэбілася нямала часу, каб горад узняўся з папялішчаў. Забудова яго цяпер падпарадкоўвалася валу. Асабліва клапаціўся князь Барыс аб уладаванні дзядзінца. Пасля пажару 1116 г. ў цэнтры дзядзінца ўзнікла плошча, на поўдзень ад яе былі пракладзены дзве вузкія крывыя вуліцы: галоўная вяла да ўезду ў горад, а перпендыкулярная да яе ішла ўздоўж паўднёвага вала. Непадалёку знаходзілася студня.
Уздоўж вуліц, сярод шматлікіх платоў, што аддзялялі сядзібы адну ад адной, у паўднёвай частцы дзядзінца археолагамі былі расчышчаны ніжнія вянцы дамоў, свірнаў, хлявоў і іншых будынкаў. Рэшткі збудаванняў, шматлікія знаходкі сведчаць, што ў сярэдзіне 12 — пачатку 13 ст. жыццё ў горадзе было вельмі інтэнсіўнае. У паўднёвай частцы дзядзінца жылі рамеснікі: тут выяўлены рэшткі шавецкай (шылы, скураныя абрэзкі), ювелірнай (тыглі, ліцейныя формы і інш.), касцярэзнай (у адным з раскопаў было шмат загатовак і вырабаў з косці), слясарна-кавальскай, цяслярскай, ткацкай, шавецкай, ганчарнай вытворчасці. Знойдзеныя на центральна і гарадской плошчы кавалкі шпораў і страмён паказваюць, што тут збіралася ў паход дружына.
Асаблівую цікавасць мае заходняя частка дзядзінца, абгароджаная высокім валам, а з поўначы, з боку вакольнага горада, умацаваная дадатковым валам. Ні вуліц, ні хат, ні гаспадарчых пабудоў тут няма. На гэтым участку раскапаны рэшткі двух створаных у розны час вялікіх будынкаў з печамі-каменкамі. Вакол іх незабудаваная вялікая пляцоўка, на якой відаць рэшткі драўлянага машчэння. Іншыя тут і знаходкі, больш упрыгожанняў, сярод якіх — шырокі пласціністы сярэбраны бранзалет са сканню, віты бронзавы бранзалет з лапаткападобнымі канцамі, сярэбраны віты і некалькі бронзавых пярсцёнкаў, дзве залатыя пацеркі. Ёсць і унікальныя рэчы: сярэбраны пярсцёнак з княжацкім знакам, две шыферныя праселкі — адно з княжацкім знакам, а другое з надпісам «къняжинъ», рэдкі музычны інструмент варган. Відаць, гэта тэрыторыя была блізкай да княжацкіх харомаў або часткай «къняжа двара», які займаў амаль палавіну дзядзінца і быў найбольш умацаваны. Паўднёвая частка дзядзінца была заселена простымі людзьмі і вельмі густа забудавана маленькімі хаткамі.
З узнікненнем хрысціянства на Русі ў гарадах Старажытнарускай дзяржавы пачалі будаваць цэрквы. Была царква і ў Друцку.
У Друцкім евангеллі 14 ст. запісана: «В лето 6509 (1001-е) створена бысць церкви сия святая Богородица вь граде во Дрютьсце...» Даце 1001 год можна і не даваць веры: адкуль мог пісец 14 ст. ведаць дакладны час пабудовы царквы ў Друцку, але нічога неверагоднага у ей таксама няма. Археалагічныя раскопкі паказалі, што царква ў Друцку, несумненна, была. Рэшткі самой пабудовы яшчэ не знойдзены, але выяўлена шмат тыповых для старажытнарускіх цэркваў паліваных плітак, якімі звычайна масцілі падлогу.
Паводле летапісаў у 1128 г. пасля нападу на ІІолацкае княства паўднёварускіх князёў месца полацкага князя Давыда заняў друцкі князь Барыс Усяславіч. Але ў 1129 г. ён раптоўна памёр. Неўзабаве полацкія князі за непаслушэнства кіеўскаму князю Мсціславу Вялікаму былі высланы ў Візантыю. Мсціслаў насадзіў у полацкіх гарадах «мужи свои» і пасля вяртання князёў з Візантыі (1146 г.) у Друцку стаў княжыць сын Барыса — Рагвалод Барысавіч. У 1146—1151 гг. ён быў вялікім князем усёй Полацкай зямлі, але ў барацьбе з мінскім князем Расціславам Глебавічам за полацкі трон быў захоплены і ў 1151 г. ў Мінску кінуты ў цямніцу. Расціслаў Глебавіч стаў княжыць у Полацку, а ў Друцку— яго сын Глеб. У 1159 г. Рагвалод Барысавіч уцёк з палону ў родны Друцк. «300 людей дрьючан и полочан» прыязна сустрэлі Рагвалода і пасадзілі яго князем, прагнаўшы Глеба. Друцк стаў цэнтрам апазіцыі мінскім Глебавічам, якія княжылі ў Полацку. Князь Расціслаў выступіў з войскам супраць Рагвалода, але не меў поспеху («Рогволодъ затворился въ Друцке»). Палачане, незадаволеныя сваім князем, наладзілі адносіны з Друцкам і скінулі Расціслава («мнози бо хотяху Рогволода»). Расціслаў уцёк у свой Мінск, а Рагвалод зноў узначаліў Полацкую зямлю. У Друцку княжыў яго сын Глеб Рагвалодавіч. У 1162 г. Рагвалод зноў прайграў барацьбу з мінскімі Глебавічамі за полацкі трон і вымушаны быў шукаць паратунку ў родным Друцку («а Полотьску не смЪ ити, зане множьство погибе полочан»). Імя друцкага князя Рагвалода Барысавіча было выбіта на так званым Рагвалодавым камені — вялікім валуне, які ляжаў за 20—25 км на ўсход ад Друцка каля вёскі Галошава.
Пад 1180 г. у Іпацьеўскім летапісе запісана, што чарнігаўскі князь Яраслаў Усеваладавіч і герой «Слова аб палку Ігаравым» ноўгарад-северскі князь Ігар Святаславіч «сдумали» з дапамогай полаўцаў напасці на Друцк. Было вырашана, што кіеўскі вялікі князь Святаслаў Усеваладавіч, які толькі што ваяваў у Суздальскай зямлі, заедзе з сынам Уладзімірам ненадоўга ў Ноўгарад. Вяртаючыся адтуль, паверне да Друцка і падтрымае іх. Ініцыятары паходу, верагодна, ужо ведалі, што да іх далучацца віцебскі, полацкі, лагойскі, ізяслаўскі князі, некалькі дробных князёў Полацкай зямлі, а таксама «ліб» і «літва». У адпаведнасці з агульным дагаворам гэтыя князі падышлі да Друцка, але з-за затрымкі ў Ноўгарадзе Святаслава абмінулі Друцк і накіраваліся насустрач Святаславу. Тым часам Глеб Рагвалодавіч Друцкі адчыніў вароты свайму саюзніку — смаленскаму князю Давыду, які прыйшоў на падмогу. Высветліўшы сітуацыю і зразумеўшы, што ў іх інтарэсах не даць ворагам аб’яднацца, Давыд тэрмінова адправіўся ў пагоню. Не жадаючы прыняць бітву без Святаслава, Яраслаў і Ігар адступілі за Друць і стаялі «обапол» Друці без бітвы тыдзень, і толькі стральцы Давыда час ад часу прыязджалі і біліся з непрыяцелем. 3 падыходам Святаслава войскі сталі рыхтавацца да бітвы, але Давыд не рызыкнуў змагацца і, пакінуўшы Друцк, ноччу ўцёк у Смаленск. Святаслаў падпаліў друцкі астрог (частка гарадскога ўмацавання) і адпусціў ноўгарадцаў, што прыехалі з ім. 3 пераходам Давыда Расціславіча ў Смаленск (1180 г.) Віцебск дастаўся (наўрад ці без удзелу веча) брату полацкага Усяслава Васількавіча — Брачыславу Васількавічу, г. зн. быў вернуты Полацкай зямлі. Падзеі 1180 г. паказваюць, што праціўнік абодвух Васількавічаў Глеб Рагвалодавіч Друцкі быў перацягнуты Давыдам на свой бок і апынуўся пад Эгідай Смаленска, які кантраляваў ключавыя пазіцыі друцка-ўшацкага волаку. Барацьбой за вяртанне гэтага важнейшага шляху палачанам і тлумачыцца вялікі кааліцыйны паход. Такім чынам, зразумела, чаму аблога Друцка была знята: уцёкі смаленскага Давыда менавіта і вырашалі пытанне ў карысць Полацка.
Археалагічныя раскопкі сведчаць, што найбольшы росквіт Друцка прыпадае на 30—40-я гады 13 ст. У горадзе ішло інтэнсіўнае будаўніцтва, вуліцы масцілі тоўстым бярвеннем.
13 ст. было цяжкім для старажытнарускіх зямель: шмат гарадоў знішчылі орды Батыя. Але гарады, якія абмінула нашэсце, развіваліся і раслі, а некаторыя атрымалі самастойнасдь. Сярод апошніх быў і Друцк. Цікавае ў гэтай сувязі паведамленне сустракаецца ў Хроніцы Быхаўца, Румянцаўскім, Еўраінаўскім летапісах, Летапісе Рачынскага і інш. Пасля разгрому Кіева Батыем кіеўскі князь Дзмітрый даведаўся пра зямлю, дзе «мужики мешкают без господаря а зовутся дручане. И он, собравшися людми, и пошол ко Друцку, и землю Друцкую посъл, и город Друческ зарубил, и назвался великим князем друцким» (Поўны збор рускіх летапісаў. Т. 35. М., 1980. С. 194, на рус. мове).
3 13 ст. Друцк, як і іншыя гарады Полаччыны, у складзе Вялікага княства Літоўскага. У час паходу вялікага князя літоўскага Вітаўта на Віцебск у 1396 г. друцкія князі, як паведамляюць летапісы, «стретоша его и оудариша емоу челом оу слоужбоу» (Там жа. Т. 17. Спб., 1907. С. 94).
Мала мы ведаем і пра Друцк 15 ст. Пад 1401 г. Хроніка Быхаўца паведамляе, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ягайла і князь Вітаўт, якія вярталіся з паходу на Смаленск, прыехалі ў Друцк і былі на абедзе ў князя Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага. А ў караля Ягайлы памерла жонка, і ўбачыў ён у князя дзвюх яго прыгожых пляменніц. Далей расказваецца пра сватаўство Ягайлы да малодшай з іх і тыя хітрыкі, на якія пайшоў друцкі князь, каб малодшая пляменніца не была выдадзена замуж раней за старэйшую (Хроніка Быхаўца. М., 1966, С. 75—76, на рус. мове). Усё гэта выглядае даволі легендарна, але князь Сямён Дзмітрыевіч быў на самай справе друцкім князем. У пачатку 15 ст. (1402) упамінаецца князь Андрэй Друцкі, забіты ў бітве на рацэ Ворскла. Ёсць не вельмі дакладныя звесткі пра друцкага князя Івана Бабу і яго брата Пуцяту. Абодва названы друцкімі князямі, якіх у ліку іншых Вітаут паслаў на барацьбу супрадь татарскіх ханаў (1424 г.) (Поуны збор рускіх летапісаў, Т. 26, М.; Л., 1959. С. 183, на рус. мове), Пра Івана Бабу напісана ў Маскоўскім леталісным зборы 1479 г., што ён у 1436 г. кінуў свой друцкі ўдзел і перайшоў на бок вялікага князя маскоўскага Васіля Цёмнага (Там жа. Т. 25, М.; Л., 1949. С. 252). Незадоўга да гэтага друцкія князі падзялілі княства на шэраг дробных удзелаў і сталі звацца Друцкія-Сакалінскія, Друцкія-Багрынаўскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Прыхабскія. У 1508 г. ўсе яны кінулі свае ўдзелы і перайшлі пад уладу Масквы, атрымаўшы новыя паветы. Такім чынам, Друцкае княства паступова прыйшло ў заняпад. 3 пачатку 16 ст. Друцк вядомы як геаграфічнае паняцце, хоць і пазначаецца на картах аднолькава з суседняй Оршай. Пад 1515 г. летапісы ўпамінаюць толькі «друцкія палі», мабыць, гэта азначае, што крэпасці ў горадзе ўжо не існавала. Некаторы час па традыцыі шлях з Вільні ў Маскву праходзіў праз Друцк. У 2-й палавіне 16 ст. пра Друцк, у якім быў «замак драўляны на гары высокай», пісаў італьянскі падарожнік Аляксандр Гваньіні, што служыў у віцебскім гарнізоне наёмным ротмістрам, а з 1569 па 1587 г.— камендантам Віцебска. У 1698—1699 гг., калі праз Друцк праязджаў сакратар пасольства Свяшчэннай Рымскай імперыі, аўтар «Дзённіка падарожжа ў Масковію» Іаган Георг Корб, тут амаль усюды былі руіны. «Гавораць,— засведчыў аўстрыец, што ў мінулым стагоддзі гэты горад меў сем міляў у акружнасці і славіўся дзвюма сотнямі выдатных храмаў, але ў час жорсткай вайны... быў настолькі спустошаны, што да яго стасуецца плач паэта на развалінах Троі: дзе стаяў Пергам, там цяпер хвалюецца калоссе» (Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980. С. 40). Неўзабаве прамы шлях на Маскву праз Талачын стаў больш папулярным і старым, праз Друцк, карысталіся толькі купцы-гандляры кантрабанднымі рэчамі.
Курганныя могільнікі на тэрыторыі раёна налічваюць ад 2 да 30 курганаў. Курганы ўяўляюць сабой круглыя ў плане насыпы дыяметрам 5-6 м да 10-12 м, вышынёй ад 0,5 да 2,5 м.
Ў 10—13 стагоддзях амаль уся тэрыторыя Талачынскага раёна была заселена крывічамі. Шчыльнасць насельніцтва у параўнанні з заселенасцю ў папярэднія часы была значна большай. Помнікаў, якія адносяцца да перыяду Старажытнай Русі, на тэрыторыі раёна даволі многа. Гэта неўмацаваныя селішчы і курганныя могільнікі. Селішчы размяшчаліся не толькі па берагах рэк і азёр, але і па водападзелах. Доўгія гады яны разворваліся, таму ў цяперашні час ад іх амаль нічога не засталося. Лепш захаваліся курганныя могільнікі — мясціны, дзе хавалі памерлых, аднак, на жаль, і яны, калі знаходзяцца не ў лесе, а на полі, якое разворваецца, таксама свядома знішчаюцца. Яшчэ не так даўно ў Талачынскім раёне было не менш 40—50 курганных могільнікаў. У цяперашні час іх засталося не больш 20 (каля вёсак Багрынава, Воўкавічы, Галошава, Загараддзе, Замошша, Канапельчыцы, Катужьна, Ляўкова, Мураўнічы, Навінка, Скавышкі, Слаўнае, Стары Талачын, Сурнаўка, Узноснае, Яскаўшчына). Раскопкі праводзіліся на курганных могільніках каля вёсак Багрынава, Воўкавічы, Замошша, Латыгаўка, Навінка і Скавышкі (даследавалі ў 1888 г. Е. Р. Раманаў, у 1967, 1969, 1971, 1973 гг. 3. М. Сяргеева). Усе ўсходнеславянскія могільнікі (у тым ліку курганы крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў) па знешняму выгляду і ва ўсіх асноўных рысах па зместу аднолькавыя. Адрозніваюцца яны толькі нязнычнымі дэталямі пахавальнага абраду і некаторымі відамі ўпрыгожанняў: скроневых кольцаў, тыпамі пацерак і інш. Усе курганы ўяуляюць сабой круглыя ў плане насыпы дыяметрам ад 5-6 м да 10-12 м, вышынёй ад 0,5—0,6 м да 2—2,5 м (у некаторых выпадках дыяметрам 14—15 м, вышынёй 4—5 м). Да 10 — пачатку 11 ст. пахавальны абрад — трупаспаленне ўбаку, у 11—13 стагоддзях панаваў абрад трупапалажэння. Нябожчыкаў хавалі часцей за ўсё на гарызонце, радзей — у насыпе кургана, у больш позні час (сярэдзіна 12-13 ст.) клалі ў ямы, пасля чаго насыпалі курган. Арыенціроўка і становішча нябожчыкаў таксама былі аднолькавыя — на спіне, з выцягнутымі рукамі, галавой на захад. Пахавальны інвентар: спецыфічныя крывіцкія ўпрыгожанні—бронзавыя або сярэбраныя бранзалетападобныя скроневыя кольцы. Галаўны ўбор вырабляўся з бяросты і тканіны. Скроневыя кольцы, па 3 на кожную скроню, мацаваліся да галаўнога ўбору скуранымі раменьчыкамі. Каралі складаліся са звычайных шкляных, пазалочаных і пасярэбраных пацерак, якія асабліва часта трапляюцца ў крывічоў, часам сердалікавых, зрэдку хрусталёвых і бурштынавых пацерак, бронзавых круглых пласціністых або ажурных падвесак, лунніц і крыжыкаў. У якасці нагрудных упрыгожанняў выкарыстоўваліся бронзавыя стылізаваныя фігуркі канькоў, аздобленых цыркульным арнаментам, трапляюцца таксама бразготкі, лыжачкі і мініяцюрныя грабеньчыкі. Бранзалеты былі вітыя з 3—4—6 дратоў з завязанымі або петлепадобнымі канцамі, таўстадротавыя і пласціністыя. Пярсцёнкі былі драцяныя, вітыя, пласціністыя, шчытковыя. У мужчынскіх пахаваннях трапляюцца спражкі, паясныя кольцы, часам сякеры, падковападобныя фібулы (засцежкі для плашчоў), металічныя грыба- і шарападобныя гузікі, часам нажы, гаршкі. У курганах крывічоў знаходзяць балцкія ўпрыгожанні — грыўні, спіральныя пярсцёнкі, кольцападобныя спражкі, бранзалеты з змеепадобнымі канцамі; вельмі мала прылад працы і зброі — сярпоў, кос, рыбалоўных кручкоў, пешняў, восцяў, долатаў, наканечнікаў коп’яў і стрэл, затое часта трапляюцца калчанападобныя і авальныя крэсівы; у жаночых пахаваннях — шыферныя прасліцы. Крывічы займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, хатнімі промысламі. Пісьмовыя звесткі пра іх ёсць у візантыйскага гісторыка Канстанціна Багранароднага і ў пачатковым летапісе «Аповесці мінулых часоў». У 7— 9 стагоддзях у сацыяльных адносінах крывічы — саюз плямён, у рамках якіх фарміраваліся
Информация о работе Помнікі гісторыі і культуры Талачыншчыны