Биография, Крапіва Кандрат (Крапива Кондрат). Біяграфія

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 28 Апреля 2012 в 09:48, реферат

Краткое описание

Крапіва Кандрат (сапр. Атраховіч Кандрат), нарадзіўся 05.03.1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Прикрепленные файлы: 1 файл

Кандрат Крапива.doc

— 181.00 Кб (Скачать документ)


Биография, Крапіва Кандрат (Крапива Кондрат). Біяграфія.

 

Крапіва Кандрат (сапр. Атраховіч Кандрат), нарадзіўся 05.03.1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, Уздзенскай народнай навучальні, 4-класнай гарадской навучальні ў Стоўбцах, з якой перавёўся ў такую ж навучальню ў Койданава (цяпер Дзяржынск). Пасля заканчэння (1913) здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 г. атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Меншчыне. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію. У сакавіку 1916 г. скончыў школу прапаршчыкаў. Удзедьнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 г. дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Ўздзеншчыне. У 1920-1923 гг. - камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 г. зноў настаўнічаў на Ўздзеншчыне ў пасёлку Астравок. У 1925 г. пераязджае ў Менск. Быў сябрам літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (да 1926), потым «Узвышша». Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ (1930). Працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце (1925-1926), загадчыкам аддзела ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1932-1936). Удзельнічаў у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь (1939), у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавой газеце «За Савецкую Беларусь», у 1943-1945 гг. рэдагаваў сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». У пасляваенныя гады - рэдактар часопіса «Вожык» (1945-1947), загадчык сектара мовазнаўства Інстытута мовы і літаратуры АН БССР (1947-1952), дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952-1956). У 1946 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце I сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1956 - студзені 1982 гг. - віцэ-прэзідэнт АН БССР. Са студзеня 1982 г. па сакавік 1989 г. - вядучы навуковы супрацоўнік-кансультант у аддзеле лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Доктар філалагічных навук, акадэмік АН БССР. Неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947-1990), старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў і медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Памёр 07.01.1991 г.

Пісаць пачаў у 1922 г. Першыя фельетоны і сатырычныя вершы надрукаваў у газетах «Красноармейская правда» і «Савецкая Беларусь» (1922). Аўтар кніг сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925, 4-е перапрацаванае, дапоўненае выданне ў 1932), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927), «Ухабы на дарозе» (1930), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Хвядос - Чырвоны нос» (1931, вершаваная казка), «Калючы строй» (1932), «Выбраныя байкі» (1932), «Выбраныя вершы» (1935), «Выбраная сатыра» (1938), «Выбраныя творы» (1941, 1947, 1948), «Смех і гнеў» (1946), «Сатыра і гумар» (1954), «Жаба ў каляіне» (1957), «Байкі, вершы, п'есы» (1960), «Сорак баек» (1966), «Вершы і байкі» (1967, 1990), «Байкі і вершы» (1971), «Пучок жыгучкі» (1973), а таксама кніжкі для дзяцей «Загадкі дзеда Кандрата» (1986).

Аўтар п'ес «Канец дружбы» (апублікавана і пастаўлена ў 1934), «Партызаны» (апублікавана і пастаўлена ў 1937), «Хто смяецца апошнім» (апублікавана і пастаўлена ў 1939, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1954 г. аднайменны кінафільм), «Проба агнём» (апублікавана і пастаўлена ў 1943), «Валодзеў гальштук» (1945, пастаўлена ў 1946, аднаактоўка), «Мілы чалавек» (1945, 1956, пастаўлена ў 1946), «З народам» (апублікавана і пастаўлена ў 1948), «Пяюць жаваранкі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950, па сцэнарыі аўтара пастаўлены ў 1953 г. аднайменны кінафільм), «Зацікаўленая асоба» (апублікавана і пастаўлена ў 1953), «Людзі і д'яблы» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Брама неўміручасці» (1973, пастаўлена ў 1974), «На вастрыі» (1982, пастаўлена ў 1983).

Выдаў зборнікі прозы «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), раман «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932), нарыс «Герой Савецкага Саюза Міхаіл Сільніцкі» (1943). Выдадзены Збор твораў у 3-х (1956), 4-х (1963), 5-ці (1974-1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1986).

Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, лінгвістычных прац, адзін з навуковых рэдактараў (з Я.Коласам і П.Глебкам) «Русско-белорусского словаря» (1953), навуковы рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка» (1962, выданне 2-е перапрацаванае і дапоўненае ў 1988-1989), «Русско-белорусского словаря» (выданне 2-е, перапрацаванае і дапоўненае, 1982), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах (1977-1984) і інш.

На беларускую мову пераклаў асобныя працы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, творы Дз.Фанвізіна, І.Крылова, А.Пушкіна, М.Гогаля, А.Астроўскага, А.Чэхава, У.Маякоўскага. А.Твардоўскага, Т.Шаўчэнкі і інш.

К.Крапіве тройчы прысуджаліся Дзяржаўныя прэміі СССР: у 1941 г. - за п'есу «Хто смяецца апошнім», у 1951 г. - за п'есу «Пяюць жаваранкі», у 1971 г. - за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1974) за п'есу «Брама неўміручасці».

 

 

 

 

Хто смяецца апошнім, в сокращении. Краткое содержание.

 

Дзеючыя асобы:

 

Гарлахвацкі Аляксандр Пятровіч — дырэктар інстытута геалогіі.

Анна Паўлаўна — яго жонка.

Чарнавус Аляксандр Пятровіч — прафесар.

Туляга Мікіта Сымонавіч — навуковы супрацоўнік.

Левановіч — сакратар парткома.

Вера — малодшы навуковы супрацоўнік.

Зёлкін —малодшы навуковы супрацоўнік.

Зіна Зёлкіна — яго жонка, сакратар.

Цёця Каця — прыбіральшчыца.

Нічыпар — дворнік.

Незнаёмая жанчына.

Чалавек у форме НКВД.

Кароткі змест:

Акт першы

(Дзеянне адбываецца ў калідоры — вестыбюлі ўстановы)'

Цёця Каця і Нічыпар гавораць пра новага дырэктара інстытута. Прыбіральшчыца расказвае, што ён «учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў». На заўвагу Нічыпара, нібыта Чарнавус не баіцца дырэктара, яна прарочыць, што Гарлахвацкі «з'есць і Чарнавуса ...як з'еў ужо Муравіцкага. Так падвядзе, што той не будзе і ведаць, адкуль што ўзялося».

Левановіч шукае супрацоўніка, які б мог прачытаць у падшэфнай часці лекцыю, расказвае Веры пра сваю працу.

Чарнавус трывожыцца, што з Масквы няма водгуку на працу, збіраецца арганізаваць новую экспедыцыю.

Перапалоханы Туляга расказвае цёці Каці, Веры і Чарнавусу, як па дарозе ў інстытут нейкі чалавек спытаў, ці не Падгаецкі ён. Тлумачыць калегам, якія іранізуюць над яго страхам, што ў Варонежы, дзе сапраўды ў гады грамадзянскай вайны ён працаваў, быў з такім прозвішчам дзянікінскі палкоўнік, вельмі падобны на Тулягу.

З'яўляецца Зёлкін і спрабуе выпытаць у цёці Каці, хто што гаварыў, прыйшоўшы на працу. Цёця Каця раіць яму глядзець за ўласнай жонкай, на што Зёлкін просіць не распускаць плёткі. Прыбіральшчыца расказвае пра перапалоханага Тулягу.

Цёця Каця дае зразумець Гарлахвацкаму, што ведае пра яго адносіны з Зіначкай. Дырэктар хоча ёй павялічыць зарплату, быццам за тое, што яна прыбірае лішнюю плошчу. Цёця Каця адказвае на гэта, што за сакрэты грошай не бярэ. Гарлахвацкі пасылае яе за папяросамі.

Заходзіць чалавек у форме НКВД, пытаецца Валодзю Пракаповіча. Разабраўшыся, дзе працуе гэты Валодзя, Гарлахвацкі адпраўляе чалавека ў форме шукаць свайго брата ў інстытут біялогіі, а не геалогіі, які знаходзіцца па вуліцы Шырокай.

Апошнія словы чуе Зёлкін. Яму карціць ведаць, чаго прыходзіў гэты чалавек. Гарлахвацкі, як бы не хочучы, адказвае: «Цікавяцца некаторымі асобамі».

Зёлкін успамінае — на Шырокай жыве Чарнавус. I тут жа дзеліцца навіной з цёцяй Кацяй, што Чарнавусам зацікавіліся адпаведныя органы. Потым ідзе з гэтым да Гарлахвацкага, называе прычыны, чаму так здарылася: Чарнавус мае за мяжой брата, збіраецца рабіць геалагічную здымку ў прыгранічным раёне, кніга, напісаная ім, шкодніцкая. На пытанне дырэктара, ці можа ён гэта даказаць, Зёлкін адказвае: «Няхай ён раней паспрабуе даказаць, што гэта няпраўда».

Ад Зёлкіна Гарлахвацкі даведваецца пра ранішняе здарэнне з Тулягам.

У кабінет да мужа з пакупкамі заяўляецца Анна Паўлаўна. Патрабуе, каб ён знайшоў такую працу, на якой бы меў машыну. Гарлахвацкі загадвае цёці Каці дапамагчы жонцы занесці дамоў пакупкі. Тэлефануе ў выдавецтва, папярэджвае пра шкодніцкі характар кнігі Чарнавуса.

Праглядаючы пошту, Гарлахвацкі знаходзіць водгук на працу Чарнавуса, дасланы з Масквы прафесарам Анікеевым. Паколькі прозвішча ў водгуку не называецца, а Гарлахвацкі, як і Чарнавус, Аляксандр Пятровіч, дырэктар вырашае, што «такая паперка» ад вядомага вучонага яму спатрэбіцца.

Чарнавус просіць сродкі на экспедыцыю. Дырэктар прымае яго вельмі ветліва. У час размовы даведваецца, што ў вучонага ёсць дачка-студэнтка. Пасля адыходу Чарнавуса ён тэлефануе ў інстытут, дзе вучыцца дзяўчына. Гарлахвацкі задаволены: «Чарнавуса ўпарадкаваў з большага. Кніга яго свету не ўбачыць, з работы яго, трэба думаць, таксама знімуць адусюль... А Гарлахвацкі не толькі з работы яго не зніме, а наадварот — найлепшы яго прыяцель, чулы і велікадушны. Павінен быць мне за гэта ўдзячны? Павінен».

Дырэктар выклікае ў кабінет Тулягу і прымушае даць згоду пісаць для яго навуковую працу.

Акт другі

Чарнавус не можа зразумець, чаму з выдавецтва вярнулі рукапіс, не дазволілі чытаць лекцыі на геафаку, нават з дачкой пачаліся непаразуменні. Цёця Каця шкадуе Чарнавуса. Вера прапануе дзейнічаць, змагацца за свае добрае імя. Вучонаму шкада на гэта часу. Вера абяцае дапамагчы разабрацца, і першае, што яна зробіць, пагутарыць з Тамарай, дачкой Чарнавуса.

Зёлкін, які, як звычайна, падслухоўвае, робіць вывад, што Вера палюбоўніца Чарнавуса. У вестыбюлі вісіць аб'ява пра выступленне Гарлахвацкага з навуковым дакладам «Новы від выкапня-жывёліны». Аб'яву заўважае Туляга, гаворыць сам сабе: «Назначаны дзень мае ганьбы. Адзін падлец будзе публічна прысвойваць сабе працу другога, а другі падлец, праклінаючы ў душы, будзе яму апладзіраваць». Уваходзіць Гарлахвацкі і пытаецца, як рухаецца праца. Туляга адказвае, што збірае матэрыял, зазначае аднак, што адкрыць новы від выкапня — занадта смелая заяўка. Пра гэта Гарлахвацкі раіць яму не турбавацца.

 

Чарнавуса Гарлахвацкі падбадзёрвае, заклікае не маўчаць: «Не, так нікуды не варта. Гэта сацыяльнае зло, з якім трэба змагацца. Так жа сёння вас, а заўтра мяне могуць ашальмаваць і вывесці са строю».

Левановіч шукае Веру. Цёця Каця просіць сакратара парткома заступіцца за Чарнавуса. Вера таксама просіць заняцца справай Чарнавуса. Калі заходзіць вучоны, Левановіч вітаецца з ім за руку, просіць даць пачытаць рукапіс, распытвае пра яго адносіны з дырэктарам.

Незнаёмая жанчына хоча зайсці да дырэктара. Гарлахвацкі загадвае ёй пачакаць з паўгадзінкі, а сам запрашае Зіну Зёлкіну. Да дзвярэй кабінета падыходзіць Зёлкін, дзверы замкнутыя. Незнаёмая жанчына гаворыць, што дырэктар зачыніўся з сакратаркай і не скора, відаць, вызваліцца. Зёлкін хоча паглядзець у замочную шчыліну, што робіцца ў кабінеце, жанчына смяецца з яго.

Да дзвярэй кабінета накіроўваецца Анна Паўлаўна. Незнаёмая жанчына і ёй паведамляе, з кім там зачыніўся Гарлахвацкі. Анна Паўлаўна стукае кулакамі ў дзверы, патрабуе ключ.

Пачуўшы жончын лямант, Гарлахвацкі праз акно вылазіць на вуліцу, а Тулягу прымушае залезці ў пакой і быць там.

Адчыняюцца дзверы — усе вельмі здзіўлены. Зёлкін хоча ўдарыць Тулягу. Уваходзіць з партфелем Гарлахвацкі, пытаецца, што здарылася, ушчувае Тулягу.

Калі ўсе пакідаюць кабінет, з'яўляецца Левановіч. Размова ідзе пра Чарнавуса. Гарачае заступніцтва Веры за вучонага Гарлахвацкі тлумачыць тым, што яна жыве з Чарнавусам. Левановіч здзіўлены пачутым («Натыкается на сюрпрызы, дзе іх зусім не чакаеш»). Дырэктар запрашае сакратара прыйсці паслухаць яго даклад. Лічыць, што даклад будзе пробным камнем для Чарнавуса («Магчыма, што ён паспрабуе зганьбіць маю працу і скампраментаваць мяне як вучонага. Тады мы яго і выкрыем»). Левановіч абяцае прыйсці.

Акт трэці

Карціна першая

Вера паказвае Чарнавусу артыкул «Об ошибках парторганизаций при исключении коммунистов из партии...», які з' явіўся ў «Правде». Падкрадваецца Зёлкін. Вера заўважае і прапаноўвае пачытаць, што ў газеце напісана пра яго. Зёлкін моршчыцца.

Гарлахвацкі віншуе супрацоўнікаў з выдатным дакументам, у якім «проста пальцам паказваюць на ворагаў, двурушнікаў, здраднікаў, усялякіх прахвостаў. Нам астаецца толькі руку працягнуць і за каўнер схапіць». Адвёўшы ўбок Чарнавуса, пытаецца, як настрой, абяцае пасля даклада заняцца яго справай.

Чарнавус верыць у шчырасць дырэктара, называе яго цудоўным чалавекам. Вера з нейкага часу пачала сумнявацца ў гэтым. Пытаецца ў Тулягі, што за чалавек дырэктар, які ён вучоны. Туляга з роспаччу гаворыць: «Лепш бы я памёр на той час, калі будзе чытацца гэты даклад». Чарнавус і Вера нічога не разумеюць. Дзяўчына гаворыць, што не паверыла ў сувязь Тулягі з Зіначкай. Туляга расчулены, дзякуе Веры «за чыстыя думкі».

Вера збіраецца ехаць у Маскву да прафесара Анікеева. З газетай у руках усхваляваны Туляга шукае Веру. Сутыкаецца з Левановічам. Рашаецца расказаць сакратару парткома пра Гарлахвацкага, пра тое, як дырэктар прымусіў пісаць яму даклад. Левановіч паверыў Тулягу, вырашыў сам праверыць «некаторыя факты». Туляга просіць Нічыпара знайсці якую-небудзь костку, толькі вялікую і не вельмі свежую.

Карціна другая

Гарлахвацкі чытае даклад. Нічыпар просіць дазволу паслухаць.

Пасля заканчэння дакладу Нічыпар просіць паглядзець костку, на аснове якой дырэктар адкрыў новы від выкапня-жывёліны — мамантаву свінню. Чарнавус пытаецца, да якога перыяду адносіцца знаходка. Гарлахвацкі не ведае нават перыядаў у геалогіі. Чарнавус выкрывае невуцтва Гарлахвацкага. Дырэктар згадвае водзыў аб працы «ўсім вядомага прафесара Анікеева». Левановіч іранізуе над практычным значэннем працы Гарлахвацкага.

Зёлкін у захапленні ад даклада. Просіць слова Нічыпар і здзіўляецца вучонасці дырэктара: «Гэта ж узяць тую звычайную костку, што пад нагамі валяецца, паглядзець на яе і ўгадаць, якія свінні былі мільёны год назад!» Гаворыць, што таго дырэктаравага знаёмага, які прынёс костку, і ён ведае, бо гэта. сабака Цюлік. Гарлахвацкі накідваецца на дворніка, што ён п'яны. Просіць выказацца Тулягу. Туляга называе даклад «вельмі, вельмі арыгінальным». Левановіч ставіць пытанне, як называецца адкрыты Гарлахвацкім від па-латыні.

Пачуўшы лацінскую назву «свінтус грандыёзус», Чарнавус называе дырэктара прайдзісветам і авантурыстам. Гарлахвацкі характарызуе выступленне Чарнавуса, як варожую дзейнасць.

З'яўляецца Вера. Яна выкрывае жульніцтва Гарлахвацкага з пісьмом прафесара з Масквы. Гарлахвацкі хоча пазваніць, каб Чарнавуса і Веру «зараз жа прыбралі». Левановіч не дае яму гэтага зрабіць, выступае з заключным словам: «Няхай жа веДаюць усе свінні — мамантавыя і немамантавыя: калі каторая з іх паспрабуе пакасціць у нашай савецкай навуцы, будзем біць проста па пятачку».

Информация о работе Биография, Крапіва Кандрат (Крапива Кондрат). Біяграфія